Падгрыб, гл. Польскі грыб

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДГРЫ́Б,

тое, што польскі грыб.

т. 11, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКІ ГРЫБ, падгрыб (Xerocomus badius),

шапкавы базідыяльны грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. у хвойных, радзей у лісцевых, лясах.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка падушкападобна-пукатая, дыям. 4—12 см, гладкая, сухая, у вільготнае надвор’е клейкая, бліскучая, бурая або шакаладна-карычневая. Пласцінкі слаба прырослыя. Ножка звужаная або расшыраная каля асновы, шчыльная, выш. 6—10 см. Мякаць жаўтаватая або белаватая, мяккая, тоўстая, на зломе сінее. Споры гладкія, жоўта-бурыя, верацёнападобныя. Ядомы.

Польскі грыб.

т. 12, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

По́льскі: польскі грыбпадгрыб, Xerocomus badius’ (навагр., слонім., Расл. св.). Хутчэй за ўсё, запазычанне з рускай, параўн. рус. по́льский, польско́й ’палявы, стэпавы’, ’дзікі’: польские гуси ’дзікія гусі’; н.-луж. pólski, славен. poljski, серб.-харв. по̀љски ’палявы’, балг. по́лски ’тс’: полски пазач ’палявы стораж’. Семантыка ’грыб, які расце на адкрытых месцах’, звычайна — палявы грыб (ТС, паст., Жыв. сл.), палёвік (Жыв. сл.), палявы баравік/польскі баравік (Расл. св.), навуковыя назвы — махавік (казляк) руды, зайцаў грыб (Сяржаніна, Грыбы, 18). Ад поле (гл.), параўн. рус. земляземский.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)