МЯ́СТРА,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Нарач, каля г. Мядзел, у межах Нарачана-Вілейскай нізіны. Пл. 13,1 км², даўж. 5,8 км, найб. шыр. 4,5 км, найб. глыб. 11,3 м, даўж. берагавой лініі 20,2 км, аб’ём вады 70,2 млн. м³. Пл. вадазбору 130 км². Уваходзіць у Нарачанскую групу азёр, нац. парк Нарачанскі. Катлавіна падпруднага тыпу. 2 мысы (горы Конеўка і Галыжына), якія далёка ўразаюцца ў возера, аддзяляюць паўн. і паўд. плёсы. Схілы выш. 2—3 м (на Пн і ПнУ 6—10 м), спадзістыя, разараныя, на Пд і ПдЗ укрытыя лесам. Берагавая лінія ўтварае некалькі паўастравоў і заліваў (Панасаўка, Мядзельская лука, Паўн. лука і інш). Берагі на Пн і ПнУ абразіўныя, зліваюцца са схіламі, астатнія нізкія, пясчаныя, на Пд і У забалочаныя. На асобных участках уздоўж берагоў цягнецца берагавы вал выш. да 1 м. Дно паўн. плёса са шматлікімі пясчанымі і пясчана-жвіровымі падняццямі і ўпадзінамі (глыб. 8—11 м). У паўд. плёсе глыб. да 8 м. Зона мелкаводдзя пясчаная, на асобных участках пясчана-галечная, завалуненая. Глыбей пашыраны сапрапелі і ілы гляі*. Сярэдняя магутнасць асадкаў 4—5 м, у залівах да 7—8 м. Ваганні ўзроўню вады да 40 см за год. Ледастаў з 1-й дэкады снеж. да 2-й дэкады красавіка; найб. таўшчыня лёду 75 см. Вял. колькасць кіслароду, мінералізацыя вады да 250 мг/л, празрыстасць 1,5 м. Эўтрофнае. Расліннасць утварае ўздоўж берагоў некалькі палос (шыр. да 300 м). Падводная расліннасць да глыб. 4 м. Іхтыяфауна ляшчова-судаковая, водзіцца вугор. Зарыбленне (судак, сазан і інш.). Багатая арнітафауна. М. злучана пратокамі з азёрамі Баторына, Скрыпава, Шастакова. Сцёк праз пратоку Скема (даўж. 200 м) у воз. Нарач. Рыбалоўства. Курортная зона. Гідралагічныя назіранні з 1961. На паўд. беразе гідралагічны заказнік Чарэмшыца, на У паміж азёрамі М. і Баторына помнікі прыроды Качаргінская ірада, вял. камень Качаргінскі.

Літ.:

Боровик Е.А. Рыбопромысловые озера Белоруссии. Мн., 1970.

Б.​П.​Уласаў.

На беразе возера Мястра.

т. 11, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАРЫ́ЦКІ РАЁН.

На ПдЗ Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 29,1 тыс. чал. (1998), гарадскога 40%. Сярэдняя шчыльнасць 21 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Маларыта. Уключае 78 сельскіх населеных пунктаў, 9 сельсаветаў: Арэхаўскі, Велікарыцкі, Гвозніцкі, Лукаўскі, Макранскі, Маларыцкі, Олтушскі, Хаціслаўскі, Чарнянскі.

Тэрыторыя раёна размешчана ў межах Брэсцкага Палесся. Паверхня — плоская раўніна з асобнымі ўчасткамі дзюнна-ўзгорыстых форм. Агульны нахіл з Пд на Пн. 99% тэрыторыі на выш. 150—170 м, найвыш. пункт 189 м (за 4 км на ПдЗ ад Маларыты). Карысныя выкапні: мел, торф, сапрапель, сілікатныя і буд. пяскі, гліна. Сярэдняя т-ра студз. -4,4 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў 543 мм за год.

Вегетац. перыяд 207 сут. Найб. р. Рыта (прыток Мухаўца) з прытокам Маларыта. Азёры Арэхаўскае, Олтушскае, Малое. Лукаўскае вадасховішча. Найб. меліярац. каналы Бона, Гусацкі, Замшанка. Пераважаюць глебы дзярнова-карбанатныя забалочаныя (33,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,2%), тарфяна-балотныя (29,2%). Пад лесам 45% тэр. раёна. Лясы хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя, дубовыя і інш., чвэрць з іх — штучныя насаджэнні. Пад балотамі каля 20% тэрыторыі, большая ч. з іх асушана. Заказнікі: рэсп. значэння біял. Лукава; бат. мясц. значэння Гусакі і Багуслаўка. Помнікі прыроды: рэсп. значэння — Цар-дуб (800 гадоў), Дуб-патрыярх (700 гадоў), ельнікі астраўныя ў Пажэжынскім і Маларыцкім лясніцтвах.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 46,3 тыс. га, з іх асушаных 74%. На 1.1.1999 у раёне 15 калгасаў, 38 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы і цукр. буракоў. Прадпрыемствы харч. і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Брэст—Ковель і аўтадарогі Кобрын—Уладава і Брэст—Ковель. У раёне 15 сярэдніх, 6 базавых, 8 пач., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 16 дашкольных устаноў, 30 дамоў культуры і клубаў, 28 б-к, 4 бальніцы, паліклініка, 4 амбулаторыі, 11 фельч.-ак. пунктаў. Арх. помнікі: цэрквы Раства Багародзіцы (2-я пал. 17 ст.) у в. Дарапеевічы, Раства Багародзіцы (1713) у в. Ляхаўцы, Праабражэнская (1783) у в. Олтуш, Праабражэнская (1799) у в. Хаціслаў. Выдаецца газ. «Голас часу».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 10, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́Я РЭ́КІ,

невялікія водныя патокі, якія звычайна маюць сцёк на працягу ўсяго года. Умоўна да М.р. прынята адносіць рэкі з вадазборам да 2 тыс. км²; часта пры падзеле рэк на вялікія, сярэднія і малыя кіруюцца даўжынёй рэчышчаў. З’яўляюцца асн. кампанентам у складзе гідраграфічнай сеткі, вызначаюць воднасць і якасны стан вял. рэк; з М.р. складаецца верхняе звяно фарміравання паверхневага сцёку, для якога характэрны адносна высокая воднасць у час раставання снегу або ліўневых і зацяжных дажджоў і нізкая ў інш. перыяды года. Некат. М.р. могуць перасыхаць або перамярзаць. На М.р. часта знаходзяцца нерасцілішчы рыб, многія з іх маюць значнае паляўніча-гасп. і эстэт. значэнне. Асаблівая ўвага да М.р. звязана з іх вял. рэсурсаахоўнай і асяроддзеўтваральнай роляй, што найб. выразна выяўляецца ў зонах інтэнсіўнай меліярацыі. На Беларусі М.р. лічаць рэкі з пл. вадазбору да 250 км² ці даўж. да 100 км, у практыцы прыродаахоўнай дзейнасці да іх адносяць рэкі даўж. да 200 км. Усяго на Беларусі 20 780 рэк і ручаёў, з іх М.р. 20 732, рэк даўж. больш за 100 км — 48.

Найб. распаўсюджаны раўнінныя М.р. Яны працякаюць у адносна неглыбокіх, добра распрацаваных шырокіх далінах са спадзістымі схіламі. маюць звілістыя рэчышчы, складзеныя з лёгкаразмыўных грунтоў, з чаргаваннем плёсаў і перакатаў, невял. нахілы, павольнае цячэнне. У межах узвышшаў даліны М.р. больш выразныя, цячэнне больш хуткае, месцамі, асабліва ў вярхоўях, яны цякуць у ярах, берагі якіх стромкія, узроўні вады пры раставанні снегу і значных дажджах могуць павышацца на 2—3 м, а потым хутка спадаць. На Пд Беларусі шмат М.р. цякуць па балотах або маюць значныя прасторы іх у складзе вадазбораў. Для іх характэрны зацяжныя разводдзе і паводкі. некалькі паніжаны межанны сцёк. Значная ч. М.р. выцякае з азёр або цячэ праз іх. Яны характарызуюцца больш нізкімі модулямі макс. сцёку і павышаным сцёкам у межань, больш працяглым разводдзем. Многія М.р. служаць асн. крыніцамі водазабеспячэння, водапрыёмнікамі меліярац. сістэм, вял. колькасць іх каналізавана ў працэсе меліярацыі.

І.​Я.​Афнагель.

Да арт. Малыя рэкі. Рака Раста каля вёскі Астравы Чавускага раёна.

т. 10, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ТРЫКАЎ,

горад, цэнтр Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл., прыстань на р. Прыпяць. За 190 км ад Гомеля, 13 км ад чыг. ст. Муляраўка на лініі Калінкавічы—Лунінец, аўтадарогамі злучаны з Мазыром, Калінкавічамі, Жыткавічамі. 11,6 тыс. ж. (2000).

Паводле падання заснаваны ў 10 ст. яцвяжскім кн Петрыкам. У пісьмовых крыніцах 15 ст. вядомы як мястэчка ў ВКЛ, з канца 15 ст. ў Слуцкім княстве, з 1507 у Навагрудскім пав. Належала Алелькавічам, з 17 ст. Хадкевічам. У 15—16 ст. існавала крэпасць, якая разбурана ў час вайны Маск. дзяржавы з ВКЛ 1534—37. У 1595—96 двойчы захоплены казацка-сялянскім атрадам С.Налівайкі. У час народна-вызваленчай вайны беларускага і ўкраінскага народаў 1648—54 П. быў базай паўстанцаў, з якой адпраўлялі боепрыпасы ў суседнія бел. гарады. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у 1655 тут стаяў гарнізон з навакольнай шляхты і мяшчан. У 1664 знаходзіўся ў руках казакоў палкоўніка Дацко Васілевіча. У 18 ст. ў П. былі развіты шавецкі промысел і выраб аўчын. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Мазырскага пав. У 1897—5,5 тыс. ж., каля 400 двароў, прыстань, 2 пач. школы, бальніца, касцёл, 2 царквы. У 1924 у П. чарапічны і 8 гарбарных з-даў, 2 цагельні, 460 саматужнікаў. З 17.7.1924 цэнтр раёна, з 3.7.1925 горад; працавала арцель па буд-ве баржаў. У 1939—5,8 тыс. ж., цагельны з-д, леспрамгас, рыбгас. З 29.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут 1,2 тыс. чал.; дзейнічала Петрыкаўскае патрыятычнае падполле, падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. Вызвалены 29.6.1944 воінамі 61-й арміі 1-га Бел. фронту і маракамі Дняпроўскай ваеннай флатыліі ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. У 1959—7,2 тыс. ж., у 1970—8,5 тыс. жыхароў.

Працуюць Петрыкаўскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, з-д керамзітавага гравію, акц. т-вы «Агратэхсервіс» і «Сельгасхімія», з-д сухога абястлушчанага малака, камбінаты буд. матэрыялаў і быт. абслугоўвання, лясгас і хлебазавод. 3 б-кі. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і падпольшчыкаў. Помнікі: сав. воінам-вызваліцелям, В.І.Талашу; архітэктуры — Петрыкаўская Мікалаеўская царква, Петрыкаўская Пакроўская царква.

Петрыкаў. Фрагмент забудовы вуліцы Гагарына.

т. 12, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ЗА (Pisa),

горад у Цэнтр. Італіі, на р. Арна, у вобл. Таскана. Адм. цэнтр прав. Піза. Каля 120 тыс. ж. (2000). Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Злучаны суднаходным каналам з портам Ліворна. Прам-сць: маш.-буд., хім., фармацэўтычная, шкляная, керамічная, тэкст., гарбарна-абутковая. Ун-т (з 1343), у якім вучыўся Г.​Галілей. Нац. музей Сан-Матэа.

У старажытнасці горад этрускаў, з 180 да н.э. рым. калонія. З 4 ст. н.э. рэзідэнцыя епіскапа. У 9—11 ст. буйны гандл. цэнтр. У пач. 11 ст. жыхары П. вялі паспяховую барацьбу з арабамі, авалодалі Корсікай і Сардзініяй, удзельнічалі ў 1-м крыжовым паходзе (1096—99), атрымалі вял. прывілеі на Усходзе, мелі факторыі ў Сірыі, Палесціне і Канстанцінопалі. Паспяховы паход у 1113—14 супраць араб. панавання на Балеарскіх а-вах забяспечыў П. ўплыў у Зах. Міжземнамор’і. Канкурэнцыя Генуі і Венецыі, разгром генуэзцамі пізанскага флоту (1284) прывялі да заняпаду ў П. марскога гандлю, да страты Сардзініі. У сярэдзіне 11 ст. ў П. консульскае праўленне, у сярэдзіне 12 ст. камуна, у 14 п. ўсталявана тыранія. У 1406 П. заваявана Фларэнцыяй. З 1569 у складзе Вял. герцагства Тасканскага, разам з якім у 1861 увайшла ў аб’яднанае Італьян. каралеўства.

Ад рым. часоў захаваліся рэшткі тэрмаў (2 ст. н.э.), амфітэатра, форума. Раманскія пабудовы ў П. паўплывалі на развіццё сярэдневяковага дойлідства Італіі. Яны адметныя багатай пластыкай фасадаў, ажурнасцю арх. дэкору (шмат’ярусныя аркатуры), арыгінальнай колеравай кампазіцыяй (чаргаванне белага і чорнага мармуру): ансамбль саборнай плошчы («Плошчы цудаў») з саборам (1063—1160, 5-нефавая базіліка, у інтэр’еры амбон работы Дж.​Пізана); кампаніла, ці т. зв. «Падаючая вежа» (1174—1372); баптыстэрый (пачаты ў 1153, скульпт. вонкавы дэкор і амбон — Н.​Пізана); крытыя могілкі Кампасанта (з 1278 арх. Дж. ды Сімоне). Сярод інш. помнікаў: касцёл Сан-Паала а Рыпа д’Арна (1148), Палацца дэі Кавальеры (перабудова, 1562), касцёл Сан-Стэфана дэі Кавальеры (1565—69. абодва арх. Дж.​Вазары). Нац. музей Сан-Матэа (тасканскі жывапіс і скульптура 12—15 ст.). Ансамбль саборнай плошчы ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура).

Піза. Ансамбль саборнай плошчы.

т. 12, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУ́СІЯ (Preußen),

дзяржава, потым зямля (адм. адзінка) у Германіі (да 1945). Асн. гіст. ядро П. — Брандэнбург, які аб’яднаўся ў 1618 з анклаўнай тэрыторыяй — герцагствам Прусія (у далейшым — Усходняя П.), што ўзнікла ў 1525 на ч. зямель Тэўтонскага ордэна, захопленых ім у прусаў (адсюль назва). Брандэнбургска-Пруская дзяржава ў 1701 стала каралеўствам П. (сталіца — Берлін). Кіруючую ролю ў эканам. і паліт. жыцці П. адыгрывала юнкерства. Прускія каралі з дынастыі Гогенцолернаў (Фрыдрых II, Фрыдрых Вільгельм II, Фрыдрых Вільгельм III) у 18—1-й пал. 19 ст. значна пашырылі тэр. дзяржавы, у т. л. ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай. З часоў каралявання Фрыдрыха Вільгельма 1 [1713—40] аформіўся ваен.-бюракратычны лад прускай дзяржавы. У час напалеонаўскіх войнаў тут праведзены Штайна-Гардэнберга рэформы. Пасля франка-прускай вайны 1870—71 прускае юнкерства на чале з О.Бісмаркам завяршыла аб’яднанне Германіі на пруска-мілітарысцкай аснове; прускі кароль стаў і герм. імператарам. У выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі ліквідавана манархія, П. стала адной з герм. зямель (найбуйнейшая, у 1939 мела пл. 294 159 км², 41,8 млн. жыхароў). У 2-ю сусв. вайну фаш. ўлады аб’явілі аб уключэнні ў склад Усходняй П. паўн.-зах. раёнаў Брэсцкай і Беластоцкай абласцей Беларусі з гарадамі Гродна, Ваўкавыск і інш. (акруга Беласток); у Берліне дзейнічалі Беларускае прадстаўніцтва і Беларускі нацыянальны цэнтр, выдавалася газ. «Раніца». Пасля разгрому нацысцкай Германіі ў 2-й сусв. вайне П. падзелена на асобныя землі (1945), тэр. Усходняй П. перададзена СССР [каля1/3 усёй тэрыторыі з г. Кёнігсберг (цяпер Калінінград), у 1946 тут створана Калінінградская вобласць] і Польшчы. У 1947 Кантрольны савет у Германіі прыняў закон № 46 аб ліквідацыі прускай дзяржавы як апоры мілітарызму і рэакцыі.

Літ.:

Лависс Э. Очерки по истории Пруссии: Пер. с фр. Калининград, 1990 [рэпр. выд.: М., 1915];

Восточная Пруссия: С древн. времен до конца второй мировой войны: Ист. очерк. Калининград, 1996;

Кони Ф.А. Фридрих Великий. Ростов н/Д, 1997;

Яго ж. История Фридриха Великого. М., 1997.

т. 13, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ПЯЦКІ,

нацыянальны парк у Жыткавіцкім, Петрыкаўскім і Лельчыцкім р-нах Гомельскай вобл. Створаны ў 1996 з мэтай захавання і ўзнаўлення унікальных прыродных комплексаў Палесся, развіцця вытв.-гасп. базы рэгіёна, арганізацыі турызму і адпачынку насельніцтва. Пл. 82,4 тыс. га, у т. л. запаведная 29,2 тыс. га.

У склад парку ўвайшлі тэр. Прыпяцкага ландшафтна-гідралагічнага запаведніка і ўчастак р. Прыпяць з пойменнымі і прыпоймавымі землямі левабярэжжа. Займае ч. Палескай нізіны. Рэльеф раўнінны са шматлікімі паніжэннямі і эолавымі ўтварэннямі. Поймавыя і лесабалотныя комплексы складаюць 95% тэр. парку. Поймавыя (пераважна дробназлакавыя) лугі. Нізінныя, пераходныя і вярховыя балоты (у правабярэжнай ч. парку буйнейшы ў Еўропе масіў балот пераходнага і вярховага тыпаў). Расліннасць Палеска-Прыдняпроўскай геабат. акругі, падзоны шыракаліста-хваёвых лясоў. Лясы займаюць 70% тэр., уключаюць 25 відаў дрэвавых і 33 кустовых парод. Хвойныя, шыракалістыя, драбналістыя вытворныя, лісцевыя карэнныя балотныя і поймавыя лясы з хвоі, бярозы пушыстай і павіслай, дуба, вольхі чорнай, ясеня, асіны, граба, елкі (астраўныя мікрапапуляцыі і прымесь у мяшаных насаджэннях). Сярэдні ўзрост лясоў 70 гадоў. У падлеску ляшчына, рабіна, крушына ломкая, свідзіна, чаромха, вярба, парэчкі. Унікальныя поймавыя дубровы (сярэдні ўзрост перавышае 200 гадоў) і зараснікі вярбы (узрост асобных дрэў больш за 100 гадоў). У флоры 827 відаў вышэйшых раслін, 196 імхоў, 184 лішайнікаў, 321 водарасцей, каля 1000 відаў грыбоў. Зубніца клубняносная, купальнік горны, лілея кучаравая, касач сібірскі, сліва калючая, гарлачык белы, сальвінія плывучая і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 50 відаў млекакормячых, 246 птушак, 7 рэптылій, 11 амфібій, 36 рыб, больш за 2 тыс. насякомых. Звычайныя дзік, лось, казуля, бабёр, воўк, ліс, заяц-русак, куніцы звычайная і каменная, выдра, вавёрка, глушэц, цецярук, перапёлка, курапатка шэрая, вадаплаўныя птушкі і інш. Зубр, рысь, барсук, некалькі відаў лятучых мышэй, беркут, скапа, арлан-белахвост, пугач, сыч дамавы, бусел чорны, журавель шэры, гальштучнік, кулік-сарока, бугаі малы і вялікі, марадунка, чайка і крачка малыя, чарапаха балотная і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У П. створаны 2 вольнажывучыя статкі зуброў (завезены ў 1987 і 2000 з Белавежскай пушчы), у якім налічваецца больш за 40 жывёл. Адм. цэнтр П. ў г.п. Тураў.

А.​А.​Галдзянкоў.

т. 13, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ, натуральныя рэсурсы,

кампаненты прыроды, якія выкарыстоўваюцца, ці могуць быць выкарыстаны ў якасці сродкаў вытворчасці і прадметаў спажывання для забеспячэння матэрыяльных і інш. патрэб чалавека; гіст. катэгорыя, звязаная з патрэбнасцямі і магчымасцямі грамадства, развіццём навукі і тэхнікі. Уключаюць сонечную радыяцыю, атмасферу, спрыяльныя кліматычныя ўмовы (т-ра паветра, ападкі), карысныя выкапні, глебы, водныя рэсурсы, натуральную расліннасць, жывёльны свет, ландшафты і інш. Маюць дваісты характар: паводле матэрыяльнай формы іх уласцівасці, генезіс і геагр. размеркаванне маюць прыродныя заканамернасці і вывучаюцца прыродазнаўчымі навукамі; паводле эканам. зместу вызначаюцца ўзроўнем даследаванасці, тэхн. магчымасцямі, сац.-эканам. мэтазгоднасцю выкарыстання. Паводле генезісу вылучаюцца мінер., водныя, зямельныя, біял., кліматычныя рэсурсы. Паводле вычарпальнасці П.р. падзяляюцца на вычарпальныя і невычарпальныя (энергія сонца, ветру, прыліваў і інш.). Вычарпальныя прадстаўлены рэсурсамі, якія ўзнаўляюцца (урадлівасць глебы, біяпрадукцыйнасць расл. і жывёльнага свету) і не ўзнаўляюцца (карысныя выкапні). Могуць пераходзіць з адной катэгорыі ў другую. Паводле магчымасці замены адных рэсурсаў інш. вылучаюцца замяняльныя (метал — пластмасай, керамікай і інш.) і незамяняльныя (атмасферны кісларод для дыхання і інш.); паводле эканам. папаўняльнасці (за кошт з’яўлення новых крыніц, новых тэхналогій) — папаўняльныя і непапаўняльныя рэсурсы. Энергетычныя рэсурсы таксама падзяляюцца на рэсурсы, якія ўдзельнічаюць у пастаянным звароце і патоку энергіі (сонечная і гравітацыйная энергія, зямны магнетызм і інш.), дэпаніраваныя (нафта, вугаль, прыродны газ, торф, гаручыя сланцы) і штучныя крыніцы энергіі (атамная, тэрмаядзерная). Вылучаюць асобна пазнавальна-інфарм. рэсурсы, якія дазваляюць людзям уявіць сучасны і мінулы стан прыродных і прыродна-антрапагенных утварэнняў; рэсурсы прасторы (тэрыторыі, прастораў водных і паветраных) і часу (запас часу, які можа быць выкарыстаны для вырашэння экалагічных праблем). Існуе тэрмін інтэгральны рэсурс планеты — сукупнасць усіх рэсурсаў Зямлі, які дае магчымасць больш поўна ацэньваць іх стан і наяўнасць. На Беларусі ёсць розныя П.р.: спрыяльныя для гаспадарання кліматычныя ўмовы і глебавае покрыва, каля 1/3 тэр. ўкрыта лесам, густая сетка рэк, вял. колькасць азёр, багатых рыбай, радовішчы калійных і каменнай солей, нафты, бурага вугалю, гаручых сланцаў, торфу, сапрапеляў, буд. матэрыялаў, мінер. і прэсных вод і інш.

В.​С.​Аношка.

т. 13, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСАЛО́М, псалм,

псалмы (ад грэч. psalmos песня пад акампанемент арфы, хвалебная песня),

рэлігійнае песнапенне са Старога запавету.

Прыпісваюцца цару Давіду (канец 11 ст.каля 950 да н.э.). Складаліся на працягу некалькіх стагоддзяў да н.э. вядомымі і ананімнымі паэтамі. У 1—3 ст. адбывалася пераасэнсаванне стараж.-грэч. царквой яўр. П. і песень прарокаў, пашырэнне іх у грэч. і лац. перакладах [грэч. зб. «Псалтэрыён» (бел. назва «Псалтыр») канчаткова склаўся ў 5—4 ст. да н.э.; колькасць і нумарацыя П. у розных песенніках не супадае]. У 2 ст. кананізаваны. П. — крыніца шматлікіх царк. пеўчых жанраў (хвалебныя, услаўляльныя песнапенні, малітвы). Яны фарміраваліся рознымі кірункамі: вольнае камбінаванне асобных строф і радкоў (антыфон, бязгрэшны, паліялей); ператварэнне прыпеваў да П. у самаст. жанры (алілуарый, пракімен); чаргаванне П. з новымі жанрамі: паміжпсалмія седальны, (з увядзеннем хрысціянства гэтыя жанры прыняты і правасл. царквой); для бытавога, хатняга ўжытку прызначаліся пазабогаслужэбныя вершаваныя паэтычныя пераклады П. з рыфмай і рыфмоўкай, з выкарыстаннем прынцыпова новых метадаў вершаскладання (адсюль т. зв. рыфматворныя псалтыры пазацарк., свецкага характару, а пакладзеныя на музыку, набывалі стылістыку канта, станавіліся псальмамі, якія маюць бытавыя танц. і нар. песенныя вытокі). П. пашыраны ў правасл. богаслужэнні. Псалтыр — настольная кніга ў правасл. богаслужэнні. У каталіцкім богаслужэнні большасць П. выкарыстана ў песнапеннях месы. У старажытнасці П. выконваліся антыфонна двума унісоннымі харамі. У сярэднія вякі сталі асновай гімнаў і інш. муз.-паэт. форм. У 14 ст. з’явіліся шматгалосыя П. Вял. папулярнасць у Францыі мелі гугеноцкія П. К.​Гудымеля (1565 — у 4-галосай апрацоўцы, у наступных выданнях — гамафонныя), у Польшчы П. з польскага 4-галосага «Псалтыра цара Давіда» Я.​Каханоўскага — М.​Гамулкі (1580), у Нідэрландах П.​Я.​Клеменса-«не папы».

На Беларусі былі папулярныя псалтыры Яна Любельчыка (1558), Каханоўскага—Гамулкі, аднагалосы Мацея Рыбіскага (1598, 1617, 1632, 1642, 1744 і інш.) — пераклад на польскую мову псалтыра Гудымеля, ням. зб-кі духоўных песень. Да тэкстаў П. звярталіся замежныя (Ф.​Мендэльсон, Ф.​Ліст, І.​Брамс, З.​Кодай) і рус. (І.​Стравінскі) кампазітары.

Л.​П.​Касцюкавец.

т. 13, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ШЧА (Язэп) (сапр. Плашчынскі Іосіф Паўлавіч; 20.5.1902, в. Каралішчавічы Мінскага р-на — 14.9.1964),

бел. паэт. Вучыўся ў БДУ (1925—27), Ленінградскім ун-це (1927—29). Настаўнічаў (1921—26), працаваў у Інбелкульце (1926), Бел. дзярж. выд-ве (1929—30). Адзін з заснавальнікаў літ. аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша». 25.7.1930 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у г. Шадрынск на Урале, у саўгасе «Джэмтэ» каля Анапы. У 1937—41 у Манькаўскай сярэдняй школе Мурамскага р-на Уладзімірскай вобл. Пасля вайны працаваў настаўнікам, дырэктарам Чаадаеўскай сярэдняй школы Мурамскага р-на. Рэабілітаваны ў 1956. З 1958 у Мінску. Друкаваўся з 1922. Аўтар паэт. зб-каў «Раніца рыкае» (1925), «Vita» (1926), «Дні вясны» (1927), «Песні на руінах» (1929). Раннім вершам уласцівы тонкае лірычнае светаадчуванне, шырыня асацыяцый, метафарычнасць, ускладненасць вобразнага мыслення, светлыя радасныя фарбы, бадзёрасць і жыццесцвярджальнасць. Захапляўся паэзіяй С.​Ясеніна, у чым яго абвінавачвала вульгарызатарская крытыка. Асабліва жорстка крытыкавалі яго «Лісты да сабакі» (1927). У віну паэту ставілі сум па родных мясцінах, тое, што адарваўся ад вёскі і не прыжыўся да гарадскіх муроў. У 1930 падрыхтаваны да друку зб-кі «Мой маніфест» і «Грэшная кніга» (не выдадзены). Паэмы «Песні вайны» (1927—28), «Крывавы плакат» (1930) пра грамадз. і імперыяліст. войны. Барацьбе бел. народа супраць фаш. акупантаў прысвечаны паэмы «Бор шуміць» (нап. 1957) і «Людвіся» (апубл. 1968). Пасляваен. лірыка П. вызначаецца аптыміст. настроем, мажорным гучаннем. На яго словы напісана шмат песень. Аўтар зб. для дзяцей «На Бабрыцы» (1960). На бел. мову пераклаў аповесць А.​Талстога «Дзяцінства Мікіты» (1960), вершы У.​Сасюры, Е.​Стулпана і інш.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—2. Мн., 1993—94.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Акрыленая рэвалюцыяй: (Паэзія «Маладняка»), Мн., 1962;

Глебка П. Паэзія барацьбы і перамогі. Мн., 1973;

Звонак А. Неспакойныя сэрцы. Мн., 1973;

Хведаровіч М. Незабыўнае. Мн., 1976;

Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. Мн., 1979;

Ярош М., Бечык В. Беларуская савецкая лірыка. Мн., 1979;

Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг. Мн., 1985.

Л.​М.​Гарэлік.

Я.Пушча.

т. 13, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)