Дубро́ўнік

назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз.
Н. Дубро́ўнік
Р. Дубро́ўніка
Д. Дубро́ўніку
В. Дубро́ўнік
Т. Дубро́ўнікам
М. Дубро́ўніку

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

ДУБРО́ЎНІК (Teucrium),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных абласцях зямнога шара, асабліва ў Міжземнамор’і. На Беларусі пераважна ў паўд. раёнах (у далінах рэк Дняпро, Прыпяць, Сож) трапляецца Д. часночны (T. scordium). Расце ў прыбярэжных хмызняках, утварае зараснікі. Як дэкар. расліна ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны Д. усходні (T. orientale).

Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны і паўкусты. Лісце кароткачаранковае, суцэльнае або перыста-расчлянёнае. Кветкі дробныя, сінія, пурпуровыя, радзей белыя і жоўтыя, у несапраўдных кальчаках, сабраных у гронка-, коласападобныя ці галоўчатыя суквецці. Плод — чатырохарэшак. Меданосныя, эфіраалейныя, таніданосныя, харч. (вострапрыпраўныя) і дэкар. расліны.

Г.У.Вынаеў.

Дуброўнік часночны.

т. 6, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Дубро́ўнік м. Dubrvnik [-v-] n -s

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

ДУБРО́ЎНІК (Dubrovnik),

горад у Харватыі. Каля 50 тыс. ж. (1994). Порт на беразе Адрыятычнага м. Чыгункай і аўтадарогамі звязаны з Босніяй і Герцагавінай. Харч. прам-сць. Стараж. культ. цэнтр (Дуброўніцкі архіў, з 1628 сталы тэатр); з 1956 штогадовыя летнія тэатр. фестывалі. Прыморскі кліматычны курорт і цэнтр турызму. Кліматычныя ўмовы спрыяльныя для лячэння хвароб органаў дыхання (у т. л. бранхіяльнай астмы), сардэчна-сасудзістых, алергічных хвароб скуры і інш. Старая частка Д. — цэласны гарадскі комплекс 14—18 ст. з палацамі і манастырамі эпохі Адраджэння, у т. л. палацы Княжацкі двор (2-я пал. 15 ст.) і Дывона — б. мытня і манетны двор (1516—21), манастыры — францысканскі (1-я пал. 14 ст.) і дамініканскі (14—15 ст.), цэрквы ў стылі барока (17 і 18 ст.) і інш. Пашкоджаны землетрасеннем 1979. Моцна разбураны ў час сербска-харвацкай вайны 1991—92. Стары горад Д. уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны.

Засн. ў 7 ст. славянамі. З 9 ст. да 1205 пад уладай Візантыі. У 1205—1808 самаст. камуна-рэспубліка (Дуброўніцкая рэспубліка, уключала горад, ч. ўзбярэжжа на ПнЗ ад яго, п-аў Пелешац, а-вы Шыпан, Ластава, Млет і інш.); васал (плаціла даніну) Венецыі (1205—1358), Венгрыі (да 1526), Турцыі (1526—1806). Культ. росквіт («паўд.-слав. Афіны») прыпадае на 14—17 ст., эканам. (мараходства, марскі і сухап. гандаль, мясц. рамёствы) — на 16—17 ст. Пасля землетрасення 1667 паступова заняпаў. У 1806—14 акупіраваны франц. войскамі, у 1815—1918 пад уладай Аўстрыі. З 1919 у Каралеўстве сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія): У 2-ю сусв. вайну акупіраваны войскамі фаш. Італіі (крас. 1941 — канец 1944). Пасля распаду саюзнай Югаславіі застаўся ў складзе Харватыі.

Літ.:

Rapacka J. Rreczpospolita Dubrownicka. Warszawa, 1977;

Фрейденберг М.М. Дубровник и Османская империя. 2 изд. М., 1989.

Дуброўнік. Від старой часткі горада.

т. 6, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ЎНІЦКАЯ РЭСПУ́БЛІКА Існавала на частцы тэр. Харватыі (у гіст. вобласці Далмацыя) у 12 — пач. 19 ст. Гл. ў арт. Дуброўнік.

т. 6, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙНАВІЧ ((Vojnovič) Іва) (9.10.1857, г. Дуброўнік, Харватыя — 30.8.1929),

харвацкі пісьменнік. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў югаславянскай драматургіі канца 19 — пач. 20 ст. Скончыў юрыд. ф-т Заграбскага ун-та (1880). У 1907—11 літ. кіраўнік Харвацкага нац. т-ра (Заграб). Друкаваўся з 1880. Аўтар зб-каў навел («Пяром і алоўкам», 1884), вершаў і эсэ («Акорды», 1917), аповесці «Ксанта» (1886). У драмах «Эквіноцый» («Калі дзень роўны ночы», 1895), «Дуброўніцкая трылогія» (1902), «Маскарад на паддашшы» (1922) адлюстраваў працэс адмірання традыцый горада-рэспублікі Дуброўнік і выраджэння арыстакратыі. Ідэі яднання сербаў, харватаў і славенцаў адбіліся ў драмах «Смерць маткі Югавічаў» (1907), «Уваскрэсенне Лазара» (1913). Разнастайная тэматыка, сінтэз рэалізму і мадэрнізму, арыгінальныя пошукі ўласцівыя п’есам «Psyche» (1889), «Пані са сланечнікам» (1912), «Imperatrix» (1919).

Тв.:

Сабрана дела. Кн. 1—3. Београд, 1939—41.

І.А.Чарота.

т. 4, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́І АРХІТЭКТУ́РНЫЯ Захоўваюць і экспануюць помнікі архітэктуры. Уключаюць уласна арх. музеі

(напр., Афінскі акропаль, комплексы пірамід і храмаў у Гізе, Рымскі форум),

музеі-гарады (Венецыя, Дуброўнік, Каркасон у Францыі), музеі-сядзібы (Абрамцава, Кускова) палацы-музеі (Версаль, Петрадварэц), музеі н.-д. (Музей архітэктуры імя А.Шчусава ў Маскве, засн. ў 1934). Рысы М.а. і музеяў этнаграфічных маюць музеі пад адкрытым небам — скансэны.

т. 11, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́БРАВІЧ ((Dobrović) Нікола) (12.11.1897, г. Печ, Венгрыя — 11.1.1967),

сербскі архітэктар і горадабудаўнік, прадстаўнік функцыяналізму. Чл. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў (з 1965). Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Празе (1923). У 1946—67 дырэктар Сербскага горадабуд. ін-та і гал. архітэктар г. Бялград. Аўтар Дома югасл. студэнтаў у Празе (1932), гасцініцы на в-ве Лопуд каля г. Дуброўнік (1936), ген. планаў гарадоў Бялграда (1947—50, разам з М.Самборскім), Штып (1952), Херцэгнові (1957) і інш.

т. 6, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ШКАВІЧ, Боскавіч (Bošković) Руджар Іосіп (18.5.1711, г. Дуброўнік, Харватыя — 13.2.1787), харвацкі фізік, матэматык і астраном. Чл.-кар. Французскай АН (з 1759), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1760), чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1761). Вучыўся ў Рымскай калегіі. З 1773 працаваў у Францыі. Зрабіў вымярэнне дугі мерыдыяна ў 2 градусы паміж Рымам і Рыміні (1755). Вывучаў форму Зямлі, тэорыю руху камет, даў матэм. тэорыю некаторых астр. інструментаў. У гал. працы «Тэорыя натуральнай філасофіі...» (1758) развіў тэорыю будовы рэчыва і выказаў гіпотэзу пра залежнасць сіл узаемадзеяння паміж часцінкамі ад адлегласці.

Літ.:

Кольман Э. Жизнь и научная деятельность Руджера Бошковича (1711—1787) // Вопросы истории, естествознания и техники. М., 1956. Вып. 2.

т. 3, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́НДУЛІЧ ((Gundulić) Іван) (9.1.1589, г. Дуброўнік, Харватыя — 8.12.1638),

харвацкі паэт. Паходзіў з арыстакратычнага роду. Атрымаўшы выдатную адукацыю, займаў высокія грамадскія пасады ў Дуброўніцкай рэспубліцы. Дэбютаваў у 1610 перакладамі твораў Т.Таса, Банарэлі і інш. Пісаў лірычныя (паэма «Сарамлівы закаханы») і рэліг.-дыдактычныя (зб. «Спевы пакорлівыя цара Давіда», 1621, і інш.) творы, міфалагічна-пастаральныя п’есы (найб. вядомая — «Дубраўка», паст. 1628). Вяршыня творчасці — эпічная паэма «Асман» (1621—38; апубл. 1826), прысвечаная перамозе польскага войска над турэцкім у бітве пад Хоцінам (1621), прасякнутая ідэяй адзінства ўсіх славян і хрысціян.

Тв.:

Рус. пер. — Осман. Мн., 1969.

Літ.:

Зайцев В.К. Между Львом и Драконом: Дубровницкое Возрождение и эпическая поэма И.Гундулича «Осман». Мн., 1969.

І.А.Чарота.

т. 5, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)