КАНТО́, Такійская раўніна,
нізінная раўніна на в-ве Хонсю, у Японіі, каля ўзбярэжжа Ціхага ак. Пл. 13 тыс. км², шыр. 15—65 км. Тэктанічная ўпадзіна, запоўненая антрапагенавымі марскімі і рачнымі наносамі з праслоямі вулканічнага попелу. Частыя землетрасенні. Самае катастрафічнае разбурыла г. Токіо (1923), у выніку чаго загінула 143 тыс. чал. Густая сетка рэк і каналаў. Найб. рэкі Тоне і Суміда. Рэльеф тэрасаваны на выш. 20, 40, 60, 100 м. Ніжняя дэльтавая нізінная тэраса («та») пад рысавымі палямі. Найвыш. тэраса («хата») на выш. 200—300 м — нахіленае плато з узгоркамі, моцна расчлянёнае, пад цытрусавымі плантацыямі. Клімат умераны мусонны. Т-ра студз. 2,9 °C, ліп. 25,4 °C; ападкаў 1600—2000 мм за год. Субтрапічныя лясы і хмызнякі з вечназялёнага дуба, японскай хвоі (акамацу і курамацу), бамбуку, камфорнага дрэва, дрэвападобнага самшыту займаюць 50% тэрыторыі, лугі — 3%, астатняя тэрыторыя інтэнсіўна распрацоўваецца пад с.-г. культуры (рыс, ячмень, пшаніца). Пашыраны тутавыя насаджэнні. Развіта агародніцтва, кветкаводства, садаводства, жывёлагадоўля, рыбалоўства, марскі промысел. Гал. эканам. раён Японіі. Марскія парты: Токіо, Іакагама, Кодзіма.
А.М.Матузка.
т. 8, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАКАГА́МА,
горад у Японіі, на ПдУ в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Канагава. Засн. ў 1858 на месцы пас. Канагава і Іакагама. 3,3 млн. чал. (1992), разам з Токіо ўтварае агламерацыю Кейхін. Трансп. вузел міжнар. значэння, адзін з важнейшых гандл.-пасажырскіх партоў Д. Усходу. Буйны гандл., фін. і эканам. цэнтр краіны. Прамысл. цэнтр у індустр. раёне Канто. Агульнае і энергет. машынабудаванне, судна- і аўтамабілебудаванне, металургія, нафтахім., атамная, электронная, тэкст., швейная, паліграф., харч. прам-сць. Буйная ЦЭС. Метрапалітэн.
т. 7, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)