КАНТО́, Такійская раўніна,

нізінная раўніна на в-ве Хонсю, у Японіі, каля ўзбярэжжа Ціхага ак. Пл. 13 тыс. км², шыр. 15—65 км. Тэктанічная ўпадзіна, запоўненая антрапагенавымі марскімі і рачнымі наносамі з праслоямі вулканічнага попелу. Частыя землетрасенні. Самае катастрафічнае разбурыла г. Токіо (1923), у выніку чаго загінула 143 тыс. чал. Густая сетка рэк і каналаў. Найб. рэкі Тоне і Суміда. Рэльеф тэрасаваны на выш. 20, 40, 60, 100 м. Ніжняя дэльтавая нізінная тэраса («та») пад рысавымі палямі. Найвыш. тэраса («хата») на выш. 200—300 м — нахіленае плато з узгоркамі, моцна расчлянёнае, пад цытрусавымі плантацыямі. Клімат умераны мусонны. Т-ра студз. 2,9 °C, ліп. 25,4 °C; ападкаў 1600—2000 мм за год. Субтрапічныя лясы і хмызнякі з вечназялёнага дуба, японскай хвоі (акамацу і курамацу), бамбуку, камфорнага дрэва, дрэвападобнага самшыту займаюць 50% тэрыторыі, лугі — 3%, астатняя тэрыторыя інтэнсіўна распрацоўваецца пад с.-г. культуры (рыс, ячмень, пшаніца). Пашыраны тутавыя насаджэнні. Развіта агародніцтва, кветкаводства, садаводства, жывёлагадоўля, рыбалоўства, марскі промысел. Гал. эканам. раён Японіі. Марскія парты: Токіо, Іакагама, Кодзіма.

А.​М.​Матузка.

т. 8, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)