КАКТО́ ((Cocteau) Жан) (5.7.1889, г. Мезон-Лафіт, Францыя — 11.10.1963),

французскі пісьменнік, мастак, кінарэжысёр, тэатр. дзеяч. Чл. Франц. акадэміі (1955). Дэбютаваў у 1909 як паэт-сімваліст (зб. «Лямпа Аладзіна»), Выступаў за балетны спектакль новага тыпу, заснаваны на збліжэнні харэаграфіі з эстрадай і эксцэнтрыкай; супрацоўнічаў з С.Дзягілевым. Паэтычная творчасць развівалася ад куба-футурызму і дадаізму («Ода Пікасо», 1919, зб. «Вершы», 1920) да сюррэалізму (зб. «Опера», 1927). У зб-ках крытычных афарызмаў «Певень і арлекін» (1918) і «Прафесійны сакрэт» (1922) выступіў як прыхільнік авангардысцкай групы «Шасцёрка» ў музыцы і дадаізму ў л-ры. Аўтар раманаў «Самазванец Тама» (1923) і «Цяжкія дзеці» (1929), п’ес «Антыгона», «Рамэо і Джульета» (спроба «амаладжэння» ант. і шэкспіраўскай трагедыі), «Арфей» (усе 1928), «Адская машына» (1934), псіхал. манадрамы «Чалавечы голас» (1930; паводле яе ў Мінску ў 1985 паст. аднайм. монаопера Ф.​Пуленка), «Цяжкія бацькі» (1938), «Двухгаловы арол» (1946), «Вакх» (1952) і інш. Адзін з заснавальнікаў «Балета Елісейскіх палёў» (1944). Пісаў лібрэта балетаў, опер, кінасцэнарыі. Ставіў кінафільмы («Прыгажуня і пачвара», 1946; «Арфей», 1950; «Запавет Арфея», 1960).

Тв.:

Рус. пер — Портреты-воспоминания: Эссе. М., 1985.

Літ.:

Bross J. Cocteau. Paris, 1970.

т. 7, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Както Ж. 10/158

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЛЕ́НК, Пуланк (Poulenc) Франсіс (7.1.1899, Парыж — 30.1.1963), французскі кампазітар, піяніст. Вучыўся ў Р.​Віньеса (фп.) і Ш.​Кёклена (кампазіцыя). З 1920 чл. «Шасцёркі». Працаваў у розных жанрах (фп., вак., камерна-інстр. творы). Вял. ўвагу надаваў мелодыі (яго наз. франц. Шубертам). Абапіраўся на франц. нар. песеннасць, развіваў прынцыпы муз. прасодыі К.​Дэбюсі, вак. дэкламацыйнасці М.​Мусаргскага. Найб. дасягненні ў оперы: «Грудзі Тырэзія» (паводле Г.​Апалінэра; паст. 1947), «Дыялогі кармелітак» (паводле Ж.​Бернаноса; паст. 1957), манаопера «Чалавечы голас» (паводле Ж.​Както; паст. 1959). Сярод інш. твораў: балеты «Лані» (са спевамі, паст. трупай «Рускі балет», 1924), «Ранішняя серэнада» (паст. 1930) і інш.; творы для салістаў, хор і арк.; канцэрты з арк.; камерна-інстр. ансамблі; творы для фп., хоры a cappella, у т. л. патрыят. кантата «Твар чалавечы» (на вершы П.​Элюара, 1943); камерна-вак. творы, у т. л. больш за 160 песень на словы Апалінэра, Элюара, М.​Жакоба, Както, рамансы; музыка да спектакляў, кіно і інш. Выступаў і як піяніст.

Літ. тв.: Рус. пер. — Письма. Л., 1970; Я и мои друзья. Л., 1977.

Літ.:

Медведева И.А. Франсис Пуленк. М., 1969;

Bernac P.F. Poulenc et ses mélodies. Paris, 1978.

т. 13, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЭ́ ((Marais) Жан) (сапр. Вілен-Марэ; Villain-Marais; 11.12.1913, г. Шэрбур, Францыя — 9.11.1998),

французскі акцёр. Працаваў у тэатры, з 1941 у кіно. Вядомасць атрымаў пасля фільма «Вечнае вяртанне» (1943). Талент М. раскрыўся ў фільмах рэж. Ж.​Както («Прыгажуня і пачвара», 1946; «Двухгаловы арол», 1947; «Арфей», 1949, і інш.). Выконваў ролі ад герояў-палюбоўнікаў да рамант., загадкавых, фантаст. персанажаў: фільмы «Руі Блаз» (1947, у сав. пракаце «Небяспечнае падабенства»), «Граф Монтэ-Крыста» (1953), «Паўночныя палюбоўнікі» (1955, у сав. пракаце «Разбітыя мары»), «Белыя ночы» (1957), «Капітан Фракас» (1961), «Жалезная маска» і «Парыжскія тайны» (абодва 1962), серыя пра Фантамаса (1964—66), «Асліная шкура» (1971), «Самы блізкі сваяк» (1986). Аўтар кніг «Мае простыя ісціны» (1957), «Гісторыя майго жыцця» (1975), «Апавяданні» (1978).

Літ.:

Янушевская И., Демин В. Жан Маре. М., 1969.

Г.​В.​Ратнікаў.

Ж.Марэ.

т. 10, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́ЧЭНКА (Мікалай Міхайлавіч) (н. 16.3.1946, г. Маладзечна Мінскай вобл.),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1998). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1969). З 1969 у Брэсцкім абл. драм. т-ры, з 1971 у Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы. З 1987 выкладае ў Бел. АМ. Яго акцёрскае мастацтва вызначаецца дакладнасцю характарыстык, выразнасцю сцэн. малюнка вобраза; стваральнік яркіх характараў-тыпаў. Сярод роляў у т-ры імя Я.​Купалы: Язэп Карыта («Ажаніцца — не журыцца» М.​Чарота), Холад («Звон — не малітва» І.​Чыгрынава), Ягайла («Князь Вітаўт» А.​Дударава), Салёны («Тры сястры» А.​Чэхава), Вагін («Дзеці сонца» М.​Горкага), Менахем («Памінальная малітва» Р.​Горына), Палоній («Гамлет» У.​Шэкспіра), Гаспадар («Саўдзельнікі» І.​Гётэ), Жорж («Жахлівыя бацькі» Ж.​Както), Люнгетран («Жанчына з мора» Г.​Ібсена), Шындзін («Мы, ніжэй падпісаныя» А.​Гельмана), Фініган («Гаральд і Мод» К.​Хігінса).

т. 8, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМЯ́НЦАВА (Любоў Рыгораўна) (н. 18.4.1943, г. Пяцігорск Стаўрапольскага краю, Расія),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1978). Скончыла Маскоўскі дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя А.​Луначарскага (1964). З 1964 у Маскоўскім драм. т-ры на Малой Броннай. З 1966 на кінастудыі «Беларусьфільм» (з 1981 у Т-ры-студыі кінаакцёра). Выканаўца лірыка-драм. і драм. роляў. Ёй уласцівы выразная пластыка, экспрэсіўнасць, уменне выявіць духоўную сутнасць персанажа. Сярод тэатр. роляў: Наташа («Сам-насам з усімі» А.​Гельмана), Жанчына («Чалавечы голас» Ж.​Както), Красавіна, Домна Панцялеўна («Жаніцьба Бальзамінава», «Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага), Гертруда («Гамлет» У.​Шэкспіра), Філумена («Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа) і інш. Знялася ў фільмах: «Альпійская балада» (1966), «Прыгодны да нестраявой» (1968), «Бацька» (1971), «Міравы хлопец» (1971), «Дарога на Рубецаль» (1971), «Учора, сёння і заўжды» (1972), «Вялікі ўтаймавальнік» (1974), «Надзейны чалавек» (1975), «Марынка, Янка і таямніцы каралеўскага замка» (1976), «У профіль і анфас» (1977), «Вялікая — малая вайна» (1981), «Раптоўны выкід» (1984), «Мы едзем у Амерыку» (1990), «Без доказаў» (1992), «Зала чакання» (1995).

В.​А.​Мядзведзева.

т. 13, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРГО́ЛІН (Зіновій Эмануілавіч) (н. 15.2.1960, Мінск),

бел. мастак тэатра. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1982). Працуе ў т-рах Беларусі і Расіі. Ў рознай творчай манеры аформіў спектаклі: у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі — «Пэпі» У.​Дашкевіча (1987), «Прынцэса цырка» І.​Кальмана (1989); у Бел. т-ры імя Я.​Купалы — «Жудасныя бацькі» Ж.​Както (1985), «Курыца» М.​Каляды (1992) і «Ідылія» В.​Дуніна-Марцінкевіча (1993); у Бел. т-ры імя Я.​Коласа — «Рэцэпт Макропуласа» К.​Чапека (1995); у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі — «Візіт дамы» С.​Картэса (1995); у Дзярж. рус. драм. т-ры — «Хрыстос і Антыхрыст» Дз.​Меражкоўскага (1991); у Дзярж. маладзёжным т-ры Беларусі (у 1988—98 гал. мастак) — «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» паводле У.​Караткевіча (1990), «Вільгельм Тэль» Ф.​Шылера (1991), «Пры зачыненых дзвярах» Ж.​П.​Сартра і «Ягоныя сны» («Тайнае жыццё Сальвадора Далі») паводле дзённікаў С.​Далі (1993), «Хітрыкі Скапэна» Мальера (1994), сцэнаграфія якіх выканана пераважна ў жорсткай алегарычна-знакавай манеры з выкарыстаннем метал. канструкцый і натуральных матэрыялаў урбаністычнага свету. У творчасці апошніх гадоў — уплыў ідэй канцэптуалізму і функцыян. сцэнаграфіі. Лаўрэат «Пражскай квадрыенале-95» (сярэбраны медаль).

Літ.:

Ратабыльская Т. Спыніся, імгненне // Тэатр. Мінск. 1989. № 1;

Мальцаў У. Медыяутопіі Зіновія Марголіна // Мастацгва. 1996. № 12.

У.​В.​Мальцаў.

т. 10, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)