ашчаці́ніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.

1. Наставіць хіб, шчацінне ад злосці, страху і пад. Сабака ашчацініўся, гатовы ўкусіць. // Стаць старчма, дыбам, нібы шчацінне (пра валасы, вусы і пад.). Непакорная чупрына над вузкім сухім ілбом... [Есіпа] яшчэ больш ашчацінілася, плечы ўзняліся аж да вушэй. Дуброўскі. // перан. Выставіць якія‑н. вострыя прадметы (штыкі, пікі, калы і пад.). Натоўп загудзеў, скрануўся з месца, і раптам уся трыбуна ашчацінілася па загаду канапатага вінтовачнымі стваламі. Няхай. Ад сонца перасохла зямля на полі, патрэскалася і ляжыць голымі камякамі, ашчацініўшыся рэдкімі вузкімі і вострымі калівамі нізкарослай ярыны. Галавач.

2. перан. Разм. Узлавацца, стаць раздражненым. — Куды, паршывец! — ашчацініліся мужыкі. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бас, ‑а; мн. басы, ‑оў; м.

1. Самы нізкі мужчынскі голас. Машына павезла іх у стэп. Калі яна неўзабаве спынілася, густы бас Бурмакова прагучаў па-маладому звонка. — Прыехалі! Шыцік. // Спявак з такім голасам. Праз хвіліну нечакана, выразна і гучна загрымела музыка. Бас пачаў спяваць арыю Сусаніна. Шамякін.

2. Духавы або струнны музычны інструмент нізкага рэгістра. Аркестравыя балалайкі носяць назвы — прыма, секунда, альт, бас і кантрабас.

3. толькі мн. (басы́, ‑оў). Струны або клавішы музычнага інструмента, якія адзываюцца нізкім гукам. Разняў гармонь танкіст ўдалы Ды як націсне на басы. Колас. Доўга яшчэ гудзелі трубным гулам басы ўнутры раяля. Хомчанка.

[Іт. basso.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блакірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак.

1. каго-што. Арганізаваць (арганізоўвае) палітычную, гаспадарчую або ваенную блакаду. Блакіраваць абарону праціўніка. □ Следам на гасцінцы паказалася новая калона .. Гэта вялі палонных карнікаў, якія блакіравалі партызанаў на Цаліку. Новікаў. У палове мая фашысты блакіравалі пушчу, у якой дыслацыраваліся партызаны. Карпюк.

2. што. Закрыць (закрываць) пуць паміж станцыямі, карыстаючыся блакіроўкай (у 2 знач.).

3. што. Перагарадзіць (перагароджваць), загарадзіць (загароджваць) праход, шлях і пад. [Даследчая] партыя ідзе далей, а на яе месца прыходзіць земснарад, блакіруе перакат змяістым хобатам пантонных груб. Ракітны.

4. перан.; што. Паралізаваць. Самаўпэўненасць старшыны абяззбройвала, блакіравала волю і намер. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гар, ‑у, м.

1. Едкі пах ад няпоўнага згарання чаго‑н. Праз шчыліны ў акне цягне гарам: у агародзе маці паліць смецце і сухі бульбоўнік. Пташнікаў.

2. Рэшткі ад згарання якога‑н. рэчыва; нагар. На каменне падаў чорны гар. Вядомы Настачцы свет канчаўся і тлеў. Чорны.

3. Выпаленае месца ў лесе; пажарышча. Так і стаяць у мяне перад вачамі тая далёкая Палеская зямля, шырокія лясныя гары з абвугленымі стваламі і адзінокае.. печышча сярод кучы попелу. Хомчанка.

4. Адходы, рэшткі перагарэлага каменнага вугалю, якія скарыстоўваюцца пры будаўніцтве дарог і інш.

•••

Гары яно гарам; хай яно гарам гарыць гл. гарэць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асталява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.

Пасяліцца, асесці. Адным словам, жыхарства гэтай вёскі выяўляла сабою праўдзівых дзяцей лесу, якія як бы зусім яшчэ нядаўна асталяваліся тут і толькі што пераходзілі ад аднае формы жыцця да другой. Колас. // Уладкавацца на працу, кватэру і пад. Назаўтра к вечару ён [Сашка] ужо асталяваўся і на працы і на кватэры, так што к дванаццаці гадзінам ночы быў ужо вольны. Чорны. // Размясціцца, спыніцца. Незадаволеныя, мы пачалі аглядвацца і перамаўляцца, ці не лепш асталявацца ў якім-небудзь гумне. Марціновіч. // перан. З’явіўшыся, замацавацца. Ад нараджэння ў нутры маім вечным госцем асталявалася гультайства. Пальчэўскі. На хмурных дарогах надоўга асталявалася восень. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ах, выкл.

1. Перадае спалох, нечаканае здзіўленне, неспадзяваную радасць і іншыя пачуцці; тое, што і вой. [Рыгорка:] — Ах, аладачкі якія вашы смачныя! Як вы іх рабілі? Краўчанка. Ах, як хораша жыць, Як хочацца жыць, Як прагне сэрца зорных начэй. Кірэенка. // Перадае здагадку, думку і пад., што прыйшло нечакана; тое, што і а ​4 (у 1 знач.). Ах, прыпомніў: бачыў я калісьці На вайне дзяўчынку ў шынялі. Смагаровіч.

2. Перадае пачуццё гора, шкадавання. [Стасік:] — Ах, каб тут была мама! — Хлопчык азірнуўся назад, але мамы няма. Гарбук. // Перадае пачуццё абурэння, гневу. Ах, каб вас ваўкі з’елі — закрычаў дурань на сабак і кінуўся наўцёкі. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ву́сы, ‑оў; адз. вус, ‑а, м.

1. Валасяное покрыва над верхняй губою (у мужчын). Дзед Мірон закурвае люльку і з-пад парыжэлых вусоў выпускае кольцы дыму. Даніленка.

2. Шчаціністыя валасы па баках верхняй губы ў некаторых жывёл.

3. Тое, што і вусікі (у 2 знач.).

4. Тое, што і вусікі (у 3 знач.).

•••

Кітовы вус — гнуткія, пругкія рагавыя пласціны на верхняй сківіцы кіта, якія выкарыстоўваюцца для дробных вырабаў: карсетаў, шчотак і пад.

І ў вус (сабе) не дзьме гл. дзьмуць.

Матаць (сабе) на вус гл. матаць ​1.

Пасмейвацца ў вусы гл. пасмейвацца.

Самі з вусамі гл. сам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акруглі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

1. Зрабіць круглым; падаць чаму‑н. акруглую форму. Далёкія кусты ў тонкім прыцемку раскупчасціліся, акруглілі свае абрысы і ў гордасці сваёй ядлаўцовай застылі перад адзінокай вярбою. Чорны. // Зрабіць больш кампактным. Невядома, што будзе далей з арэндаю, бо скарб хоча пусціць гэтую зямлю на замену з сялянамі на канцы вясковых шнуроў, якія падыходзяць або ўкліняюцца ў скарбовы лес, каб такім чынам акругліць княжацкія ўладанні. Колас. // перан. Разм. Надаць закончаны выгляд (думцы, фразе і пад.).

2. Выразіць у круглых лічбах. Акругліць дзесятковы дроб.

3. перан. Разм. Давесці да значных памераў; павялічыць. Акругліць суму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аб’е́кт, ‑а, М ‑кце, м.

1. Матэрыяльная рэчаіснасць, навакольны свет, які існуе па-за намі і незалежна ад нашай свядомасці. Аб’ект пазнання.

2. З’ява, прадмет, асоба, якія падпадаюць пад уздзеянне каго‑, чаго‑н. Аб’ект назірання, навуковага даследавання. □ Жыццё народу ва ўсёй яго паўнаце і шматграннасці, праца і побыт народных мас — усё гэта прызначана быць аб’ектам творчасці паэта. Івашын.

3. Прадпрыемства, будоўля, асобны ўчастак чаго‑н. як адзінка гаспадарчага або абароннага значэння. Рабочых перавялі на другія аб’екты — каго на будаўніцтва рабочага пасёлка, каго — на падсобныя памяшканні. Няхай. Мірнае насельніцтва выходзіла на будаўніцтва абаронных аб’ектаў. Краўчанка.

4. Тое, што і дапаўненне (у 3 знач.).

[Ад лац. objectum — прадмет.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кляймо́, ‑а́; мн. кле́ймы (з ліч. 2, 3, 4 кляймы́), кле́ймаў; н.

1. Пячатка, знак, якія ставяцца на вырабах і паказваюць гатунак тавару, назву прадпрыемства і пад. Фабрычнае кляймо. Завадское кляймо. □ Павел сядзеў на нізкім табурэціку і, схіліўшы галаву, разглядаў кляймо фабрыкі на падкладцы капелюша. Шамякін. // Выпалены знак на скуры жывёлы. // Метка, звычайна ў форме літар, выпаленая на целе злачынца (у некаторых дзяржавах і ў Расіі да 1863 года).

2. перан.; чаго або якое. Знак, сведчанне чаго‑н. (звычайна ганебнага). Кляймо забойства. □ Занятак адкладвае на кожнага своеасаблівае кляймо. Бядуля.

3. Прылада, якой кляймуюць.

•••

Каінава кляймо — след злачынства на кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)