ля́ля

назоўнік, агульны, адушаўлёны, асабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз.
Н. ля́ля
Р. ля́лі
Д. ля́лі
В. ля́лю
Т. ля́ляй
ля́ляю
М. ля́лі

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

ПА́ШКІН (Юрый Андрэевіч) (28.6.1933, г. Новая Ляля Свярдлоўскай вобл., Расія — 8.9.1992),

бел. тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1975). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1955). З 1969 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследаваў гісторыю рус. дарэв. т-ра ў Беларусі, міжнац. тэатр. сувязі, пытанні развіцця рус. і дзіцячага драм. т-раў Беларусі і інш. Аўтар працы «Рускі драматычны тэатр у Беларусі XIX ст.» (1980), адзін з аўтараў «Гісторыі беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87).

Тв.:

Утварэнне прафесіянальнага рускага драматычнага тэатра ў Беларусі (канец XVIII ст. — 1863 г.) // Весці АН БССР. Сер. грамад навук. 1970. № 4;

Драматургія А.​М.​Астроўскага ў рускіх тэатрах Беларусі ў другой палове XIX ст. (1860—1890 гг.) // Там жа. 1974. № 2;

Да пытання аб вывучэнні тэатральнай культуры дакастрычніцкай Беларусі (відовішчна-забаўная драматургія ў рэпертуары рускага тэатра 1864—1900 гг.) // Там жа. 1977. № 3.

Л.​А.​Лявонава.

т. 12, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «РАМЭ́Н»,

адзіны ў свеце цыганскі т-р. Адкрыты ў 1931. У спектаклях традыцыі і каларыт нац. мастацтва, багатая музыкальнасць, песеннае і танц. майстэрства артыстаў зліты з сучаснымі тэатр.-эстэт. прынцыпамі. Сярод спектакляў: «Табар у стэпе» і «Нарадзіўся я ў табары» І.​Ром-Лебедзева (паводле Ю.​Нагібіна), «Крывавае вяселле» Ф.​Гарсія Лоркі, «Макар Чудра» паводле М.​Горкага, «Грушачка» паводле М.​Ляскова, «Закон продкаў» І.​Хрусталёва, «Мы — цыганы» М.​Слічэнкі, «Жывы труп» Л.​Талстога, «Мужчыны ў нядзелю» Ж.​Л.​Ранкароні, «Графіня — цыганка» П.​Градава. У розныя гады т-р узначальвалі: М.​Гольдблат, М.​Яншын, П.​Саратаўскі і інш. Маст. кіраўнікі С.​Баркан (з 1958), М.Слічэнка (з 1977). У розны час у т-ры працавалі: Т.​Агамірава, Л.​Баброва, В.​Бізеў, Р.​Валшанінава, М.​Валшанінаў, Р.​Дземент, Е.​Жамчужная, Н.​Залатарова, С.​Залатароў, І.​Някрасава, В.​Пятрова, Ром-Лебедзеў, М.​Скварцова, Б.​Ташкенцкі, Ляля Чорная (Н.​Хмялёва), С.​Шышкоў і інш.

т. 10, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІТЭІ́ЗМ (ад полі... + грэч. theos бог),

мнагабожжа, вера ў некалькіх або многіх багоў. Узнік у перыяд разлажэння першабытнай абшчыны на аснове адухаўлення і персаніфікацыі стыхійных сіл і розных з’яў прыроды (гл. Анімізм, Татэмізм, Фетышызм), шанавання разрозненых духаў родаплемянных рэлігій (гл. Дэманалогія). Веру ў мноства раўнапраўных фетышаў і духаў змяніла вера ў багоў, якія атрымалі канкрэтнае аблічча, імя, культ. У рытуалах П. гал. ролю адыгрывалі жрацы, якія групаваліся вакол храмаў ці свяцілішчаў, валодалі багаццем і мелі вял. ўладу. Такімі былі рэлігіі стараж. егіпцян, грэкаў, рымлян і інш. народаў, а таксама некат. народаў Афрыкі, Паўд. Амерыкі, Акіяніі. Політэістычнымі рэлігіямі з’яўляюцца індуізм, будызм. Элементы П. захаваліся ў монатэістычных рэлігіях — іудаізме, хрысціянстве, ісламе і інш. (гл. Монатэізм). Напр., у хрысціянстве адначасова з гал. Богам захавалася вера ў Святую Тройцу (Бога-Айца, Бога-Сына і Бога—Святога Духа), ушанаванне анёлаў, прарокаў, святых і інш. Пераходнай формай монатэізму да П. з’яўляецца генатэізм, які прызнае існаванне многіх багоў на чале з адным вярх. богам. Ва ўласна бел. пантэоне дахрысц. часоў найб. шанаваліся Пярун, Жыжаль, Вялес, Ярыла, Зюзя, Цёця, Лада, Ляля і інш.

В.​В.​Красноеа.

т. 12, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лялёта, лелёта ’маларухомая, непрыгожая жанчына’ (Растарг.), лялётачка (фалькл.) ’лялька’ (гом., Нар. сл., Нар. Гом.). Утворана пры дапамозе суфікса ‑ота ад ляля (гл.) < la‑/le‑. Параўн. утварэнні ад гэтага кораня ў іншых слав. мовах: рус. валаг. леле́к ’балбатун, гаварун (аб дзіцяці)’, уладз. лелёха ’тоўстая, непаваротлівая жанчына’, укр. лельом‑полельом ’ледзь перасоўваючы ногі’, польск. lelum polelum ’флегматычны чалавек’, велікапольск., каш., калішск., серадзк. lelak, lelåč, lelåch, lelåš, lelåček, lelåšek, lela, lelek ’пястун, гультай’, ст.-польск. lele ’тс’, ’кволы’, н.-луж. lelawa ’бессаромная гультайка’, lelawiś se ’бессаромна сябе паводзіць’, в.-луж. lělawa ’гультаяватая дзяўчына’, lělak ’грубіян’, чэш. býti lelkem ’глядзець з адкрытым ротам’, ’быць салапякам’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́лька1, лялечка ’дзіцячая цацка ў выглядзе чалавека’ (Нас., Мядзв., Грыг., Гарэц., Яруш., Др.-Падб., Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ’прыгожая, знешне прывабная істота або рэч’ (ТС), ’вельмі выпеставаная, крыкліва апранутая, расфуфыраная жанчына’ (міёр., З нар. сл.), ’бутэлька, у якую насыпаюць жыта і даюць хлопцу (і свату), калі дзяўчына згодна ісці за яго замуж’ (смарг., Сл. ПЗБ); ’зрэнка ў воку’ (лепел., КЭС; саліг., Нар. словатв.; ТС); ля́ля ’дзіця (з дзіцячай мовы), немаўля’ (Нас., Бес.; драг., КЭС), ’купідон, прыгожанькае дзіцятка’ (Шпіл., Растарг., Нар. Гом.), ’малое дзіця’ (драг., шальч., Сл. ПЗБ), ’спешчанае дзіця’ (іўеў., Сл. ПЗБ), ’лялька’ (слуц. КЭС). Укр. ля́лька, ля́ля, ля́лечка ’лялька’, ’маленькае дзіцё’, ’імя галоўнай дзяўчыны ў карагодзе, які праводзіцца напярэдадні вясенняга Юр’я’, ля́лько ’зрэнка’; рус. ля́лька, ля́ля ’хросная маці’, ’лялька’ (зах.), ’маленькае дзіцё’, перм. ля́лько ’хросны бацька’; ля́ля ’бамбіза, дылда’, ’цюхця, дурань’, ’вялы, някемлівы, нерашучы чалавек’; польск. laika, lala, låla ’лялька’, ’прыгожы, але абмежаваны чалавек’, ’дурань’, ’зрэнка ў воку’, lalki ’мэндлікі ў полі’, палаб. lʼolʼǝ ’бацька’; дзіцячае lala ’бог’, pójść do lali ’памерці, адправіцца ў нябыт’; чэш. валаш., ляш. lʼalʼa, lʼalʼka ’лялька’, ’чужы чалавек (дзіцячае)’, усх.-мар. lʼalička ’немаўля’, ход. lála ’нядбайны’, славац. ľaľo ’дурань, балван’; серб.-харв. ла́ло, ла́лко ’пяшчотная назва брата або старэйшага мужчыны ў доме’, ла̑ла, ла́ло ’бацька’, ’імя, якім старыя называюць маладых’, ’любы чалавек’, якія Скок (2, 264) не зусім абгрунтавана адносіць да цюркізмаў; балг. лало, лалко ’старшы брат (для малодшага)’, ’дурны, блазан’, лала ’цётка’, ’швагер’, славен. lila ’лялька’. Прасл. lʼalʼa — слова з дзіцячай мовы (як baba, mama, tata) для наймення дзіцяці, маленькага чалавека; пазней стала азначаць ’зрэнка’ з прычыны адбітку ў воку маленькага вобраза чалавека (Слаўскі, 4, 33–34). Значэнне ’лялька’ новае, яно ўзнікла ў гарадах у апошнія стагоддзі. Паводле Панятоўскага (Wiedza o Polsce, 3. Warszawa, 1932, 269), чалавечыя фігуркі ў славян першапачаткова былі сімвалам памерлых продкаў, дзядоў; звычай трымаць лялькі (сімвалы) у хаце быў пашыраны яшчэ ў XIX ст. у Польшчы і зах. Скандынавіі. Дзецям забаранялася з імі гуляць (гл. таксама Махэк₂, 319). І.‑е. адпаведнікі: алб. lelëo ’бацька’, ’дзядзька’, ’дзед’, ’старэйшы брат’, арум. lală ’дзядзька’, н.-грэч. λαλά ’баба’, λαλάς ’дзядзька’, курд. lalu ’тс’. Бернекер (1, 700), а за ім Фасмер (2, 551) і Кюнэ (42) бел. і ўкр. лексемы разглядаюць як запазычанне з польск. мовы, што справядліва аспрэчваецца Праабражэнскім (1, 498).

Ля́лька2 ’матыль’ (бяроз., Выг.). Як і ўкр. жытом. ля́лька і валынск. ля́лючка ’лічынка матылька’ (ЛАПП) — рэліктавая лексема, якая ўзыходзіць да старажытных часоў, калі lʼalʼa азначала ’памерлыя продкі, дзяды’ (гл. ля́лька1). Табу — у слав. гаворках існуе павер’е, быццам душы памерлых, злыя духі хаваюцца ў матыльках (Важны, O jménech, 86). Параўн. бел. ба́бачка (гл.).

Ля́лька3 ’аер, Acorus L.’ (бых., Мат. Янк.). Паводле падабенства катаха аеру да прымітыўнай фігуркі лялькі. Да ля́лька1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)