ПЕРСЕФО́НА,
ў старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня ўрадлівасці і падземнага царства мёртвых. Лічылася дачкой Зеўса і Дэметры. Бог падземнага царства Аід выкраў яе і зрабіў сваёй жонкай. Няўцешная Дэметра наслала на зямлю засуху і неўраджай. Зеўс загадаў Аіду адпусціць П. да маці, але П., якую Аід прымусіў з’есці чароўнае гранатавае зерне, штогод імкнецца да мужа ў царства мёртвых, дзе праводзіць трэць года. Дэметра ў гэты час зноў пакутуе, прырода на зямлі замірае. У міфе пра П. адбіўся штогадовы працэс замірання і ажывання прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)