Прато́чнае

назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, субстантываваны, ад’ектыўнае скланенне

адз.
н.
Н. Прато́чнае
Р. Прато́чнага
Д. Прато́чнаму
В. Прато́чнае
Т. Прато́чным
М. Прато́чным

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

прато́чны

прыметнік, адносны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. прато́чны прато́чная прато́чнае прато́чныя
Р. прато́чнага прато́чнай
прато́чнае
прато́чнага прато́чных
Д. прато́чнаму прато́чнай прато́чнаму прато́чным
В. прато́чны (неадуш.)
прато́чнага (адуш.)
прато́чную прато́чнае прато́чныя (неадуш.)
прато́чных (адуш.)
Т. прато́чным прато́чнай
прато́чнаю
прато́чным прато́чнымі
М. прато́чным прато́чнай прато́чным прато́чных

Крыніцы: krapivabr2012, piskunou2012, prym2009, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

прато́чны, -ая, -ае.

1. гл. пратока.

2. Пра ваду, вадаём: цякучы, не стаячы.

Праточная вада.

Праточнае возера.

3. Які мае адносіны да руху струменя вадкасці або газу (спец.).

П. элемент (у пнеўмааўтаматыцы).

|| наз. прато́чнасць, -і, ж. (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

КУ́ТАЎШЧЫНА,

вадасховішча ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Кутаўшчына. Створана плацінай на р. Сэрвач у 1950. Пл. 1 км², даўж. 5 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 5 м, аб’ём вады 1,35 млн. м³. Моцна праточнае, сярэдні шматгадовы сцёк 23,3 млн. м³. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт, рэкрэацыі, птушкагадоўлі.

т. 9, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ВЕЖА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сосніца, за 35 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0.93 км², найб. шыр. 1 км, даўж. 1,5 км, найб. глыб. 3 м, даўж. берагавой лініі больш за 4,5 км. Пл. вадазбору 79,2 км². Катлавіна выцягнутая з Пн на Пд. Схілы выш. да 13 м, сярэдне стромкія; на З і Пн выш. да 5 м, спадзістыя, пясчаныя, пад хмызняком. Праточнае. На ПнУ упадае р. Жэльцанка, выцякае р. Невежа.

т. 11, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРО́ВІЦКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Грыўда, за 30 км на ПдУ ад г. Івацэвічы. У межах гідралагічнага заказніка Выганашчанскі. Пл. 9,47 км², даўж. 4,9 км, найб. шыр. 3,3 км, найб. глыб. 8 м, даўж. берагавой лініі 14,4 км. Пл. вадазбору 79,2 км².

Катлавіна рэшткавага тыпу, злёгку выцягнутая з Пн на Пд. Схілы катлавіны выш. да 2 м, затарфаваныя і забалочаныя. Берагі нізкія, тарфяністыя, параслі хмызняком. На ПдЗ, З і ПнЗ пясчаны вал выш. да 4 м. Дно плоскае, сапрапелістае, мелкаводдзе пясчана-глеістае. Моцна зарастае чаротам, трыснягом, рагозам і інш. Мінералізацыя вады да 160 г/л, празрыстасць да 1 м. Эўтрофнае, праточнае, упадаюць 2 канавы, выцякае канал Дзевяты (прыток Галоўнага канала, бас. Ясельды). Месца гнездавання і адпачынку ў час асенне-веснавых пералётаў вадаплаўных птушак. На паўн.-ўсх. беразе археал. Помнік — мезалітычная стаянка.

Бабровіцкае возера.

т. 2, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЗЯНО́Е АЦЯПЛЕ́ННЕ,

найбольш пашыраная сістэма ацяплення ў жылых, грамадскіх і прамысл. Збудаваннях. Цяпло ў памяшканне перадаецца гарачай вадой праз ацяпляльныя прылады. Бывае: цэнтральнае (цеплазабеспячэнне ад ЦЭЦ або кацельні) і мясцовае; з натуральнай і прымусовай цыркуляцыяй; паводле спосабу далучэння ацяпляльных прылад да трубаправодаў з верхнім і ніжнім размеркаваннем вады; двух-, аднатрубнае і праточнае; кальцавое і тупіковае.

Асн. часткі сістэмы: водападагравальнік, дзе вада падаграецца палівам, эл. токам, парай або больш гарачай вадой, ацяпляльныя прылады (радыятары, канвектары і інш.), трубаправоды (магістралі, стаякі) і запорна-рэгулявальная апаратура. У сістэмах вадзянога ацяплення з натуральнай цыркуляцыяй вада рухаецца за кошт рознай шчыльнасці нагрэтай у водападагравальніку (больш лёгкай) вады і больш цяжкай вады, што астыла ў ацяпляльных прыладах і трубаправодах; цыркуляцыя павялічваецца з павелічэннем адлегласці (па вертыкалі) паміж ацяпляльнымі прыладамі і водападагравальнікам (сістэмы выкарыстоўваюцца толькі ў невял. збудаваннях). У сістэмах з прымусовай цыркуляцыяй рух вады забяспечвае цыркуляцыйная помпа.

В.​Р.​Баштавой.

Схема далучэння вадзянога ацяплення да цеплавых сетак: 1 — паветраўлоўнік; 2 — ацяпляльная прылада; 3 — водаструменная помпа; 4 — улоўнікі гразі.

т. 3, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧА́Й, Лучайскае возера,

у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. ў бас. р. Мядзелка, правага прытока Дзісны. Пл. 2,51 км², даўж. 3,9 км, найб. шыр. 1,45 км, найб. глыб. 3,2 м. Даўж. берагавой лініі 12,1 км. Пл. вадазбору 19,1 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу, лопасцевай формы, выцягнута з ПнЗ на Пд. Схілы катлавіны выш. да 13 м, разараныя або пад лугам, на Пд і ПдЗ нізкія, забалочаныя, парослыя лесам, на Пн, З і ПнЗ невысокія ўчасткі (3—5 м) чаргуюцца з забалочанымі нізінамі. У паўн.-зах. і паўд. частках возера вял. залівы. Берагі нізкія, пераважна забалочаныя, на Пн і Пд месцамі тарфяністыя, участкамі сплавінныя. Вакол возера забалочаная пойма шыр. да 70 м, пад хмызняком. Дно плоскае, 6 астравоў агульнай пл. 0,09 км². Літараль пясчаная, найбольш глыбокая ч. выслана сапрапелем, уздоўж берагоў нешырокая перарывістая паласа пясчаных адкладаў. Моцна зарастае. Эўтрофнае, слаба праточнае; упадаюць пратокі з азёр Лісіцкае і Бабіна, выцякае р. Лучайка (правы прыток Мядзелкі).

т. 9, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)