РУМЯ́НЦАВА (Любоў Рыгораўна) (н. 18.4.1943, г. Пяцігорск Стаўрапольскага краю, Расія),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1978). Скончыла Маскоўскі дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя А.Луначарскага (1964). З 1964 у Маскоўскім драм. т-ры на Малой Броннай. З 1966 на кінастудыі «Беларусьфільм» (з 1981 у Т-ры-студыі кінаакцёра). Выканаўца лірыка-драм. і драм. роляў. Ёй уласцівы выразная пластыка, экспрэсіўнасць, уменне выявіць духоўную сутнасць персанажа. Сярод тэатр. роляў: Наташа («Сам-насам з усімі» А.Гельмана), Жанчына («Чалавечы голас» Ж.Както), Красавіна, Домна Панцялеўна («Жаніцьба Бальзамінава», «Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага), Гертруда («Гамлет» У.Шэкспіра), Філумена («Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа) і інш. Знялася ў фільмах: «Альпійская балада» (1966), «Прыгодны да нестраявой» (1968), «Бацька» (1971), «Міравы хлопец» (1971), «Дарога на Рубецаль» (1971), «Учора, сёння і заўжды» (1972), «Вялікі ўтаймавальнік» (1974), «Надзейны чалавек» (1975), «Марынка, Янка і таямніцы каралеўскага замка» (1976), «У профіль і анфас» (1977), «Вялікая — малая вайна» (1981), «Раптоўны выкід» (1984), «Мы едзем у Амерыку» (1990), «Без доказаў» (1992), «Зала чакання» (1995).
В.А.Мядзведзева.
т. 13, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)