Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
ПАРМЕЛІЁПСІС (Parmeliopsis),
род ліставатых лішайнікаў сям. пармеліевых. 4 віды. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 3 віды П.: бляднеючы (P. pallescens), няпэўны (P. ambiqua), цёмны (P. hyperopta). Трапляюцца ў лясах на дрэвах.
Слаявіна ліставатая. Зверху жаўтавата-зеленаватая ці шараватая са сподкападобнымі пладовымі целамі (апатэцыямі) або сарэдыямі. Знізу светла-карычневая, прымацоўваецца да субстрату. Сумкі булавападобныя з аднаклетачнымі спорамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХЕНАЛО́ГІЯ (ад грэч. leichēn лішай, лішайнік + ... логія),
навука пра лішайнікі; раздзел батанікі. Вывучае відавую разнастайнасць лішайнікаў (сістэматыка), іх будову (марфалогія), асаблівасці жыццядзейнасці (фізіялогія), роднасныя сувязі (філагенія), узаемаадносіны з асяроддзем (экалогія), геагр. пашырэнне і гасп. значэнне. Звязана з экалогіяй, медыцынай, прам-сцю. Першыя звесткі пра лішайнікі трапляюцца ў Тэафраста (4—3 ст. да н. э.). Заснавальнік Л. — Э.Ахарыус. На Беларусі першыя апісанні лішайнікаў зроблены С.Б.Юндзілам і Ф.Блонскім у 19 ст. Планамерна вывучаць ліхенафлору пачалі з 1930-х г. у АН Беларусі і БДУ пад кіраўніцтвам М.П.Таміна, які сабраў багаты гербарны матэрыял, выдаў вызначальнікі лішайнікаў Беларусі (1936—38). Даследаванні па Л. (пераважна фларыстычныя і фітацэнатычныя) вядуцца ў Ін-це эксперым. батанікі Нац.АН Беларусі (У.У.Галубкоў, Н.М.Кобзар). Даследуюцца антрапагенныя змены ліхенафлоры і груповак лішайнікаў, вядуцца работы па ліхенаіндыкацыі стану навакольнага асяроддзя.
Літ.:
Горбач Н.В. Лихенологические исследования в Белоруссии и перспективы их развития // Экология и биология низших растений: Тез. докл.Мн., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРТУЗА́РЫЯ (Pertusaria),
род накіпных лішайнікаў сям. пертузарыевых. Каля 650 відаў. На Беларусі 12 відаў. Найб. вядомыя П.: гладзенькая (P. laevigata), горкая (P. amara), слаявінная (P. leioplaca), чырванеючая (P. coccodes), шарыканосная (P. globulifera). Трапляюцца ў лясах на дрэвах і валунах.
Слаявіна ў выглядзе бугрыста-зярністай скарыначкі, белая ці шараватая, прымацаваная да субстрату гіфамі. Пладовыя целы (апатэцыі) развіваюцца па аднаму або групамі. Сумкі з 1—8 аднаклетачнымі, бясколернымі авальнымі спорамі. Фікабіёнт — плеўракокус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНЕГА́ЦЫЯ (Menegazzia),
род ліставатых лішайнікаў сям. пармеліевых. 30 відаў. Пашыраны пераважна ў гарах Еўразіі, Амерыкі, Аўстраліі. На Беларусі 1 від — М. прадзіраўленая (M. pertusa, або M. terebrata), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляецца на ствалах і галінках дрэў, бураломе.
Слаявіна разеткападобная, дыям. 5—15 см, зверху шаравата-зялёная, гладкая, з акруглымі шматлікімі дзіркамі, знізу чорная, складкаватая, бліжэй да краёў святлейшая. Лопасці глыбоканадрэзаныя з хвалістым краем. Пладовыя целы (апатэцыі) утвараюцца рэдка. Размнажэнне пераважна вегетатыўнае (сарэдыямі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРМЕ́ЛІЯ (Parmelia),
род ліставатых лішайнікаў сям. пармеліевых. 10 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 2 віды П.: баразнаватая (P. sulcata) і скальная (P. saxatilis). Трапляюцца ў лясах на ствалах дрэў, валунах.
Слаявіна ліставатая. Зверху жаўтавата-зеленаватая, шэрая, цёмна-бурая з сарэдыямі, радзей з пладовымі целамі (апатэцыямі), знізу белая, карычневая ці чорная, прымацаваная да субстрату. Споры па 8 у сумцы, бясколерныя, аднаклетачныя. Фікабіёнт — водарасць з роду трэбуксія. Выкарыстоўваюць для атрымання антыбіётыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФРО́МА (Nephroma),
род ліставатых лішайнікаў сям. нефромавых. Каля 45 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 3 віды Н.: завернутая (N. resupinatum); згладжаная (N. laevigatum), занесена ў Чырв. кнігу; роўная (N. parile). Трапляюцца ў мяшаных лясах на ствалах, галінах, імшыстых пнях.
Слаявіна ліставатая, па краях лопасцевая, зверху гладкая, жаўтавата-зялёная або карычняватая, знізу — апушаная, радзей голая, з характэрным утварэннем апатэцыяў на ніжняй паверхні звужаных лопасцей. Споры 2—4-клетачныя, верацёнападобныя, бураватыя ці бясколерныя. Маюць лішайнікавыя к-ты. Паядаюцца паўн. аленямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУНКТЭ́ЛІЯ (Punctelia),
род ліставатых лішайнікаў сям. пармеліевых. 22 віды. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 1 від — П. грубаватая (P. subrudecta), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў вільготных лісцевых лясах на ствалах дрэў.
Слаявіна ліставатая, зверху шэрая, знізу бледная, дыям. 3—10 см. Лопасці шыр. да 6 мм, злёгку ўвагнутыя. Сарэдыі кропка- або шарападобнай формы. Саралі (утварэнні для вегетатыўнага размнажэння) развіваюцца ў цэнтры, часам па краях лопасцей. Пладовыя целы (апатэцыі) пераважна адзіночныя, трапляюцца рэдка. Сумкі 8-споравыя. Споры бясколерныя, амаль шарападобныя.