ПА́ШКІН (Юрый Андрэевіч) (28.6.1933, г. Новая Ляля Свярдлоўскай вобл., Расія — 8.9.1992),

бел. тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1975). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1955). З 1969 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследаваў гісторыю рус. дарэв. т-ра ў Беларусі, міжнац. тэатр. сувязі, пытанні развіцця рус. і дзіцячага драм. т-раў Беларусі і інш. Аўтар працы «Рускі драматычны тэатр у Беларусі XIX ст.» (1980), адзін з аўтараў «Гісторыі беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87).

Тв.:

Утварэнне прафесіянальнага рускага драматычнага тэатра ў Беларусі (канец XVIII ст. — 1863 г.) // Весці АН БССР. Сер. грамад навук. 1970. № 4;

Драматургія А.​М.​Астроўскага ў рускіх тэатрах Беларусі ў другой палове XIX ст. (1860—1890 гг.) // Там жа. 1974. № 2;

Да пытання аб вывучэнні тэатральнай культуры дакастрычніцкай Беларусі (відовішчна-забаўная драматургія ў рэпертуары рускага тэатра 1864—1900 гг.) // Там жа. 1977. № 3.

Л.​А.​Лявонава.

т. 12, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «РАМЭ́Н»,

адзіны ў свеце цыганскі т-р. Адкрыты ў 1931. У спектаклях традыцыі і каларыт нац. мастацтва, багатая музыкальнасць, песеннае і танц. майстэрства артыстаў зліты з сучаснымі тэатр.-эстэт. прынцыпамі. Сярод спектакляў: «Табар у стэпе» і «Нарадзіўся я ў табары» І.​Ром-Лебедзева (паводле Ю.​Нагібіна), «Крывавае вяселле» Ф.​Гарсія Лоркі, «Макар Чудра» паводле М.​Горкага, «Грушачка» паводле М.​Ляскова, «Закон продкаў» І.​Хрусталёва, «Мы — цыганы» М.​Слічэнкі, «Жывы труп» Л.​Талстога, «Мужчыны ў нядзелю» Ж.​Л.​Ранкароні, «Графіня — цыганка» П.​Градава. У розныя гады т-р узначальвалі: М.​Гольдблат, М.​Яншын, П.​Саратаўскі і інш. Маст. кіраўнікі С.​Баркан (з 1958), М.Слічэнка (з 1977). У розны час у т-ры працавалі: Т.​Агамірава, Л.​Баброва, В.​Бізеў, Р.​Валшанінава, М.​Валшанінаў, Р.​Дземент, Е.​Жамчужная, Н.​Залатарова, С.​Залатароў, І.​Някрасава, В.​Пятрова, Ром-Лебедзеў, М.​Скварцова, Б.​Ташкенцкі, Ляля Чорная (Н.​Хмялёва), С.​Шышкоў і інш.

т. 10, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІТЭІ́ЗМ (ад полі... + грэч. theos бог),

мнагабожжа, вера ў некалькіх або многіх багоў. Узнік у перыяд разлажэння першабытнай абшчыны на аснове адухаўлення і персаніфікацыі стыхійных сіл і розных з’яў прыроды (гл. Анімізм, Татэмізм, Фетышызм), шанавання разрозненых духаў родаплемянных рэлігій (гл. Дэманалогія). Веру ў мноства раўнапраўных фетышаў і духаў змяніла вера ў багоў, якія атрымалі канкрэтнае аблічча, імя, культ. У рытуалах П. гал. ролю адыгрывалі жрацы, якія групаваліся вакол храмаў ці свяцілішчаў, валодалі багаццем і мелі вял. ўладу. Такімі былі рэлігіі стараж. егіпцян, грэкаў, рымлян і інш. народаў, а таксама некат. народаў Афрыкі, Паўд. Амерыкі, Акіяніі. Політэістычнымі рэлігіямі з’яўляюцца індуізм, будызм. Элементы П. захаваліся ў монатэістычных рэлігіях — іудаізме, хрысціянстве, ісламе і інш. (гл. Монатэізм). Напр., у хрысціянстве адначасова з гал. Богам захавалася вера ў Святую Тройцу (Бога-Айца, Бога-Сына і Бога—Святога Духа), ушанаванне анёлаў, прарокаў, святых і інш. Пераходнай формай монатэізму да П. з’яўляецца генатэізм, які прызнае існаванне многіх багоў на чале з адным вярх. богам. Ва ўласна бел. пантэоне дахрысц. часоў найб. шанаваліся Пярун, Жыжаль, Вялес, Ярыла, Зюзя, Цёця, Лада, Ляля і інш.

В.​В.​Красноеа.

т. 12, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)