БАГДАНО́ВІЧ Максім Адамавіч
(9.12.1891, Мінск — 25.5.1917),
бел. паэт, перакладчык, літ.-знавец, празаік. Раннія дзіцячыя гады правёў у Гродне (1892—96), жыў і вучыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе (1896—1908) і Яраслаўлі (1908—16). Скончыў Дзямідаўскі юрыд. ліцэй у Яраслаўлі (1916) і восенню прыехаў у Мінск. Працаваў сакратаром губ. харчовай камісіі. У лют. 1917 цяжка хворы выехаў на лячэнне ў Ялту. Там памёр і пахаваны. Першы друкаваны твор — алегарычная казка-прытча «Музыка» («Наша ніва», 1907, №24). Адзіны прыжыццёвы зб. вершаў «Вянок» (Вільня, 1913). Яго паэзія развівалася ва ўмовах рэакцыі, у атмасферы вострых сац.-паліт. канфліктаў. Асн. кірунак творчасці — патрыят. служэнне сац. і нац. вызваленню бел. народа, сцвярджэнне ідэй роўнасці і братэрства, барацьба за гуманіст. ідэалы. Не прымаючы тагачаснай рэчаіснасці, уціску чалавека-працаўніка, Багдановіч проціпастаўляў ім агульначалавечыя духоўныя пачаткі прыгожага і добрага (вобразы мадоннаў у «Вянку»). Дэмакратызм паэта эвалюцыянаваў да сцвярджэння ідэй гераічнага, самаахвярнага змагання за інтарэсы народа. У паэзіі Багдановіча моцна гучалі ідэі нац.-вызв. барацьбы супраць царскай імперыі як турмы народаў, супраць вялікадзярж. шавінізму. Багдановіч-мастак асн. сваёй задачай лічыў узбагачэнне роднай л-ры новымі тэмамі і формамі. Яго вершы — шматгранны паказ жыцця чалавека ў разнастайных сувязях з грамадствам і прыродай. Галоўнае ў іх — жыццялюбства («Прывет табе, жыццё на волі!», «Выйшаў з хаты»), актыўнае стаўленне да рэчаіснасці («Рушымся, брацця, хутчэй», «Кінь вечны плач свой аб старонцы!»), захапленне красой жыцця («Па-над белым пухам вішняў», «Зімой»), маладосцю («Маладыя гады»), мудрасцю, працавітасцю, таленавітасцю народа («Летапісец», «Слуцкія ткачыхі»). Але ў абставінах тагачаснай рэчаіснасці на першы план вылучаліся тэма паднявольнага жыцця прац. народа, роднага краю («Краю мой родны! Як выкляты богам», «Народ, Беларускі Народ!», «Беларусь, твой народ дачакаецца»), вобраз селяніна-працаўніка («Гнусь, працую, пакуль не парвецца», «Пан і мужык»), грамадзянскі сум («Мяжы», «Ой, чаму я стаў паэтам», «Вы, панове, пазіраеце далёка», «Эмігранцкая песня», «Пагоня»). Матывы смутку паглыбляліся асабістай драмай паэта, з 18 гадоў хворага на сухоты. У Багдановіча-лірыка моцная схільнасць да роздуму, развагі. Адсюль філас. заглыбленасць яго вершаў («Зразаюць галіны таполі адну за адной», «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя», «Жывеш не вечна, чалавек», санет «На цёмнай гладзі сонных луж балота», рандо «Узор прыгожы пекных зор», «Перад паводкай»). Багдановіч з Я.Купалам — заснавальнікі пейзажнай і інтымнай любоўнай лірыкі ў бел. паэзіі («Я бальны, бесскрыдлаты паэт», трыялет «Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). Вялікая заслуга паэта ў распрацоўцы гіст. тэмы («Летапісец», «Безнадзейнасць», «Перапісчык», «Агата», цыкл «Места», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага») і урбаністычных матываў («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая»). Шырока развіваў у бел. лірыцы т.зв. вечныя тэмы жыцця, смерці, кахання, дружбы (нізка «Каханне і смерць», рандэль «На могілках», трыялет «С.Палуяну»). Творчасць Багдановіча мела першаступеннае значэнне ў гіст. самапазнанні народа і сцвярджэнні яго месца ў гісторыі чалавецтва. Яго вершы вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў класічнай і песенна-нар. паэтыкі. Выхаваны на паэзіі А.Пушкіна, А.Фета, Ф.Цютчава, добра знаёмы з сучаснай яму рус. паэзіяй, узбагаціў родную л-ру перадавымі ідэямі і багатым эстэтычным вопытам. Зб. «Вянок» стаў у бел. паэзіі ўзорам творчага засваення класічнай паэтыкі на нац. глебе. Школай высокага майстэрства з’яўляюцца змешчаныя тут санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, пентаметры. Класічную культуру нёс роднаму слову Багдановіч і як перакладчык Гарацыя, Авідзія, Ф.Шылера, Г.Гейнэ, А.Ф.Арвера, П.Верлена, Э.Верхарна, Ю.Святагора, А.Пушкіна, А.Майкава, А.Крымскага, М.Розенгейма, А.Алеся. Перакладаў на рус. мову творы Я.Купалы, Т.Шаўчэнкі, І.Франко, В.Стафаніка, У.Самійленкі. Вялікае месца ў творчасці Багдановіча займаў фальклор: выкарыстанне бел. міфалогіі («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Вадзянік», «Змяіны цар»), вобразаў, матываў, рытміка-інтанац. складу бел. нар. песні («Не кувай ты, шэрая зязюля», нізка «На сінім Дунаі»). Вершы т.зв. беларускага складу — узор лірыкі, стылізаванай пад песенна-нар. паэтыку («Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся»). Паэмы Багдановіча — пошук нац. эпасу: гераічнага — «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», сац.-бытавога — «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык». Пісаў у класічных і песенна-нар. формах іншых паэзій (песні «Руская», «Украінская», «Сербская», «Скандынаўская», «Іспанская», у форме рубаі — «Персідскія», у форме танкі — «Японскія»). Праца Багдановіча-крытыка накіравана на абарону рэалізму і народнасці — эстэт. асноў перадавой бел. л-ры пач. 20 ст. («Глыбы і слаі», 1911; «За тры гады», 1913; «Забыты шлях», 1915). Адзін з заснавальнікаў навук. гісторыі бел. л-ры («Кароткая гісторыя бел. пісьменнасці да XVI сталецця», «Новы перыяд у гісторыі бел. літаратуры»). Лепшыя апавяданні Багдановіча стаяць каля вытокаў бел. нац. прозы («Апокрыф», 1913; «Апавяданне аб іконніку і залатару...», 1914). Даследаваў л-ру і гісторыю слав. народаў (арт. пра Шаўчэнку, М.Ламаносава, Пушкіна, М.Лермантава, гіст.-этнагр. нарысы «Украінскае казацтва», «Галіцкая Русь», «Угорская Русь», «Браты-чэхі» і інш.). Яго публіцыстыка звязана з супрацоўніцтвам (1913—16) у яраслаўскай газ. «Голос». Прозу, літ.-знаўчыя і публіцыстычныя артыкулы часткова пісаў на рус. і ўкр. мовах. Паэзія Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу бел. народа. Яна ўплывае на развіццё бел. паэзіі і сёння, асабліва сваім глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай паэт. слова. Некаторыя вершы сталі нар. песнямі («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»), многія пакладзены на музыку кампазітарамі. На лібрэта А.Бачылы кампазітар Ю.Семяняка напісаў оперу «Зорка Венера» (паст. 1970). У Мінску працуе Багдановіча М. літаратурны музей. Помнікі паэту ў Мінску і Місхоры.
Тв.:
Творы. Т. 1—2. Мн., 1927—28;
Збор тв. Т. 1—2. Мн., 1968;
Поўны зб. тв. Т. 1—3. Мн., 1991—95.
Літ.:
Замоцін І. М.А.Багдановіч: Крытыч.-біягр. нарыс // Узвышша. І927. № 2, 3, 5;
Грынчык М. Максім Багдановіч і народная паэзія. Мн., 1963;
Яго ж. Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. Мн., 1969. С. 189—199, 269—286;
Яго ж. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973. С. 240—255;
Богданович А. Материалы к биографии Максима Богдановича // Богданович А. Страницы из жизни Максима Горького... Мн., 1965;
Лойка А. Максім Багдановіч. Мн., 1966;
Валасовіч-Гразнова Г. Успаміны пра брата // Полымя. 1966. № 10;
Стральцоў М. Загадка Багдановіча. Мн., 1969;
Ралько І.Д. Вершаскладанне. Мн., 1977. С. 69—140;
Кабаковіч А.К. Паэзія Максіма Багдановіча: Дыялектыка рацыянальнага і эмацыянальнага. Мн., 1978;
Бачыла А. Дарогамі Максіма Багдановіча. 2 выд. Мн., 1983;
Бярозкін Р. Чалавек напрадвесні: Расказ пра М.Багдановіча. Мн., 1986;
Каханоўскі Г. А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю... Мн., 1991;
Конан У.М. Святло паэзіі і цені жыцця: Лірыка Максіма Багдановіча. Мн., 1991;
Шлях паэта: Зб. успамінаў і біягр. матэрыялаў пра М.Багдановіча. Мн., 1975;
Ватацы Н.Б. Максім Багдановіч: Паказ. твораў, аўтографаў і крытыч. літ. Мн., 1977.
А.А.Лойка.
т. 2, с. 205