апістархо́з

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. апістархо́з апістархо́зы
Р. апістархо́зу апістархо́заў
Д. апістархо́зу апістархо́зам
В. апістархо́з апістархо́зы
Т. апістархо́зам апістархо́замі
М. апістархо́зе апістархо́зах

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

Апістархоз 3/396, 418; 8/606

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АПІСТАРХО́З,

гельмінтозная прыроднаачаговая хвароба жывёл і чалавека; выклікаецца трэматодай апістархам кашэчым з сям. апістархідаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. Ачагі апістархозу на Беларусі пераважна ў бас. рэк Дняпро, Прыпяць, Нёман, Зах. Буг, Браслаўскіх азёраў. Характарызуецца пашкоджаннем печані, жоўцевага пузыра, падстраўнікавай залозы, алергічнымі рэакцыямі. Заражэнне адбываецца пры спажыванні сырой, недастаткова праваранай і прасоленай рыбы. Развіццё ўзбуджальніка адбываецца з удзелам прамежкавага (малюск бітынія) і дадатковага (рыба) гаспадароў. Лячэнне тэрапеўтычнае.

Да арт. Апістархоз. Цыкл развіцця апістарха кашэчага.

т. 1, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

апістархо́з

(ад гр. opisthe = ззаду + orchos = шпалера)

глістовае захворванне жывёл і чалавека, якое выклікаецца паразітаваннем у печані, жоўцевым пузыры і падстраўнікавай залозе плоскіх чарвей.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПРЫРОДНААЧАГО́ВЫЯ ХВАРО́БЫ,

група хвароб, узбуджальнікі, пераносчыкі і жывёлы-носьбіты якіх ствараюць у прыродных умовах (ачагах) устойлівыя біяцэнозы. У гэтых ачагах узбуджальнік цыркулюе сярод мясц. дзікіх жывёл, і заражэнне чалавека ці с.-г. жывёл магчыма пры іх часовым або пастаянным там знаходжанні. П.х. характарызуюцца сезоннасцю і прыналежнасцю да пэўных геагр. ландшафтаў. Вучэнне аб П.х. распрацаваў Я.​Н.​Паўлоўскі (1939). Да П.х. адносяцца: некат. бактэрыял. (бруцэлёз, лептаспіроз, лістэрылёзы, некрабактэрыёз, рожа жывёл, сібірская язва, тулярэмія) і вірусныя (чума, шаленства, яшчур) хваробы, протазаозы (лейшманіёзы, піраплазмідозы, трыпанасамозы), гельмінтозы (апістархоз, трыхінелёзы, шыстасаматозы, эхінакакозы) і інш. Вывучае П.х. геаграфія медыцынская і эпідэміялогія.

т. 13, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАЗААНО́ЗЫ [ад антрапа... + заа... + ...оз(ы)],

зоаантрапанозы, інфекцыйныя і інвазійныя хваробы, агульныя для жывёл і чалавека. Крыніца інфекцыі хворыя жывёлы, з якімі чалавек кантактуе. Многія антрапазаанозы — трансмісіўныя хваробы, характарызуюцца прыроднай ачаговасцю. У мед. л-ры антрапазаанозы наз. заанозамі.

Антрапазаанозы выклікаюцца бактэрыямі (бруцэлёз, злаякасны ацёк, сап, слупняк, сібірская язва, туберкулёз, тулярэмія, чума вярблюдаў, меліяідоз, харч. таксікаінфекцыі і інш.), вірусамі (арнітоз, шаленства, яшчур, кляшчовы энцэфаліт, інфекцыйны энцэфаламіэліт коней і інш.), грыбкамі (актынамікоз, парша, стрыгучы лішай), спірахетамі і лептаспірамі (лептаспіроз, клешчавы зваротны тыф), рыкетсіямі (Ку-ліхаманка, пацуковы рыкетсіёз, паўночна-азіяцкі клешчавы сыпны тыф), прасцейшымі (таксаплазмоз, трыпаназамоз, лейшманіёз і інш.), членістаногімі (акароз), гельмінтамі (дыфілабатрыёзы, апістархоз, тэніідоз, трыхінелёз, эхінакакоз, тоніярынхоз).

т. 1, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЬМІНТО́ЗЫ [ад гельмінты + ...оз(ы)],

глісныя хваробы, глісныя інвазіі, хваробы чалавека, жывёл і раслін, выкліканыя паразітычнымі чарвямі (гельмінтамі): трэматодамі, монагінеямі, цэстодамі, нематодамі і скрэбнямі. У чалавека вядома больш за 150 гельмінтозаў, якія падзяляюцца на 3 групы: геагельмінтозы, біягельмінтозы і кантактныя.

Геагельмінтозы выклікаюць паразіты, што развіваюцца ў глебе, заражэнне адбываецца пры невыкананні правіл асабістай гігіены; біягельмінтозы выклікаюць гельмінты, якія развіваюцца ў целе прамежкавага гаспадара, заражаюцца імі пры ўжыванні ў ежу прадуктаў жывёльнага паходжання (мяса, рыбы); кантактныя гельмінтозы (яйцы паразітаў хутка выспяваюць) перадаюцца праз кантакт з хворым. Гельмінты паразітуюць у страўнікава-кішачным тракце, крыві, печані, лёгкіх, у нырках, галаўным мозгу, мышцах, скуры, касцях. Выдзяляюць шкодныя рэчывы, сенсабілізуюць арганізм, паглынаюць харч. рэчывы, вітаміны і мікраэлементы. На Беларусі ў чалавека найб. пашыраны гельмінтозы: анкіластамідозы, аскарыдоз, энтэрабіёз, трыхінелёз, трыхацэфалёз, апістархоз, фасцыялёз, дыфелабатрыёз; у раслін — бульбяная нематода; у жывёл — дыкрацэліёз, парамфістаматыдозы, фасцыялёз, маніезіёз, гіменалепідыдозы, аскарыдозы, дыктыякаулёзы, странгілаідозы, трыхацэфалёз, макракантарынхоз. Сажалкавай рыбагадоўлі шкодзяць батрыяцэфалёз, філаметроз, лігулёз, дактылагіроз, дыпластаматоз, гіралактылёз. Прыкметы гільментозаў: затрымка росту і развіцця, у чалавека — схудненне, зніжэнне інтэлекту, у жывёл — зніжэнне прадукцыйнасці, дрэнны апетыт, парушэнне каардынацыі рухаў. Лячэнне хім. прэпаратамі і хірургічнае.

Літ.:

Гинецинская Т.А., Добровольский А.А. Частная паразитология. М., 1978;

Найт Р. Паразитарные болезни: Пер. с англ. М., 1985.

Р.​Г.​Заяц.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)