НЕ́РАСТ,

адкладанне рыбамі і кругларотымі спелых ікры і малака з далейшым апладненнем. Адбываецца пры пэўных для кожнага віду ўмовах (сезон, т-ра, салёнасць вады, глыбіня, скорасць цячэння, субстрат і інш.), адным ці некалькімі заходамі. Субстратам для Н. літафільных рыб (асятры, ласосі, галавень, жэрах і інш.) служыць камяніста-галечнікавы грунт, псамафільных (напр., гальцы, печкуры) — пясок, часам карэньчыкі раслін, фітафільных (карп, лешч, плотка, сазан, шчупак і інш.) — расліны, астракафільныя (напр., гарчакі) адкладаюць ікру ў мантыйную поласць малюскаў, пад панцыр крабаў і інш., пелагафільныя (белы амур, камбалы, таўсталобікі, чахонь і інш.) — у тоўшчу вады. У трапічных і субтрапічных рыб сезонны Н. слаба выяўлены, расцягнуты, выспяванне ікры і Н. часта парцыённыя, раз за некалькі месяцаў. Большасць рыб халодных і ўмераных шырот нерастуюць раз за год, некат. прахадныя рыбы — 1—2 разы за жыццё. У час Н. ў многіх рыб развіваецца шлюбны ўбор.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАНАРО́ДЖАНАЕ ДЗІЦЯ́,

дзіця з моманту нараджэння і да канца першага месяца жыцця. Бывае даношанае (цяжарнасць 38—41 тыдзень), неданошанае дзіця, пераношанае (цяжарнасць больш за 41 тыдзень). Пасля нараджэння Н.д. прыстасоўваецца да ўмоў навакольнага асяроддзя. Адбываецца ўдасканальванне органаў і сістэм арганізма, асабліва сардэчна-сасудзістай сістэмы, сістэмы імунітэту. Н.д. мае масу цела ў сярэднім 3000—4000 г, даўж. 50—52 см. Даўж. галавы Н.д. складае чвэрць цела, акружнасць чэрапа — 34—36 см (на 1—2 см больш за акружнасць грудной клеткі) Да 3-га дня адпадае кукса пупавіны. У першыя 3—4 дні ў Н.д. адбываецца «фізіялагічная» страта масы цела (да 10%), з 6—7-га дня маса пачынае прыбываць (за 1-ы тыдзень павялічваецца на 600—700 г). Пераношанае Н.д. мае прыкметы трафічных парушэнняў (напр., шчыльныя косці чэрапа з закрытымі швамі і малымі цемечкамі), больш схільнае да захворванняў.

І.​У.​Дуда.

т. 11, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПАЛЬСКІ РАССТРЭ́Л 1905,

расстрэл царскімі войскамі сялян в. Опаль і Лядавічы Кобрынскага пав. 5, 6 і 22 снеж. сяляне в. Опаль і Лядавічы спынілі ўсе работы і ў пісьмовай форме выставілі аканому маёнтка патрабаванні: аддаць ім 600 дзес. зямлі, адмяніць адработкі за пашу, вадапой і за праезд да надзелаў, павысіць аплату працы ў маёнтку з 20 кап. да 1 руб. ў дзень, выплаціць ім 120 тыс. руб. за несправядлівае карыстанне памешчыкам спрэчных зямель. 10 снеж. забаставалі 50 батракоў. Памешчык не згадзіўся з патрабаваннямі і выклікаў роту салдат для аховы. На сходзе сяляне вырашылі захапіць маёнтак. 30 снеж. каля 700 чал. з абедзвюх вёсак пайшлі да сядзібы Салдаты адкрылі агонь: забілі 5 і цяжка паранілі 7 чал., 31 снеж. сяляне абяззброілі патруль і праніклі ў маёнтак. Быў забіты яшчэ 1 селянін. У маёнтак прыбыў эскадрон драгун, павет аб’яўлены на становішчы ўзмоцненай аховы.

К.​І.​Шабуня.

т. 11, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭМІ́РАВАННЕ (ад прэмія),

від матэрыяльнага стымулявання і заахвочвання работнікаў за канкрэтныя поспехі ў асабістай і калект. працы. Распрацоўка і ўкараненне сістэм П. ажыццяўляецца прадпрыемствам, а правільнасць выбару асн. яго элементаў (паказчыкі і ўмовы, колькасць прэміраваных, памер прэміі) ацэньваецца з пазіцый забеспячэння прынцыпу аплаты за працу і адпаведнасці эфекту, які павінен выяўляцца ў эканоміі выдаткаў на вытв-сць прадукцыі (работ, паслуг) і прырашчэнні прыбытку. П. можа быць штомесячнае, штоквартальнае, па выніках працы за год або інш. перыяды ў залежнасці ад асаблівасцей вытв-сці і працы, характару ўстаноўленых паказчыкаў, наяўнасці неабходных звестак аператыўнага і бухгалтарскага ўліку; таксама перыяды, што вызначаюцца сезоннасцю работ, працягласцю вытв. цыкла і інш. Памеры прэмій кожнага работніка вызначаюцца ў працэнтах да зарплаты па тарыфных стаўках (здзельных расцэнках), службовых акладах або ў памерах да -мінімальнай зарплаты. Ва ўсіх выпадках П. павінна быць забяспечана гарантаванасць крыніцы выплаты прэміі.

У.​Г.​Залатагораў.

т. 13, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁГАЛА́КТЫКІ,

разнавіднасць галактык, якія з’яўляюцца крыніцамі магутнага радыёвыпрамянення. Вядома больш за 500 Р.

Практычна ўсе галактыкі выпрамяняюць у радыёдыяпазоне. З прычыны вял. адлегласцей (большых за 5—6 Мпк) радыёвыпрамяненне звычайных галактык вельмі слабае, у сярэднім у мільён разоў меншае за аптычнае выпрамяненне. Інтэнсіўнасць радыёвыпрамянення Р. на некалькі парадкаў вышэйшая, у большасці выпадкаў іх аптычнае выпрамяненне слабае і не заўсёды можна атаясаміць Р. з аптычнай крыніцай. Радыёвыпрамяненне Р. мае сінхратронную прыроду (гл. Сінхратроннае выпрамяненне). З дапамогай радыёінтэрферометраў устаноўлена, што 75% Р. — падвойныя сістэмы. Самая магутная Р. — Лебедзь A (у сузор’і Лебедзь), у аптычным дыяпазоне мае 18-ю зорную велічыню; вобласць радыёвыпрамянення складаецца з 2 кампанентаў, размешчаных сіметрычна па абодва бакі ад зоны аптычнага выпрамянення. Лінейныя памеры кожнага кампанента 100 тыс. св. гадоў, адлегласць паміж імі 300 тыс. св. гадоў.

Літ.:

Пахольчик А.Г. Радиогалактики: Пер. с англ. М., 1980.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫСАРДЖЫМЕ́НТА (італьян. Risorgimento літар. адраджэнне),

нацыянальна-вызваленчы рух італьянскага народа за ліквідацыю аўстр. прыгнёту і аб’яднанне краіны; перыяд, калі гэты рух адбываўся: канец 18 ст. — 1861, канчаткова завяршыўся ў 1870 далучэннем да італьян. каралеўства Рыма. Найважнейшыя падзеі Р. — Рэвалюцыя 1848—49 у Італіі і Рэвалюцыя 1859—60 у Італіі. За кіраўніцтва Р. змагаліся 2 плыні: рэсп.-дэмакр. (лідэры Дж. Гарыбальдзі, Дж.Мадзіні і інш., якія імкнуліся аб’яднаць краіну ў форме дэмакр. рэспублікі) і ліберальная (лідэры К.Б.Кавур і інш., якія патрабавалі аб’яднання краіны пад уладай Савойскай дынастыі або папы рымскага). Пасля перамогі ліберальнай плыні ў 1861 створана Італьян. дзяржава ў форме канстытуцыйнай манархіі. Другім Р. наз. вызв. барацьбу італьян. народа ў 1943—45 супраць ням.-фаш. акупантаў і італьян. фашыстаў у час 2-й сусв. вайны. У антыфаш, фронце аб’ядналіся розныя сац. і паліт. сілы, якія змагаліся за нац. вызваленне і дэмакр. пераўтварэнні ў краіне.

т. 13, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАНЧО́ВЫЯ (Acridoidea),

надсямейства караткавусых насякомых атр. прамакрылых. У сусв. фауне больш за 10 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Адрозніваюць статкавых (саранча) і нястаткавых С. (кабылкі, тэтрыгідавыя). На Беларусі каля 50—70 відаў. Насякомыя адкрытых ландшафтаў. Большасць расліннаедныя. Шкоднікі пасеваў, пашы, сенажацей.

Даўж. ад некалькіх мм да 10 см. Цела карычневае, зеленаватае, жаўтаватае, жаўтаватае з разнастайным малюнкам. Ротавыя органы грызучыя. Вусікі не большыя за палавіну даўж. цела. Заднія ногі з патоўшчанымі сцёгнамі, скакальныя. Крылы пярэднія скурыстыя, заднія перапончатыя (у некат. яркаафарбаваныя, напр., чырв. ў агнёўкі). У многіх відаў крылы кароткія або рэдукаваныя. Брушка членістае, у самцоў з нячленістымі прыдаткамі — цэркамі, у самак з кароткім яйцакладам. У многіх відаў развіты слыхавы і гукавы апарат. Яйцы адкладваюць у глебу. Развіццё з няпоўным ператварэннем. За год 1 пакаленне. Лічынкі вылупляюцца вясной, ад дарослых насякомых адрозніваюцца памерамі і зачаткавымі крыламі. Зімуюць яйцы, лічынкі старэйшых узростаў, дарослыя насякомыя.

т. 14, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ХАДЖЭ́ННЕ ІГУ́МЕНА ДАНІІ́ЛА»,

помнік стараж.-рус. літаратуры пач. 12 ст. Напісана не пазней 1113 выхадцам з Чарнігаўшчыны ігуменам Даніілам, які ў пач. 1104—06 (паводле інш. меркаванняў, 1106—08) падарожнічаў у «святую зямлю» праз Канстанцінопаль і Кіпр. Там цікавіўся мясцінамі, звязанымі з біблейскімі падзеямі і героямі, асабліва захапляўся Іерусалімам. Аўтар дэталёва апісаў цэрквы і манастыры, хрысціянскія святыні Палесціны. Будучы на чужыне, Данііл маліўся за рус. князёў, баяр, духавенства, за ўвесь народ, сярод імён згадвае і мінскага князя Глеба Усяславіча. Твор карыстаўся вял. папулярнасцю на Русі (захавалася больш за 100 спісаў, самы ранні — 15 ст.), служыў узорам для інш. твораў гэтага жанру. На Беларусі твор быў вядомы ў рукапісе 16 ст. (зберагаўся ў б-цы Красінскіх у Варшаве, загінуў у 2-ю сусв. вайну) побач з «Хронікай Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», бел. перакладамі «Аповесці пра Таўдала» і біблейскай кнігі Товіт.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 16, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРЫДЖЫ́ТЫ (ад араб. хаварыдж, літаральна — тыя, што выйшлі),

прыхільнікі радыкальнай секты ў ісламе, што ўтварылася ў 7 ст. ў ходзе барацьбы за ўладу ў араб. Халіфаце паміж прыхільнікамі Алі ібн Абі Таліба і Муавіі I. У бітве пры, Сіфыне (657) Алі пагадзіўся на трацейскі суд. Тады 12 тыс. яго воінаў у знак пратэсту пакінулі лагер («выйшлі») і паклалі пачатак секце Х., якая потым ваявала і з Алі (забіты ў 661) і з Муавіяй. Х. выступалі супраць сунізму і шыізму, за роўнасць усіх мусульман, выбарнасць імама-халіфа ў кожнай абшчыне, за строгае выкананне рэліг. прадпісанняў, вызначаліся асаблівым фанатызмам і нецярпімасцю да інш. поглядаў. У канцы 7 ст. склалася некалькі груповак Х., якія наз. па імёнах іх першых правадыроў — азракіты, ібадыты, суфрыты і інш. У наш час абшчыны Х. (пераважна ібадытаў) існуюць у Амане, дзе іх вучэнне з’яўляецца афіц. ідэалогіяй, Танзаніі, краінах Паўн. Афрыкі.

т. 16, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ВА (Jawa),

востраў у групе Вялікіх Зондскіх астравоў Малайскага архіпелага; тэр. Інданезіі. Пл. 126,5 тыс. км². Даўж. больш за 1000 км. Адзін з самых густанаселеных раёнаў зямнога шара (113,6 млн. чал., 1994). Берагі слаба парэзаныя. Гарысты. Больш за 100 вулканаў (30 дзеючых, выш. да 3676 м), размешчаных уздоўж восі вострава. На Пн узгорыстая раўніна. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Т-ра паветра на працягу года на ўзбярэжжы 26—27 °C, у гарах 9—18 °C. Ападкаў 1—2 тыс. мм на раўнінах да 5—6 тыс. мм за год у гарах. Вечназялёныя і лістападныя трапічныя лясы, на вяршынях гор — хмызнякі і лугі, на У — саванныя рэдкалессі. Нац. паркі — Балюран, Гунунг-Гедэ-Пангранга, Уджунг-Кулон; некалькі рэзерватаў. На раўнінах вырошчваюць рыс, кукурузу, цукр. трыснёг, какосавыя, пальмы, каўчуканосы. Радовішчы нафты, серы, руд марганцу, золата. Гал. гарады — Джакарта, Бандунг, Сурабая.

Марское ўзбярэжжа на захадзе вострава Ява.

т. 18, кн. 1, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)