ДВАРЧА́НІН (Ігнат Сымонавіч) (8.6.1895, в. Погіры Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 8.12.1937),
бел.літ.-знавец, паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Пражскі ун-т (1925) са ступенню д-ра філасофіі. З 1912 настаўнік. У 1915—17 на вайсковай службе. У 1918 сакратар культ.-асв. аддзела Бел.нац. камісарыята ў Маскве. У 1919—20 вёў культ.-асв. работу ў Дзятлаўскім пав., за што зняволены ўладамі Польшчы ў Беластоцкі канцлагер. У 1921 арганізаваў у Даўгаўпілсе бел. настаўніцкія курсы, дзе чытаў лекцыі па бел. мове і л-ры, стварыў бел. тэатр, калектыў і хор. З 1926 у Вільні. Выкладаў бел. л-ру ў бел. гімназіі. Выконваў даручэнні Цэнтр. сакратарыята Бел. сялянска-рабочай грамады. Уваходзіў у Гал. ўправу ТБШ (1926—30). У 1928 выбраны паслом у польскі сейм па спісе рабоча-сялянскага блока. У выступленнях на сейме, мітынгах абараняў сац. і нац. правы народа Зах. Беларусі. Адзін з арганізатараў, нам. старшыні рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. арг-цыі «Змаганне» (1928—30). За рэв. дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны, у 1930 засуджаны на 8 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі паміж СССР і Польшчай з 1932 у Мінску Працаваў у АНБССР (у камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі). У 1933 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Дэбютаваў вершамі ў 1917. Вершы Д. публікаваліся ў час. «Наш шлях», «Прамень», «Студэнцкая думка» і інш. У іх балючы драматызм, горкая развага пра нягоды і страты свайго народа, рамантычная вера ў светлы дзень. Публіцыстыка Д. — яркая старонка барацьбы за адраджэнне нац. культуры, сац. і нац. правоў роднага народа. У 1927 выдаў у Вільні «Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)», якая адыграла вял. ролю ў школьным навучанні і патрыят. выхаванні. Пад псеўд. І.Гудок пераклаў на бел. мову паэму А.Блока «Дванаццаць» (Вільня, 1926).
Тв.:
[Вершы] // Ростані волі. Мн., 1990;
Бел.пер. — Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве. Мн., 1991.
Літ.:
Бергман А. Ігнат Дварчанін // Беларускі каляндар 1978. Беласток, 1978;
Крывіцкі Л. (Л.А.Луцкевіч) Адкапаў праўду Беларусі // Беларускі каляндар, 1982. Беласток, 1982;
Міско Я. «Ласкі панскай не трэба...» // Міско Я. Маё маўклівае сэрца. Мн., 1983;
Дзейнічалі ў 1921—44 (з перапынкамі). Адкрыты 1.12.1921 у г. Даўгаўпілс як аднагадовыя. Кіраўнікі К.Езавітаў, Э.Будзька, А.Якубецкі і інш. У 1923 пераведзены ў Рыгу. На курсах выкладалі І.Дварчанін, М.Гарэцкі, П.Мядзёлка, з лекцыямі выступаў А.Луцкевіч. Дзейнічалі гурткі маст. самадзейнасці. Сярод выпускнікоў паэты У.Жылка, П.Сакол (Масальскі), Э.Вайвадзіш, празаік В.Вальтар, мастакі П.Мірановіч, А.Салаўёў і інш.
С.С.Панізнік.
Выкладчыкі і навучэнцы Беларускіх дзяржаўных настаўніцкіх курсаў. Даўгаўпілс. 1922.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША ДУ́МКА»,
грамадска-паліт. і літ. штотыднёвая газета. Выдавалася з 24.12.1920 да 8.7.1921 у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец М.Гарэцкі. Асн. ўвагу аддавала паліт. і эканам. становішчу Зах. Беларусі, пашырала ідэі нац.вызв. руху. Выкрывала палітыку бурж.памешчыцкіх колаў, уздымала зямельнае пытанне, змагалася за бел. культуру і асвету. Згуртавала вакол сябе значныя літ. сілы. На яе старонках з апавяданнямі і публіцыст. артыкуламі выступалі Гарэцкі (пад псеўданімамі А.Мсціслаўскі, Дзед Кузьма і інш.), А.Луцкевіч, М.Краўцоў (Косцевіч), Л.Родзевіч, І.Канчэўскі, Ю.Лістапад, з вершамі І.Дварчанін, С.Шыманоўскі, К.Сваяк, П.Прадуха і інш. Друкаваліся творы К.Лейкі, П.Простага, С.Рак-Міхайлоўскага, М.Чарота, творы з фалькл. збораў А.Сержпутоўскага, нар. песні з Сакольшчыны. Змяшчала матэрыялы па пытаннях развіцця тэатра, выяўл. мастацтва, л-ры, гісторыі бел. культуры. Выйшла 27 нумароў. Забаронена польск. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,
культурна-асветнае таварыства бел.нац. меншасці ў Латвіі ў 1921—25. Створана ў Дзвінску (цяпер. г. Даўгаўпілс) групай інтэлігенцыі на чале з настаўнікам Я.В.Харлапам. Членамі кіраўніцтва т-ва ў розны час былі М.Гарэцкі, І.С.Дварчанін, К.Езавітаў, У.Жылка, І.І.Краскоўскі, П.В.Мядзёлка, У.В.Пігулеўскі, С.П.Сахараў, А.П.Якубецкі і інш. Дзейнасці т-ва спрыялі прадстаўнікі лат. інтэлігенцыі Б.Р.Брэжга, Я.Райніс. Пры падтрымцы Райніса пры Мін-ве асветы Латвіі ў 1921 створаны Бел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі (кіраўнік Сахараў), у Дзвінскім і Люцынскім пав. адкрыта каля 60 бел. школ, заснаваны Люцынская і Дзвінская бел. гімназіі, настаўніцкія курсы, с.-г. школа. Паводле сфабрыкаваных паліцыяй Латвіі матэрыялаў супраць членаў «Бацькаўшчыны» былі арыштаваны Езавітаў, Мядзёлка, Пігулеўскі, Краскоўскі, Якубецкі і інш. У крас. 1925 суд апраўдаў усіх абвінавачаных, але дзейнасць т-ва паступова спынілася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЗЯННІ́ЦА»,
грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 1.3.1918 у Петраградзе, з 6.4.1918 да 24.2.1919 у Маскве штотыднёва на бел. мове. Орган Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкома); з 3.12.1918 выходзіла як веснік Белнацкома і Маскоўскай бел. секцыі РКП(б). Асвятляла дзейнасць Белнацкома і яго аддзяленняў у Петраградзе, Смаленску і Віцебску. Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве. бел. згуртаванняў і ўстаноў у Расіі. Змяшчала інфарм. матэрыялы пра падзеі ў Расіі, эканам. становішча бел. народа на акупіраванай тэрыторыі. дакументы пра дзейнасць урада БНР. артыкулы па праблемах нац. адраджэння, прапагандавала ідэі саюза БССР і РСФСР. умацавання сав. улады. З паліт. публікацыямі выступалі Ц.Гартны, І.Дварчанін і інш. Змяшчала маст. творы Я.Коласа, Гартнага, М. і Г.Гарэцкіх, Я.Дылы, Дварчаніна, Я.Нёманскага і інш. Выйшла 49 нумароў.
Літ.:
Александровіч С.Х. Першая беларуская савецкая // Александровіч С.Х. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ (КРЫВІ́ЦКАЕ) КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ІМЯ Ф.СКАРЫ́НЫў Празе,
грамадская арг-цыябел. эмігранцкай інтэлігенцыі.
Створана ў 1925 з нагоды 7-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларусі і 400-годдзя бел. друку. Сярод заснавальнікаў: М.Вяршынін, І.Дварчанін, Т.Грыб, В.Грышкевіч, Ф.Грышкевіч, У.Жылка, В.Захарка, А.Клімовіч, М.Коберац, П.Крачэўскі, А.Орса, В.Русак, Я.Станкевіч, М.Чарноцкі і інш. Філіялы т-ва існавалі ў Вільні, Варшаве, Берліне, Бруселі, Коўне, Лілі, Рызе, Рыме. Мэты: падтрымка адраджэнскага руху беларусаў, правядзенне культ.-асв. работы, выхаванне дбайных адносін да роднай мовы, вывучэнне айчыннай гісторыі, нар. звычаяў і традыцый, падрыхтоўка нац. свядомых кадраў бел. інтэлігенцыі, садзейнічанне перакладам твораў бел. пісьменнікаў на замежныя мовы і інш. Імкнулася да супрацоўніцтва з Еўрап. асацыяцыяй студэнтаў, прыхільна ставілася да духоўнага пабрацімства славян, развівала ідэі дзярж. незалежнасці і самастойнасці. Выдавала на лацінцы час. «Iskry Skaryny» (з 1931). Час спынення дзейнасці т-ва невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗМАГА́ННЕ», Беларуская дэпутацкая фракцыя «Змаганне» за інтарэсы сялян і рабочых,
легальная рэв.-дэмакр. і нац.-вызв.арг-цыя працоўных Зах. Беларусі ў снеж. 1927—30. Створана як выбарчы рабоча-сялянскі к-т «З.» па падрыхтоўцы да выбараў у сейм. У выніку выбараў (4.3.1928) ад працоўных Зах. Беларусі ў сейм прайшлі 5 бел. дэпутатаў: І.Дварчанін, Я.Гаўрылік, Ф.Валынец, І.Грэцкі, А.Стагановіч (з лют. 1929 П.Крынчык). Яны стварылі ў сейме бел. рабоча-сялянскі пасольскі клуб «З.». Аб’яднаўшы шматлікі актыў, што вырас у Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе, і стварыўшы вясной 1929 амаль ва ўсіх паветах мясц. сакратарыяты, «З.» стала ўплывовай паліт. арг-цыяй працоўных Зах. Беларусі, змагалася за тыя ж патрабаванні, што і яе папярэдніца — Грамада. 30.8.1930 польскія ўлады арыштавалі дэпутатаў сейма і кіраўнікоў «З.» і неўзабаве ліквідавалі ўсе 50 мясц. сакратарыятаў. Суд, які адбыўся над кіраўнікамі і актывістамі «З.» (1931 у Вільні), прыгаварыў Дварчаніна, Гаўрыліка, Валынца і Крынчыка да 8 гадоў турмы кожнага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРШЧЭ́ЎСКІ (Аляксандр Андрэевіч) (псеўд. Алесь Барскі; нарадзіўся 2.11.1930, в. Бандары Беластоцкага ваяв., Польшча),
бел. паэт, літ.-знавец, публіцыст, перакладчык, фалькларыст, педагог, грамадска-культ. дзеяч. Д-рфілал.н. (1984). Ганаровы д-рБДУ (1993). Акад.Міжнар. акадэміі навук Еўразіі ў Мінску (1994). Скончыў Лодзінскі ун-т (1955). З 1956 выкладчык, з 1975 заг. кафедры бел. філалогіі Варшаўскага ун-та. Друкуецца з 1956. Аўтар кн. паэзіі «Белавежскія матывы» (Беласток, 1962), «Жнівень слоў» (Беласток, 1967), «Мой бераг» (Мн., 1975), «Блізкасць далёкага» (Беласток, 1983), «Лірычны пульс» (Мн., 1987), зб. абразкоў, артыкулаў, дарожных нататак «З пабачанага і перажытага» (Мн., 1992). У паэзіі Баршчэўскага матывы вернасці роднай зямлі, мове, складаны і супярэчлівы духоўны свет сучасніка. Баршчэўскі — даследчык і папулярызатар стараж. і сучаснай бел. л-ры (артыкулы пра бел. пісьменнікаў у «Малым слоўніку еўрапейскіх пісьменнікаў СССР». Варшава, 1966, на польск. мове). Аўтар «Гісторыі беларускай літаратуры» (Варшава; Ч. 1. Фальклор, 1976; Ч. 2. Перыяд Кіеўскай Русі і Вялікага княства Літоўскага, 1981), манаграфій «Беларуская абраднасць і фальклор усходняй Беласточчыны (нараджэнне, вяселле, смерць)» (Беласток, 1990), «Ігнат Дварчанін — беларускі палітык і вучоны» (Варшава, 1990, з А.Бергман і Е.Тамашэўскім). Складальнік (з В.Шведам) хрэстаматый па л-ры для 8-га класа бел. школ у Польшчы «Дружба і праца» (Варшава, 1967) і «Насустрач жыццю» (Варшава, 1974). Укладальнік і перакладчык на польск. мову з бел арыгіналаў фалькл. зб-каў «Д’яблава скрыпка» (бел. казкі са збораў М.Федароўскага; Варшава, 1973, 2-е выд. 1977), «Невычэрпны збан» (Варшава, 1976, бел.нар. казкі). На польск. мову перакладае творы бел. паэтаў (складальнік, аўтар прадмовы і біягр.арт. да кн. Я.Купалы «Выбраныя паэтычныя творы». Варшава, 1984, для якой перакл. на польск. мову паэму «Яна і Я», а таксама вершы). Збірае, публікуе і даследуе бел. фальклор Беласточчыны. З 1984 старшыня Бел. грамадска-культ.т-ва ў Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХОДНЕБЕЛАРУ́СКІ ДРУ́К Развіваўся ў 1920—30-я г. ў Заходняй Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы. Розныя партыі і рухі выпускалі свае перыяд. (легальныя і нелегальныя) выданні, а таксама звароты, пракламацыі і інш.Перыяд. выданні падзяляліся на літ.-грамадскія, канфесійныя, сатырычныя і інш.; прызначаліся для сялян, рабочых, вучняў, студэнтаў, салдат, жанчын; выходзілі на бел., рус., польск., літ., яўр. мовах. У сувязі з цэнзурным уціскам газеты і часопісы часта мянялі назву, часам выходзілі як аднадзёнкі. Легальная перыёдыка, як правіла, друкавалася ў прыватных друкарнях, нелегальная — у падпольных, якія былі створаны ў многіх гарадах Зах. Беларусі і Польшчы (Беластоку, Брэсце, Вільні, Гродне, Варшаве), у 1930-я г. — Берліне і інш. месцах. Выдавецкая дзейнасць пачалася выданнямі Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (1922—23); газеты «Вольны сцяг» (выходзіла пад рознымі назвамі), «Змаганне» і інш. адстойвалі сац. і нац. інтарэсы бел. народа, заклікалі да барацьбы за вызваленне і ўз’яднанне з БССР. Беларускі пасольскі клуб (1922—28 і 1928—30) выдаваў газеты «Голас беларуса», «Сын беларуса», «Сялянская праўда», «Беларуская доля», «Іскра», «Бюлетэнь пасольскага клуба Беларускай сялянска-работніцкай грамады» і інш. Партыя «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (1917—40) выдавала газеты «Беларуская крыніца» «Хрысціянская думка», Бел.нацыяналіст. сябрына — «Беларусь працы». Выдавецкая дзейнасць актывізавалася ў 2-й пал. 1920—1-й пал. 1930-х г. Масавая Беларуская сялянска-работніцкая грамада (1925—27) выдавала газеты «Жыццё беларуса», «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Народная справа», «Наша справа», «Наш голас», «Наша воля», «Наша праўда», «Народны звон», сатыр.час.«Маланка». Выданні рэв.-дэмакр. і нац.вызв. арг-цыі «Змаганне» (1928—30) — «Свет», «Світанне», «Да працы», «На варце», «Наша газета» і інш. неаднаразова былі канфіскаваны. У змаганні за сац. вызваленне працоўных Зах. Беларусі значную ролю адыгралі выданні Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (1923—38): нелегальныя газ.«Чырвоны сцяг» і час.«Бальшавік». У розны час КПЗБ і Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі выдавалі газеты «Пад сцягам камунізму», «До валькі», «Беларуская газета», «Жанчына на барыкадах», «Партыйнік», «Наперад да барацьбы». «Турмы клічуць да барацьбы», «Kujmy broń» («Куйце зброю»), «Zołnierze, do walki» («Салдаты, да барацьбы»), «Barikada» («Барыкада»), «Голас салдата», «Барацьба» (Берлін), «Ройтэ фон» («Чырвоны сцяг»), «Весткі з СССР», «Бюлетэнь ЦККПЗБ» (1927—36), «Biułetyn informacyiny КС KPZB» («Інфармацыйны бюлетэнь ЦККПЗБ»), «Информационный бюллетень представительства КПЗБ при представительстве КПП в ИККИ», «Антивоенный бюллетень», «Бюлетэнь цэнтра нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі».
У 1930-я г. выдавецкай дзейнасцю займаліся акр. і некат. раённыя к-ты КПЗБ: Беластоцкі выдаваў газ. «Włókniarz Białostocki» («Беластоцкі тэкстыльшчык»), «Robotnik leśny w strajku» («Лясны работнік у забастоўцы»), «Лясны работнік»; Віленскі — «На барикады»; Навагрудскі — «На акупанта!»; Любчанскі — «Змаганне Навагрудчыны»; Белавежскі — «Чырвоная Гайнаўка», «Лесаруб у барацьбе»; Воўчынскі — «Наперад». Сярод камсамольскіх і выданняў для юнацтва вылучаліся газеты «Малады камуніст» (асобныя нумары на польск. і яўр. мовах), «Малады змагар», «Маладая гвардыя», «Сцяг піянера», «Голас акцябронка», часопісы «Пралом», «Часопіс для ўсіх», «Камсамолец» (Беласток), Міжнар.арг-цыя дапамогі рэвалюцыянерам (МАДР) выдавала газеты «Палітычны вязень», «Чырвоная дапамога». Культурна-асв. дзейнасцю займалася Таварыства беларускай школы. Яго выданні («Весткі», газеты «Наш палетак», «Шлях», час.«Беларускі летапіс», а таксама «Інфармацыйны бюлетэнь ТБШ», «Бюлетэнь ТБШ» і інш.) выступалі за развіццё бел. мовы, культуры, мастацтва, арганізацыю школ на роднай мове.
У 2-й пал. 1920-х — пач. 1930-х г. у Зах. Беларусі было створана шмат новых партый і арг-цый, якія актыўна займаліся выдавецкай дзейнасцю: Беларускі сялянскі саюз выдаваў газ.«Сялянская ніва», Беларуская сялянская партыя — газ.«Народ»; Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз) — газеты «Наперад», «Беларускі звон», «Народны звон», час.«Саха»; Т-вабел. асветы — газ.«Родны край»\ Часовая бел. рада (Бел.нац. рада) — газ. «Беларускае слова»; левая фракцыя Бел.сацыяліст. грамады — газ.«Грамадзянін»; група Бел. фронту — газ.«Беларускі фронт»; бел. нацыянал-сацыялісты — газ. «Голас праўды», час.«Новы шлях». Канфесійныя выданні: часопісы «Праваслаўны беларус», «Беларуская зарніца», «Светач Беларусі», «Голас праваслаўнага беларуса», «Царква і народ», «Светач хрыстовае навукі»; уніяцкая царква выдавала час. «Do złuczenia» («Да злучэння»). Выходзілі часопісы сатыр.«Авадзень», «Асва»; літ. — «Родныя гоні», «Неман»; студэнцкія — «Маладое жыццё», «Наш шлях», «Студэнцкая думка», «Золак», «Наш золак», «Шлях моладзі», газеты «25 сакавіка», «Шлях беларускага студэнта»; вучнёўскія і дзіцячыя выданні — часопісы «Пралескі», «Маладая Беларусь». Кааператыўныя арг-цыі выдавалі час.«Беларуская борць», Бел. аб’яднанне жанчын імя Цёткі — час.«Жаноцкая справа»; Бел.ін-т гаспадаркі і культуры — час.«Калоссе». Усе гэтыя выданні імкнуліся данесці да чытачоў праграмныя і тактычныя ўстаноўкі партый і рухаў, адмяжоўваліся ад іншадумных і вялі з імі палеміку.
У 2-й пал. 1930-х г. у Зах. Беларусі адзначалася кансалідацыя працоўных у змаганні супраць пагрозы фашызму і вайны. Польскімі ўладамі былі забаронены амаль усе формы дэмакр. работы. Спынілі сваю дзейнасць КПЗБ і КСМЗБ. Легальныя дэмакр. выданні «Беларуская газета», «Наша воля», час.«Літаратурная старонка», а таксама выданні віленскіх арг-цый. «Фронт», «Карта», «Папросту» заклікалі да згуртаванасці і рашучага адпору фашызму. Дзякуючы дэмакр.зах.-бел. перыёдыцы стварылася прафес.маст.л-ра (М.Васілёк, М.Танк, В.Таўлай, П.Пестрак, Л.Родзевіч, А.Салагуб, М.Машара, К.Сваяк, М.Засім, І.Дварчанін, Г.Леўчык, А.Іверс, С.Новік-Пяюн, Н.Арсеннева, Хв.Ільяшэвіч, Я.Чабор, П.Граніт, С.Крывец, А.Мілюць, Н.Тарас і інш.). За 1921—39 зах.-бел. друк налічваў каля 270 перыяд. выданняў, у т. л. каля 70 газет-аднадзёнак.
Літ.:
Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі (1921—1939 іт.). Мн., 1974;
Зелинский П.И., Ракевич Н.А. Печать КПЗБ в борьбе за свободу. Мн., 1977.
С.В.Говін.
Да арт.Заходнебеларускі друк. Падпольныя перыядычныя выданні КПЗБ.