БАГДАНО́ВІЧ (Леанід Іванавіч) (н. 18.2.1923, Мінск),
бел. дэрматавенеролаг. Д-рмед.н., праф. (1960). Засл. дз. нав. Беларусі (1976). Скончыў Віцебскі мед.ін-т (1949), працуе ў ім. Навук. працы па ультрагукавой тэрапіі хвароб скуры.
Тв.:
Ультразвук при лечении кожных болезней. Мн., 1967;
Ультразвук и реактивность организма. Мн., 1977 (разам з А.А.Чыркіным, У.С.Улашчыкам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Максім Адамавіч) (9.12.1891, Мінск — 25.5.1917),
бел. паэт, перакладчык, літ.-знавец, празаік. Раннія дзіцячыя гады правёў у Гродне (1892—96), жыў і вучыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе (1896—1908) і Яраслаўлі (1908—16). Скончыў Дзямідаўскі юрыд. ліцэй у Яраслаўлі (1916) і восенню прыехаў у Мінск. Працаваў сакратаром губ. харчовай камісіі. У лют. 1917 цяжка хворы выехаў на лячэнне ў Ялту. Там памёр і пахаваны. Першы друкаваны твор — алегарычная казка-прытча «Музыка» («Наша ніва», 1907, №24). Адзіны прыжыццёвы зб. вершаў «Вянок» (Вільня, 1913). Яго паэзія развівалася ва ўмовах рэакцыі, у атмасферы вострых сац.-паліт. канфліктаў. Асн. кірунак творчасці — патрыят. служэнне сац. і нац. вызваленню бел. народа, сцвярджэнне ідэй роўнасці і братэрства, барацьба за гуманіст. ідэалы. Не прымаючы тагачаснай рэчаіснасці, уціску чалавека-працаўніка, Багдановіч проціпастаўляў ім агульначалавечыя духоўныя пачаткі прыгожага і добрага (вобразы мадоннаў у «Вянку»). Дэмакратызм паэта эвалюцыянаваў да сцвярджэння ідэй гераічнага, самаахвярнага змагання за інтарэсы народа. У паэзіі Багдановіча моцна гучалі ідэі нац.-вызв. барацьбы супраць царскай імперыі як турмы народаў, супраць вялікадзярж. шавінізму. Багдановіч-мастак асн. сваёй задачай лічыў узбагачэнне роднай л-ры новымі тэмамі і формамі. Яго вершы — шматгранны паказ жыцця чалавека ў разнастайных сувязях з грамадствам і прыродай. Галоўнае ў іх — жыццялюбства («Прывет табе, жыццё на волі!», «Выйшаў з хаты»), актыўнае стаўленне да рэчаіснасці («Рушымся, брацця, хутчэй», «Кінь вечны плач свой аб старонцы!»), захапленне красой жыцця («Па-над белым пухам вішняў», «Зімой»), маладосцю («Маладыя гады»), мудрасцю, працавітасцю, таленавітасцю народа («Летапісец», «Слуцкія ткачыхі»). Але ў абставінах тагачаснай рэчаіснасці на першы план вылучаліся тэма паднявольнага жыцця прац. народа, роднага краю («Краю мой родны! Як выкляты богам», «Народ, Беларускі Народ!», «Беларусь, твой народ дачакаецца»), вобраз селяніна-працаўніка («Гнусь, працую, пакуль не парвецца», «Пан і мужык»), грамадзянскі сум («Мяжы», «Ой, чаму я стаў паэтам», «Вы, панове, пазіраеце далёка», «Эмігранцкая песня», «Пагоня»). Матывы смутку паглыбляліся асабістай драмай паэта, з 18 гадоў хворага на сухоты. У Багдановіча-лірыка моцная схільнасць да роздуму, развагі. Адсюль філас. заглыбленасць яго вершаў («Зразаюць галіны таполі адну за адной», «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя», «Жывеш не вечна, чалавек», санет «На цёмнай гладзі сонных луж балота», рандо «Узор прыгожы пекных зор», «Перад паводкай»). Багдановіч з Я.Купалам — заснавальнікі пейзажнай і інтымнай любоўнай лірыкі ў бел. паэзіі («Я бальны, бесскрыдлаты паэт», трыялет «Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). Вялікая заслуга паэта ў распрацоўцы гіст. тэмы («Летапісец», «Безнадзейнасць», «Перапісчык», «Агата», цыкл «Места», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага») і урбаністычных матываў («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая»). Шырока развіваў у бел. лірыцы т.зв. вечныя тэмы жыцця, смерці, кахання, дружбы (нізка «Каханне і смерць», рандэль «На могілках», трыялет «С.Палуяну»). Творчасць Багдановіча мела першаступеннае значэнне ў гіст. самапазнанні народа і сцвярджэнні яго месца ў гісторыі чалавецтва. Яго вершы вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў класічнай і песенна-нар. паэтыкі. Выхаваны на паэзіі А.Пушкіна, А.Фета, Ф.Цютчава, добра знаёмы з сучаснай яму рус. паэзіяй, узбагаціў родную л-ру перадавымі ідэямі і багатым эстэтычным вопытам. Зб. «Вянок» стаў у бел. паэзіі ўзорам творчага засваення класічнай паэтыкі на нац. глебе. Школай высокага майстэрства з’яўляюцца змешчаныя тут санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, пентаметры. Класічную культуру нёс роднаму слову Багдановіч і як перакладчык Гарацыя, Авідзія, Ф.Шылера, Г.Гейнэ, А.Ф.Арвера, П.Верлена, Э.Верхарна, Ю.Святагора, А.Пушкіна, А.Майкава, А.Крымскага, М.Розенгейма, А.Алеся. Перакладаў на рус. мову творы Я.Купалы, Т.Шаўчэнкі, І.Франко, В.Стафаніка, У.Самійленкі. Вялікае месца ў творчасці Багдановіча займаў фальклор: выкарыстанне бел. міфалогіі («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Вадзянік», «Змяіны цар»), вобразаў, матываў, рытміка-інтанац. складу бел.нар. песні («Не кувай ты, шэрая зязюля», нізка «На сінім Дунаі»). Вершы т.зв. беларускага складу — узор лірыкі, стылізаванай пад песенна-нар. паэтыку («Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся»). Паэмы Багдановіча — пошук нац. эпасу: гераічнага — «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», сац.-бытавога — «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык». Пісаў у класічных і песенна-нар. формах іншых паэзій (песні «Руская», «Украінская», «Сербская», «Скандынаўская», «Іспанская», у форме рубаі — «Персідскія», у форме танкі — «Японскія»). Праца Багдановіча-крытыка накіравана на абарону рэалізму і народнасці — эстэт. асноў перадавой бел. л-ры пач. 20 ст. («Глыбы і слаі», 1911; «За тры гады», 1913; «Забыты шлях», 1915). Адзін з заснавальнікаў навук. гісторыі бел. л-ры («Кароткая гісторыя бел. пісьменнасці да XVI сталецця», «Новы перыяд у гісторыі бел. літаратуры»). Лепшыя апавяданні Багдановіча стаяць каля вытокаў бел.нац. прозы («Апокрыф», 1913; «Апавяданне аб іконніку і залатару...», 1914). Даследаваў л-ру і гісторыю слав. народаў (арт. пра Шаўчэнку, М.Ламаносава, Пушкіна, М.Лермантава, гіст.-этнагр. нарысы «Украінскае казацтва», «Галіцкая Русь», «Угорская Русь», «Браты-чэхі» і інш.). Яго публіцыстыка звязана з супрацоўніцтвам (1913—16) у яраслаўскай газ. «Голос». Прозу, літ.-знаўчыя і публіцыстычныя артыкулы часткова пісаў на рус. і ўкр. мовах. Паэзія Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу бел. народа. Яна ўплывае на развіццё бел. паэзіі і сёння, асабліва сваім глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай паэт. слова. Некаторыя вершы сталі нар. песнямі («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»), многія пакладзены на музыку кампазітарамі. На лібрэта А.Бачылы кампазітар Ю.Семяняка напісаў оперу «Зорка Венера» (паст. 1970). У Мінску працуе Багдановіча М. літаратурны музей. Помнікі паэту ў Мінску і Місхоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Вячаслаў Васілевіч) (1878, Віцебская губ. — 1941 ?),
бел. царкоўны і грамадска-паліт. дзеяч. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію. З 1907 інспектар Віленскай духоўнай семінарыі, потым яе рэктар. У 1917 дэлегат на Вял.царк. сабор у Маскве. У Віленскай бел. гімназіі выкладаў Закон Божы. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў «Беларускага праваслаўнага аб’яднання». У 1922 абраны ў сенат Польскай Рэспублікі, уваходзіў у Бел. пасольскі клуб. У 1920—30-я г. член Бел.нац.к-та ў Вільні. Выступаў супраць аўтакефаліі бел. праваслаўнай царквы. Самадзейны кампазітар, аўтар бел. рамансаў. Зняволены польск. ўладамі ў Бяроза-Картузскі канцлагер. У вер. 1939 вызвалены Чырв. Арміяй, друкаваўся ў «Віленскай праўдзе». У кастр. 1939 арыштаваны органамі НКУСБССР. Далейшы лёс невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Генадзь Васілевіч) (1885, в. Луначарскае Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобласці — 1937 ?),
бел. грамадскі дзеяч, педагог. Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т. З 1911 настаўнічаў. У 1916—19 справавод Мін-ва (з кастр. 1917 Нар. камісарыят) поштаў і тэлеграфаў. У 1917 увайшоў ад Бел.сацыяліст. грамады ў Асобую нараду па падрыхтоўцы праекта закону аб выбарах ва Устаноўчы сход Расіі. На пач. 1918 заг.юрыд. аддзела Бел.нац. камісарыята ў Петраградзе. З 1919 настаўнічаў у Дрысе, выкладаў геаграфію ў Віленскай бел. гімназіі, рэдагаваў газ. «Незалежная думка». У 1924 эмігрыраваў у СССР. Працаваў выкладчыкам віцебскіх пед. тэхнікума і ветэрынарнага ін-та. У 1930 арыштаваны, прыгавораны да 5 гадоў высылкі ў г. Слабадскі Кіраўскай вобласці. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Адам Ягоравіч) (1 ці 6.4.1862, г.п. Халопенічы Крупскага р-на Мінскай вобласці — 16.4.1940),
бел. этнограф, гісторык культуры, фалькларыст, мовазнавец. Бацька М.Багдановіча. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1882). Настаўнічаў, удзельнічаў у рэв. руху мінскіх нарадавольцаў. З 1885 заг. гарадскога пач. вучылішча ў Мінску. З 1892 у сял. зямельным банку ў Гродне. З 1896 у Ніжнім Ноўгарадзе, з 1907 у Яраслаўлі. Збіраў фалькл.-этнагр. матэрыялы, дасылаў іх П.Шэйну. Апублікаваў гіст. нарыс «Пра паншчыну» (1894), даследаванне «Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў» (1895), у якім аналізаваў перажыткі анімізму, фетышызму, культу сонца, нячыстай сілы і інш. У 1923 перадаў у Інбелкульт рукапісы М.Багдановіча. Аўтар успамінаў пра сына. Рукапісы прац Бадановіча «Мова зямлі. Утварэнне водарачных імёнаў і што ад іх паходзяць», «Этнічны склад народаў славянскіх і рускіх», «Этнічны склад беларускага народа», «Рэвалюцыйны рух у г. Мінску і губерні ў 80 і пачатку 90-х гг.», «Да гісторыі партыі «Народнай волі» ў Мінску і Беларусі, 1880—1892 г.» у Ін-це л-ры АН Беларусі.