жыво́т, -вата́, М -ваце́, мн. -ваты́, -вато́ў, м.

1. Частка цела ў чалавека і жывёл, у якой размешчаны органы стрававання.

Боль у жываце.

2. Страўнік, кішэчнік (разм.).

Купіць лякарства ад жывата.

Благому жывату і пірог шкодзіць (прыказка).

◊

Жывот падцягнула (безас.) — захацелася есці.

Качацца жыватом (разм.) — хварэць на жывот.

Падарваць жывот (жываты) са смеху — моцна смяяцца, аж заходзіцца.

Плячысты на жывот (жарт.) — ахвотнік паесці.

Хватацца за жывот — смяяцца да знямогі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

жыво́т

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. жыво́т жываты́
Р. жывата́ жывато́ў
Д. жывату́ жывата́м
В. жыво́т жываты́
Т. жывато́м жывата́мі
М. жываце́ жывата́х

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

жыво́т, -вата́ м. живо́т;

◊ падарва́ць ж. (жываты́) са сме́ху — надорва́ть живо́т (животы́) со сме́ху;

ж. падцягну́ла — безл. живо́т подвело́;

кача́цца (з) жывато́м — ката́ться от бо́ли в животе́;

хвата́цца за ж. — хвата́ться за животы́ (живо́тики);

плячы́сты на ж. — люби́тель пое́сть

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

жыво́т ​1, ‑вата, М ‑ваце, м.

Частка цела ў чалавека і жывёл, у якой знаходзяцца печань, страўнік, кішэчнік, селязёнка і іншыя органы. Пан, залажыўшы рукі назад, ад чаго яшчэ больш выпучваўся жывот, крочыў спераду, мужык — за ім. Брыль. — Лялька, а не конь... Жывот падцягнуты... Васілевіч. // Разм. Страўнік, кішэчнік. — Мама шмат якія расліны ведае. Яна нават збірае іх. Тая, кажа, ад горла, тая ад жывата. Чарнышэвіч. Салодкая яда — жывату бяда. Прыказка. // Частка тулава, процілеглая спіне. [Людзі] лажыліся на жывот і, апусціўшы галаву, пілі непасрэдна з крыніцы. Маўр.

•••

Брацца за жывот гл. брацца.

Жывот падцягнула (падвяло) гл. падцягнуць.

Ірваць жываты гл. ірваць.

Качацца (з) жыватом гл. качацца.

Надарваць (парваць, падарваць) жывот (жываты) гл. надарваць.

жыво́т ​2, ‑вата, М ‑ваце, м.

Уст. Тое, што і жыццё (у 2 знач.). — Ты страціў не ўсё, — адказаў Тэафіл. — Але каб ты надалей грузнуў у клопатах аб мізэрным жываце, ты страціў бы ўсё, Міха!.. Самуйлёнак.

•••

Не на жывот, а на смерць — тое, што і не на жыццё, а на смерць (гл. жыццё).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыво́т м. Bauch m -(e)s, Bäuche; Leib m -es, -er; Únterleib m (брушная поласць);

то́ўсты жыво́т Schmérbauch m;

у мяне́ жыво́т падцягну́ла разм. ich hábe Húnger, mir knurrt der Mágen

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

Жыво́т 1 уст. ’жыццё’. Рус. уст. живо́т, укр. уст. живі́т, польск. кніжн. żywot ’жыццё’, палаб. zaivăt ’цела, жыццё’, чэш., славац. život ’жыццё’, разм. ’частка цела’, славен. živòt ’жыццё, цела, наследнік’, серб.-харв. жѝвот ’жыццё; цела, моц’, балг. живо̀т, макед. живот жыццё’. Ст.-слав. животь ’жыццё’, ’жывёла’. Ст.-рус. животъ ’жыццё’, ’жывёла’, ’здабытак’, з XVI ст. ’жывот’. Ст.-бел. живот ’жыццё, маёмасць, жывот’. Літ. gyvatà ’жыццё; сядзіба; жыллё’, ст.-прус. giwato ’жыццё’, лац. vīta (< *g​u̯iotā) ’жыццё’, кімр. bywyd, ст.-інд. jivātu, jīvathaḥ ’жыццё’, ст.-грэч. βιοτή ’жыццё, сродкі для жыцця’. Прыклады сведчаць аб яшчэ і.-е. утварэнні з суф. *‑t‑ ад і.-е. кораня *g​u̯ei‑ з нарашчэннем *u̯: *gui​u: *g​u̯i​u̯oto‑s, адкуль слав. *život‑ з першапачатковым значэннем ’жыццё’. Покарны, 1, 468–469; Фасмер, 2, 52; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 290; Мейе, Études, 292–293; БЕР, І, 542; Брукнер, 670; Скок, 3, 681; Тапароў, E–H, 255–256; Траўтман, 76. Гл. жывы, жыццё, жывот 2.

Жыво́т 2 ’частка цела’. Рус. живо́т, укр. живіт, польск. уст. дыял. żywot ’жывот’, в.-луж. žiwot ’тс’, н.-луж. žywot жывот, матка’, палаб. zaivǎt ’цела, жывот, жыццё’, чэш., славац. život ’жыццё’, разм. ’частка цела’, славен. ziwòt ’жыццё, цела, наследнік’, серб.-харв. жѝвот ’жыццё; цела, моц’. Ст.-рус. (з XVI ст.) живот ’жывот’. Ст.-бел. живот ’жыццё; маёмасць; жывот’. Яшчэ ў прасл. перанос з *životъ ’жыццё’ (гл. жывот 1) на абазначэнне часткі цела (Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 290). Замацаванне ў функцыі абазначэння часткі цела, звязанае з пашырэннем выкарыстання для абазначэння паняцця «жыццё» іншых слоў (жыццё, життя, жизнь), адбылося ва ўсх.-слав. мовах, магчыма, не без уплыву эўфемістычных матываў (Ларын, История русского языка и общее языкознание, 1977, ИЗ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

жывот; пуза, трыбух, бруха, чэрава (разм.); лантух (абл.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

апу́шыць, -шыць; безас.; зак., каго-што (разм.).

Занадта павялічыцца ў аб’ёме, раздзьмуцца (пра жывот).

Апушыла жывот.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

вы́бруханіць

‘выставіць жывот наперад з гонару (выбруханіць жывот)’

дзеяслоў, пераходны, закончанае трыванне, незваротны, 2-е спражэнне

Будучы час
адз. мн.
1-я ас. вы́бруханю вы́бруханім
2-я ас. вы́бруханіш вы́бруханіце
3-я ас. вы́бруханіць вы́бруханяць
Прошлы час
м. вы́бруханіў вы́бруханілі
ж. вы́бруханіла
н. вы́бруханіла
Дзеепрыслоўе
прош. час вы́бруханіўшы

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

набруха́ньваць

‘наядацца, набіваць жывот (набруханьваць жывот)’

дзеяслоў, пераходны, незакончанае трыванне, незваротны, 1-е спражэнне

Цяперашні час
адз. мн.
1-я ас. набруха́ньваю набруха́ньваем
2-я ас. набруха́ньваеш набруха́ньваеце
3-я ас. набруха́ньвае набруха́ньваюць
Прошлы час
м. набруха́ньваў набруха́ньвалі
ж. набруха́ньвала
н. набруха́ньвала
Загадны лад
2-я ас. набруха́ньвай набруха́ньвайце
Дзеепрыслоўе
цяп. час набруха́ньваючы

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)