«СВЯШЧЭ́ННАЯ РЫ́МСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ», «Свяшчэнная Рымская імперыя германскай нацыі»,
сярэдневяковае дзярж. аб’яднанне, у склад якога ўваходзілі Германія (займала пануючае становішча), шэраг каралеўстваў, герцагстваў і зямель (Чэхія, Паўн. і Сярэдняя Італія з Рымам, Бургундыя, Нідэрланды, Швейцарыя, польскія землі і інш.). Гэтыя тэр. ў розны час і ў рознай ступені падпарадкоўваліся герм. імператару. Засн. ў 962 герм. каралём Атонам I. Вяла агрэсіўную палітыку, гал. чынам на У (землі палабскіх славян) і Пд (Італія), куды герм. каралі рэгулярна рабілі паходы для атрымання імператарскай кароны з рук рым. папаў і з мэтай падпарадкавання Італіі (фактычна кожны раз яе трэба было заваёўваць нанава). Барацьба імператараў з рым. папамі ў 11—13 ст. (за інвестытуру і інш.) аслабіла ўладу імператара над Італіяй і ўзмацніла асобныя герм. княствы. У сярэдзіне 13 ст. «С.Р.і.» страціла Італію, а Германія распалася на шэраг княстваў. Найб. моцныя князі — курфюрсты выбіралі імператара. Гэты парадак быў юрыдычна замацаваны Залатой булай Карла IV 1356. У 15 ст. фактычнай самастойнасці дамаглася Чэхія, аддаліўся Швейцарскі саюз; у 16 ст. да Іспаніі адышлі Нідэрланды. Паступова ўлада імператара стала намінальнай (не мела ні фін. сродкаў, ні арміі), а саслоўна-прадстаўнічая ўстанова — рэйхстаг быў паслухмяны герм. князям. З развіццём феад. адносін асобныя герм. княствы ўзмацніліся. Пасля Трыццацігадовай вайны 1618—48 у выніку Вестфальскага міру 1648 за герм. княствамі прызнана паліт. самастойнасць, што канчаткова ліквідавала імператарскую ўладу на тэр. Германіі. У час напалеонаўскіх войнаў з большасці ням. княстваў утвораны т. зв. Рэйнскі саюз 1806—13 пад пратэктаратам Напалеона I. Апошні імператар «С.Р.і.» Франц II Габсбург у 1806 адрокся ад рымска-герм. кароны, і імперыя перастала існаваць. Правячыя дынастыі «С.Р.і.»: Саксонская дынастыя (962—1024), Франконская дынастыя (1024—1125), Гогенштаўфены (1138—1254), Габсбургі (1273—1806 з перапынкамі), Люксембургі (1308—1437 з перапынкамі).
Літ.:
Неусыхин А.И. Очерки по истории Германии в средние века // Неусыхин АИ. Проблемы европейского феодализма. М., 1974;
Колесницкий Н.Ф. «Священная Римская империя» в освещении современной западногерманской историографии // Средние века. М., 1959. Вып. 14;
Шиндлинг А, Циглер В. Кайзеры: Пер. с нем. Ростов н/Д, 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВІ́ЛЬЯ (Sevilla),
горад на Пд Іспаніі. Адм. ц.аўт.вобл. Андалусія і прав. Севілья. Каля 700 тыс.ж. (2001). Порт на р. Гвадалквівір, даступны для марскіх суднаў (аванпорты на Атлантычным ак. — Таблада і Муэльес-дэ-лас-Дэлісіяс). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны гандл. і прамысл.цэнтр.Прам-сць: маш.-буд. (электратэхн., судна- і авіябудаванне, вытв-сцьс.-г. машын), харчасмакавая (вінаробчая, тытунёвая, мукамольная і інш.), тэкст., хім. і нафтахімічная. Ун-т (з 1502). Турызм.
У старажытнасці С. (Гіспаліс) — цэнтр іберыйскага племя турдэтанаў. Пасля заваявання рымлянамі (3 ст.) сталіца рым. правінцыі Бетыка. У 411 заваявана вандаламі, у 441 — вестготамі. У 712—1248 падпарадкавана арабамі, з 1026 цэнтр аднайм. эмірата. У 1248 адваявана ў арабаў каралём Кастыліі Фердынандам III. У 14—15 ст. З С. накіроўваліся ваен. экспедыцыі супраць Гранадскага эмірата. У 15 ст. буйны цэнтр суднабудавання, гандлю, мараплаўства. З гавані С. (Палас) адправілася 1-я экспедыцыя Х.Калумба. Найб. росквіт С. прыпадае на 16—17 ст., калі яна мела манаполію каланіяльнага гандлю і па тавараабароце пераўзыходзіла ўсе еўрап.гандл. цэнтры. У 18 ст. пасля адмены гандл. манаполіі страціла б. значэнне. У 1810—12 і 1820—23 акупіравана франц. войскамі. У грамадз. вайну 1936—39 цэнтр франкістаў.
У старой частцы С. — лабірынт вузкіх звілістых вуліц, на З і ПдУ ад яго — рэгулярная забудова. Захаваліся сцены і бастыёны маўрытанскага замка Алькасар (канец 12 ст., прыбудовы 14—16 ст.), сабор (1402—1506, позняя готыка; купал 1519; у інтэр’еры багаты збор твораў ісп. мастацтва 16—18 ст.), гатычныя касцёлы 13—14 ст., саборная званіца «Ла Хіральда» (1184—16 ст., выш. 97,52 м), вежа «Торэ дэль Ора» (1220), будынкі «Каса дэ Пілатас» (15 ст. — 1553, спалучэнне стыляў мудэхар і палымянай готыкі) і «Каса Лонха» (біржа; 1583—98), касцёлы 17—18 ст. у стылі чурыгерэска. Музеі: правінцыяльны археал., Дом-музей Б.Э.Мурыльё. Помнікі архітэктуры С. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Никитюк О.Д. Кордова, Гранада, Севилья — древние центры Андалусии. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РБАЎ (Ісак Абрамавіч) (27.5.1871, в. Кульшычы Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 21.1.1943),
бел. этнограф, фалькларыст, археолаг. Правадз.чл. Інбелкульта (1922). Канд.гіст.н. (1934). Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю (1892), Маскоўскі археал.ін-т (1918). Працаваў настаўнікам у Мінску, Гомелі, Вільні, Троках, Хоцімску, Стоўбцах. У 1910—12 як член Паўн.-Зах. аддзела Рус.геагр.т-ва наладзіў шэраг экспедыцый па Беларусі. У 1917—18 заг. аддзела нар. асветы ў г. Сальцы Наўгародскай губ., з 1919 у аддзелах нар. асветы Магілёўскай і Гомельскай губ. З 1923 выкладчык, заг. кафедры этнаграфіі БДУ, супрацоўнік секцыі этнаграфіі Ін-та гісторыі АНБССР. У Вял.Айч. вайну выкладчык Тамбоўскага пед. ін-та. З 1900 вывучаў побыт, матэрыяльную культуру, вусную паэт. і муз. творчасць бел. народа. Сабраў багатыя калекцыі нар. адзення і мастацтва, на аснове якіх выдадзены альбом «Беларускае народнае мастацтва» (1951). Першы з бел. этнографаў стварыў вял. фотатэку (каля 5 тыс. фотаздымкаў), у якой зафіксаваны тыпы адзення жыхароў розных куткоў Палесся, жылля, гасп. пабудоў, вырабы рамёстваў і інш. Сабраныя этнагр. матэрыялы і назіранні абагульнены ў працах «Сяло Вялікае: Малюнкі з жыцця Беларусі» (1910), «Паездкі па Палессі 1911 і 1912 гг.» (1914), «Беларусы-сакуны» (1915). У 2-й пал. 1920-х г. правёў раскопкі грунтавога могільніка 5—8 ст. каля Новага Быхава, даследаваў курганы дрыгавічоў (каля Мінска і Мазыра), радзімічаў (каля Новага Быхава, у басейнах рэк Проня і Ухлясць), крывічоў (па р. Ушача). Вывучыў каля 100 насыпаў, абследаваў і апісаў больш за 30 гарадзішчаў, селішчаў і стаянак.
Тв.:
Археалагічныя раскопкі ў аколіцах Менску ў 1925 г.Мн., 1927;
Вічынскія паляне. Мн., 1928;
Археалагічныя помнікі Ушацкага раёна Полацкай акругі // Зап.аддз.гуманіт. навук БАН. Мн., 1930. Кн. 11. Пр.археал. камісіі, т. 2;
Археалагічныя абследаванні ў вадазборах рэк Проні — Ухлясцх ў был. Магілёўшчыне // Працы секцыі археалогіі Інта гісторыі БАН. Мн., 1932. Т. 3.
Літ.:
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі. Пачатак XX ст.Мн., 1970;
Яго ж. Гісторыя беларускай савецкай этнаграфіі. Мн., 1972;
Цішчанка І.К. З творчай спадчыны І.А.Сербава // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1974. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЁМУХА (Васіль Сяргеевіч) (н. 18.1.1936, хутар Ясенец Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1959). Настаўнічаў, працаваў у Белдзяржвыдавецтве і выд-ве «Беларусь», у газ. «Літаратура і мастацтва», у 1972—97 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Перакладае з ням., польскай, лат., укр. і інш. моў. Пераклаў кн. прозы ням. аўтараў В.Брэдэля «Ад Эбра да Волгі» (1959), Л.Рэна «Вайна без бітвы» (1962), Г. дэ Бройна «Прысуджэнне прэміі» (1977), Г.Гофэ «Фінальны акорд» (1979, з М.Навіцкім), Г.Фалады «Даўным-даўно ў нас дома» (1981), Т.Мана «Доктар Фаустус» (1989, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1992), Г.Гесэ «Гульня шкляных перлаў» (1992), Г.Грымельсгаўзена «Авантурнік Сімпліцысімус» (1997), кн. паэзіі І.В.Гётэ «Фауст» (1976), Р.М.Рыльке «Санеты Арфею» (1982), К.Маркса «Лірыка, 1836—1837» (1989), паэму Ф.Ніцшэ «Так сказаў Заратустра» (1994), з польскай мовы Ю.Тувіма «Польскія кветкі» (1984); з лат. мовы кн. лірыкі В.Бэлшэвіцы «Белы алень» (1985), драму Я.Райніса «Агонь і ноч» (1988); з ісп. мовы зб. вершаў К.Шэрмана «Сны» (1989, з Р.Барадуліным), з рус. мовы кн. Ю.Лабынцава «Напой росою благодати...»: Малітоўная паэзія Кірылы Тураўскага» (1992). Пераклаў паасобныя творы А.Міцкевіча, М.Канапніцкай, Ю.І.Крашэўскага, Ц.Норвіда, В.Борхерта, І.Бехера, Г.Гейне, Ф.Фюмана, Э.Штрыгматэра, В.Лаціса, А.Чака, А.Скалбе, І.Зіеданіса, М.Нага і інш. Выдаў зб. выбраных перакладаў «Прыйдзі, стваральны дух» (1986), пераклаў на бел. мову «Найвышэйшую песню Саламонаву» (1994), «Новы запавет. Псалтыр» (1995), «Біблію» (2002). Пераклаў для Нац.т-ра імя Я.Коласа драму Ф.Шылера «Марыя Сцюарт» (1968) і п’есу О’Ніла «Каханне пад вязамі» (1994), для Рэсп.т-рабел. драматургіі трагіфарс Б.Брэхта «Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць» (1997), для Мінскага абл.драм.т-ра ў Маладзечне п’есу Т.Дорста «Гер Паўль» (1998).
Літ.:
Семяжон Я. Адкрыццё кантынента // Полымя. 1977. №8;
Караткевіч У. I наш «Фауст» // Маладосць. 1978. №5;
Рагойша В. Кантакты. Мн., 1982;
Крупкіна Г. Мастацкі космас гётэўскага «Фаўста» і яго перастварэнне па-беларуску // Роднае слова. 2000. №7—10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІКО́РСКІ ((Sikorski) Уладзіслаў) (20.5.1881, Тушаў-Нарадовы, каля г. Мелец, Польшча — 4.7.1943),
польскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген. броні (1940). Скончыў настаўніцкую семінарыю ў г. Жэшаў (1902), Львоўскі політэхн.ін-т (1908). З 1902 удзельнічаў у польскім нац.-вызв. руху. У 1-ю сусв. вайну адзін са стваральнікаў легіёнаў польскіх у Галіцыі (Аўстра-Венгрыя), з 1918 у Войску Польскім. Удзельнік польска-сав. вайны 1919—20 на тэр. Беларусі (камандаваў Палескай брыгадай, 5-й і 3-й арміямі). У 1921—22 нач. Генштаба. У снеж. 1922 — маі 1923 прэм’ер-міністр і міністр унутр. спраў Польшчы. З 1923 ген. інспектар пяхоты, у лют. 1924 — ліст. 1925 міністр вайск. спраў. Выступаў за знешнепаліт. арыентацыю Польшчы на Францыю. Памяркоўна ставіўся да нац. меншасцей, у т. л. беларусаў. У 1925—28 камандаваў войскамі ваен. акругі (Львоў). Пасля ваен. перавароту Ю.Пілсудскага 1926 адхілены ад гэтай пасады (1928). Быў апанентам «санацыйнага рэжыму». У 2-ю сусв. вайну прэм’ер-міністр і міністр вайск. спраў (з 30.9.1939) польскага ўрада ў эміграцыі (у Францыі, з чэрв. 1940 у Вялікабрытаніі), адначасова вярх. галоўнакамандуючы і генеральны інспектар узбр. сіл (з 7.11.1939). Імкнуўся да перамогі над нацысцкай Германіяй у саюзе з зах. краінамі (пасля 22.6.1941 і з СССР) і аднаўлення незалежнай польск. дзяржавы з даваен. усх. мяжой. Адзін з першых палітыкаў на Захадзе, які прапанаваў адкрыццё другога фронту. У ліп. 1941 заключыў савецка-польскае пагадненне 1941, паводле якога з польскіх ваеннапалонных і б. жыхароў Зах. Беларусі і Зах. Украіны створана Андэрса армія, а ў час свайго афіц. візіту ў СССР (снеж. 1941) падпісаў Дэкларацыю аб сяброўстве і ўзаемнай дапамозе з СССР (Дэкларацыя С. — Сталіна). Загінуў у авіякатастрофе каля Гібралтара пры нявысветленых абставінах. Аўтар шэрагу прац па пытаннях ваен. і дзярж. палітыкі міжваен. Польшчы.
Літ.:
Климковский Е. Я был адъютантом генерала Андерса: Пер. с пол. М., 1991;
Парсаданова В.С. Владислав Сикорский // Вопр. истории. 1994. № 9: Terlecki O. Władysław Sikorski. Wrocław etc., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАМАРО́ХІ,
народныя акцёры, вядомыя ўсх.-слав. народам са старажытнасці да пач. 20 ст. Першыя прафес. акцёры, дзейнасць якіх грунтавалася на нар. творчасці, выступалі як музыкі, спевакі, выканаўцы сцэнак, дрэсіроўшчыкі, акрабаты, фокуснікі, лялечнікі і інш. на плошчах гарадоў, мястэчак, вёсак, у замках, корчмах. Тэрмін «С.» паявіўся ва ўсх. славян у балг. перакладах з грэч. мовы ў 8—9 ст. Першае летапіснае ўпамінанне ў 1068, выява прадстаўлення С. — на фрэсках Сафійскага сабора ў Кіеве (1039). На Беларусі першае ўпамінанне тэрміна «С.» ў пропаведзях Кірылы Тураўскага, а выявы зафіксаваны ў археал. знаходках 12 ст. з Навагрудка (вухавёртка з выявай музыкі) і Ваўкавыска (шахматная фігурка ў выглядзе барабаншчыка). Захаваліся выявы С. у Аршанскім (13 ст.) і Мсціжскім (14 ст.) евангеллях, на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу 15 ст. Вядомы С. аселыя і вандроўныя. Аселыя жылі ў гарадах і мястэчках, часта мелі зямельныя надзелы і былі цесна звязаны з пэўнай гульнёвай нар. традыцыяй, удзельнічалі ў каляндарных і сямейных святах і абрадах, спрыялі развіццю тэатральна-гульнёвага пачатку. Вандроўныя С. не былі звязаны з якой-небудзь рэгіянальнай маст. традыцыяй. На Беларусі вядомы С.-музыкі, бахары (казачнікі, апавядальнікі баек і інш.), штукары (гімнасты, ілюзіяністы), мядзведнікі, лялечнікі і інш. Існавалі спец. вучэльні-школы, у т. л.Смаргонская акадэмія. У параўнанні з Маскоўскай дзяржавай, дзе С. зазналі ўціск з боку царк. і свецкіх улад і нават забарону дзейнасці (1648 і 1657), на Беларусі яны мелі адносна больш спрыяльныя ўмовы для свайго мастацтва і праіснавалі да пач. 20 ст. Апошні паказ С. «Велікодныя яйкі» зафіксаваны ў 1925 у в. Астроўна Віцебскай вобл. С. ўзбагачалі і плённа развівалі нар. тэатральнае мастацтва. Традыцыі мастацтва С. выразна адчуваюцца ў разнастайных формах нар. гульнёвай культуры.
Літ.:
Барщевский И. Несколько слов из истории искусства скоморохов. Ростов-Ярославский, 1914;
Белкин А.А. Русские скоморохи. М., 1975;
Каладзінскі М. Скамарохі // Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1.
Да арт.Скамарохі. Прадстаўленне скамарохамі русаллі. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу. 15 ст.Да арт.Скамарохі. Музыка іграе на псалтырыуме. Наверша вухавёрткі з раскопак у Навагрудку. 12 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́ДЗЕЛЬ,
горад у Гродзенскім р-не на р. Скідзелька. За 30 км ад Гродна. Чыг. станцыя на лініі Гродна—Масты; вузел аўтадарог на Гродна, Ліду, Масты, Азёры, Астрыну. 11,3 тыс.ж. (2001).
Вядомы з пач. 16 ст. як велікакняжацкі двор з воласцю ў Гродзенскім пав.ВКЛ. З 1588 С. — каралеўскі двор Гродзенскага староства Трокскага ваяв., адм.-гасп. цэнтр воласці. Паводле прывілея 1644 караля Уладзіслава IV у С. праводзіліся 2 кірмашы на год, таргі 2 разы на тыдзень. З 1783 мястэчка Гродзенскай эканоміі, цэнтр ключа. З 1795 у Рас. імперыі, у Гродзенскім пав. У 1885 — цэнтр воласці Гродзенскага пав., 1531 ж., гарбарная прамысловасць, бровар, нар. вучылішча (з 1860), 2 царквы, 4 крамы, аптэка, таргі. У 1897—2790 ж., 482 будынкі, бальніца. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 — гар. пасёлак. цэнтр Скідзельскага раёна і сельсавета (з 12.10.1940) Беластоцкай, з 20.9.1944 — Гродзенскай абл. 27.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі ў С. лагер смерці і загубілі там 2330 чал. На тэр раёна дзейнічалі Скідзельская раённая антыфашысцкая арганізацыя і Скідзельскае камсамольска-маладзёжнае падполле. 14.7.1944 С. вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. З 25.12.1962 у Гродзенскім р-не. У 1967 у межы С. ўключаны нас. пункт Саўгас Скідзельскі і пас. Цукровы Завод. У 1973—8,6 тыс.ж. З 30.1.1974 горад.
Працуюць прадпрыемствы: адкрытыя акц. т-вы «Скідзельскі цукровы камбінат» і «Гроднахлебапрадукт», Скідзельскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, з-д жалезабетонных вырабаў, племптушкарэпрадуктар «Юбілейны», камбінат быт. абслугоўвання і інш.; цэнтр саўгаса «Скідзельскі». У горадзе 3 сярэднія, муз. і спарт. школы, З б-кі, 2 дамы культуры, музей бел. паэта Міхася Васілька. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, 2 магілы камсамольцаў-падпольшчыкаў, магіла ахвяр фашызму, помнік камсамольцам-падпольшчыкам. Помнікі архітэктуры: царква Міхаіла Архангела (1851), касцёл Успення Маці Божай (1870-я г.), Скідзельскі парк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВА́ЦКІ ((Słowacki) Юльюш) (4.9.1809, г. Крэменец Цярнопальскай вобл., Украіна — 3.4.1849),
польскі паэт, драматург. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1825—28). У 1829 пераехаў у Варшаву. З 1831 у эміграцыі (Францыя, Швейцарыя, Грэцыя, Італія). Раннія вершы («Ода да вольнасці», «Куліг», «Песня літоўскага легіёна» і інш.) прысвечаны нац.-вызв. барацьбе. У паэмах «Гуго» (нап. 1829), «Манах», «Араб», «Ян Бялецкі» (усе нап. 1830), «Змяя» (нап. 1831) уплыў сусв.рамант. паэзіі. Праблемы тагачаснага паліт. жыцця ў цэнтры драм «Міндоўг, кароль літоўскі» (нап. 1829), «Марыя Сцюарт» (паст. 1862). Аўтар аўтабіягр. («Гадзіна роздуму»), гераічнай («Ламбро, грэчаскі паўстанец», абедзве 1833), філас.-патрыят. («Ангелі», 1838), псіхал. («Бацька зачумленых»), лірычнай («У Швейцарыі», абедзве 1839), рэаліст. («Бянёўскі», не закончана, выд. 1841) паэм. У «Паэме Пяста Дантышака... аб пекле» (1839) дантаўскія матывы. Вядомасць набылі яго рамант. драмы «Мазепа» (паст. 1847), «Баладына» (паст. 1862), «Ліля Венеда» (паст. 1863), «Фантазій» (паст. 1867), «Гарштынскі» (паст. 1879), «Кардыян» (паст. 1899), у якіх асэнсаванне канцэпцыі прыроды, гісторыі і чалавека, праблемы нац.-патрыят. руху ў Польшчы, трагедыя рамант. індывідуалізму, палеміка з А Міцкевічам, выкарыстанне свабоднай маст. формы. Зазнаў уплыў ідэй польскага месіянізму, спрабаваў стварыць сваю філасофію духу (гісторыка-філас. паэма «Кароль-Дух», не закончана; празаічная паэма «Генезіс духу», выд. 1866; драма «Сярэбраны сон Саламеі», паст. 1900). У позняй лірыцы асабістыя пачуцці пераплятаюцца з грамадз. матывамі («Гімн», «Мой тастамент», «Адказ на «Псалмы будучыні» і інш.). На бел. мову асобныя яго творы перакладалі А.Вольскі, С.Дзяргай, У.Дубоўка, А.Звонак, М.Лужанін, П.Пестрак, Я.Семяжон, М.Танк. Паводле аднайм. драмы Дзярж.т-р оперы і балета Беларусі паставіў оперу «Мазепа» (1952), Бел.т-р імя Я.Купалы — спектакль «Смерць ваяводы» (1959).
Тв.:
Dzieła wszystkie. Т. 1—17. Warszawa, 1952—76;
Бел.пер. — Выбранае. Мн., 1959;
Рус.пер. — Избр. соч. Т. 1—2. М., 1960;
Избранное. М., 1984.
Літ.:
Дерналович М. Юлиуш Словацкий. Варшава, 1986;
Ю.Словацкий: Биобиблиогр. указ. М., 1959;
Piwińska M. Juliuz Słowacki od duchów. Warszawa, 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Бу́ба (дзіцячае) ’зярняты’ (Нас.), ’гарошына’ (Сцяц.), ’гарох’ (Бяльк.), ягада’ (Шат., Яўс.), бу́бка ’бубачка’ (Нас., БРС, Сцяшк. МГ), ’бубка, ягады’ (Бяльк.), бу́бачка (БРС), буба́шкі ’галачкі з цеста’ (Касп.), ’пячэнне’ (Бяльк.), бу́бка ’страва з падпражаных, цеставых галачак’ (КЭС, лаг.), бу́бехі ’маладыя плады’ (Сцяц.), бубу́шка ’жоўты гарлачык’, бубы́шка ’пупышка’ (Касп.). Не вельмі лёгка рашыць, адкуль паходзіць тут аснова буб-: з прасл.*bób‑ ці *bub‑ (гл. пад буб). Некаторыя прыведзеныя словы могуць паходзіць і з *bob‑ (параўн. палес.буб ’боб’), а ў укаючых гаворках ненаціскное «о» наогул дае «у». Складанасць пытання можна зразумець і з таго факта, што некаторыя прыведзеныя вышэй словы сустракаюцца і з іншым вакалізмам. Так бу́бехі ’маладыя плады’ можна параўнаць з палескім бабі͡ех ’невялікі пучок бруднай і зліплай воўны на авечцы’, а буба́шкі ’галачкі з цеста’ маюць паралельную форму бабу́шкі (гл.). Літ-py гл. у артыкуле на буб-, а таксама Фасмер, 1, 225, дзе тлумачыцца рус.бу́ба.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Быць. Рус.быть, укр.бу́ти (дыял.зах.би́ти), польск.być, чэш.býti, в.-луж.być, н.-луж.byś, ст.-слав.быти, серб.-харв.би̏ти, славен.bíti. Прасл.*byti ’быць’. Параўн. літ.bū́ti ’быць’, лац.fuī ’я быў’, ст.-інд.bhūtíṣ ’быццё’, грэч.φύομαι раблюся’, гоц.bauan ’жыць’ і г. д. (агляд і.-е. форм і слав. вытворных гл. Траўтман, 41–42). Бернекер, 114; Праабражэнскі, 1, 58–59; Фасмер, 1, 260; Слаўскі, 1, 52; Махэк₂, 78–79; Брукнер, 51–52. І.‑е. *bheu̯ā‑ (цяжкая двухскладовая база, гл. Гірт, Gram., 2, 135–136; Гірт, Ablaut, 105; Бругман, 139 і наст.). Параўн. аблаутную форму *baviti (гл. ба́віцца1). Лічаць, што першапачатковае значэнне дзеяслова ’расці, узнікаць’. Параўн. яшчэ Айцэтмюлер, AfslPh, 22, 363–372. Іначай Ондруш (JČ, 14, 107), які зыходзіць з першапачатковага рухацца, бегчы’ (параўн. грэч.φεύγω ’бягу’). Сюды прасл.*bуtъ, *bytьje ’быццё’ (агляд форм гл. Бернекер, 113–115).