ЛЭНД-АРТ (англ. land art мастацтва зямлі),

мастацтва трансфармацыі прыродных аб’ектаў; кірунак сучаснага мастацтва. Як від татальнага мастацтва імкнецца праз пераўтварэнне наблізіць рэальны ландшафт да жывапіснага пейзажу, да аднаўлення страчанай сувязі чалавека з прыродай. Узнік у 1960-я г. ў ЗША і краінах Зах. Еўропы як рэакцыя на экалагічныя праблемы і камерцыялізацыю мастацтва. Першапачаткова творы Л.а. ствараліся на т.зв. ускраінных прасторах (пустыні, астравы, аддаленыя ад жылых месцаў вадаёмы і інш.). Заснавальнікі кірунку (Д.Опенгайм, Р.Лонг, В. дэ Марыя, Р.Смітсан, М.Хейзер) ажыццяўлялі буйнамаштабныя праекты на вял. прыроднай прасторы: капалі равы, рабілі насыпы, праводзілі на зямлі барозны, лініі вапнай або камянямі і інш. Іх формы часта нагадвалі знакі культур стараж. плямён, якія жылі на гэтай тэрыторыі. Пазней месцамі правядзення падобных акцый сталі пераважна лясныя гушчары, паляны, узбярэжжы рэк і азёр, дзе ствараліся інсталяцыі з прыродных матэрыялаў (ствалы дрэў, лісце, галіны, камяні, дзірван і інш.). У задуму твора ўключаюцца яго змены пад уздзеяннем атмасферных з’яў, росту раслін і інш. прыродныя працэсы. Твор звычайна ахоплівае вял. плошчу і цалкам бачны толькі з вял. вышыні. Найб. вядомы ўзор Л.а. — «Спіральная дамба» Смітсана ў Вял. Салёным воз. ў ЗША (1970).

І.М.Каранеўская.

т. 9, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)