АПІСТАРХО́З,

гельмінтозная прыроднаачаговая хвароба жывёл і чалавека; выклікаецца трэматодай апістархам кашэчым з сям. апістархідаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. Ачагі апістархозу на Беларусі пераважна ў бас. рэк Дняпро, Прыпяць, Нёман, Зах. Буг, Браслаўскіх азёраў. Характарызуецца пашкоджаннем печані, жоўцевага пузыра, падстраўнікавай залозы, алергічнымі рэакцыямі. Заражэнне адбываецца пры спажыванні сырой, недастаткова праваранай і прасоленай рыбы. Развіццё ўзбуджальніка адбываецца з удзелам прамежкавага (малюск бітынія) і дадатковага (рыба) гаспадароў. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 1, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)