«МЯДЗВЕ́ДЖЫЯ ПАЦЕ́ХІ»,

«мядзведжыя камедыі», паказы скамарохаў — дрэсіроўшчыкаў мядзведзяў. Пашыраны ў 16—19 ст. у Расіі, Польшчы. У Беларусі школы дрэсіроўкі мядзведзяў існавалі ў ваколіцах Гродна, Нясвіжа, Мінска, Ракава, на Палессі, найб. папулярная сярод іх была т.зв. «Смаргонская акадэмія». Бел. дрэсіроўшчыкі мядзведзяў упершыню ўпамінаюцца ў пач. 16 ст., калі «мядзведнікаў» абкладалі спец. падаткам. Існаваў асаблівы рэпертуар «М.п.», які складаўся з быт. сцэнак, анекдотаў, жартаў; выкарыстоўваўся спец. рэквізіт (палкі, бубен, шапкі). Паказы суправаджаліся жартамі і прымаўкамі павадыра, часта спалучаліся з выступленнямі скамарохаў-акрабатаў, лялечнікаў і музыкантаў. Разам з «мядзведжым цкаваннем» і «мядзведжай бойкай» уваходзілі ў мядзведжыя гульні. Павадыры з «вучонымі» мядзведзямі з Беларусі хадзілі па кірмашах Расіі, Венгрыі, Германіі, Італіі і Скандынавіі. Апошнія паказы «М.п.» зафіксаваны ў пач. 20 ст.

І.​Ю.​Ягорава.

«Мядзведжыя пацехі». Гравюра 1555.

т. 11, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЖЫЯ АСТРАВЫ́,

архіпелаг з 6 астравоў (Крастоўскі, Лявонцьева, Чатырохсталбавы, Пушкарова, Лысава і Андрэева) ва Усх.-Сібірскім м., на Пн ад вусця р. Калыма. У Рэсп. Саха (Якуція, Расія). Агульная пл. каля 60 км². Выш. да 273 м (на в-ве Крастоўскі). Камяністыя арктычныя тундры.

т. 11, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЖЫЯ ПЯЧО́РЫ,

група помнікаў эпохі мусцье, у якіх адлюстраваліся раннія сімвалічныя ўяўленні чалавека. У М.п. захоўваліся галовы і канечнасці мядзведзя пячорнага, які быў адным з асн. аб’ектаў палявання стараж. чалавека, галоўным сапернікам у міжвідавым супрацьстаянні з ім, таму займаў выключнае месца ў светапоглядзе палеаантрапа. М.п. распаўсюджаны ад Іспаніі да Чарнаморскага і Каспійскага ўзбярэжжаў Каўказа. Напр., у пячоры Драхенлох (Швейцарыя) выяўлены каменныя скрыні з чарапамі мядзведзя, пакладзенымі ў пэўным парадку па 3—4 і болей; у пячоры Рэгурду (Францыя) знойдзена неандэртальскае пахаванне, побач з якім у яме, накрытай каменнай плітой, знаходзіліся чарапы і разбітыя косці мядзведзя. М.п. лічаць прасцейшай зародкавай формай у генезісе анімалізму.

Т.​С.​Скрыпчанка.

т. 11, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мядзве́джы

прыметнік, адносны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. мядзве́джы мядзве́джая мядзве́джае мядзве́джыя
Р. мядзве́джага мядзве́джай
мядзве́джае
мядзве́джага мядзве́джых
Д. мядзве́джаму мядзве́джай мядзве́джаму мядзве́джым
В. мядзве́джы (неадуш.)
мядзве́джага (адуш.)
мядзве́джую мядзве́джае мядзве́джыя (неадуш.)
мядзве́джых (адуш.)
Т. мядзве́джым мядзве́джай
мядзве́джаю
мядзве́джым мядзве́джымі
М. мядзве́джым мядзве́джай мядзве́джым мядзве́джых

Крыніцы: krapivabr2012, piskunou2012, prym2009, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

Медве́жьи острова́ Мядзве́джыя астравы́.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ву́шкі, -шак мн., кул. ушки́;

мядзве́джыя ву́шкіфарм. медве́жьи у́шки

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

мядзве́дзь, -я, мн. -і, -яў, м.

1. Вялікая драпежная млекакормячая жывёліна сямейства мядзведзевых з густой поўсцю і тоўстымі нагамі.

Буры м.

Белы м.

2. перан. Пра няўклюднага, непаваротлівага чалавека (разм.).

Дзяліць шкуру незабітага мядзведзя (разм.) — размяркоўваць прыбытак, якога ў наяўнасці яшчэ няма.

Мядзведзь на вуха наступіў каму (разм., жарт.) — пра чалавека, у якога адсутнічае музыкальны слых.

|| прым. мядзве́джы, -ая, -ае.

Мядзведжыя сляды.

Мядзведжае футра.

Мядзведжая паходка (перан.).

Мядзведжы куток (разм.) — аддаленае, глухое месца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

«МЯДЗВЕ́ДЗЬ»,

гульня-паказ і маска-персанаж у стараж. бел. нар. калядным абрадзе. Звязаны з традыцыяй земляробчых святкаванняў зімовага сонцавароту. Мяркуюць, што бярэ пачатак з часоў язычніцтва. Найб. пашыраны на Палессі, дзе захаваўся і ў наш час.

Здольнага да імітацыі хлопца прыбіралі ў 2 чорныя вывернутыя поўсцю наверх кажухі (рукавы аднаго надзявалі на ногі, другога па крыссі сшывалі ці падвязвалі вяроўкай), на галаву надзявалі шапку з аўчыны, твар вымазвалі сажай ці закрывалі маскай. Часам выканаўцу ролі «М.» спавівалі сухімі сцяблінкамі гароху. Гульня пераважна паўтарала паказы скамарохаў-мядзведнікаў (гл. «Мядзведжыя пацехі», сцэна з вучоным «М.» уваходзіла ў рэпертуар батлейкі). Паводле загадаў павадыра «М.» скакаў, імітаваў паводзіны чалавека ў розных жыццёвых абставінах. Разам з «М.» вадзілі «жураўля» ці «казу», часам у паказах удзельнічаў музы́ка з бубнам.

М.​А.​Каладзінскі.

т. 11, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Талакня́нка1 ’вечназялёная паўзучая расліна з чырвонымі ягадамі’ (ТСБМ), ’расліна Arctostaphylos Adans.’ (Кіс., Бяльк.), ’расліна мядзведжыя вушкі, Arctostaphylos uva-ursi (L.) Spreng’ (Дары); іншыя назвы талакня́нік (Сл. ПЗБ), талако́ннік, талача́льнік (Шмярко). Параўн. укр., рус. толокня́нка ’тс’. Вытворныя ад талакно (гл.), паколькі плод расліны ўяўляе шарападобную мучністую касцянку, што адлюстравалася і ў іншай народнай назве мучаннік (гл. мучан), параўн. Кісялеўскі, Аб нек. асабл., 30–31. Спробы Штэйнгольд (Этимология–1994–1996, 135–140) вывесці назву расліны з рус. сіб. талага́нник (ад якуц. талах ’расліна гарчак’) не пераконваюць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

страсяну́ць, ‑сяну, ‑сянеш, ‑сяне; ‑сянём, ‑сеняце; зак., каго-што.

1. Трымаючы ў руцэ або ўзяўшыся рукою, трасянуць, заставіць калыхнуцца. Іван падаў і яму руку: «Здарова, піянер!» — і так страсянуў, што ў самога медалі ды тыя два ордэны Славы зазвінелі на грудзях. Паўлаў. Я з усяе сілы страсянуў алешыну. Ляўданскі. // чым. Рэзкім, парывістым рухам трасянуць, скалануць (галавой, валасамі і пад.). Стары страсянуў галавой, нібы адагнаў сон-назолу, і не прапанаваў, а папрасіў Надзю: — Аставайся ты ў мяне... за ўнучку. Бураўкін. Паўлюк падышоў да трыбуны, усміхнуўся сваёй мілай усмешкай, страсянуў чупрынай і пачаў чытаць. Сабаленка. // Узяўшы, трасянуць, каб выпрастаць або ачысціць ад пылу, смецця і пад. [Сцяпанаў] страсянуў лямкі парашута і, закінуўшы іх на плечы, глянуў за аэрадром. Алешка. Іван Падзерын перавярнуў торбу дагары, страсянуў. Чыгрынаў. [Зарына] паправіла хустку, толькі цяпер страсянула з каўняра расінкі вады. Шамякін. // Здрыгануць, скалануць (моцным ударам, выбухам і пад.). Машыну моцна страсянуў адзін, другі, трэці выбухі. Мележ. Моцны выбух страсянуў зямлю і гулкім рэхам пакаціўся навокал. Пальчэўскі. / у безас. ужыв. Вагон страсянула. Жанчына заварочалася. Міша насцярожыўся, прыслухаўся. І выразна пачуў усхліп. Каршукоў.

2. Падкінуць, трасянуць (пры яздзе па няроўнай дарозе). Пабяжыць [конь] ціха, роўна, нібы марафонскаю хадою: сам нідзе не страсянецца і гаспадара не страсяне. Кулакоўскі. Аўтобус страсяне — абарвуцца думкі. Адамчык.

3. перан. Вывесці з анямення, стану вяласці; уразіць. Вэпя Шпулькевіч збялеў, яго страсянула думка: можа гэта вядуць якія-небудзь сляды ад спаленай вёскі? Чорны. Раптам крык, Немы крык, З лесу крык страсянуў цішыню. Куляшоў. / у безас. ужыв. — Што, прыгожая? — сказаў Толік, а мяне страсянула, як ад нечаканага ўколу. Мыслівец.

4. перан. Парушыць устойлівасць, трываласць; пахіснуць. Першая руская рэвалюцыя, якая страсянула самыя асновы царскага самадзяржаўя, адазвалася і ў такім мядзведжыя кутку, якім было дарэвалюцыйнае Палессе. Навуменка. Сам я не помню Тых залпаў «Аўроры», Што страсянулі абшары зямлі. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)