БАГДАНО́ВІЧ Вячаслаў Васілевіч

(1878, Віцебская губ. — 1941 ?),

бел. царкоўны і грамадска-паліт. дзеяч. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію. З 1907 інспектар Віленскай духоўнай семінарыі, потым яе рэктар. У 1917 дэлегат на Вял. царк. сабор у Маскве. У Віленскай бел. гімназіі выкладаў Закон Божы. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў «Беларускага праваслаўнага аб’яднання». У 1922 абраны ў сенат Польскай Рэспублікі, уваходзіў у Бел. пасольскі клуб. У 1920—30-я г. член Бел. нац. к-та ў Вільні. Выступаў супраць аўтакефаліі бел. праваслаўнай царквы. Самадзейны кампазітар, аўтар бел. рамансаў. Зняволены польск. ўладамі ў Бяроза-Картузскі канцлагер. У вер. 1939 вызвалены Чырв. Арміяй, друкаваўся ў «Віленскай праўдзе». У кастр. 1939 арыштаваны органамі НКУС БССР. Далейшы лёс невядомы.

А.С.Ліс.

т. 2, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)