ЗЕМЛЯНЫ́ ЗА́ЯЦ, тушканчык вялікі (Allactaga major),

млекакормячае сям. тушканчыкавых атр. грызуноў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Еўропе, Казахстане, Паўд. Сібіры. Жыве ў паўпустынях, лесастэпах, уздоўж дарог у норах.

Самы вял. тушканчык, даўж. цела 19—26 см, хваста да 30 см. Пыска выцягнутая, спераду пляскатая, вушы доўгія, заднія канечнасці пяціпальцыя, доўгія. На канцы хваста яркі і шырокі «сцяг» з чорнай асновай і белай вяршыняй. Верх цела буравата-шэры або пясчана-шэры, знізу белы Нараджае 1—4 дзіцянят. Корміцца насеннем, цыбулінамі і клубнямі розных раслін, зрэдку насякомымі. На зіму ўпадае ў спячку.

Земляны заяц.

т. 7, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРАЗУ́БКІ

(Sorex),

род дробных млекакормячых сям. землярыйкавых атр. насякомаедных. 50—65 відаў. Пашыраны ў тундравай, лясной і лесастэпавай зонах Еўразіі, Паўн. Амерыкі і паўн. ч. Паўд. Амерыкі. На Беларусі 3 віды: буразубка звычайная (S. araneus), буразубка сярэдняя (S. caecutiens), буразубка малая (S. minutus).

Даўж. цела 4—9 см, хваста 2,5—8 см, маса да 16 г. Нагадваюць мышэй, але пыска выцягнута накшталт хабатка. Поўсць аксамітная, цёмна-бурая, зубы чырванавата-бурыя (адсюль назва). Кормяцца беспазваночнымі, вельмі часта з’ядаюць корму ў некалькі разоў больш за сваю Масу. Знішчаюць шкодных насякомых.

т. 3, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУТО́РЫ

(Neomys),

род млекакормячых сям. землярыйкавых. 2 віды: К. звычайная, або вадзяная (N. fodiens), і К. малая (N. anomalus). Пашыраны ў Еўразіі. Жывуць каля вадаёмаў, добра плаваюць і ныраюць. На Беларусі — абодва віды, К. малая больш рэдкая, трапляецца пераважна на Пд.

Даўж. цела да 10 см, хваста да 8 см, маса да 20 г. Поўсць чорная або бурая, на брушку белая або шараватая, кароткая, аксаміцістая. Пыска падоўжаная з вібрысамі. На задніх лапах плавальная аблямоўка з цвёрдых валаскоў. Кормяцца насякомымі, чарвямі, жабамі, ікрой, маляўкамі рыб. Гнёзды ў норах або на купінах у траве. Нараджаюць да 14 дзіцянят.

Э.Р.Самусенка.

Кутора звычайная.

т. 9, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)