вышэйшая форма адлюстравання, аналізу і ўзнаўлення аб’ектыўнай рэчаіснасці ў мысленні; працэс атрымання і выпрацоўкі ведаў. Ахоплівае канкрэтныя сферы жыццядзейнасці людзей і ажыццяўляецца ў розных спалучэннях жывога і назапашанага вопыту, які перадаецца ад аднаго пакалення да другога. У гэтым плане адрозненне П. і ведаў ёсць адрозненне працэсу і выніку: у ходзе выкарыстання элементаў канкрэтных ведаў для вырашэння праблем жыцця яны пераўтвараюцца і перапрацоўваюцца чалавекам і зноў вяртаюцца ў працэс П. Аб’ектам П. з’яўляецца частка матэрыяльнага свету або духоўнай сферы (аб’ектыўная рэч, прырода, грамадства, свядомасць), а яго суб’ектам выступаюць асобныя індывіды, групы людзей, грамадства, усё чалавецтва. З развіццём грамадства павялічваецца «культурны багаж» суб’екта П., узбагачаюцца і мадыфікуюцца сродкі яго дзейнасці, адбываецца ўсё больш глыбокае пранікненне ў скрытыя сутнасці рэчаў і з’яў. Гэта аб’ектыўна спрыяе вырашэнню адной з гал. задач П. — дасягненне ісціны. На ролю ісціны могуць прэтэндаваць толькі тыя веды, якія прайшлі праверку практыкай. У П. вылучаюць 2 узроўні: пачуццёвы і рацыянальны. Пачуццёвае П. ажыццяўляецца ў 3 асн. формах: адчуванне, успрыманне і ўяўленне. У пачуццёвых вобразах фіксуецца пераважна знешні бок прадметаў і з’яў рэальнага свету, таму яны так або інакш падобны з ім, у чымсьці аналагічныя яму. Аднак гэта адноснае падабенства, бо пачуццёвае адлюстраванне свету індывідуальнае: кожны чалавек бачыць і ацэньвае рэч не так, як яе ўспрымае другі чалавек. Рацыянальнае П. мае больш абстрактны характар і дазваляе выявіць агульныя, істотныя сувязі з’яў і прадметаў. Яно ажыццяўляецца і функцыянуе з выкарыстаннем 3 асн. форм — паняцця, суджэння і розумазаключэння, якія з’яўляюцца неабходнымі і дастатковымі для ажыццяўлення складаных аперацый лагічнага мыслення і дазваляюць у П. рухацца ад з’явы да сутнасці, ад непасрэднага да апасродкаванага, ад адзінкавага да агульнага, ад выпадковага да заканамернага і ўсеагульнага. Узаемасувязь пачуццёвага і рацыянальнага П. заснавана на ўзаемадзеянні першай і другой сігнальных сістэм, адбываецца ў псіхіцы чалавека, якая ў гэтай якасці ўяўляе сабой духоўную творчасць (гл. таксама Інтуіцыя, Інтуіцыянізм, Бессвядомае).
Вылучаюць таксама асн. віды пазнавальнага працэсу: звычайнае, міфалагічнае, містычнае і навук. П.; часам да іх дадаюць містычны і экстрасэнсорны віды П.Звычайнае П. (жыцейскае, штодзённае) — першасная пач. форма пазнавальнай дзейнасці суб’екта, якая служыць яго прыстасаванню да рэальных умоў жыцця і выступае неабходнай перадумовай авалодвання ім інш. спецыялізаванымі відамі ведаў. Навуковае П. арыентавана на адкрыццё законаў і з’яў, невядомых практыцы да гэтага часу, недаступных звычайнаму П. Яно, у сваю чаргу, ажыццяўляецца на 2 узроўнях: эмпірычнае П., якое дае звесткі пра знешнія бакі і сувязі аб’екта, і тэарэтычнае П., якое раскрывае ўнутр., скрытыя ад назірання сувязі і законы. Асн. метадамі эмпірычнага П. выступаюць назіранне, эксперымент, аналіз, індукцыя, сінтэз і інш., тэарэтычнага П. — гіпатэтыка-дэдукцыйны метад, ідэалізацыя, мадэліраванне, пабудаванне навук.тэорыі.
Традыц. сродкі і метады П., заснаваныя на аб’ектна-суб’ектных адносінах, адрозніваюцца ад яго тлумачэння на аснове суб’ектыўна-суб’ектных адносін, дзе гал. пазнавальным сродкам лічаць эмацыянальна-пачуццёвыя і эмацыянальна-валявыя фактары любові і веры. Любоў, з гэтага пункту погляду, сцвярджае каштоўнасць таго, на каго накіравана гэта пачуццё, а найб. адэкватна яна раскрываецца ў веры, якая папярэднічае ведам і дазваляе чалавеку рухацца наперад у сферы П. невядомага. У сучаснай навуцы і філасофіі прызнаецца прынцыповая магчымасць П. рэчаіснасці, але ў розных навук. плынях і школах па-рознаму падыходзяць да вырашэння пытання характару і працэсу П., яго мэт, характэрных рыс, магчымасцей. Агульнае вучэнне аб пазнавальнай дзейнасці дае філас. тэорыя П. — гнасеалогія. Спецыфічныя праблемы і бакі працэсу П. даследуюцца гісторыяй навукі, навуказнаўствам, кагнетыўнай псіхалогіяй, сацыялогіяй навукі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ КАМПА́НІЯ 1939,
германа-польская вайна 193 9, Вераснёўская кампанія 193 9, баявыя дзеянні ўзбр. сіл фаш. Германіі па акупацыі Польшчы 1 вер. — 5/6 кастр., з якіх пачалася другая сусветная вайна 1939—45. План нападу на Польшчу «Вайс» («Белы»), распрацаваны герм.вярх. камандаваннем у крас. 1939, зыходзіў са стратэгіі «маланкавай вайны і меў на мэце раптоўным уварваннем сарваць мабілізацыю і сканцэнтраванне польскай арміі, канцэнтрычнымі ўдарамі з Сілезіі (8-я, 10-я і 14-я ням. арміі), Памераніі і Усх. Прусіі (3-я і 4-я ням. арміі) разбіць яе гал. сілы, што знаходзіліся на З ад рэк Вісла і Нараў. Зачэпкай да вайны паслужыла правакацыя 31.8.1939 у прыгранічным ням.г. Гляйвіц (цяпер Глівіцы, Польшча), калі група службоўцаў СС інсцэніравала напад польскіх вайскоўцаў на мясц. радыёстанцыю (аперацыя «Гімлер»). У той жа дзень у Польшчы пачата поўная мабілізацыя, у т. л. ў Зах. Беларусі (тут мабілізавана каля 100 тыс. беларусаў). Ням. сілы ўварвання пад агульным камандаваннем ген.В. фон Браўхіча налічвалі 54 (з рэзервамі 62) дывізіі, з іх 6 танкавых і 4 матарызаваныя (усяго 1,6 млн.чал.), каля 10 тыс.артыл. гармат і мінамётаў, 2,5—2,8 тыс. танкаў, каля 1,3 тыс. самалётаў, 18 баявых караблёў. Польшча мела каля 30 пях. дывізій, 16 брыгад (з іх 11 кав. і 2 бронематарызаваныя; разам 1 млн.чал.), 4,3 тыс. гармат і мінамётаў, 870 танкаў і танкетак, каля 400 баяздольных самалётаў, 16 баявых караблёў. Польскае камандаванне на чале з маршалам Э.Рыдз-Сміглым планавала весці абарончыя баі на З ад Віслы з разлікам на хуткую дапамогу зах. саюзнікаў — Вялікабрытаніі і Францыі (3 вер. гэтыя краіны абвясцілі вайну Германіі, але актыўных ваен. дзеянняў супраць яе не разгарнулі). У час баявых дзеянняў 1—8 вер., якія пачаліся з абстрэлу п-ва Вестэрплятэ (яго гарнізон на чале з маёрам Г.Сухарскім супраціўляўся да 7 вер.), ням. войскі прарвалі польскую абарону на рубяжах уздоўж мяжы і хутка наблізіліся да Варшавы. 7 вер. Рыдз-Сміглы са штабам эвакуіраваўся ў крэпасць Брэст. 9—16 вер.герм. злучэнні акружылі польскія часці на У ад Варшавы, ліквідавалі наступствы польскага контрудару паміж рэкамі Вісла і Бзура, 14 вер. захапілі акружаную імі ваен.-марскую базу Гдыня (яе паўн. ўчастак Аксыўе капітуляваў 18 вер.), 15 вер. наблізіліся да Брэста (да 30% вайскоўцаў IX польскага корпуса на Брэстчыне складалі беларусы). У гэтых умовах 17 вер. пачаўся паход сав. войскаў у Зах. Беларусь і Зах. Украіну (гл.Пакт Рыбентропа—Молатава 1939, Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, Беларускі фронт 1939, Дняпроўская ваенная флатылія). Польскі ўрад пакінуў краіну (у ноч на 18 вер.), ням. войскі завяршылі заваяванне Польшчы (28 вер. капітулявалі абаронцы Варшавы, 29 вер. — крэпасці Модлін, 2 кастр. — п-ва Гэль, 6 кастр. пасля апошніх абарончых баёў 2—5 кастр. пад г. Коцк — самаст. аператыўная група «Палессе» на чале з ген. Ф.Клеебергам, у склад якой уваходзілі маракі польскай Пінскай флатыліі). У ходзе П.к. Германія страціла каля 45 тыс.чал. забітымі і параненымі, каля 1 тыс. танкаў і бронемашын, 700 самалётаў і інш. тэхніку, Польшча — каля 200 тыс. забітымі і параненымі, 700 тыс.чал. палоннымі (сярод іх было 70 тыс. беларусаў) і інш. Акупацыя Польшчы нямецкімі войскамі не спыніла волю палякаў да супраціўлення (гл.Вызваленчая вайна польскага народа 1939—45).
Літ.:
Jurga T. Obrona Polski, 1939. Warszawa, 1990;
Odziemkowski J Kampania wrześniowa 1939 r. // Wojsko Polskiew II wojnie światowej. Warszawa, 1994;
Radziecka agresja 17 września 1939 r. i jej skutki dla mieszkariców ziem północno-wschodnich II Rzeczypospolitej: Studia i materiały. Białystok, 2000;
Брыль Я. Многолетнее: По блокнотным наброскам: Пер. с бел. // Неман. 2000. №1;
Вабішчэвіч А. Уз’яднанне // Полымя. 2000. № 9;
Макарэвіч В.С. Беларусы ў польскай арміі напярэдадні і ў час нямецкай агрэсіі // Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР: Гісторыя і сучаснасць: Матэрыялы Міжнар.навук.-тэарэт.канф.Мн., 2000.
В.А.Астрога, У.В.Грыбоўскі.
Да арт.Польская кампанія 1939. Германскі лінейны карабель «Шлезвіг-Гольштэйн» абстрэльвае паўвостраў Вестэрплятэ. 1.9.1939.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯЛЕ́КТЫКА [ад грэч. dialektikē (technē) майстэрства весці гутарку, спрэчку],
вучэнне аб найб. агульных законах развіцця космасу і прыроды, грамадства, чалавека і мыслення. Асн. прынцыпы Д. — усебаковая, усеагульная сувязь рэчаў і з’яў, станаўленне і развіццё. У склад Д. як вучэння ўваходзяць філас. тэорыя, метад і метадалогія філас. пазнання. Першыя спробы дыялект. асэнсавання прыроднай і грамадскай рэчаіснасці, быцця чалавека ў свеце зроблены ў глыбокай старажытнасці і знайшлі сваё ўвасабленне ў духоўнай культуры і светапоглядзе ўсх. цывілізацый: егіпецкай, шумерскай, індыйскай, кітайскай і інш. Унікальны ўклад у развіццё дыялект. мыслення зрабіла ант.грэч. цывілізацыя, якая стварыла спрыяльныя ўмовы для росквіту духоўнай творчай дзейнасці чалавека, асабліва ў галіне філасофіі, эстэтыкі, навукі. Паняцце Д. ўпершыню выкарыстаў Сакрат, разумеючы пад ім майстэрства весці мэтанакіраваны дыялог, калі супрацьпастаўленне і барацьба розных думак спрыяюць знаходжанню ісціны. Сакратаўскае разуменне Д. развіў Платон у шэрагу сваіх прац, напісаных у форме дыялогу. Ён даў дыялект. інтэрпрэтацыю філас. катэгорый руху, спакою, адрознення, тоеснасці, быцця, падкрэсліваючы іх супярэчлівы змест. Характэрнай рысай дыялект. мыслення стараж.-грэч. філосафаў было ўспрыманне свету ў якасці адзінага непадзельнага цэлага, якое знаходзіцца ў стане стыхійнага руху і змянення. У межах стыхійна-наіўнага ўяўлення аб непадзельнай рэчаіснасці ў Грэцыі існавалі і развіваліся формы суб’ектыўнай і аб’ектыўнай Д. Геракліт лічыў, што ўсё існуе і ў той жа час не існуе, таму што ўсё цячэ і змяняецца, узнікае і знікае, а свет з’яўляецца месцам няспыннай барацьбы процілеглых з’яў. У гэтай барацьбе процілегласцей ён бачыў галоўную прычыну развіцця. Стыхійна дыялект. ідэі знайшлі адлюстраванне ў вучэнні Дэмакрыта, Леўкіпа, Эпікура і інш. аб атамах і атамнай будове рэчаў. Істотнае даследаванне розных форм дыялект. мыслення правёў Арыстоцель. У часы панавання монатэістычных рэлігій, у прыватнасці хрысціянства, Д. фактычна атаясамлівалася з асобасным абсалютам — тварцом космасу і прыроды і адначасова з першапрычынай іх няспыннага руху і змянення. У філасофіі новага часу дыялект. ідэі выкарыстоўваліся супраць панавання метафіз. поглядаў. Р.Дэкарт спрыяў пранікненню дыялект. спосабу мыслення ў матэматыку, абгрунтоўваў ідэю аб неаднароднасці прасторы і пачатак развіцця адносна да касмалогіі. Д.Дзідро лічыў рух унутр. уласцівасцю матэрыі і адстойваў эвалюц. погляды на жывую прыроду. Г.Лейбніц падышоў да дыялект. погляду на адзінства прасторы і часу. Навукова плённыя дыялект. думкі аб захаванні матэрыі і руху, эвалюц. паходжанні і развіцці зямлі выказаў М.В.Ламаносаў. У якасці універсальнай тэорыі і метаду пазнання свету шляхам знаходжання, аналізу і раскрыцця ўласцівых яму супярэчнасцей Д. распрацоўвалася ў ням. класічнай філасофіі 18—19 ст. І.Кант вучыў, што працэс пазнання рэчаіснасці чалавекам абапіраецца на практычны вопыт, таму абстрактныя катэгорыі «бог», «душа», «свабода» і інш. не могуць прэтэндаваць на абсалютныя веды, а чалавечы розум у сваім імкненні авалодаць абсалютным няўхільна трапляе ў палон невырашальных супярэчнасцей. Выключнае месца ў станаўленні навук. канцэпцыі Д. займае філас. вучэнне Г.Гегеля, які абагульніў гіст. вопыт навук.дыялект. мыслення аб космасе, прыродзе і чалавеку, а ўвесь матэрыяльны і нематэрыяльны свет прадставіў у якасці працэсу бесперапынных змен і развіцця Адначасова ён зрабіў спробу сфармуляваць унутр. законы Д. Змены, пераход рэчаў і з’яў з аднаго якаснага стану ў другі Гегель тлумачыў узаемадзеяннем супярэчнасцей і іх канчатковым вырашэннем, г.зн., што працэс развіцця адбываўся дзякуючы ўласным унутр. імпульсам, а развіццё з’яўлялася самаразвіццём. Такую ўласцівасць ён лічыў істотнай рысай абсалютнай ідэі, абсалютнага духу, што было абумоўлена сутнасцю ўсёй гегелеўскай філасофіі, паводле якой свядомасць з’яўляецца тварцом рэчаіснасці. Дыялект. ідэі, погляды і канцэпцыі прадстаўнікоў ням. класічнай філасофіі далі штуршок развіццю матэрыяліст. Д., якую распрацоўвалі К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін. Яе асн.катэгорыі і законы: прастора, час, рух, матэрыя, адзінства і барацьба процілегласцей, адмаўленне адмаўлення, пераход колькасных змен у якасныя і інш.Матэрыяліст. Д. прыроды абгрунтоўвае і даказвае свае палажэнні, спасылаючыся на гіст. вопыт развіцця прыродазнаўчых навук, а Д. сац. жыцця звяртаецца да вывучэння асаблівых рыс чалавечага грамадства, суадносін суб’ектыўнага і аб’ектыўнага ў гісторыі, сац. прагрэсу, узаемаадносін грамадства і прыроды, грамадства і асобы і інш. Яна ўключае таксама тэарэт.праблемы пазнання, якое заснавана на прынцыпе адлюстравання і дыялектычную логіку.
Літ.:
Гегель Г.В.Ф. Наука логики: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1970—72;
Ленін У.І. Філасофскія сшыткі // Тв. Т. 38 (Полн. собр. соч. Т. 29);
Современные зарубежные концепции диалектики: Критич. очерки. М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РСКІ (Яўхім Фёдаравіч) (1.1.1861, в. Лаша Гродзенскага р-на — 29.4.1931),
бел. філолаг-славіст, заснавальнік бел.навук. мова- і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф, педагог. Акад. Пецярбургскай АН (1916, чл.-кар. з 1901), правадзейны чл. Ін-та бел. культуры (1922), Чэшскай АН (1929). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1881), Нежынскі гісторыка-філал.ін-т (1885). Выкладаў у Віленскай гімназіі (1885—93). За першую ў гісторыі дысертацыю па бел. мове яму ў 1893 прысуджана вучоная ступень магістра. З 1893 у Варшаўскім (з 1894 праф., у 1905—10 рэктар), з 1915 у Растоўскім-на-Доне ун-тах, з 1917 праф. Петраградскага ун-та. У 1905—17 рэдактар час. «Русский филологический вестник». З 1917 у Мінску, з 1918 праф. Мінскага пед. ін-та. Дэлегат і ганаровы старшыня Усебел. з’езда 1917. Старшыня арганізац. камісіі па адкрыцці БДУ. Выступаў з артыкуламі ў бел.перыяд. друку. З 1920 у Петраградзе. Чл. праўлення і прэзідыума АН; дырэктар Музея антрапалогіі і этнаграфіі, рэдактар «Известий Отделения русского языка и словесности» Рас.АН. Супрацоўнічаў з бел. этнографамі і фалькларыстамі М.Я.Нікіфароўскім, Е.Р.Раманавым, П.В.Шэйнам, выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца», газ. «Наша ніва». Перапісваўся з дзеячамі бел. культуры Я.Купалам, Я.Коласам, М.Гарэцкім і інш. Аўтар навук. прац (больш за 700) па славістыцы, беларусістыцы і русістыцы. З мэтай вырашэння праблемы паходжання, фарміравання і развіцця бел. мовы, бел. народнасці збіраў фалькл.-этнагр. матэрыялы (запісы «Беларускія песні с. Беразавец Навагрудскага пав. Мінскай губ.», 1884—85; «Беларускія песні в. Навасёлкі-Затрокскія Віленскай губ. Трокскага пав.», 1889). Падрыхтаваў «Праграму для збору асаблівасцей беларускіх гаворак» (1897 і 1916), якая стала пачаткам навук. даследавання бел. дыялектаў. Вышэйшым дасягненнем еўрап. славістыкі канца 19 — пач. 20 ст., своеасаблівай энцыклапедыяй беларусазнаўства з’яўляецца 3-томная праца К. «Беларусы» (вып. 1—7, 1903—22; перавыд. вып. 1—3, 1955—56), у якой на аснове глыбокага, комплекснага параўнальна-гіст. абагульнення вял. фактычнага матэрыялу навукова абгрунтаваў нац. самабытнасць беларусаў як народа са сваёй арыгінальнай і багатай культурай, мовай, традыцыямі, вуснай нар. творчасцю. У т. 1 «Уводзіны да вывучэння мовы і народнай славеснасці» вызначыў час фарміравання бел. народнасці, акрэсліў этн. межы бел. народа, даў этнагр. карту Беларусі пач. 20 ст., асвятліў важнейшыя этапы гісторыі бел. мовы, яе спецыфічныя асаблівасці і ўзаемасувязі з рус., укр., польск., літоўскай і інш. мовамі, зрабіў крытычны агляд помнікаў пісьменства бел. паходжання. У т. 2 «Мова беларускага племені» (вып. 1—3, 1908—12) абгрунтаваў вучэнне пра гукавы і граматычны лад старабел. і сучаснай бел. мовы ў яе народна-дыялектнай і літ. формах. Т. 3 «Нарысы славеснасці беларускага племені» складаецца з трох выпускаў. У 1-м вып. «Народная паэзія» (1916) даследаваў гісторыю развіцця бел. фальклору, ахарактарызаваў асн. жанры і віды нар. паэзіі беларусаў, даследаваў культурны стан плямён, якія склалі аснову бел. народнасці, паказаў іх сямейныя і грамадскія ўзаемаадносіны, апісаў жыллё, ежу, заняткі, побыт, светапогляд, рэліг. вераванні, мову, міфалогію, выказаў свае меркаванні наконт узнікнення нар. паэзіі, яе асаблівасцей у старажытнасці, разгледзеў узаемасувязь бел., рус. і ўкр. фальклору. У 2-м вып. «Старая заходняруская пісьменнасць» (1921) прааналізаваў помнікі стараж.бел. л-ры 14—18 ст., найб. поўна паказаў літ.-маст. спадчыну бел. народа, раскрыў культ,гіст. перадумовы зараджэння пісьменнасці на старабел. мове, даследаваў перакладную і арыгінальную л-ру, у т. л. летапісы, статуты, гісторыка-мемуарную і царкоўна-рэлігійную прозу, вершы, творы палемічнай публіцыстыкі 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. У 3-м вып. «Мастацкая літаратура на народнай мове» (1922) ацэньваў бел. л-ру 19 — пач. 20 ст., яе ўзаемасувязь з нац. адраджэннем новага перыяду. У даследаваннях развіваў прынцып культ.-гіст. школы, зрабіў значны ўклад у развіццё крыніцазнаўства, палеаграфіі, археаграфіі. Даследаваў таксама гісторыю рус. і ўкр. моў, слав. палеаграфію («Славянская кірылаўская палеаграфія», 1928, факсімільнае выд. 1979). Выдаваў стараж. помнікі гісторыі і л-ры («Лаўрэнцьеўскі летапіс», «Руская праўда»). Выступаў з артыкуламі пра айч. і замежных вучоных-славістаў, з рэцэнзіямі на працы па слав. філалогіі, фалькларыстыцы, этнаграфіі. Асабістая б-ка К. зберагаецца ў Нац. б-цы Беларусі ў Мінску (часткова страчана ў Вял.Айч. вайну), частка асабістага архіва — у Санкт-Пецярбургскім аддз. Архіва Рас.АН. На радзіме К. адкрыты Карскага Я.Ф. мемарыяльны музей.
Тв.:
О языке так называемых литовских летописей. Варшава, 1894;
Русская диалектология. Л., 1924;
Труды по белорусскому и другим славянским языкам. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁСІК (Язэп) (Іосіф) Юр’евіч (18.11. 1883, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 1.4.1940),
бел. грамадскі і паліт. дзеяч, мовазнавец, пісьменнік, педагог. Акад.АН Беларусі (1928). Дзядзька Я.Коласа. Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі (1898—99), скончыў Ноўгарад-Северскае гар. вучылішча (1902). Працаваў выкладчыкам Бабруйскай с.-г. школы, настаўнічаў у мяст. Грамяч Ноўгарад-Северскага пав. Чарнігаўскай губ. За ўдзел у рэв. выступленнях 1905 арыштаваны (у 1907 уцёк з турмы). У 1911 паўторна арыштаваны. Пакаранне адбываў у г. Кірэнску і Бадайбо Іркуцкай губ., дзе пасябраваў з А.Гаруном. Падтрымліваў сувязь з газ.«Наша ніва». Са ссылкі вярнуўся пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Стаў адным з лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Увайшоў у Беларускі нацыянальны камітэт, рэдагаваў яго газ.«Вольная Беларусь» (1917—18). На з’ездзе бел.нац. арг-цый і партый выбраны ў Выканаўчы к-тЦэнтр. рады бел. арг-цый, пазней увайшоў у Вялікую беларускую раду. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. У час акупацыі Беларусі герм. і польск. войскамі працаваў у Мінску. Уваходзіў у Раду БНР, Народны сакратарыят Беларусі, адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.4.1918 разам з інш. кіраўнікамі падпісаў ад імя Рады БНР тэлеграму на імя кайзера Германіі Вільгельма П, у якой яны заяўлялі, што будучыню Беларусі бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Пасля расколу БСГ адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У чэрв. 1918 узначаліў Раду БНР. У 1919 і 1920 супрацоўнічаў з газ. «Звон» і «Беларусь» (апошнюю некаторы час рэдагаваў). Пасля расколу Рады БНР (13.12.1919) стаў старшынёй Найвышэйшай рады БНР. Пасля грамадз. вайны адзін з першых заявіў аб прызнанні сав. улады. Ад паліт. дзейнасці адышоў. Займаўся навук., культ.-асв., літ. працай. З 1921 выкладаў у БДУ, у Белпедтэхнікуме. У 1922 выбраны правадз.чл. Ін-та бел. культуры, у 1928 — акадэмікам АН Беларусі. Удзельнічаў у рабоце Тэрміналагічнай камісіі (з пач. 1930 яе старшыня), быў дырэктарам Ін-та навук. мовы. Адзін з ініцыятараў Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926), на якой выступіў з асн. дакладамі. Выдадзены ім у 1922 падручнік «Практычная граматыка беларускай мовы» названы ў прэсе «контррэвалюцыйным», і ў ліст. 1922 Л. арыштаваны. Абараніў яго тагачасны нарком асветы БССР У.М.Ігнатоўскі, і Л. быў вызвалены. У 1930 Л. арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і пастановай СНКБССР пазбаўлены звання акадэміка (адноўлены ў 1990). 10.4.1931 яго саслалі ў г. Камышын Саратаўскай вобл. Жыў у г. Нікалаеўскі, дзе выкладаў у педтэхнікуме. У 1934 амнісціраваны без права вяртацца ў Мінск. З 1935 жыў на Браншчыне, з 1937 працаваў у педтэхнікуме г. Аткарск Саратаўскай вобл. У чэрв. 1938 зноў арыштаваны, у 1940 асуджаны на 5 гадоў лагераў за «антысавецкую аптацыю». Паводле афіц. версіі памёр у саратаўскай турме ад сухотаў. Рэабілітаваны ў 1958 і ў 1988.
Л. належыць шэраг літ. твораў: «Ня ўсе ж разам, ягамосьці!», «Геркулес і селянін», «Па-валачобнаму» і інш. Яго літ. талент высока ацаніў М.Гарэцкі, асабліва «Апавяданне без назвы». У 1921 Л. падрыхтаваў да друку зб.маст. прозы «Родныя вобразы» (выданне забаронена). У публіцыстыцы Л. 1917—20 асн. месца займалі праблемы незалежнасці Беларусі, яе нац. адраджэння, гісторыі і будучыні, нац. пытанне (брашура «Аўтаномія Беларусі», арт. «Вольная Беларусь», «Нацыянальны ўціск», «Праціўнікам беларускага руху», «Нашы патрэбы») і інш. Вытокі бел.нац. культуры даследаваў у арт. «Культурны стан Беларусі к моманту Лютаўскае рэвалюцыі» (1924). Напачатку Л. быў прыхільнікам аўтаноміі Беларусі ў складзе Рас. федэрацыі. Пасля разгону Усебел. з’езда 1917 і падпісання Брэсцкага міру 1918 Л. перайшоў на пазіцыі незалежнай Бел.дэмакр. рэспублікі. Пісаў артыкулы і нарысы па гісторыі Беларусі «1517—1917 (да юбілею 400-лецця беларускага друку») (1917), «Гісторыя Вялікага княства Літоўска-Беларускага» (1918), «Літва-Беларусь» (1921). Аўтар артыкулаў «Памяткі старасвецкай беларускай мовы і пісьменства» (1918), «Графіка, правапіс і мова ў тэстаменце кн. Саломерацкага і ў двух другіх дакументах з папер Саломерацкіх XVI ст.» (1929), прац па бел мове «Беларуская мова. Пачатковая граматыка», «Беларуская мова: Правапіс» (абедзве 1924), «Сінтаксіс беларускае мовы», «У справе рэформы нашае азбукі» (абедзве 1925), «Спрашчэнне правапісу», «Граматыка беларускае мовы: Фанетыка» (абедзве 1926), «Граматыка беларускае мовы; Марфалогія» (1927).
Тв.:
Асноўны матыў у творчасці Максіма Багдановіча // Полымя. 1991. № 12;
Творы: Апавяданні, казкі, арт.Мн., 1994;
Бітва пад Грунвальдам у апісанні кронікі Быхаўца, Длугоша, Бельскага і інш. // Спадчына. 1996. № 4.
Літ.:
Гарэцкі М. Язэп Лёсік // Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры Мн., 1995;
Мяснікоў А. Нацдэмы: Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка. Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫЦЫ́НА (лац. medicina ад medeor лячу),
сістэма навуковых ведаў і практычных прыёмаў, накіраваных на зберажэнне і ўмацаванне здароўя людзей, папярэджанне, распазнаванне і лячэнне хвароб, падтрыманне актыўнага даўгалецця; састаўная ч.аховы здароўя. Вывучае будову, працэсы жыццядзейнасці арганізма ў норме і паталогіі, уплыў фактараў прыроднага і сац. асяроддзя на здароўе і хваробы чалавека; выкарыстоўвае біял., мех., хім., фіз., псіхал. фактары для зберажэння і ўмацавання здароўя. На стан і ўзровень развіцця М., змест і метады мед. дзейнасці ўплываюць матэрыяльныя ўмовы жыцця грамадства, узровень развіцця эканомікі, агульны ўзровень культуры, дасягненні навукі і тэхнікі. Праблемы здароўя звязаны са згубнымі прывычкамі людзей (алкагалізм, курэнне, ужыванне наркотыкаў, таксічных рэчываў і інш.). Найважнейшы кірунак дзейнасці М. — фарміраванне здаровага ладу жыцця. М. падзяляецца на 3 групы дысцыплін: медыка-біялагічныя (анатомія, біяфізіка, біяхімія, вірусалогія, генетыка медыцынская, гісталогія, паразіталогія, паталагічная анатомія, паталагічная фізіялогія, таксікалогія, фармакалогія, фізіялогія), клінічныя (акушэрства, анкалогія, артапедыя, афтальмалогія, венералогія, гастраэнтэралогія, гематалогія, герыятрыя, дэрматалогія, інфекцыйныя хваробы чалавека, курарталогія, лячэбная фізічная культура, неўрапаталогія, нейрахірургія, нефралогія, педыятрыя, псіхіятрыя, радыялогія медыцынская, рэаніматалогія, стаматалогія, траўматалогія, уралогія, эндакрыналогія і інш.) і гігіенічныя (гігіена, мікрабіялогія, эпідэміялогія і інш.). Асобна вылучаюць навукова-практычныя комплексы мэтавага прызначэння: ваенная медыцына, касмічная медыцына, спартыўная медыцына і інш.
Звесткі пра М. вядомы з глыбокай старажытнасці. Ужо ў першабытным грамадстве людзі ўжывалі лекі расл., жывёльнага, мінер. паходжання, умелі памагаць пры родах, раненнях, рабілі некат. аперацыі (нават трэпанацыю чэрапа). У часы язычніцтва лекарамі пераважна былі вешчуны, знахары, жрацы. Асновы народнай медыцыны мелі эмпірычны і стыхійна-матэрыяліст. характар. Багатая мед. спадчына Стараж. Кітая і Індыі. Дасягненні М. ў Стараж. Грэцыі абагульніў Гіпакрат (5 ст. да н.э.). У сярэдневяковай Еўропе М. падпарадкоўвалася царкве, знаходзілася пад уплывам схаластыкі, што тармазіла яе развіццё. У эпоху Адраджэння ў М. ўмацаваліся клінічны і эксперым. метады, развівалася анатомія (А.Везалій) і інш. У 17 ст. У.Гарвей распрацаваў вучэнне аб кровазвароце, М.Мальпігі — аб кровазвароце ў капілярах. З 18 ст. развіваўся даследчы кірунак у М. У 19 ст. распрацаваны метады фіз. дыягностыкі, заснаваны тэорыя клетачнай паталогіі (Р.Вірхаў) асновы бактэрыялогіі і імуналогіі (Л.Пастэр, І.І.Мечнікаў), ваенна-палявой хірургіі (М.І.Пірагоў), удасканалены хірург. аперацыі (М.В.Скліфасоўскі, М.А.Вельямінаў), вучэнне пра ролю нерв. сістэмы пры хваробах (С.Ч.Боткін) і інш. У 20 ст. распрацаваны вучэнне пра вышэйшую нерв. дзейнасць (І.П.Паўлаў), фізіял., гігіенічныя і біял. асновы тэрапіі, сувязь арганізма з навакольным асяроддзем (Боткін, Р.А.Захар’ін, А.А.Астравумаў), пра вітаміны, хіміятэрапеўтычныя сродкі. Укаранёны ў практыку гіпатэрмія, пераліванне крыві, трансплантацыя і інш.
На Беларусі ў 15—16 ст. ствараліся шпіталі ў Брэсце (у 1495 і 1508), Мінску (1513), Мазыры (1516), аптэкі. Працы Ф.Скарыны, С.Буднага, Сімяона Полацкага фарміравалі навук.мед.-біял. думку (гл.Медыцынская адукацыя). У склад навук. устаноў Беларусі, якія займаюцца пытаннямі М. (1999), уваходзяць 14 НДІ і 2 навук.-практычныя цэнтры, у т. л.Анкалогіі і медыцынскай радыялогіі НДІ, Аховы мацярынства і дзяцінства Беларускі НДІ, Кардыялогіі Беларускі НДІ і інш., дзе працуюць больш за 3 тыс.навук. супрацоўнікаў, у т. л. 339 д-роў мед. навук, 1356 канд.мед.навук.Бел. вучоныя зрабілі значны ўклад у развіццё М.: І.А.Бірыла распрацаваў методыку ажыўлення хворых унутрыартэрыяльным уліваннем крыві, І.С.Лягенчанка, Л.С.Персіянінаў — метады ажыўлення нованароджаных пры асфіксіі, А.Я.Пракапчук — лячэнне чырв. ваўчанкі, І.М.Стальмашонак — аперацыі пластыкі стрававода, Т.В.Бірыч — лячэнне хвароб вачэй кіслародам, М.Я.Саўчанка — аперацыйнае аднаўленне інервацыі ўнутр. органаў, А.У.Шот — пратэзаванне клапанаў сэрца, Ц.Е.Гніларыбаў — трансплантацыю эндакрынных залоз і тканак і інш. У канцы 1990-х г.навук. даследаванні па М. выконваліся па 9 дзярж.навук.-тэхн. праграмах: анкалогія, кардыялогія, інфекц. хваробы, стаматалогія і хірургія сківіц і твару, рэабілітацыя, дыягнастычныя і лячэбныя тэхналогіі, дзеці Беларусі, навакольнае асяроддзе, а таксама па 19 асобных навук.-тэхн. праектах. У Мінскім мед. ін-це распрацаваны уніфікаваныя схемы медыкаментознай тэрапіі вострага інфаркту міякарда, прафілактыкі і лячэння плацэнтарнай недастатковасці антыаксідантным комплексам вітамінаў, хірург. лячэння язвенай язвавай хваробы страўніка і інш., у Віцебскім — доследныя ўзоры магн. сепаратараў крыві і інш.; у Гродзенскім — метады кансервацыі біяпластычных тканак для трансплантацыі, у Гомельскім — вывучаны ўплыў злучанага ўздзеяння на арганізм радыенуклідаў і хім. злучэнняў у дародавы і пасляродавы перыяды. У Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў створаны паўаўтааналізатар электралітаў крыві і інш.біял. вадкасцей, фізіятэрапеўт. апаратура, вывучаны ўплыў цяжкіх металаў і мікраэлементаў на здароўе дзяцей.
Літ.:
Крючок Г.Р. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ШКІН (Аляксандр Сяргеевіч) (6.6.1799, Масква — 10.2.1837),
рускі пісьменнік; пачынальнік новай рус. літаратуры, заснавальнік сучаснай рус. літаратурнай мовы. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1817). Ліцэйскія гады — перыяд інтэнсіўнага творчага развіцця П.: своеасабліва выкарыстаўшы каноны рацыяналіст. паэтыкі класіцызму, ён напісаў вершы «Успаміны ў Царскім Сяле», «Гарадок», «Ліцынію» і інш. Па заканчэнні ліцэя служыў у Калегіі замежных спраў. Уваходзіў у літ. гурткі «Зялёная лямпа», «Арзамас». У вершах гэтага часу вольналюбівыя настроі, імкненне пераадолець нарматыўнасць паэтыкі 18 — пач. 19 ст., адысці ад жанрава-стылявой рэгламентацыі, дасягнуць свабоды паэт. слова («Вольнасць», 1817, апубл. 1856, у Расіі цалкам 1906; «Да Чаадаева», 1818, часткова без ведама аўтара апубл. 1826; «Вёска», 1819, апубл. 1826 і інш.). У падобным кірунку напісана паэма «Руслан і Людміла» (1820), у якой карціны гераічнага мінулага прасякнуты рамант. патэтыкай і гумарам, умоўнасць жанру паэмы-казкі спалучаецца з жыццёвасцю характараў, стылістычным багаццем і моўнай свабодай. Вольналюбівыя і антытыранічныя матывы ранняй лірыкі, незалежнасць асабістых паводзін сталі прычынай ссылак: паўд. (1820—24, Екацярынаслаў, Каўказ, Крым, Адэса) і ў в. Міхайлаўскае (Пскоўская вобл., маёнтак маці, 1824—26). Паўд. ссылка — перыяд росквіту рамантызму П., які найб. выявіўся ў створаных тут паэмах. У творчасці П. «паўднёвыя паэмы» адыгралі вял. ролю: «Каўказскі нявольнік» (1820—21, апубл. 1822) у многім падрыхтаваў «Яўгена Анегіна»; важнае месца ў далейшым будзе адведзена тэме мяцежнай «волі» і маральнага закона, заяўленай у «Братах-разбойніках» (1821—22, апубл. 1825), супастаўленню і проціпастаўленню гармоніі і стыхіі, «анёльскага» і «дэманічнага», пачатыя ў «Бахчысарайскім фантане» (1821—23, апубл. 1824). У гэтых паэмах упершыню выразна акрэсліваецца філас. падыход П. да праблем свабоды, кахання, асобы. Шлях у Міхайлаўскае пралягаў праз бел. гарады Магілёў, Оршу, Віцебск і інш. У Міхайлаўскім стварыў шэраг паэт. шэдэўраў: «Перайманне Карана», «Да***» («Я помню дзіўнае імгненне...»), «Жаданне славы» і інш., сатыр. паэму «Граф Нулін» (1825, апубл. 1827), цэнтр. главы (3—6) рамана ў вершах «Яўген Анегін»; вывучаў гісторыю Расіі, летапісы, запісваў нар. песні і казкі.
Вырашальным момантам творчай эвалюцыі П. стала трагедыя «Барыс Гадуноў» (1824—25, апубл. 1831; паст. 1870), якая заклала асновы рэалізму, народнасці, гістарызму ў рус. л-ры. У ёй вял. колькасць рознахарактарных тыпаў, раскрыты высокі этычны сэнс «меркавання народнага», звернутага да наступных пакаленняў. Думкі пра драму, да якіх прыйшоў П. у час працы над трагедыяй (у накідах прадмовы да «Барыса Гадунова» і нататках «Пра народную драму...», 1830) маюць вял.эстэт. і філас. значэнне. Маніфест пушкінскага разумення творчасці — верш «Прарок». У вер. 1826, пасля пакарання і ссылкі дзекабрыстаў, П. атрымаў «дараванне», але за ім была ўстаноўлена асабістая царская цэнзура. У яго павялічылася цікавасць да гісторыі Расіі як дзяржавы, да дзейнасці Пятра I, да праблемы месца і ролі асобнага чалавека ў гісторыі краіны. Раман пра свайго продка «Арап Пятра Вялікага» (1827—28, не завершаны, апубл. 1837) — першая спроба працы П. ў буйных празаічных жанрах; гіст. мінулае ў ім паказана ў паўсядзённым побыце, у канкрэтных асобах і лёсах. Апафеоз дзярж. пачатку — паэма «Палтава» (1828, апубл. 1829), у якой асобы і лёсы людзей пятроўскай эпохі шмат у чым паглынаюцца гіст. працэсам. Восень 1830 П. правёў у в. Болдзіна (Ніжагародская вобл., маёнтак бацькі), дзе за 3 месяцы стварыў каля 50 твораў розных жанраў. Тут у асноўным завершаны «Яўген Анегін», у якім узноўлены вобраз жыцця і духоўны склад «тыповага» героя, уклад жыцця сталічнага і правінцыяльнага дваранства. У своеасаблівым жанры рамана ў вершах сюжэт непарыўна пераплецены з аўтарскімі роздумамі («адступленнямі»), а кожная страфа (асобай будовы «анегінская страфа»), з’яўляючыся часткай адзінага цэлага, у той жа час — завершаная маст. адзінка. Апавяданне пра эпоху і чалавечыя лёсы адначасова паўстае ў рамане як лірычная гісторыя аўтарскага духу і як філас. даследаванне жыцця грамадства і чалавечай душы. У «Казцы пра папа і пра работніка яго Балду» (1830, апубл. 1840), «Казцы пра цара Салтана...» (1831, апубл. 1832), «Казцы пра мёртвую царэўну і пра сем асілкаў» (1833, апубл. 1834), «Казцы пра рыбака і рыбку» (1833, апубл. 1835), «Казцы пра залатога пеўніка» (1834, апубл. 1835) П. упершыню выкарыстаў фальклор, у ярка нац. форме ўвасобіў шэраг агульначалавечых праблем. 1830—31 — перыяд актыўнай дзейнасці П. як журналіста і крытыка, гал.ч. у «Литературной газете», паглыблення цікавасці да тэарэт.літ. праблем.
У 1836 пачаў выдаваць час.«Современник». У паэме «Медны коннік» (1833, апубл. 1837) на велізарную вышыню абагульнення ўзнята тэма дзяржавы і асобы, гісторыі і асобнага лёсу, узаемаадносін чалавека і свету, у сімвалічным плане спрадвечна-трагедыйных калізій, якія ўзнікаюць у гэтых узаемаадносінах, глыбокі філас. сэнс набывае тэма вар’яцтва («Медны коннік»; «Пікавая дама» 1833, апубл. 1834; верш «Не дай мне божа страціць розум» і інш.). П. упершыню паставіў многія вядучыя праблемырус. л-ры: народ як гіст. сіла і маральны крытэрый («Барыс Гадуноў»); асоба ў яе ўзаемаадносінах з асяроддзем і абставінамі («Яўген Анегін», 1823—31, цалкам апубл. 1833; «Медны коннік»); лёс «маленькага чалавека» (цыкл «Аповесці нябожчыка Івана Пятровіча Белкіна», 1830, апубл. 1831; «Стрэл», «Завея», «Трунар», «Станцыйны наглядчык», «Паненка-сялянка»); улада грошай над чалавечымі душамі («Пікавая дама») і інш. У маленькіх трагедыях («Скупы рыцар», 1830, апубл. 1836; «Моцарт і Сальеры», 1830, апубл. 1831; «Каменны госць», 1830, апубл. 1839, і інш.) на матэрыяле розных краін і гіст. эпох у гранічна лаканічнай форме даследуюцца філас. і маральныя праблемы ўсечалавечага маштабу (свабода, страсць і мараль; асоба, грамадства і гісторыя; жыццё, смерць і бессмяротнасць), дадзены глыбокія ўзоры філас.-псіхал. драмы. У філас. лірыцы 1830-х г. зварот да карэнных пытанняў быцця: кахання, творчасці, смерці. Аўтар антырэліг.сатыр. паэмы «Гаўрыліяда» (1821, апубл. 1861, Лондан; у Расіі 1908 з купюрамі), паэм «Браты-разбойнікі» (1821—22, апубл. 1825), «Домік у Каломне» (1830, апубл. 1833), «Анджэла» (1833, апубл. 1834), раманаў «Дуброўскі» (1832—33, апубл. 1841), «Капітанская дачка» (1836), аповесці «Егіпецкія ночы» (1835, не завершана, апубл. 1837), трагедыі ў вершах «Русалка» (1829—32, не завершана, апубл. 1837), нарыса «Падарожжа ў Арзрум у час паходу 1829 года» (1835, апубл. 1836), «Гісторыі Пугачова» (1834) і інш. Памёр ад раны, атрыманай на дуэлі з Ж.Дантэсам. Эстэт. асваенне кантэкстаў рус. жыцця (інтэлектуальнага, сац.-гіст., бытавога) спалучалася ў П. з жывым успрыняццем разнародных еўрап. уплываў, дарам пранікнення ў інш. культуры і эпохі. Значэнне творчасці і маштабы генія П. дазваляюць назваць яго выключнай з’явай сусв. культуры. Яго маст. дасягненні вызначылі і шмат у чым абумовілі далейшае развіццё рускай і інш. л-р. Творы П. перакладзены амаль на ўсе мовы свету, большасць з іх інсцэніравана і экранізавана.
Пэўнае месца ў творчасці П. занялі гісторыя Беларусі, лёс бел. народа. У маі 1820 і жн. 1.824 паэт праязджаў праз бел. землі. У арт. «Збор твораў Георгія Каніскага, архіепіскапа Беларускага» (1836) ён пісаў пра пакуты «народа, спрадвечна нам роднага, але адлучанага ад Расіі лёсам вайны», сцвярджаючы адзінства рус. і бел. народаў. Добра ведаў бел. фальклор. Доказ таму — мова чарняца Варлаама («Барыс Гадуноў»), насычаная прымаўкамі, якія ў той час бытавалі на Беларусі. Ведаць пра Беларусь П. мог ад кіраўніка Болдзінскага маёнтка беларуса В М.Пянькоўскага. Сучаснікі сцвярджалі, што прататыпам гал. героя рамана «Дуброўскі» быў бел. дваранін Астроўскі (як спачатку і называўся раман). Творчасць П. зрабіла велізарны ўплыў на развіццё бел. л-ры. Гэты ўплыў адчуваўся ўжо ў паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» (абедзве нап. 4-стопным ямбам), якія ствараліся пад уплывам не толькі травестацый М.Осіпава і І.Катлярэўскага, але і вольналюбівай лірыкі П., яго парадыйных паэм «Бава» і «Гаўрыліяда». У паэме «Тарас на Парнасе» засведчана глыбокая сімпатыя да П. Мара пра вял.нац. л-ру — асн. ідэя і пафас гэтага твора, дзе імя П. пастаўлена першым сярод найвыдатных пісьменнікаў суседніх л-р. У канцы 19 ст. з’явіўся першы бел. пераклад верша П. «Рэха» (пер. А.Гурыновіч). Шырокае асваенне бел. л-рай ідэйна-маст. традыцый П. пачалося з прыходам у л-ру Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча. Творчасць Я.Купалы захавала і развівала характэрныя для пушкінскай паэт. школы традыцыі грамадзянскасці, народнасці, гуманізму. Тыпалагічна блізкія погляды П. і Я.Купалы на вырашэнне тэм «паэт і паэзія», «паэт і натоўп», ідэнтычнае асэнсаванне імі ролі паэта ў грамадстве («Чэрнь», «Помнік» П., «Я не для вас», «Блізкія і далёкія», «Песняру беларусу» Я.Купалы). У героіка-рамантычным эпасе Я.Купалы і рамант. паэмах П. выявіўся тоесны падыход да асэнсавання нар. творчасці як з’явы мастацтва, выкарыстанне фальклору ў літ. творчасці, адлюстраванне нац.-вызв. ідэалаў.
Пры стварэнні рамант. паэм «Курган», «Бандароўна», «Яна і я» і інш. Я.Купала апіраўся на пушкінскую традыцыю ўспрымання гіст. працэсу ў яго прычынна-выніковых сувязях; у спосабах адлюстравання жыцця, у імкненні да выключнага і гераічнага ён блізкі найперш да П.-рамантыка. Уплыў П. абумовіў фарміраванне рэалістычна-канкрэтнай паэтыкі ў дарэв. лірыцы Я.Коласа. Як і П., Я.Колас паэтызаваў простае слова, што памагло яму вывесці нац. лірыку на пушкінскі шлях прастаты як найбольшага маст. майстэрства. У шэрагу вершаў Я.Коласа 1920-х г., прысвечаных тэме паэта. назіралася непасрэдная пераклічка з творамі П. («Водгулле» Я.Коласа, «Рэха» П.), арыентацыя на яго маст. пафас. Многія Коласавы вершы ваен. і пасляваен. часу («Мая просьба», «Самому сабе», «У бяссонне» і інш.) сталі ўзорамі бел.філас. лірыкі, развіваюць традыцыю сцвярджэння перамогі разумнага пачатку — традыцыю. каля вытокаў якой стаяў П. У артыкулах і аўтабіягр. матэрыялах Я.Коласа нямала прызнанняў пра велізарны ўплыў на яго П. Бясспрэчная і тыпалагічная сувязь «Новай зямлі» і «Яўгена Анегіна» як энцыклапедый нар. жыцця; абедзве нап. 4-стопным ямбам. Вял. ўздзеянне паэзіі П. адчуў на сабе Багдановіч: распрацоўка тэмы «народ і гісторыя», традыцый вольналюбівай лірыкі, сцвярджэнне пафасу мастацкасці, пашырэнне тэм і форм бел. л-ры.
Творы П. на бел. мову перакладалі Багдановіч («Вязень»), Я.Купала («Медны коннік»), Я.Колас («Палтава»), К.Чорны («Капітанская дачка», «Станцыйны наглядчык», «Паненка-сялянка», «Трунар», «Дуброўскі»), К.Крапіва («Капітанская дачка»), А.Куляшоў («Цыганы», «Яўген Анегін»), П.Глебка («Барыс Гадуноў»), А.Александровіч («Руслан і Людміла»), А.Якімовіч (казкі), Р.Барадулін, А.Бачыла, П.Броўка, А.Вечар, Ю.Гаўрук, М.Лужанін, М.Паслядовіч, Ю.Свірка, М.Танк, М.Хведаровіч, У.Шахавец і інш. Творчасць П. даследавалі і даследуюць бел.літ.-знаўцы І.Замоцін, Ф.Куляшоў, М.Ларчанка, Ю.Пшыркоў, А.Лойка, М.Тычына, А Шалемава і інш. Жыццё і творчасць П. — крыніца шматлікіх твораў л-ры, музыкі, выяўл. мастацтва. П’есы паводле твораў П. пастаўлены ў т-рах Беларусі: у Нац. т-ры імя Я.Купалы — «Капітанская дачка» (1937), спектакль па творах П. (сцэны «Келля», «Карчма», «Каля фантана» з трагедыі «Барыс Гадуноў» і «Скупы рыцар», 1949); у Нац.рус. т-ры — «Паненка-сялянка» і «Каменны госць» (абодва 1938), «Баляванне ў час чумы і...» (1999); у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Дуброўскі» (1937); у Бел. т-ры юнага гледача — «Пушкінскія казкі» (1974), «Казка пра папа і работніка яго Балду» (1989); у Бел. т-ры лялек — «Казка пра папа і пра работніка яго Балду» (1939); у Нац. т-ры оперы — «Яўген Анегін» (1933), «Пікавая дама» (1934), «Мазепа» (паводле паэмы «Палтава») П.Чайкоўскага (1952), «Русалка» А.Даргамыжскага (1937), «Дуброўскі» Э.Напраўніка (1948), «Алека» (паводле паэмы «Цыганы») С.Рахманінава (1949), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954), «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава (1972); у Нац. т-ры балета — «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева (1939) і інш. На тэксты П. напісаны многія творы бел. кампазітараў М.Аладава, У.Алоўнікава, А.Багатырова, А.Клумава, П.Падкавырава, Р.Пукста. Ю.Семянякі, А.Туранкова. Я.Цікоцкага і інш. Кнігі П. ілюстравалі бел. мастакі М.Бельскі, Т.Беразенская, А.Волкаў, М.Гуціеў, А.Кашкурэвіч, М.Селяшчук, В.Славук і інш.; карціну «А.С.Пушкін у Міхайлаўскім» напісала Р.Кудрэвіч, «Пушкін у Магілёве» Ю.Падляскі, «Кветкі каханай» І.Пратасеня і інш. Помнікі П. пастаўлены ў Мінску і Магілёве.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—10. М., 1974—78;
Бел.пер. — Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1993;
Выбр. творы. Мн., 1949;
Выбр. творы: Вершы. Паэмы. Мн., 1999;
Выбр. проза. Мн., 1936;
Барыс Гадуноў. Мн., 1937;
Каўказскі нявольнік. Мн., 1937;
Медны коннік. Мн., 1937;
Цыганы. Мн., 1937;
Бахчысарайскі фантан. Мн., 1937;
Аповесці нябожчыка Івана Пятровіча Белкіна. Мн., 1938;
Палтава. Мн., 1938;
Капітанская дачка. Мн., 1948; Яўгеній Анегін. Мн., 1949; Вершы. Мн., 1949; Казка аб мёртвай царэўне і аб сямі асілках. Мн., 1955; Казка пра папа і пра работніка яго Балду. Мн., 1957; Руслан і Людміла. Мн., 1978; О муза... Мн., 1999; Прарок = Пророк: Вершы і казкі. Мн., 1999; Яўгеній Анегін = Евгений Онегин: Раман у вершах. Мн., 1999.
Літ.:
Белинский В.Г. Сочинения Александра Пушкина. М., 1985;
А.С.Пушкин в воспоминаниях современников. Т. 1—2. М., 1974;
Бэлза И.Ф. Пушкин и Мицкевич в истории музыкальной культуры. М., 1988;
Ахматова А.А. О Пушкине: Ст. и заметки. 3 изд. М., 1989;
Анненков П.В. Пушкин: Материалы для биогр. А.С.Пушкина. М., 1999;
Афонин В. Религия и А.С.Пушкин. Невинномысск, 1999;
Гаспаров Б.М. Поэтический язык Пушкина как факт истории русского литературного языка. СПб., 1999;
Духовный труженик: А.С.Пушкин в контексте рус. культуры. СПб., 1999;
Кибальник С.А. Художественная философия Пушкина. СПб., 1999;
Кожинов В.В. Великое творчество. Великая Победа. М., 1999;
Лотман Ю.М. Пушкин: Биогр. писателя: Ст. и заметки, 1960-1990;
«Евгений Онегин»: Коммент. СПб., 1999;
Пушкин и поэтический язык XX в. М., 1999;
Щеголев П.Е. Дуэль и смерть Пушкина. 5 изд. СПб., 1999;
Виноградов В.В. Стиль Пушкина. М., 1999;
Кондаков И.М. Психология в зеркале пушкинской судьбы. М., 2000;
Купала Я. Любімы паэт // Купала Я. Публіцыстыка. Мн., 1972;
Колас Я. Друг человечества. Сонца нашай паэзіі // Зб. твораў. Мн., 1976. Т. 12;
Замоцін І.І. А.С.Пушкін: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1937;
Пшыркоў Ю.С. Уплыў творчасці А.С.Пушкіна на развіццё беларускай літаратуры. Мн., 1949;
Барысенка В.В., Івашын В.У. Роля рускай класічнай літаратуры ў развіцці рэалізму беларускай літаратуры пачатку XX ст.Мн., 1963;
Степунин И. Прототип пушкинского Дубровского // Неман. 1968. № 8;
Лойко О. Его живые ветви // Там жа. 1974. №6;
Ларчанка М.Р. Пушкінскія традыцыі ў беларускай паэзіі // Ларчанка М.Р. Яднанне братніх літаратур. Мн., 1974;
Бярозкін Р. Звенні. Мн., 1976;
Симанович Д.Г. Подорожная Александра Пушкина. Мн., 1977;
Шалемава А.А. Пушкінскія традыцыі ў лірыцы Янкі Купалы // Песні беларускай валадар. Мн., 1981;
Букчин С. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984. С. 101—116;
А.С.Пушкін і беларуская літаратура: Рэсп.навук.канф.: Матэрыялы і паведамл. Брэст, 1994;
Соломевич Я. «Нет, весь я не умру...» // Нёман. 1998. №6;
Лиокумович Т.Б. Потомки А.С.Пушкина в Беларуси. Мн., 1999;
Пушкін — беларуская культура — сучаснасць: Матэрыялы Міжнар.навук.канф.Мн., 1999;
А.С.Пушкін і Беларусь = А.С.Пушкин и Беларусь. Мн., 1999;
Тычына М.А. Аляксандр Пушкін і Якуб Колас. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАД,
буйны населены пункт, жыхары якога заняты пераважна ў прам-сці, гандлі, сферах абслугоўвання, навуцы, культуры, кіраванні і інш., а сам ён з’яўляецца гасп., культ., у большасці выпадкаў і адм. цэнтрам. Для горада характэрны канцэнтрацыя вытв-сці, павышаная шчыльнасць засялення і кампактнасць забудовы. Для аднясення населенага пункта да катэгорыі горада заканад. органы розных краін выкарыстоўваюць розныя крытэрыі і паказчыкі: колькасць насельніцтва (люднасць), адм. і нар.-гасп. функцыі, гар. прыкметы (узровень добраўпарадкавання) і інш. Крытэрый колькасці насельніцтва горада вагаецца ад 250 чал. у Даніі да 30 тыс.чал. у Японіі. Сучасныя гарады звычайна падзяляюцца на малыя (да 50 тыс.), сярэднія (50—100 тыс.), вялікія (100—250 тыс.), буйныя (250—500 тыс.), найбуйнейшыя (500 тыс. — 1 млн.) і гарады-мільянеры (больш за 1 млн. жыхароў). У свеце існуе больш за 220 гарадоў-мільянераў, а самы буйны — Токіо, 25,8 млн. жыхароў (1992). Каля многіх буйных гарадоў узнікаюць гарады-спадарожнікі. Часта гарады і гарады-спадарожнікі аб’ядноўваюцца, ствараючы агламерацыі гарадскія, якія могуць аб’ядноўвацца ў мегаполісы. У жыцці грамадства горад (асабліва буйныя) выступае як мнагапланавы сац. арганізм, складаны эканам.-геагр., арх., інж.-буд. і культ. комплекс. Для горада характэрна канцэнтрацыя і інтэнсіўнасць розных формаў сац. сувязей, спецыфічная (у параўнанні з вёскай) дэмаграфічная, прафес. і арганізац. структура. Органамі гар. кіравання, тыповымі для сучасных замежных дзяржаў, з’яўляюцца выбарны муніцыпальны савет (муніцыпалітэт), кіраўнік гар. адміністрацыі (мэр, бургамістр і да т.п.), які выбіраецца гэтым саветам або насельніцтвам, і падначаленыя ім аддзелы. Для сталічных гарадоў нярэдка ўстанаўліваюцца асобыя формы кіравання.
У Рэспубліцы Беларусь гарады падзяляюцца на 3 катэгорыі: рэсп., абл. і раённага падпарадкавання. Гар. кіраванне ажыццяўляецца праз гар. Саветы дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам гэтых гарадоў, выканаўчыя і распарадчыя органы, кіраўнікі якіх назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і зацвярджаюцца адпаведнымі Саветамі.
Узнікненне горада падрыхтавана грамадскім падзелам працы (пач. аддзяленне рамёстваў ад сельскай гаспадаркі) і ўтварэннем раннекласавых дзяржаў. Паселішчы, падобныя да горада, існавалі ўжо ў 7—6 ст.тыс. да н.э. (напр., Іерыхон у Палесціне). На думку шэрагу даследчыкаў, першыя гарады ўзніклі каля 5 тыс. гадоў назад на Б. Усходзе, у Месапатаміі (Шумер), пазней — у даліне Ніла (Мемфіс, Фівы), Індыі (Махенджа-Дара, Харапа) і інш. 1-я стадыя станаўлення і развіцця горада ахоплівае перыяд з 4-га тыс. да н.э. да 1-й пал. 1-га тыс.н.э.Найб. важныя зрухі адбыліся на першых двух этапах гэтай стадыі. На 1-м этапе (4—3-е тыс. да н.э.) у найстараж. абласцях цывілізацыі, напр. у Месапатаміі, вылучыліся буйныя цэнтры (Ур, Урук, Эрэх і інш.), якія мелі плошчу да 200 і больш га, нас. да 20 тыс.чал. На 2-м этапе (канец 3-га—2-е тыс. да н.э.) колькасць гарадоў значна павялічылася, вычленіліся іх гал. суб’екты (гандляры і рамеснікі, служыцелі храмаў і пісцы, служачыя, маракі, мастакі і інш.), пашырыліся зоны працэсаў урбанізацыі (Іран, Пакістан, Пд Сярэдняй Азіі і інш.). У канцы архаічнай эпохі (800—500 да н.э.) у Стараж. Грэцыі з’явіліся гарады-дзяржавы (гл.Поліс). Пазней нямала гарадоў узнікла ў ходзе стараж.-грэч. каланізацыі, заваяванняў Аляксандра Македонскага, экспансіі стараж. рымлян. Эканамічна стараж. гарады, якія ўзнікалі з суседскай абшчыны, грунтаваліся на сельскай гаспадарцы (з ёй была звязана большасць іх жыхароў), спецыялізацыі рамёстваў і гандлі. Для тагачаснай гар. арганізацыі характэрна наяўнасць умацаванага цэнтра (горад ва ўласным сэнсе слова) і падпарадкаванай яму перыферыі, або акругі. У адрозненне ад вёскі ўжо раннія гарады апрача функцый сховішча набылі рысы палітыка-адм. (тут знаходзілася рэзідэнцыя правіцеля), культавых (размяшчаліся рэліг. свяцілішчы), гасп. і культ. цэнтраў. Еўрап. Гарады ранняга сярэднявечча сфарміраваліся на працягу 5—11 ст. [раней у Італіі і Візантыі, пазней (9—13 ст.) у Германіі, на Русі, у Скандынаўскіх краінах, Ірландыі, Шатландыі, Польшчы, Венгрыі, Дунайскіх княствах]. Многія з іх трансфармаваліся з антычных гарадоў, якія заняпалі ва ўмовах тагачаснага панавання натуральнай гаспадаркі і аграрызаваліся, або развіваліся з новых паселішчаў. Першапачатковае насельніцтва такіх гарадоў складалася пераважна з феадальна залежных людзей уладальніка зямлі, на якой ён стаяў. Таму сеньёры гарадоў прысвойвалі значную частку гар. даходаў. У 11—13 ст. гэта выклікала супраціўленне гараджан, якое перарасло ў барацьбу за гар. самакіраванне і прававую арганізацыю, т.зв. камунальны рух. У ходзе яго (ахапіў пераважна частку Зах. і Паўд. Еўропы) гараджане вызваліліся ад асабістай залежнасці, канчаткова склаліся гарадскі лад (рамесныя цэхі, гільдыі купцоў, грамадз.гар. абшчына), праўленне (муніцыпальныя органы, суд), права, саслоўе (гл.Бюргерства). Узніклі гарады-рэспублікі (напр., Венецыя і Генуя ў Італіі, Ноўгарад і Пскоў на Русі), камуны (напр., далмацінскі Дуброўнік), вольныя і імперскія гарады. Дэмаграфічную аснову горада з канца 11 — сярэдзіны 12 ст. складалі збеглыя сяляне. Большасць сярэдневяковых гарадоў былі малыя (1—2 тыс. жыхароў) і сярэднія (3—5 тыс. жыхароў); найбуйнейшы — Канстанцінопаль (больш за 100 тыс. жыхароў). Часам гарады аб’ядноўваліся ў саюзы (напр., Ганза ў Германіі). Горад, як правіла, быў ахаваны зубчастымі каменнымі, часам драўлянымі сценамі ў 1—2 рады або земляным валам з частаколам. Яго планіроўка была радыяльна-кругавая, з 13 ст. часцей прамавугольная («гатычная»). Тут меліся прыгожыя саборы; гар. вуліцы былі вузкія, неўпарадкаваныя. Гасп. цэнтры горада размяшчаліся ў гар. прадмесцях (ніжнім горадзе, пасадзе, слабадзе). У 16 ст. ў Еўропе ўзніклі першыя метраполіі (Парыж, Лондан). Да адкрыцця еўрапейцамі Новага Свету даволі развітыя гарады (культавыя і гандл. цэнтры) існавалі ў Амерыцы (асабліва ў індзейцаў майя). Многія гарады засн. ў ходзе каланізацыі еўрапейцамі інш. кантынентаў (узнікалі як форты, порты і інш.). У індустр. эпоху ў сувязі з прытокам збяднелых сялян актывізаваўся рост буйных гарадоў — прамысл. цэнтраў (найб. з сярэдзіны 19 ст. ў Цэнтр. Еўропе і Паўн. Амерыцы), у якіх з’явіліся новыя формы забудовы (напр., шматкватэрныя дамы). Пазней гэты працэс ахапіў і традыцыйна агр. рэгіёны (Цэнтр. Афрыка, Цэнтр. Азія). У пач. 20 ст. развіццё сац. жыллёвага буд-ва прывяло да ліквідацыі цесных рабочых кварталаў унутры горада. Для сучасных буйных гарадоў характэрны шматфункцыянальнасць, высокая шчыльнасць забудовы, асобнае размяшчэнне жылых месцаў (т.зв. спальныя раёны) і месцаў працы, масавы вулічны рух, сац.праблемы (напр., беспрацоўе, злачыннасць) і інш.Найб. хутка растуць звышбуйныя гарады ў краінах, якія развіваюцца; тут асабліва адчувальныя праблемы беднасці, экалогіі.
На Беларусі першыя гарады ўзніклі ў 9 — 13 ст. і ўяўлялі сабой агароджанае (адсюль назва «горад») умацаванае паселішча. Нярэдка яны ўтвараліся на месцах б.гарадзішчаўжал. веку. Многія бел. гарады развіліся з умацаваных паселішчаў, феад. замкаў, парубежных крэпасцей. Росту гарадоў спрыяла яго геагр. размяшчэнне — скрыжаванне гандл. шляхоў, блізкасць ракі ці возера, якія выкарыстоўваліся як трансп. магістралі. На тэр. Беларусі дакладна ідэнтыфікавана і даследавана 35 гарадоў 9—13 ст., сярод якіх Полацк (з 9 ст.), Заслаўе, Тураў (з 10 ст.), Брэст, Віцебск, Лагойск, Мінск, Пінск (з 11 ст.), Барысаў, Брагін, Гомель, Гродна, Клецк, Навагрудак, Слаўгарад (Прапойск), Слуцк (з 12 ст.). Ядром горада звычайна быў дзядзінец, найчасцей размешчаны на ўзвышаным месцы, абкружаны абарончымі збудаваннямі. Побач узнікалі вакольны горад, вакол якога стваралася 2-я лінія ўмацаванняў, і пасады. Гарады развіваліся на аснове радыяльна-кальцавой і радыяльна-веернай сістэмы планіроўкі, у 11—13 ст. будаваліся мураваныя храмы, вежы-данжоны. У 12—13 ст. у гарадах пераважна развіваліся кавальства, ювелірнае, шавецкае, кравецкае, касцярэзнае, ганчарнае, бандарнае рамёствы. Сярод гараджан была пашырана пісьменнасць, пра што сведчаць берасцяныя граматы і графіці. У раннефеад. перыяд большасць гарадоў стала цэнтрамі ўдзельных княстваў, некаторыя — рэзідэнцыямі епіскапаў. Склаліся некаторыя рысы спецыялізацыі эканам. дзейнасці гарадоў. Прыватнаўласніцкія гарады і мястэчкі ператвараліся ў цэнтры вотчыннай прамысловасці. Ускладненне грамадскага ладу ў феад. эпоху выклікала ўзнікненне ў буйных гарадах цэхавай сістэмы і самакіравання паводле нормаў магдэбургскага права і мясц. права (гл.Гарадское права). У сац.-паліт. жыцці гарадоў важную ролю адыгрывала барацьба супраць феад. самавольства. Гарады былі цэнтрамі рэфармацыйнага руху і супраціўлення нац.-рэліг. прыгнёту. У канцы 17 — 1-й пал. 18 ст. ў выніку працяглых войнаў гарады Беларусі прыйшлі ў заняпад. Калі ў 17 ст. на Беларусі было 37 гарадоў і 320 паселішчаў местачковага тыпу, то ў сярэдзіне 18 ст. гарадоў і гар. паселішчаў засталося 228, а колькасць жыхароў у іх зменшылася ў 2,5 раза. Заняпад змяніўся новым уздымам. З 1786 па 1861 колькасць гар. насельніцтва павялічылася з 80 да 320 тыс. жыхароў. Органамі самакіравання засталіся магістраты. У парэформенны перыяд (пасля 1861) паскорыўся рост ф-к і з-даў, развіццю гарадоў спрыяла гарадская рэформа 1870-х гадоў. У 1887 у 42 гарадах пражывала 649,5 тыс. жыхароў. Гарады ператвараліся ў культ. цэнтры, дзе канцэнтраваліся навуч. ўстановы, тэатры, музеі. Значны рост насельніцтва гарадоў адбыўся ў БССР у выніку індустрыялізацыі, у 1939 у гарадах жыло 1854,8 тыс.чал. (20% насельніцтва). У 1990-я г.гар. насельніцтва Беларусі павялічылася ў параўнанні з 1950 у 4,3 раза; яго ўдзельная вага склала 67,6% ад усяго насельніцтва рэспублікі, што з’яўляецца адным з вышэйшых паказчыкаў урбанізаванасці ў свеце. На 1997 на Беларусі 102 гарады (39 рэсп. падпарадкавання), з іх 13 (без Мінска) мелі больш за 100 тыс.ж. (Гомель 512 тыс., Віцебск 364 тыс., Магілёў 368 тыс., Гродна 304 тыс., Брэст 295 тыс., Бабруйск 227 тыс., Баранавічы 172 тыс., Барысаў 153 тыс., Пінск 131 тыс., Орша 139 тыс., Мазыр 109 тыс., Ліда 101 тыс., Салігорск 101 тыс.). У Мінску жыве 1,7 млн.чал.
Літ.:
Развитие античного и средневекового города. М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫЯГРА́ФІЯ (ад гісторыя + ...графія),
1) у шырокім сэнсе — гістарычная навука, гісторыя (такое азначэнне сёння ўжываецца рэдка).
2) Гісторыя гіст. навукі — яе паходжанне і развіццё, барацьба розных школ і кірункаў.
3) Сукупнасць гіст. даследаванняў, аб’яднаных агульнымі рысамі: нацыянальнымі, тэарэтычнымі, тэматычнымі, храналагічнымі (гістарыяграфія ВКЛ, канфесіянальных дачыненняў, запрыгоньвання сялянства і інш.). Гістарыяграфія як навук. дысцыпліна вывучае заканамернасці працэсу назапашвання гіст. ведаў, навук. даследавання жыцця грамадства. Яе асн. аспекты: вывучэнне арганізацыі гіст. навукі (даследуе пытанні падрыхтоўкі кадраў, сістэмы навук. устаноў, функцыянавання архіваў, выдавецкай дзейнасці і інш.); даследчыцкая праблематыка (паказвае развіццё навук. пазнання гіст. мінулага); тэарэт. база даследаванняў; выяўленне ўплыву паліт. сітуацыі на канцэптуальную пазіцыю навукоўца. Вывучэнне гісторыі гіст. навукі адлюстроўвае аб’ектыўныя патрэбы навукі ў пазнанні самой сябе. Такое вывучэнне дае інфармацыю пра шлях, які прайшла гіст. навука, дазваляе ўдакладніць кірункі яе далейшага развіцця.
Першыя звесткі пра падзеі на тэр. Беларусі ў 9—12 ст. змешчаны ў летапісным зводзе «Аповесць мінулых гадоў» (складзены ў пач. 12 ст.) і інш.усх.-слав. летапісах. У 15—17 ст. склалася бел. летапісанне (гл.Летапісы беларуска-літоўскія). Першым гісторыкам ВКЛ лічыцца польскі храніст 16 ст. М.Стрыйкоўскі, які ў сваёй «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» (апубл. ў 1582) выкарыстаў разнастайныя дакумент. крыніцы. Першая спроба пабудовы сістэматызаванага курса па гісторыі ВКЛ — «Гісторыя Літвы» (1650—69) А.Віюк-Каяловіча. У 17—18 ст. пытанні гісторыі ВКЛ узнімалі ў сваіх працах Я.Пашкоўскі, С.Растоўскі, Ф.Папроцкі, С.І.Богуш-Сестранцэвіч і інш. Пачынальнік бел. археаграфіі І.І.Грыгаровіч выдаў «Беларускі архіў старажытных грамат» (ч. 1, 1824).
У 19 — пач. 20 ст.дзярж.-прававыя, паліт., эканам., сац. і інш. пытанні гісторыі ВКЛ даследавалі рас., польскія і ўкр. гісторыкі. Рас.афіц. навука (М.Г.Устралаў, І.Дз.Бяляеў, П.Дз.Бранцаў і інш.) зыходзіла з вялікадзярж. поглядаў на Беларусь як на спадчыннае ўладанне рас. манархаў, а на беларусаў — як на частку велікарус. народа. Польскія вучоныя (Т.Чацкі, С.Ліндэ, Л.Галамбёўскі, А.Дамброўскі, А.Нарушэвіч і інш.) абгрунтоўвалі погляды польскай і паланізаванай бел. шляхты на Беларусь як на частку Польшчы, а беларусаў разглядалі як этнагр. групу польск. народа. Супраць такіх поглядаў у 1810—20-я г. выступала група прафесараў Віленскага ун-та (М.К.Баброўскі, І.М.Даніловіч, Т.Нарбут, І.Б.Ярашэвіч), якія асвятлялі гісторыю ВКЛ з патрыятычных, літ.-бел. пазіцый, выказваліся за аднаўленне самастойнасці ВКЛ і вяртанне дзярж. статуса старабел. пісьмовай мове. Станаўленне нац. гістарыяграфічнай канцэпцыі звязана з развіццём навук. ведаў пра Беларусь і бел. народ — беларусазнаўствам. Да высноў пра самастойнасць бел. этнасу наблізіўся М.В.Без-Карніловіч. У канцы 1870 — 1-й пал. 1880-х г. істотную ролю ў распрацоўцы нац. канцэпцыі айч. гісторыі адыгралі народнікі (час. «Гомон» і інш.). Завяршальны этап барацьбы за грамадскае прызнанне бел. нацыі і яе права на самавызначэнне звязаны з утварэннем і дзейнасцю ў пач. 20 ст.Беларускай сацыялістычнай грамады, газ.«Наша ніва». Важнай вяхой у станаўленні нац.гіст. навукі стала «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910) В.Ю.Ластоўскага. У сувязі з абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі (25.3.1918) былі выдадзены першыя спец. працы па гісторыі бел. дзяржаўнасці М.В.Доўнар-Запольскага і А.І.Цвікевіча.
Пасля ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР, 1.1.1919) у гістарыяграфіі сав. часу вылучаюцца 4 перыяды. 1919—20-я г. былі пераходнымі ад абмежаванага канцэптуальнага плюралізму да ўсталявання парт.-бальшавіцкіх ацэнак. На першы план выйшла гіст.-рэв. тэматыка, барацьба за ўстанаўленне сав. улады (Д.М.Васілеўскі, І.А.Віткоўскі, З.Х.Жылуновіч, М.І.Каспяровіч, І.Ф.Лочмель, М.В.Мялешка, А.А.Шлюбскі). Значным укладам у развіццё нац. канцэпцыі гістарыяграфіі Беларусі сталі працы У.М.Ігнатоўскага, У.І.Пічэты, Доўнар-Запольскага («Гісторыя Беларусі» апошняга была забаронена да друку і выдадзена толькі ў 1994). У 1930-я — сярэдзіне 1950-х г. у сав. гістарыяграфіі ўстаноўлена поўная манаполія марксісцка-ленінска-сталінскай метадалогіі, спалучанай з мадэрнізаванымі пастулатамі рас. гісторыкаў вялікадзяржаўнікаў 19 — пач. 20 ст. Прыкметным дасягненнем гэтага перыяду былі працы па пытаннях сац.-эканам. развіцця Беларусі, гісторыі рэв. руху (С.Х.Агурскі, А.В.Бурдзейка, Дз.І.Даўгяла, Дз.А.Дудкоў, Т.І.Забела, К.І.Кернажыцкі, М.Майзель, М.А.Поташ) і інш. У 1930—50-я г. ў сістэме сярэдняй адукацыі БССР гісторыя Беларусі як асобны прадмет не вывучалася. У аснову выдадзенай у 1955—58 калектывам аўтараў пад кантролем ЦККПБ 2-томнай «Гісторыі Беларускай ССР» былі пакладзены ацэнкі «Гісторыі ВКП(б). Кароткі курс». У 2-й пал. 1950-х — 80-я г. ва ўмовах адноснай паліт. «адлігі» ў метадалогіі гіст. навукі адбыліся, па сутнасці, толькі касметычныя змены: выкінуты цытаты са сталінскіх прац і яго імя, але захаваны ранейшыя падыходы і ацэнкі, асабліва ў асвятленні гісторыі паліт. барацьбы ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. і гісторыі сав. перыяду; павялічылася выкарыстанне прац К.Маркса і У.І.Леніна, аднак замоўчваліся многія іх прынцыповыя палажэнні і высновы, якія не ўкладваліся ў афіц. канцэпцыю гістарыяграфіі. Істотна пашыралася крыніцазнаўчая і дакумент. асновы гіст. навукі, што дазволіла падрыхтаваць і выдаць значныя працы «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 1—5, 1972—75), «Усенародная барацьба ў Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85), «Гісторыя рабочага класа Беларускай ССР» (т. 1—4, 1984—87) і інш. З’явіліся грунтоўныя даследаванні па гісторыі сельскай гаспадаркі і сялянства (Х.Ю.Бейлькін, П.Р.Казлоўскі, Л.П.Ліпінскі, В.І.Мялешка, В.П.Панюціч, Дз.Л.Пахілевіч, М.М.Улашчык, М.Б.Фрыдман, В.У.Чапко), прамысловасці, гарадоў і рабочага класа (З.Е.Абезгаўз, М.Ф.Болбас, М.Р.Матусевіч, А.М.Люты), грамадскай думкі і нац. культуры (С.Х.Александровіч, Я.І.Карнейчык, Г.В.Кісялёў, У.М.Конан, А.С.Майхровіч, А.В.Мальдзіс), рэв. руху (М.В.Біч, Я.І.Бугаёў, А.І.Воранава, Е.П.Лук’янаў, Э.М.Савіцкі, Ц.Е.Саладкоў, К.І.Шабуня), Зах. Беларусі (М.С.Арэхва, П.І.Зялінскі, У.Ф.Ладысеў, А.Л.Мацко, І.В.Палуян, У.А.Палуян) і інш. Шмат увагі аддавалася вывучэнню сав. перыяду: Кастр. рэвалюцыі (У.Р.Івашын, І.М.Ігнаценка, С.З.Пачанін, П.Ц.Петрыкаў, П.А.Селіванаў, М.М.Смалянінаў, М.С.Сташкевіч), індустрыялізацыі і калектывізацыі (К.К.Герман, М.Я.Завалееў, М.І.Злотнік, І.Я.Марчанка, А.М.Сарокін, А.А.Філімонаў), Вял.Айч. вайны на Беларусі (Р.Р.Кручок, А.М.Літвін, Я.С.Паўлаў, А.Ф.Хацкевіч), пасляваен. развіцця эканомікі і культуры (А.П.Белязо, М.П.Касцюк, Л.М.Лыч, У.І.Навіцкі).
Якасна новы перыяд у развіцці бел. гістарыяграфіі пачаўся на пераломе 1980—90-х г. у сувязі са станаўленнем суверэннай і незалежнай Рэспублікі Беларусь. Ліквідаваны дыктат у гіст. навуцы ідэалаг. структур Кампартыі і марксісцка-ленінскай метадалогіі. У айч. гістарыяграфіі вярталіся забароненыя раней імёны, распрацоўваліся раней закрытыя тэмы, звязаныя са станаўленнем і развіццём бел.нац. руху, абвяшчэннем БНР, паліт. рэпрэсіямі, гісторыяй бел. эміграцыі, занядбаныя раней праблемыдзярж.-паліт. гісторыі бел. народа. Пачата выданне 6-томнай «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 1—4, 1993—97), выдадзены «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 1—2, 1994—95). Адраджаецца нац. змест гіст. адукацыі, распрацавана яе канцэпцыя ў сярэдняй школе, выдадзены базавыя праграмы і вучэбныя дапаможнікі па айч. гісторыі, уведзена новая перыядызацыя, узгодненая з перыядызацыяй усеаг. гісторыі, перабудоўваецца навучанне на гіст. ф-тах ВНУ і інш. Пэўны ўклад у гіст. навуку зрабілі бел. даследчыкі ў эміграцыі, якія вывучалі вытокі дзяржаўнасці бел. народа, нац. характар ВКЛ, развіццё нац. руху і нац.-дзярж. адраджэння ў 20 ст. (БНР, БССР), рэпрэсіі ў 1930-я г. і іх вынікі, этнічныя працэсы пасля 2-й сусв. вайны А.Адамовіч, Я.Варонка, В.Жук-Грышкевіч, Я.Запруднік, А.Калубовіч, І.Касяк, В.Кіпель, М.Лапіцкі, І.Любачка, Я.Найдзюк, В.Пануцэвіч, Я.Садоўскі, Ч.Сіповіч, Я.Станкевіч, В.Тумаш) і інш. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь (27.7.1990) дало пачатак творчым кантактам гісторыкаў, якія працуюць у Беларусі, з гісторыкамі і інш. вучонымі ў эміграцыі, асэнсаванню і выкарыстанню іх спадчыны.
У дасав. перыяд зборам і публікацыяй гіст. крыніц і краязнаўчай працай займаліся Віленская археаграфічная камісія (1864—1915), губ. вучоныя архіўныя камісіі, царк. гісторыка-археал. к-ты, музеі. У 1920—80-я г. даследаванні па айч. гісторыі разгарнуліся ў БДУ, Інбелкульце, Ін-це гісторыі АНБССР (з 1929), Ін-це гісторыі партыі пры ЦККПБ. У наш час праблемы гісторыі Беларусі распрацоўваюць у Ін-це гісторыі, Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, Ін-це філасофіі і права, Ін-це л-ры (усе ў Нац.АН Беларусі), Нац. навукова-асв. цэнтры імя Ф.Скарыны, на гіст. кафедрах ВНУ, у буйных архівах і музеях Беларусі. Заахвочванню даследаванняў па бел. гістарыяграфіі і публікацыі іх вынікаў садзейнічаюць нац.культ.-навук. цэнтры — Бел.Ін-т Навукі і Мастацтва ў Нью-Йорку (ЗША) і яго філіял у Таронта (Канада), Бел.б-ка і музей імя Ф.Скарыны ў Лондане (Вялікабрытанія) і інш.Гл. таксама Антычнасць, Арабістыка, Асірыялогія, Візанціназнаўства, Гебраістыка, Германістыка, Егіпталогія, Індалогія, Медыявістыка, Новая гісторыя і навейшая гісторыя, Семіталогія, Славяназнаўства, Усходазнаўства і інш.
Літ.:
Очерки истории исторической науки в СССР. Т. 1—4. М., 1955—66;
Вайнштейн О.Л. Историография средних веков... М.; Л., 1940;
Яго ж. История советской медиевистики, 1917—1966. Л., 1968;
Историография новой и новейшей истории стран Европы и Америки. М., 1968;
Кузнецова Н.А., Кулагина Л.М. Из истории советского востоковедения 1917—1967. М., 1970;
Достижения исторической науки в БССР за 60 лет. Мн., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ Ў ЗША 1861—65, Сецэсійная вайна, Другая Амерыканская рэвалюцыя,
узброены канфлікт паміж паўд. і паўн. штатамі ЗША. Выклікана абвастрэннем у 1850-я г.праблемы рабства неграў (узбр. барацьба паміж фермерамі і плантатарамі-рабаўладальнікамі за свабодныя землі ў Канзасе, узмацненне абаліцыянізму, у т. л. паўстанне Дж.Браўна і інш.). Непасрэдная прычына — рэакцыя рабаўладальнікаў паўд. штатаў на выбранне прэзідэнтам ЗША кандыдата ад Рэсп. партыі (засн. ў 1854) А.Лінкальна, які выступаў супраць рабства. Убачыўшы ў гэтым пагрозу свайму панаванню ў федэральных органах улады (плантатары належалі да Дэмакр. партыі) і існаванню сістэмы рабства ў краіне, улады штатаў Паўд. Караліна, Місісіпі, Фларыда, Алабама, Джорджыя, Луізіяна, Тэхас у канцы 1860 — пач. 1861 па чарзе здзейснілі сецэсію (аддзяленне) ад амер. федэрацыі. Гэтыя рабаўладальніцкія штаты ў лют. 1861 у г. Мантгомеры ўтварылі Канфедэрацыю (з 20.7.1861 яе сталіца г. Рычманд) на чале з прэзідэнтам Дж.Дэвісам, у крас.—чэрв. 1861 да яе далучыліся Віргінія, Арканзас, Паўн. Караліна, Тэнесі — усяго 11 з 34 штатаў ЗША. Паводле прынятай у Канфедэрацыі канстытуцыі асновай яе эканам. і паліт. ладу абвешчана рабства. Пры садзейнічанні ўрада прэзідэнта ЗША Дж.Б’юкенена ў перыяд паміж выбраннем (6.11.1860) і ўступленнем на пасаду Лінкальна (4.3.1861) сецэсіяністам перададзена 500 тыс. ружжаў, 15 тыс. з 16 367 федэральных вайскоўцаў адпраўлены далёка на Захад. 12—14.4.1861 сецэсіяністы абстралялі стратэг. федэральны форт Самтэр каля г. Чарлстан і прымусілі капітуляваць яго гарнізон. 15.4.1861 Лінкальн абвясціў паўд. штата мяцежнымі і прызваў 75 тыс. добраахвотнікаў (усяго за час вайны амаль 2,9 млн.чал.), 19 і 27 крас. распарадзіўся аб марской блакадзе ўзбярэжжа Канфедэрацыі. На 1-м (т.зв. канстытуцыйным) этапе вайны (1861—62), калі асн. баявыя дзеянні разгарнуліся на тэр. штата Віргінія на напрамку Вашынгтон—Рычманд, паўночнікі з-за недахопу сіл не здолелі акружыць тэр. Канфедэрацыі і прымусіць мяцежнікаў да міру (план «Анаконда»). Яны недаацанілі праціўніка (6.3.1861 Дэвіс прызваў 100 тыс. добраахвотнікаў, за вайну — 1,9 млн.чал.), дзейнічалі недастаткова рашуча і пацярпелі буйныя паражэнні каля Манасаса (21.7 і 30.8.1861), Фрэдэрыксберга (11—13.12.1862) і інш. На З і Пд у даліне Місісіпі федэральныя часці пад камандаваннем генералаў У.Гранта і Б.Батлера ва ўзаемадзеянні з эскадрай камадора Д.Фарагута вясной 1862 занялі Мемфіс, Карынф і Новы Арлеан. Пад уплывам радыкальных рэспубліканцаў, хваляванняў на фронце і ў тыле ўрад Лінкальна ў 1862 выдаў білі аб канфіскацыі маёмасці мяцежнікаў, пакаранні смерцю за здраду ЗША, Гомстэд-акт, пракламацыю аб вызваленні рабоў у мяцежных штатах (з 1.1.1863). У ходзе 2-га этапа (1863—65) федэральныя ўзбр. сілы, у складзе якіх ваявала нямала рабочых, фермераў, імігрантаў (немцы, ірландцы, італьянцы, венгры, палякі, рускія, канадцы, кітайцы і інш.), сацыялістаў (гл. І.Вейдэмеер), папоўнены таксама неграмі (186 тыс.чал., яшчэ 250 тыс. у тылавых часцях). Пасля бітваў каля Гетысберга (1—3.7.1863) і Чатанугі (23—25.11.1863), авалодання ключавым портам Віксберг на Місісіпі (4.7.1863) ваен. ініцыятыва перайшла да федэральнага боку. У 1863 у Сан-Францыска і Нью-Йорк 2 эскадры накіравала Расія, якая з часоў Крымскай вайны 1853—56 сапернічала з Вялікабрытаніяй і Францыяй (апошнія падтрымлівалі мяцежнікаў). Гэта садзейнічала ўзмацненню міжнар. пазіцый урада Лінкальна. У выніку наступлення (пачалося ў маі 1864) паводле распрацаванага Грантам (з сак. 1864 галоўнакаманд.) ген. плана, асабліва т.зв. «маршу да мора» цераз тэр. штата Джорджыя, федэральныя арміі расчлянілі тэр. Канфедэрацыі, 3.4.1865 занялі Рычманд. 9.4.1865 у пас. Апаматакс галоўнакаманд. мяцежнікаў ген. Р.Лі падпісаў акт аб капітуляцыі. Рэшткі ўзбр. сіл Канфедэрацыі супраціўляліся да 2.6.1865. Грамадз. вайна была найб. кровапралітнай у гісторыі ЗША (з абодвух бакоў загінула каля 620 тыс.чал.). У выніку перамогі паўночнікаў у гэтай вайне, якая была 1-й фазай другой Амер. рэвалюцыі (2-я фаза — Рэканструкцыя Поўдня 1865—77), адноўлена ў былым складзе штатаў дзяржава, ліквідавана рабства неграў, вырашана зямельнае пытанне. Гл. таксама «Алабама», Манітор.
Літ.:
Бурин С.Н. На полях сражений гражданской войны в США. М., 1988;
Фонер Э. Рабство, гражданская война и реконструкция: новейшая историография // Новая и новейшая история. 1991. № 6;
Арсеньев В. Американская экспедиция русского флота в 1863—1864 гг. // Морской сб. 1995. № 1.
У.Я.Калаткоў.
Да арт.Грамадзянская вайна ў ЗША 1861—65. Першы дзень бітвы каля Гетысберга (1863). Карціна Дж.Уокера. Музей ваеннай акадэміі ў Уэст-Пойнце, ЗША.Да арт.Грамадзянская вайна ў ЗША 1861—65. I. Адзенне воінаў узброеных сіл паўночнікаў: 1 — капрал кавалерыі ў зімовым шынялі; 2 — радавы пяхоты; 3 — капітан кавалерыі ў поўнай параднай форме; 4 — капітан ВМФ; 5 — матрос; 6 — стралок лёгкай пяхоты. II. Абмундзіраванне арміі і флоту жыхароў Поўдня: 1 — сяржант кавалерыі (1862); 2 — радавы пяхоты (1861—62); 3 — радавы пяхоты (1863—65); 4 — капітан ВМФ; 5 — матрос; 6 — радавы артылерыі.