Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
ІДЗКО́ЎСКІ (Idźkowski) Адам (24.12.1798, Альшанка, каля г. Пултуск, Польшча — 3.5.1879),
польскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры. Прадстаўнік позняга класіцызму і неаготыкі. Вучань А.Карацы. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1820—24) і за мяжой. Сярод работ у Варшаве: перабудовы кафедральнага сабора св. Яна Хрысціцеля (1836—40) у стылі англ. готыкі, Саскага палаца (1838—42) у класіцыстычным стылі і інш. Работы на Беларусі: рэканструкцыя і дабудова Гомельскага палаца, праект планіроўкі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля; палац, гасп. пабудовы і пахавальня ў в. Трылесіна Горацкага р-на Магілёўскай вобл. Аўтар тэарэт. прац «Архітэктурныя канструкцыі ў розных іх варыянтах як прадмет прыгажосці» (1832) і «Планы будоўлі... у розных архітэктурных стылях» (1843).
В.Ф.Марозаў.
А.Ідзкоўскі.А.Ідзкоўскі Кафедральны сабор святога Яна Хрысціцеля ў Варшаве. Здымак 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́САЎ Васіль Пятровіч (4.8.1769, Масква — 5.9.1848),
рускі архітэктар; прадстаўнік позняга класіцызму. Акад. Пецярбургскай АМ (1811). У 1783—94 пам. архітэктара ў Маскоўскай управе дабрачыннасці. У 1802—08 вывучаў архітэктуру ў Францыі і Італіі. З 1808 працаваў у Пецярбургу, з 1816 чл.К-та для пабудоў і гідраўлічных работ, з 1817 кіраваў буд-вам пры імператарскім двары. Выканаў больш за 100 узорных праектаў жылых дамоў, агароджаў і гасп. пабудоў для правінцыі (1810-я г.). Найб. значныя работы ў Пецярбургу: б. Паўлаўскія казармы (1817—20; ч. ансамбля Марсава поля), Праабражэнскі (1827—29) і Троіцкі (1832—35) саборы, Нарвенскія (1827—34, медная калясніца — П.К.Клот, С.Піменаў) і Маскоўскія (1834—38, скульпт. дэкор Б.Арлоўскага) трыумфальныя вароты; дабудова сабора і зах. карпусоў келляў Смольнага манастыра, афармленне іх інтэр’ераў (1832—35); аднаўленне пасля пажару 1837 фасадаў, парадных залаў і цэркваў Зімняга палаца. У Царскім сяле (цяпер г.Пушкін) стварыў чыг. вароты «Любым маім таварышам па службе» (1817—21), манеж (1819—21), вял. аранжарэю (1820—23), канюшы корпус (1823), у Маскве правіянцкія склады. У творчасці развіваў ідэі і кампазіцыйныя прыёмы апошняга этапу класіцызму — ампіру, часта звяртаўся да строгіх форм дарычнага ордэра, ствараў арх. вобразы ўрачыстага гучання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́РКУ, Аба (фін. Turku, швед. Åbo),
горад на ПдЗ Фінляндыі, адм. ц. ляні Турку-Поры. 172,1 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 250 тыс.ж. (2000). Порт каля ўпадзення р. Аўра-Іокі ў Батнічны зал. Балтыйскага м. Паром у Швецыю. Пачатковы пункт чыгункі і аўтадарог. Аэрапорт. Важны прамысл.цэнтр.Прам-сць: маш.-буд. (суднабуд., эл.-тэхн.), тэкст., нафтаперапрацоўчая. 2 ун-ты. Абсерваторыя. Музеі: гіст. (у замку), маст., рамёстваў, В.Аалтанена, Я.Сібеліуса.
Узнік на месцы фінскага гандл. паселішча Корайнен, заваяванага ў сярэдзіне 12 ст. шведамі. Упершыню ўпамінаецца ў 1154 у араб. крыніцах, у 1198 — у Ноўгарадскім летапісе. З 1280 тут размяшчалася сядзіба біскупства і швед. адміністрацыя. У 15—16 ст. горад меў гандл. сувязі з Галандыяй, Англіяй, Францыяй. Пасля заснавання ў 1640 ун-та стаў гал.культ. цэнтрам Фінляндыі. У 17—18 ст. пашкоджаны ў выніку швед. -рус. войнаў. Паводле Абаскага мірнага трактата 1743 у складзе Паўд.-Усх. Фінляндыі далучаны да Расіі. У 1809—12 (фактычна да 1819) Т. — сталіца Вял. княства Фінляндскага. У 1827 горад моцна пацярпеў ад пажару, у т. л. згарэў ун-т., які быў перанесены ў Хельсінкскі. Пазней у Т. засн. шведскі (1917) і фінскі (1920) ун-ты.
Прамавугольная планіроўка Т. склалася ў 19 ст. (арх. К.Л.Энгель). Раён старога горада ўцалеў пасля пажару 1827. Сярод помнікаў: рамана-гатычны сабор (13—15 ст., рэстаўрыраваны ў 19 ст.) — 3-нефавая базіліка з вежай (1310) і капліцай (18 ст.); замак (13 ст., дабудова 14—17 ст.), будынак б.астр. абсерваторыі (17 ст.); касцёлы сярэдневяковыя св. Карыны і Дзевы Марыі, неагатычны св. Міхаіла (1899—1904, арх. Л.Сонк), грэка-каталіцкая царква (1846, арх. Энгель). Вылучаюцца грамадскія пабудовы 19—20 ст.: Шведскі ун-т (1802—16, арх. К.Ф.Басі і К.К.Ёрвель), ратуша (1810—11, арх. Басі; перабудаваны ў 1885, арх. Ф.Шострам), фін.т-р (1927—28, арх. А.Аалта), шпіталь (1935), могілкавая капліца (1939—41, арх. абодвух Э.Бругман), комплекс Фін. ун-та (1951—58, арх. А.Эрві), студэнцкі гарадок (1969) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік палацава-паркавай архітэктуры 2-й пал. 18 — сярэдзіны 19 ст. Створаны ў цэнтры Гомеля, на высокім правым беразе р. Сож. Уключае палац, парк, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор і Гомельскую капліцу (размешчаны ў парку). Палац (Гомельскі палац, Палац Румянцавых-Паскевічаў), пабудаваны ў стылі класіцызму, з’яўляецца кампазіцыйным цэнтрам ансамбля. Закладзены ў 1777 ген.-фельдмаршалам П.А.Румянцавым на месцы земляных умацаванняў і драўлянага замка кн. М.Чартарыйскага. Да 1834 належаў Румянцавым, у 1835—1917 — Паскевічам. Буд-ва вялося ў некалькі этапаў. Гал. корпус пабудаваны ў 1777—96 (арх. Я.М.Аляксееў з удзелам К.І.Бланка). У 1800—05 пабудаваны 2 службовыя флігелі, якія фланкіруюць гал. корпус, праведзены рамонт (арх. Дж.Кларк). Пасля набыцця палаца І.Ф.Паскевічам у 1837—51 адбылася рэканструкцыя і дабудова (арх. А.Ідзкоўскі). Палац рэканструяваны ў 1856 і 1919—20, спалены ў Вял.Айч. вайну, адноўлены і рэканструяваны ў 1969. Гал. корпус — адзін з першых у Беларусі ўзораў класічнай «паладыянскай» пабудовы з кампактнай, блізкай да квадрата формай плана і купальным завяршэннем. Мураваны 2-павярховы будынак з бельведэрам мае цокальны паверх, уязны пандус і прасторную паўкруглую тэрасу. Гал. Фасад 3-часткавай сім. кампазіцыі, аформлены магутным 4-калонным порцікам карынфскага ордэра. Інтэр’еры былі аздоблены ляпным арнаментам і жывапісам (майстар Вінцэнта Вінцэнці). У палацы захоўваліся унікальныя калекцыі дэкар.-прыкладнога і выяўл. мастацтва (шкло, зброя, дываны і габелены, жывапіс, скульптура, мэбля, маст. ліццё). Парк закладзены ў канцы 18 ст. З’яўляецца найб. захаваным у краіне пейзажным паркам з элементамі рамантызму. Цягнецца на 800 м уздоўж правага берага Сажа (пл. 25 га). За ярам Гамяюк знаходзіўся пладовы сад з багатай аранжарэяй («зімовы сад»). З 1834 у паркавых кампазіцыях значна ўзмацніўся рамантычны кірунак. На тэрасе каля вежы была ўстаноўлена конная статуя кн. І.Панятоўскага (скульпт. Б.Торвальдсен), па баках ад яе — 2 трафейныя гарматы рус.-тур. вайны (1828—29) на каменных пастаментах, на пляцоўцы курданёра — манумент кн. Паскевіча ў адзенні рым. палкаводца (скульпт. В.І.Дэмут-Маліноўскі); дэкар. мармуровыя скульптуры аздаблялі парк перад фасадам палаца і на гал. алеях. Элементамі рамантызму з’яўляюцца ставок «Лебядзінае возера» ў яры Гамяюк, вял. і малы гроты, Верхні і Ніжні масты, альтанка са скіфскай каменнай бабай, памятныя камяні і інш. У парку больш за 9 тыс. дрэў мясц. і экзатычных парод (кедр сібірскі, лістоўніца японская, хвоя чорная і інш.).
В.Ф.Марозаў, В.Р.Анціпаў.
Галоўны корпус Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.Да арт.Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Інтэр’ер палаца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАНІ́ЦА,
збудаванне для размяшчэння званоў. Ва ўсх. славян упершыню згадваецца ў 988. Найб. раннія З. вядомы ў Кіеве (Ірынінскай і Дзесяціннай цэрквах) з 1107 ва Уладзіміры, Ноўгарадзе-Северскім, Полацку. Крыніцай развіцця іх форм былі абарончыя вежы са званом і металічным білам для гукавога апавяшчэння. Іканаграфічныя матэрыялы, гравюры 15—17 ст. сведчаць, што на Беларусі З. мелі сакральныя пабудовы Віцебска, Магілёва, Нясвіжа, Клецка, Гродна і Брэста і інш. Яны былі драўляныя, мураваныя і драўляна-мураваныя. Драўляныя паводле тыпу канструкцыі бываюць слупавыя, каркасныя, зрубныя, зрубна-каркасныя. Найб. простыя З. — слупавой канструкцыі з перакладзінай, на якую падвешвалі звон, або козлы з брусоў, якія ставілі побач з царквою або касцёлам (в. Ражкоўка Камянецкага р-на). У іх часам быў подыум з дошак і стрэшка ці 4-схільны дах. Пазней З. ашалёўвалі дошкамі. Яны мелі гарыз. бэлькі, што дазваляла рабіць іх 2-яруснымі і размяшчаць званы на бэлечнай крыжавіне пад дахам. Больш трывалыя зрубныя З. Часцей сустракаюцца зрубна-каркасныя, дзе зрубам-чацверыком былі ніжнія ярусы, а верхні рабіўся каркасным і завяршаўся стромкім дахам (г.п. Шарашова Пружанскага р-на, 1799; в. Дуды Іўеўскага р-на; в. Чэрск Брэсцкага р-на, абедзве 18 ст., і інш.). Вядомы і мураваныя, асобна збудаваныя З. (в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на, 16 ст.). Іх верхнія ярусы часам былі глухія і мелі спец. праёмы, якія зачыняліся аканіцамі (г. Слуцк, 18 ст.; г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на, 17 ст.; в. Моладава Іванаўскага р-на, пач. 20 ст.). Будавалі З. ў арх. стылях адпаведна часу. Яны фланкіравалі фасады сакральных пабудоў абарончага тыпу 16—17 ст. (в. Сынковічы Зэльвенскага, в. Мураванка Шчучынскага, в. Камаі Пастаўскага р-наў), а таксама шматлікія 2-вежавыя касцёлы 17—18 ст. У царк. архітэктуры існавалі З.-дабудовы. Яны размяшчаліся над прытворам ці перад ім (в. Гнезна Ваўкавыскага р-на, 16 ст.; г.п. Заслаўе, 16 ст., і інш.). Вядомы З.-брамы: зрубныя, мураваныя, зрубна-мураваныя, якія ставіліся пры ўваходзе на двор царквы (касцёла); іх ніжні ярус выконваў ролю брамы. Дабудова З. з боку прытвора была пашырана ў 19 — пач. 20 ст. (Пакроўскі сабор у г. Баранавічы), у т. л. пры рэканструкцыі уніяцкіх цэркваў (в. Моладава Іванаўскага, в. Рамель Столінскага, в. Порплішча Докшыцкага, в. Хаціслаў Маларыцкага р-наў і інш.) і некаторых касцёлаў пад правасл. храмы.
А.І.Лакотка.
Званіца ў в. Чэрск Брэсцкага раёна. 18 ст.Званіца ў в. Ражкоўка Камянецкага раёна Брэсцкай вобл. 19 ст.Званіца Пакроўскага сабора ў г. Баранавічы Брэсцкай вобл. 1924—31.