Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
Павіра́ч ’дэталь у кроснах, якой замацоўваецца палатно на навоі’ (Сл. ПЗБ). Гл. заверыч.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
КРО́СНЫ,
ручны ткацкі станок з навітай асновай для вырабу тканін у хатніх умовах. Найб. важныя часткі і прыстасаванні пашыраных на Беларусі гарызантальных К.: ставы (апорны каркас), на якіх мацаваліся навоі (для асновы і тканіны); ніты, у якіх накідалася аснова; бёрда з набіліцамі для прыбівання ўтку; панажы, кацёлкі для прывядзення ў рух нітоў і ўтварэння зева пры тканні. Пачыналі наладку К. з навівання падрыхтаванай асновы. Расплятаючы аснову, яе ўвесь час часалі драўляным грэбенем (для раўнамернага размеркавання) і, нацягваючы, накручвалі на навой. Для ўтварэння зева ў аснову прапускалі 2 вузкія (2—3 см) «чыноўныя» дошчачкі, якія перасоўвалі па меры накручвання асновы. Наступны этап — накіданне асновы ў ніты. Парадак прапускання асновы ў ніты і іх колькасць залежалі ад узору будучай тканіны (колькасць нітоў вагалася ад 2 да 16 і больш). Аснову прапускалі ў бёрда, звязвалі па некалькі нітак разам, прадзявалі пруточак і замацоўвалі яго на навоі. Ніты злучалі з панажамі. Наладка К. і тканне лічыліся жаночай справай. На К. выраблялі разнастайныя тканіны ад 2-нітовага палатна да шматнітовых і перабіраных узорыстых ручнікоў, абрусаў, посцілак і інш.
Прататыпам К. лічаць вядомыя з эпохі неаліту спец. квадратныя дошчачкі з дзіркамі па 4 вуглах, у якіх прапускалася аснова; пры паварочванні дошчачак у аснове ўтвараўся зеў для прапускання ўтку. Стараж. прыстасаваннем было таксама бёрдзечка — прамавугольная дошка памерам 25—30 × 18—25 см, на якой рабіліся круглыя дзірачкі для прапускання цотных нітак асновы і падоўжаныя — для няцотных; пры перамяшчэнні бёрдзечка ўніз і ўверх утвараўся зеў. Найб.стараж. былі прымітыўныя К. на «сохах», у якіх адсутнічалі бакавыя станіны (ставы), абодва навоі мацаваліся на падстаўках (слупках), укапаных у земляную падлогу развілкай уверх (захаваліся на У і ПдУ Беларусі да канца 19 — пач. 20 ст.). Больш дасканалымі былі К. са ставамі (ставіцамі), якія рабілі са ствала дрэва, выкапанага з каранямі, што служылі ножкамі, навой з асновай размяшчаўся на лаве, ніты, як і ў К. на «сохах», мацавалі да столі (у 19 ст. пашыраны ў цэнтр. і ўсх. раёнах). Самымі пашыранымі былі рамныя К., аснову якіх складала рама з 4 падставак, злучаных унізе папярочкамі, навоі мацаваліся на ставах, з боку ніцянога навоя — стойкі з перакладзінай (паднёбнік), на якія падвешвалі ніты. У 2-й пал. 19 ст. атрымалі пашырэнне тэхнічна больш удасканаленыя К. — варштаты, якімі напачатку карысталіся на саматужных промыслах, потым з некат. зменамі — сяляне. У 20 ст. на Беларусі пашыраны рамныя К. і варштат.
К. таксама называлі ніцяную аснову, што навівалася на навой ткацкага стана. Гл. таксама Ткацтва, Ткацтва мастацкае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
*Папра́гач, попрагач ’ручка ў навоі, на які наматваецца пража’ (ТС). Вытворнае з суф. ‑ач ад *попрагиць, аднакаранёвага з запрагаць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кіёк ’невялікі кій’ (ТСБМ, Касп., Грыг., Бяльк., Нік.), ’палка ў ткацкім станку для паварочвання «калоды» і падвешвання «нітоў»’ (Касп.), ’тычка’ (Мат. Гом.), ’мерка’ (Нік. Очерки), ’клін у навоі’ (Мат. Гом., Жыв. сл.). Гл. кій1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пе́сікі ’драўляныя клінкі, якімі плытагоны замацоўвалі бярвенні’ (гродз., Нар. сл.; Скарбы). З польск.piesek першапачаткова ’сабачка’; пераноснае для называння розных дэталяў і прыстасаванняў: ’дзед (кавалак бервяна), які падпірае крокву’, ’жалезная акоўка драўлянай буксы’, ’жалезны прэнт, які трымае своеасаблівы хамут у пярэдніх коней’, ’заверліч у пярэднім навоі’ і пад., параўн. сучкі (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Паця́гавіч, пацяжывіч ’адмысловая палка, якой пакручваюць навой пры тканні на кроснах’ (КЭС, лаг., Касп.; віл., Сл. ПЗБ; мсцісл., Жыв. сл.; віл., Шатал.; Дэмб. 2). Утворана ад пацягваць пры дапамозе суфікса ‑авіч. Параўн. польск., вялікапольск. pociągacz ’кій для прытрымлівання навою з асновай’. Сюды ж ганц.па(ц)цяжка ’кола з зубцамі ў пярэднім навоі красён’ (Сл. ПЗБ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рабу́шка1 ’саматканая спадніца’, ’завітая намітка на галаве ў выглядзе шапачкі’ (ТС, Нар. лекс.), ’спадніца з палатна, тканага ў клетку’ (Малчанава, 136), рябу́шкі ’саматканыя спадніцы’ (віц., ДАБМ, камент.). Сюды ж, відаць, і рабу́шка (рябушка) ’абруч з бяросты як частка галаўнога ўбору замужняй жанчыны’ (ТС). Ад рабо́к (гл.).
Рабу́шка2 ’клін у пярэднім навоі’ (Ян.). Няясна. Магчыма, нейкім чынам звязана з серб.ра̑бош, ра̑буш, харв.rȃboš ’бірка’, балг.ра́бош, рабу́ш ’тс’, параўн. таксама балг.ръбу́шка ’зарэз, пазнака на нечым’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ра́бчык1 ’лясная птушка’ (ТСБМ; лудз., Сл. ПЗБ; Ян., ТС), рабе́ц ’рабчык’ (Гарэц.), рабо́к ’рабчык’ (Дразд.), ра́бка ’самка рабчыка’, ’плямістая карова’ (ТС), ст.-бел.рабецъ, рябецъ, рус.ря́бчик, укр.ря́бчик, о́рябка, польск.jarząbek, чэш.jeřábek, в.-луж.wjerjabka, балг.я́ребица ’курапатка’, літ.jerubė̃. Узыходзяць да і.-е. кораня *ē̆reb(h)‑: *ō̆reb(h)‑ (на агульнаславянскай глебе з назалізаваным e: *(j)eręb‑), які меў значэнне цёмна-чырвонага і бурага колераў, параўн. ст.-в.-ням.erpf ’цёмны’, ’чорна-буры’, ст.-ісл.jarpr ’карычневы’, ’буры’ (Покарны, 1, 334).
Ра́бчык2 ’клін у заднім навоі’ (Ян.). Няясна, параўн. рабу́шка2 (гл.).