барада́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае бараду (у 2 знач.). Высокі барадаты дзед жвава махаў вяслом. Якімовіч. Дрэвы — нібы дзяды: Сівізна па галінах кашлатых. Я прыходжу сюды, Як на сход мудрацоў барадатых. Макаль. // у знач. наз. барада́ты, ‑ага, м. Ажно ўзмаліўся барадаты: — Браток, хоць паўжывым ты адпусці ў двор! Дальбог, не я, а козы вінаваты... Валасевіч. // Пра што‑н. калматае, нібы зарослае барадой. А то былі ўсё вузенькія ніўкі-шнурочкі, адмежаваныя .. пукатымі, барадатымі межкамі, як змейкамі, што беглі між сцен жыта. Гартны.
2. Разм. Даўні, здаўна вядомы. Словам, дружба ў нас барадатая, стрэльбы ў нас аднолькавыя, дубальтоўкі, пароўну заўсёды мы здабычы вязём з паездкі... Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ку́ча, ‑ы, ж.
1. Вялікая колькасць якіх‑н. прадметаў, у беспарадку наваленых адзін на другі. Куча камення. Куча галля. // Вялікая колькасць чаго‑н. сыпкага, зваленая горкай на адным месцы. Куча пяску. □ Жыта ссыпаюць проста ў кучу на брызент каля вагі. Васілевіч.
2. Гурт людзей, жывёл. — Разыдзіцеся, хлопцы, не збірайцеся ў кучы! — загадаў начальнік дэпо. Лынькоў. Вось коцяцца, як клубкі, авечкі, то рассыпаючыся, то збіваючыся ў густую кучу. Якімовіч.
3. Разм. Мноства; вялікая колькасць. Мець кучу грошай. Куча непрыемнасцей. □ Цяпер дзве Іванавы сястры замужам, старэйшы брат Спірыдон ажаніўся, сваіх дзяцей куча. Чарнышэвіч.
•••
Валіць (усё) у адну кучу гл. валіць.
Куча мала — вокліч у дзіцячай гульні, па якому ўдзельнікі падаюць адзін на аднаго.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змей, змея, м.
1. Разм. Вялікая змяя; тое, што і змяя.
2. Казачнае крылатае страшыдла з тулавам змяі; дракон, цмок. Трохгаловы змей. □ Паехалі яны [браты] ў свет з лютымі змеямі-цмокамі ваяваць. Якімовіч.
3. Дзіцячая цацка, якая складаецца з лёгкага каркаса, абцягнутага паперай ці матэрыяй, і запускаецца на нітцы ў паветра. Сасакі любіла разам з Кіёсі запускаць змея, і аднойчы іх змей падняўся вышэй за ўсіх, што пускалі тады дзеці. Арабей.
4. Пра злога, каварнага чалавека. Ляснічы — змей, ну, аж шалее, Жыўцом грызе сваю ахвяру. Колас.
•••
Аэралагічны змей — лёгкі прывязны планер, які скарыстоўваецца для падымання самапішучых аэралагічных прыбораў у высокія слаі атмасферы.
Зялёны змей — гарэлка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
грэць, грэю, грэеш, грэе; незак., каго-што і без дап.
1. Перадаваць сваю цеплыню; саграваць. Сонца грэе. Печ добра грэе кватэру. □ Шчыльна прытуліўшыся,.. [хлопчыкі] маглі грэць адзін аднаго. Маўр. // Захоўваць цеплыню, засцерагаць ад холаду. Кажух добра грэе. □ Хоць вецер змоўк і стала зацішней, не грэе коўдра мне старых касцей. Дубоўка. // перан. Абнадзейваць, паднімаць настрой. Помні.. Слова, што ў любой нягодзе грэла Кожную пакутную душу. Кірэенка. Прабіраючыся па сумётат дахаты, .. [Дзіма] грэе сябе марай аб шчаслівай будучыні. Якімовіч.
2. Рабіць цёплым, гарачым; награваць. Грэць чай. □ У хаце.. Сабастыяніха грэла на камінку ваду. Чорны.
3. Разм. Біць. — У-у, ты, бесхрыбетны! — і Марцін грэў Станіслава па плячах кулаком. Карпюк.
•••
Грэць рукі — нажывацца несумленным спосабам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзённік, ‑а, м.
1. Храналагічны запіс падзей, у якіх сам аўтар удзельнічаў ці быў іх сведкам. Дарожны дзённік. Дзённік з’езда. □ У блакнот свой заношу пачатак Вандроўнага дзённіка, Дзень уч[а]рашні, вечар, Ноч і сённяшні досвітак шэры, Усе ростані і сустрэчы Пішу на паперы. Куляшоў.
2. Кніга, сшытак і пад. з такімі запісамі. Марына сядзела за сталом у Валі Арэшкі, калі Собіч праглядаў яе касавыя дзённікі. Скрыган. Яшчэ перад ад’ездам у пушчу дзед Рыгор перадаў .. [Архіпу Паўлавічу] рукапісы і дзённік Васіля Крамнёва. Шашкоў. // Вучнёўскі сшытак для запісу зададзеных урокаў і выстаўлення ацэнак. Пятро Захаравіч нечакана пацікавіўся Рыгоркавым школьным дзённікам. Краўчанка. [Галя] несла абгорнуты чыстай сіняй паперай дзённік з аднымі круглымі пяцёркамі на пераводнай старонцы. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
драбяза́, ‑ы, ж., зб.
1. Невялікія прадметы; дробныя рэчы. — Валя маскіравала кошык зверху рознымі шпількамі, іголкамі і іншай драбязой. Якімовіч. На возе стаяў куфар, калыска і посцілка усякай драбязы, завязаная на рагі. Лобан. // Дробныя жывыя істоты. У гэтым гняздзе знайшла, відаць, прытулак і розная птушыная драбяза. Лынькоў. / Пра малых дзяцей. — Ці далёка ты зойдзеш з гэтай драбязою? — паказаўшы на пяцёра, адно пад другім малых, запярэчыў Даўгулевіч. — Як маеш дзяцей, галубок, то май і клопат... Гурскі.
2. Што‑н. нязначнае, неістотнае, не вартае ўвагі; нікчэмнасць. Пасядуць [Галяш і Зоська] адно насупроць другога і перапытваюць усялякую драбязу. Чорны. Усе нягоды, усе цяжкасці забываліся, усе перашкоды здаваліся драбязою пасля такой весткі. Кавалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
агні́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Які свеціцца, як агонь. Агністая чырвань на ўсходзе Адсвечвае, грае пажарам. Колас. Лес зашумеў мацней, захістаўся. Збоку бліснула яркая агністая паласа. Якімовіч. // Падобны колерам да агню; які адлівае фарбамі агню. З табою, клён, я разважаю. З тваёй агністай галавой. Броўка. // Пякучы, гарачы, як агонь. Усё дзіка, пустынна імшыцца, Агністая спёка стаіць. Багдановіч.
2. Палымяны, бліскучы, які ззяе ад узрушэння і пачуцця (пра вочы, позірк). Цёмны сад-вінаград, Цвет бяленькі вішнёвы, — І агністы пагляд, І гарачыя словы. Багдановіч. // перан. Палымяны, страсны. Любіў жыццё, свабоду я Душой сваёй агністай... Броўка. // Натхняльны, страсны. Сотні тысяч галодных Узнімаюць, як сцяг, Два агністыя словы: — Мір і хлеб! Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адслужы́ць, ‑служу, ‑служыш, ‑служыць; зак.
1. Прабыць на службе, папрацаваць нейкі час. Міхал Міцкевіч, які адслужыў на панскай службе дваццаць год з хвосцікам, стаў прасіць у ляснічага Рачкоўскага лесу на хату. С. Александровіч. // Адбыць тэрмін вайсковай службы; скончыць служыць. Юстын ужо адслужыў у арміі, дэмабілізаваўся і зараз працаваў на заводзе. Няхай.
2. Службай адплаціць, адрабіць за што‑н. [Чорт:] — Бяры, дзед, яго [чарцяня] да сябе, няхай адслужыць за шкоду. Якімовіч. // Зрабіцца непрыгодным, перастаць адпавядаць свайму прызначэнню. — Шкада лагера, — уздыхнуў Жэнька.. — Але нічога... Сваё ён адслужыў і памірае са славаю, як герой. Шамякін.
3. Адправіць набажэнства. Усе думалі, што Гэлька загінула. Бацька хацеў ужо імшу адслужыць. Чарот.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запіса́цца, ‑пішуся, ‑пішашся, ‑пішацца; зак.
1. Унесці сябе ў які‑н. спіс. Запісацца на прыём да ўрача. // Уступіць куды‑н., уключыцца ў лік каго‑н. Запісацца ў калгас. □ Нястомная і няўрымслівая Каця запісалася ва ўсе гурткі і ўсюды паспявала. Шамякін. // Разм. Палічыць сябе кім‑н., прылічыць сябе да каго‑н. Былы панскі лёкай Мацвей Цюхна з аканомам Падвысоцкім запісаліся ў мяцежнікі. Якімовіч.
2. з кім і без дап. Разм. Аформіць дакументы аб уступленні ў шлюб. У Тэклі сын з дачкой суседкі пакахаўся і неўзабаве запісаўся. Корбан.
3. Аказацца запісаным, улічаным. — А вяровак я паўю. Прыйду ды наўю. Можа і мне, старому, які дзень запішацца. Сабаленка.
4. Захапіўшыся пісаннем, забыцца на час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
затапта́ць, ‑тапчу, ‑топчаш, ‑топча; зак., каго-што.
1. Ездзячы, ходзячы, прымяць падэшвамі, капытамі; патаптаць. Затаптаць снег. Затаптаць траву. // Топчучы, зацерці, зраўняць, зрабіць непрыкметным. Затаптаць след. Затаптаць лінію на пяску. // Задушыць, раздушыць, стаўшы нагамі, капытамі. — Петро! Бяры на плечы адну дзяўчынку, а я другую, а то затопчуць. Маўр.
2. Топчучы, наступіўшы, патушыць агонь на чым‑н. Затаптаць папяросу. □ Домна схапіла з прыпечку лучыну і затаптала агонь. Лобан.
3. Топчучы, уціснуць, умяць у пясок, зямлю і інш. — Выхапіў асілак Дубавік свой востры меч і адсек цмоку ўсе тры галавы. Дзве галавы ў дрыгву затаптаў, а трэцюю на меч уссадзіў. Якімовіч.
4. Разм. Забрудзіць слядамі. Затаптаць падлогу.
•••
Затаптаць у гразь каго-што — зняславіць, ачарніць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)