ЛЕСКО́ ((Lescot) П’ер) (паміж 1500 і 1515, Парыж ? — 10.9.1578),

французскі архітэктар эпохі Адраджэння. Працаваў у Парыжы (пераважна са скульпт. Ж.Гужонам). Творы Л. адметныя багаццем ордэрных чляненняў, вытанчанага скульпт. дэкору, тонкасцю прафілёўкі дэталей: драўляны амбон царквы Сен-Жэрмен л’Аксеруа (каля 1542—44), праект перабудовы Луўра (часткова ажыццяўляўся з 1546), атэль Ліньеры (цяпер Музей Карнавале; пачаты ў 1544, скончаны ў 1661 Ф.​Мансарам) у Парыжы, замак Валеры каля Санса (з Ф.​Дэлормам, 1549).

т. 9, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Леско Э. 3/293

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Леско П. 6/443; 8/294; 10/638

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ЦЫО ((Muzio) Клаўдзія) (7.2.1889, г. Павія, Італія — 24.5.1936),

італьянская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Вучылася напачатку ў маці, потым у А.​Казалоні ў Турыне. Выступала з 1910 у буйнейшых т-рах Італіі і інш. краін, у т. л. ў ЗША. Мела яскравае трагедыйнае дараванне. Найб. блізкія для яе індывідуальнасці былі партыі ў операх Дж.​Вердзі і верыстаў: Джарджэта, Тоска, Мімі, Манон («Плашч», «Тоска», «Багема», «Манон Леско» Дж.​Пучыні), Віялета, Дэздэмона («Травіята», «Атэла» Вердзі), Сантуца («Сельскі гонар» П.​Масканьі) і інш.

т. 11, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБАЛЬЕ́ ((Caballe) Мантсерат) (н. 12.4.1933, г. Барселона, Іспанія),

іспанская спявачка (сапрана); буйнейшая прадстаўніца мастацтва бельканта. Вучылася ў Барселонскай кансерваторыі ў Э.​Кемені. З 1956 салістка оперных т-раў у Базелі, Брэмене, з 1965 у т-ры «Метраполітэн-опера». Спявае таксама ў т-рах «Ла Скала», «Ковент-Гардэн», «Гранд-Апера», Венскай дзярж. оперы і інш. Валодае моцным прыгожым голасам вял. дыяпазону. Выкананне адметнае экспрэсіяй, багаццем тэмбравай і дынамічнай нюансіроўкі. Сярод партый: Норма («Норма» В.​Беліні), Марыя Сцюарт (аднайм. опера Г.​Даніцэці), Манон («Манон Леско» Дж.​Пучыні) і інш. З яе імем звязана адраджэнне шэрагу опер Даніцэці, Беліні, Дж.​Расіні. Выступае ў канцэртах. У 1997 гастраліравала ў Мінску.

М.Кабалье.

т. 7, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІ́НГА ((Domingo) Пласіда) (н. 21.1.1941, Мадрыд),

іспанскі спявак (тэнар). З сям’і акцёраў і спевакоў — выканаўцаў сарсуэл. Вучыўся ў бацькоў і ў кансерваторыі ў Мехіка. З 1966 выступае ў буйнейшых т-рах свету, з 1968 саліст т-ра «Метраполітэн-опера»; спявае і ў т-ры «Ла Скала». Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў стылю бельканта, выконвае лірычныя і драм. партыі: Атэла, Радамес, Альфрэд, Дон Карлас («Атэла», «Аіда», «Травіята», «Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Каварадосі, Калаф, Рэнэ дэ Грые («Тоска», «Турандот», «Манон Леско» Дж.​Пучыні), Вертэр у аднайм. операх Вердзі і Ж.​Маснэ. Яго выкананне вылучаецца вышэйшым сінтэзам акцёрскага і вак. майстэрства, натуральнай, спантаннай эмацыянальнасцю. Выступае як оперны дырыжор, здымаецца ў кіно («Травіята», 1983). Аўтар кн. «Мае першыя сорак гадоў» (рус. пер. 1989).

П.Дамінга ў ролі Калафа.

т. 6, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЖО́Н ((Goujon) Жан) (каля 1510, каля г. Руан, Францыя — паміж 1564—68),

французскі скульптар эпохі Адраджэння. У 1540—42 працаваў у Руане, каля 1543—44 жыў у Парыжы (дзе супрацоўнічаў з П.Леско), з пач. 1560-х г. — у Балонні. Яго творы (рэльефы для царквы Сен-Жэрмен л’Аксеруа, 1544, і «Фантан нявінных», 1547—49, усе ў Парыжы) прасякнутыя духам свецкага рэнесансавага светаадчування, адметныя паэтычнай натхнёнасцю, вытанчанасцю мадэліроўкі і прапорцый, ускладненасцю лінейнага рытму. Зрабіў скульпт. дэкор атэля Ліньеры ў Парыжы (цяпер Музей Карнавале, каля 1545) і ўсх. палацавага фасада Луўра (канец 1540-х — 1550-я г.), а таксама 4 фігуры карыятыд, што падтрымліваюць кафедру для музыкантаў (1550, Зала карыятыд, Луўр). У 1547 праілюстраваў гравюрамі на дрэве арх. трактат Вітрувія.

Ж.Гужон. «Фантан нявінных» у Парыжы (з арх. П.​Леско). 1547—49.

т. 5, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЛЕ́ГІНА (Марыя Агасаўна) (н. 9.8.1959, г. Адэса, Украіна),

спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыла Адэскую кансерваторыю (1983). З 1983 салістка Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае гнуткім прыгожым голасам шырокага дыяпазону, высокай каларатурнай тэхнікай. Ёй уласцівы яркая эмацыянальнасць, моцны тэмперамент. Сярод партый на бел. сцэне: Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Таццяна («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Лізавета, Аіда («Дон Карлас», «Аіда» Дж.​Вердзі), саліруючае сапрана ў вак.-харэаграфічным прадстаўленні «Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа. З 1990 працуе па кантрактах у буйнейшых т-рах свету («Ла Скала», «Метраполітэн-опера», Гамбургская і Венская оперы). Партыі: Тоска, Манон («Тоска», «Манон Леско» Дж.​Пучыні), Амелія («Баль-маскарад»), гал. партыі ў операх «Два Фаскары» і «Сімон Баканегра» Вердзі і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​Глінкі (1984, Ерэван), Міжнар. конкурсу спевакоў (1985, Рыо-дэ-Жанейра), міжнар. конкурсу вакалістаў імя П.​Чайкоўскага (1986, Масква).

М.Гулегіна ў ролі Разіны.

т. 5, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛЬ МО́НАКА ((Del Monaco) Марыо) (27.7.1915, г. Фларэнцыя, Італія — 16.10.1982),

італьянскі спявак (драм. тэнар); буйнейшы прадстаўнік мастацтва бельканта сярэдзіны 20 ст. Вучыўся ў Пезарскай кансерваторыі. У 1943—73 на опернай сцэне, спяваў у лепшых т-рах свету («Ла Скала», «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера», Парыжская опера; у 1959 у спектаклях «Кармэн» Ж.​Бізэ і «Паяцы» Р.​Леанкавала ў Вял. т-ры ў Маскве). Валодаў голасам вял. дыяпазону з унікальным па насычанасці барытанальным тэмбрам, дакладным адчуваннем муз. стылю і фактуры вобраза, дарам свабоднага пераўвасаблення. Найб. вядомасць набыў у трагічных і героіка-драм. партыях: Атэла, Радамес, Манрыка, Эрнані, Альвара («Атэла», «Аіда», «Трубадур», «Эрнані», «Сіла лёсу» Дж.​Вердзі), Каварадосі («Тоска» Дж.​Пучыні), дэ Грые («Манон Леско» Пучыні і «Манон» Ж.​Маснэ), Турыду («Сельскі гонар» П.​Масканьі), Паліён («Норма» В.​Беліні). Здымаўся ў муз. фільмах («Джузепе Вердзі», 1953, і інш.).

Літ. тв.: Рус. пер. — Моя жизнь, мои успехи. М., 1987.

М.Дэль Монака ў ролі Атэла.

т. 6, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЎР (Louvre) у Парыжы, помнік архітэктуры класіцызму; маст. музей, адно з самых вял. маст. сховішчаў свету. Першапачаткова каралеўскі палац на месцы стараж. замка (1546—19 ст., арх. П.​Леско, Л.​Лево, К.​Перо і інш., скульпт. дэкор Ж.​Гужона, афармленне інтэр’ера Ш.​Лебрэна і інш.). З 1791 музей. Пасля 1850-х г. да Л. прыбудаваны Новы Луўр (цяпер карцінная галерэя; арх. Л.​Вісконці, Э.​Лефюэль). Перабудовы і пашырэнні зрабілі Л. адной з арх. дамінантаў гіст. цэнтра Парыжа. У аснове калекцыі — б. каралеўскія зборы, калекцыі манастыроў і прыватных асоб. У ім захоўваюцца багатыя зборы ўсх. старажытнасцей, стараж.-егіп., ант., зах.-еўрап. мастацтва (асабліва франц. школы). Сярод шэдэўраў Л.: стараж.-акадская «Стэла цара Нарамсіна», стараж.-егіп. статуя пісца Каі, стараж.-грэч. статуі «Ніке Самафракійская», «Венера Мілоская», творы Мікеланджэла, «Джаконда» Леанарда да Вінчы, «Сельскі канцэрт» Джарджоне, «Мадонна канцлера Ралена» Я. ван Эйка, творы П.​П.​Рубенса, Рэмбранта, Н.​Пусэна, А.​Вато і інш.

Луўр.

т. 9, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)