Пры́язнь ’сяброўства; сяброўская прыхільнасць’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., Янк. БП), ст.-бел. приязнь ’тс’ (Альтбаўэр); сюды ж прыя́знасць ’уласціваць прыязнага; сяброўскія, добразычлівыя адносіны’ (ТСБМ), прыя́зны ’прасякнуты сяброўскімі адносінамі, дружалюбнасцю, даверам; добразычлівы, спагадлівы; які выказвае дружалюбнасць, добразычлівасць, прыязнасць’ (ТСБМ; бабр., маг., Шн. 2; Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.), прыя́зніцца ’моцна сябраваць’ (Нас.), прыя́злівасць ’сяброўская прыхільнасць’, прыя́злівы ’які выказвае прыязнасць’, прыя́зліва ’па-сяброўску’ (Нас.), ’прыязна, прыхільна’ (Бяльк.). Рус., укр. при́язнь ’тс’, польск. przyjaźń ’сяброўства’, н.-луж. pśijazń ’ласкавасць, міласць’, в.-луж. přijazny ’міласцівы, добразычлівы’, чэш. přízeń ’добразычлівасць; роднасць’, славац. priazeń ’прыязнасць, добразычлівасць’, славен. prijázen ’мілы, ветлівы’. Прасл. *prijaznь ’добразычлівасць, ветлівасць’, *prijaznъ ’добразычлівы, ветлівы’, утвораны ад *prijati (гл. прыяць) з суф. ‑znь (гл. Слаўскі, SP, 1, 119); гл. яшчэ Фасмер, 3, 369; Махэк₂, 495; Голуб-Копечны, 302; Брукнер, 445; Банькоўскі, 2, 935; Сной₂, 575). Прыя́знасць і прыя́злівы ў беларускай могуць быць запазычаннямі з польск. przyjazność і przyjazliwy; паводле Булахава (Развіццё, 12), апошняе слова — калька з рускай, што цяжка давесці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

узае́мны, ‑ая, ‑ае.

Які праяўляецца ў адносінах адзін да аднаго. Узаемная дапамога. Узаемны ўплыў. Узаемнае давер’е. □ Васіль .. не вельмі паважаў лесніка. Ужо даўно ляжаў між імі чорны цень узаемнай нянавісці. Колас. Узаемная прыязнь, правераная і загартованая ў агні, стварала шчыльную баявую сям’ю. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дружба, сяброўства, сябраванне, таварыскасць, братэрства, брацтва, прыязнь, прыязнасць, яднанне, адзінства; садружнасць, салідарнасць

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Лагода ’прыемны спакой, хараство’, ’згода, дружба, прыязнь’ (ТСБМ), лагодзіць ’ладзіць, улагоджваць, дагаджаць’, ’мірыць’ (Нас.), ’лашчыць, прывабліваць’ (ТСБМ), дзярж. ’майстраваць’ (Нар. сл.), лагодзіцца ’мірыцца’, ’рабіцца паблажлівым, літасцівіцца’ (Нас.). Укр. ла́года, ла́гід ’лагода’, ла́годження ’рамонт, выпраўленне’, ’рыхтаванне’, рус. ла́годить ’ладзіць, мірна ўлагоджваць’, ла́года ’лагода, парадак’, ст.-рус. лагодити ’рабіць прыемнае’, ’патакаць’ (XI ст.), ст.-польск. łagoda (XVI ст.), каш. łagoda, польск. łagodność, н.-луж. łagoda, в.-луж. lahoda, чэш., славац. lahoda ’прывабнасць, хараство, чароўнасць’, славен. lágoda ’зло, гарэзлівасць, свавольства, слабасць, нізасць’, lágod, серб.-харв. ла̏года ’прыемнасць, задаволенасць’, ’выгода’. Прасл. lagoda ’парадак, гарманічнасць, згода’, ’выгода, зручнасць, дабрата, прыязны прыемнасць’, якое паходзіць ад < *laga, што мае адпаведнікі ў літ. lóga, logà ’куча’, ’рад, кратнасць’, ’чарга’, logúoti ’складаць, прыводзіць у парадак’, лат. lãga, lãgs ’слой’, ’парадак’, ’здатнасць, здольнасць’. Утворана пры дапамозе суф. ‑oda, напр., свабода, ягада (Буга, Rink., 1, 450; Зубаты, AfslPh, 16, 397; Эндзелін–Мюленбах, 2, 436–437; Фрэнкель, IF, 69, 136; Фасмер, 2, 446). Беспадстаўныя сумненні Бернекера (1, 684), калі ён суадносіць lagoda, прымаючы ў якасці асноўнага значэння ’слабасць, падатлівасць’, з і.-е. *(s)lēg ’слабы’, лац. laxus ’свабодны, які вольна звісае’, ’лагодны’, ст.-ісл. lākr ’благі, малакаштоўны’, ст.-в.-ням. slah ’слабы’. Таксама Младэнаў (268); Махэк₂ (317–318) мяркуе, што lagoda з’яўляецца аддзеяслоўным утварэннем ад lagoditi.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шчы́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, у якім цесна злучаны састаўныя часцінкі; які змяшчае вялікую колькасць рэчыва ў малым аб’ёме. [Дзядзя Міша:] — Што ж ён [Грышка], небарака, будзе адчуваць, калі спадарожнік пачне зніжацца, увойдзе ў шчыльныя паветраныя пласты? Паслядовіч. Урэшце, лакатары бачаць і ў больш шчыльным асяроддзі. Шыцік. Пыл шчыльным слоем накрываў.. галовы [Міколы і Дзімы]. Аляхновіч. Аж па дах шчыльны снег замятае барак. А. Вольскі. // Густы, праз які не пранікае святло; непранікальны. Сонца не магло правіць шчыльную заслону. Савіцкі. З усіх бакоў насоўвалася чарната — шчыльная, злавесная. Карпаў. / у перан. ужыв. Трохтонка вырвалася З цішыні шчыльнай — Прастуе па бальшаку. Барадулін. // З частым перапляценнем (пра тканіну). Вялікія вокны былі напалову заценены цяжкімі шчыльнымі барвова-чорнымі парцьерамі. Новікаў.

2. Які складаецца з блізка размешчаных адзін ля другога асоб, прадметаў, частак; часты. Быў гэты гарадок: маленькі, ціхі, пусты, з вузкімі кароткімі вуліцамі, з нізкімі драўлянымі домікамі за шчыльнымі і высокімі платамі. Адамчык. Дрэвы адступаюць .. [падарожніка] шчыльнай сцяной, нібы свядома перашкаджаючы выбрацца з лесу. В. Вольскі. Садзяцца хлопцы ў шчыльны круг Каля рыбацкага кастра. Смагаровіч.

3. Які мае мала прасторы, з абмежаванай прасторай; цесны. У ракавіне шчыльнай Вандроўнік сядзяць. Танк.

4. перан. Дасканалы, плённы, прадукцыйны. Дадатковая электраэнергія можа быць выпрацавана на гідраэлектрастанцыях без устаноўкі новых магутнасцей. У гэтым выпадку толькі больш шчыльным стане рэжым іх работы. «Звязда». // Насычаны, напоўнены якімі‑н. падзеямі, мерапрыемствамі і пад. У летнія месяцы спартыўны каляндар бывае асабліва шчыльным. «Беларусь». // Хуткі, безупынны. — А дзе ён сёння, Сцяпан Антонавіч? — улучае хвіліну, каб утачыцца ў шчыльную Марыніну гаворку, Зіна. Палтаран. // Моцна звязаны, з’яднаны агульнымі інтарэсамі, мэтамі, задачамі і пад. Узаемная прыязнь,.. загартаваная выпрабаваннямі ў агні, стварала шчыльную баявую сям’ю. Брыль. Такі быў склаўся шчыльны дружны гурток, засяроджаны ў прытульным пакойчыку Веры Засуліч. Зарэцкі. На шчыльную еднасць з народам нас заўсёды накіроўвае партыя. Лужанін. Трымаючы шчыльную сувязь з атрадам, .. [Лялькевіч] рабіў нешта значна большае... Шамякін.

•••

Шчыльны агонь — абстрэл, пры якім па кожны ўчастак фронту, плошчы, якая абстрэльваецца, падае вялікая колькасць мін, куль, снарадаў і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)