Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АІ́Д, Гадэс, Плутон,
у грэч. міфалогіі бог — уладар царства мёртвых, а таксама само царства. Аід — алімп. бажаство, але пастаянна знаходзіцца ў сваіх падземных уладаннях, дзе царуе з жонкай Персефонай. У хрысціянстве міф пра Аіда ператварыўся ў міф пра пекла, куды пасля смерці трапляюць душы грэшнікаў. Апісаны ў творах Гамера, Платона, Вергілія і інш.
Да арт.Аід. Аід і Персефона. Рэльеф з Локраў. 470—460 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСЕФО́НА, Кора,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня ўрадлівасці і падземнага царства мёртвых. Лічылася дачкой Зеўса і Дэметры. Бог падземнага царства Аід выкраў яе і зрабіў сваёй жонкай. Няўцешная Дэметра наслала на зямлю засуху і неўраджай. Зеўс загадаў Аіду адпусціць П. да маці, але П., якую Аід прымусіў з’есці чароўнае гранатавае зерне, штогод імкнецца да мужа ў царства мёртвых, дзе праводзіць трэць года. Дэметра ў гэты час зноў пакутуе, прырода на зямлі замірае. У міфе пра П. адбіўся штогадовы працэс замірання і ажывання прыроды. Стараж. рымляне шанавалі П. пад імем Празерпіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРО́Н,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі перавозчык душ памерлых у Аід. Лічыўся сынам Нікты і яе брата Эрэба. Яго ўяўлялі змрочным старым у рыззі. Паводле міфаў, Х. перавозіў душы памерлых (толькі тых, хто пахаваны ў магіле) у лодцы па рэках падземнага царства, за што браў з іх плату памерам у адзін абол, які звычайна пры пахаванні клалі нябожчыкам пад язык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́РБЕР, Кербер,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі жудасны трохгаловы сабака-пачвара са змяіным хвастом і тулавам, усеяным змяінымі галовамі, які ахоўвае ўваход у падземнае царства мёртвых — Аід. Паводле міфаў, толькі асобным героям удалося перамагчы Ц.: Геракл звязаў яго, Арфей зачараваў сваімі спевамі, а адна з грэч.сівіл, каб дапамагчы Энею, усыпіла праснаком са снатворнай травой. У пераносным сэнсе Ц. — люты, няўмольны вартавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́РТАР,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі бездань, прастора, што знаходзіцца ніжэй за аід, як неба вышэй за зямлю. Лічылася, што ў Т. залягаюць карані зямлі і мора, усе канцы і пачаткі. Тут жыве Нікта — багіня ночы. Нават багі баяцца трапіць у Т., дзе зняволены пераможаныя Зеўсам тытаны. Паводле пазнейшых міфаў, Т. — самае аддаленае месца аіда, дзе нясуць пакаранне дзёрзкія героі: Тантал, Сізіф, Пірыфой і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛІЯС, Гелій,
у грэчаскай міфалогіі бог Сонца, сын тытанаў Гіперыёна і Феі, брат Селены і багіні світання Эас. Геліяс усёвідушчы, бачыць справы багоў і людзей, часцей за ўсё дрэнныя; яго заклікаюць у сведкі і мсціўцы. Геліяса ўяўлялі ў асляпляльным святле і ззянні са страшэннымі вачамі, у залатым шлеме, на залатой калясніцы ці на троне з каштоўных камянёў у раскошным палацы ў акружэнні чатырох пор года. Геліяс паведаміў Дэметры, што Персефону выкраў Аід. У рым. міфалогіі Геліясу адпавядае Соль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЗІ́Ф, Сісіф,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі сын Эола — родапачынальніка племя эалійцаў, будаўнік і цар стараж.Карынфа. Праславіўся сваёй хітрасцю. С. падмануў нават багіню смерці Танатас і закаваў яе ў кайданы (вызвалена Арэсам праз некалькі гадоў, на працягу якіх людзі не паміралі), потым быў адзіным з памерлых, каму ўдалося ўцячы з царства мёртвых — аіда. Калі С. зноў, ужо назаўсёды, трапіў у аід, то быў жорстка пакараны багамі за свае хітрыкі і злачынствы: яго прымусілі бясконца каціць на высокую гару вялізны камень, які, дасягнуўшы вяршыні, кожны раз скочваўся ўніз. Адсюль выразы «сізіфава праца», «сізіфаў камень» — цяжкая, марная, бясконцая праца.