Аркин Д. Е. 2/309; 4/354, 525; 8/36; 9/129, 568; 10/530

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕДУ́, Ле Ду (Ledoux, Le Doux) Клод Нікала (1736, г. Дарман, Францыя — 19.11.1806), французскі архітэктар. Вучыўся ў Ф.Бландэля і Л.​Ф.​Труара. З 1773 «архітэктар караля». У работах (т-р у Безансоне, 1775—84; заставы ці т. зв. прапілеі Парыжа, захаваліся 4 з 6 пабудаваных, 1784—89) выкарыстоўваў строгія стэрэаметрычныя формы, часткова прадвызначыў арх. мову стылю ампір. У праекце г. Шо (з 1771, ажыццёўлены часткова) развіваў ідэю рэнесансавага «ідэальнага» горада, дзе жылыя, вытв. і адм. будынкі складалі адзіны комплекс. Ідэі сац. утапізму ўласцівы і інш. яго праектам, у якіх захапленне сімвалізмам простых геам. форм — куба, цыліндра, шара, піраміды.

Літ.:

Аркин Д.Е. Леду // Аркин Д.Е. Образы архитектуры и образы скульптуры. М., 1990.

т. 9, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЭ́Н ((Rodin) Рэнэ Франсуа Агюст) (12.11.1840, Парыж — 17.11.1917),

французскі скульптар; адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму ў скульптуры. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы, карыстаўся парадамі Ж.​Б.​Карпо і А.​Бары. Зазнаў уплывы Мікеланджэла, Данатэла, франц. гатычнай скульптуры. Працаваў у Парыжы і Мёдоне, Бельгіі (1871—77) і Італіі (1875). Раннім творам уласцівы смеласць вобразных і пластычных пошукаў, філас. глыбіня задумы, жыццёвасць перадачы складаных рухаў, энергічная мадэліроўка аб’ёмаў: «Чалавек са зламаным носам» (1864), «Бронзавы век» (1876), «Іаан Хрысціцель» (1878) і інш. З 1880 працаваў над гарэльефнай кампазіцыяй «Вароты пекла», асобныя часткі якой сталі самаст. творамі: «Ева» (1881), «Пацалунак» (1886), «Мысліцель» (1889), «Вечная вясна» (1880-я г.). У 1884—88 стварыў для г. Кале скульпт. групу «Грамадзяне Кале» (устаноўлена ў 1895), якая вызначаецца суровым героіка-драм. гучаннем, складанай эмац. атмасферай, унутр. напружанасцю герояў, што перадаецца праз неспакойны рытм кампазіцыі, экспрэсіі поз і жэстаў, кантрасты статычных і дынамічных фігур. З сярэдзіны 1880-х г. Р. у творчасці схіляўся да ўскладненых сімвалічных вобразаў, выяўлення гамы эмоцый чалавека — ад яснай гармоніі да змрочнага самапаглыблення і адчаю. Творы набылі эскізны, знешне як бы незавершаны характар, святлоценявую кантрастнасць, падкрэслена жывапісную мадэліроўку абцякальных форм, пластычнасць і фактурную адчувальнасць: помнік А.​Бальзаку ў Парыжы (1893—97; устаноўлены ў 1939) і інш. Партрэты Р. вызначаюцца вастрынёй і цэласнасцю перадачы характару: бюсты В.​Гюго, Ж.​Далу (1883), В.​А.​Рашфора (1897), П.​Бертло (1906) і інш.

Літ.:

Вейс Д. Огюст Роден: Пер. с англ. М., 1969;

Аркин Д.Е. «Граждане Кале» Родена // Аркин Д.Е. Образы архитектуры и образы скульптуры. М., 1990.

Т.​В.​Пешына.

А.Радэн. Вечная вясна. 1880-я г.

т. 13, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́ДЫО (Palladio; сапр. ды П’етра Манара; di Pietro Monaro) Андрэа

(30.11.1508, г. Падуя, Італія — 19.8.1580),

італьянскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры; прадстаўнік Позняга Адраджэння. Пад кіраўніцгвам Дж.​Дж.​Трысіна атрымаў арх. і ўсебаковую гуманіст. адукацыю. У ранніх творах спалучаў рым. веліч шырокіх адкрытых аркад з венецыянскай свабодай і багаццем дэкору (т.зв. Базіліка ў Вічэнцы, перабудавана ў 1549 з палаца Раджоне, 13 ст.). Шматлікія палацы ў Вічэнцы (палацца Т’ене, К’ерыкаці, 1551; Вальмарана, пачаты ў 1566; т.зв. лоджыя дэль Капітаніо, 1571) — звычайна цагляныя пабудовы з ордэрнымі атынкаванымі фасадамі; ордэрную сістэму выкарыстоўваў для разнастайных кампазіцыйных варыяцый з улікам канкрэтных умоў буд-ва. Майстэрства гарманічна звязаць архітэктуру з ландшафтам выявілася ў вілах, адметных выразнасцю і прастатой форм і агульнай кампазіцыі (віла Капра ці «Ратонда» каля Вічэнцы, 1551—67, скончана ў 1580—91, арх. В.​Скамоцы). У культавых пабудовах (царква Сан-Джорджа Маджорэ ў Венецыі, 1565—80) аб’яднаў матыў ант. порціка на фасадзе з базілікальным тыпам храма. Адзін з першых стварыў праект тэатр. будынка новага часу (т-р «Алімпіка» ў Вічэнцы, 1580—85, скончаны арх. Скамоцы), у якім спалучыў класічную форму амфітэатра з ілюзорнымі дэкарацыямі сцэны. Аўтар трактата «Чатыры кнігі пра архітэктуру» (1570) — рэнесансавая інтэрпрэтацыя працы Вітрувія, кніг «Рымскія старажытнасці» (1554) і «Каментарыі да Юлія Цэзара» (1575). Творчасць П. паўплывала на развіццё класіцыстычнага кірунку ў еўрап. архітэктуры 17—18 ст. (гл. Паладыянства).

Тв.:

Рус. пер. — Четыре книги об архитектуре. М., 1938.

Літ.:

Аркин Д.Е. Образы архитектуры и образы скульптуры. М., 1990.

А.Паладыо.
А.Паладыо. Палацца К’ерыкаці ў г. Вічэнца. 1551.
А.Паладыо. План вілы «Ратонда» каля г. Вічэнца. 1551—67.

т. 11, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)