МО́ЭМ (Maugham) Уільям Сомерсет

(25.1.1874, Парыж — 16.12.1965),

англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Гайдэльбергскім ун-це, атрымаў мед. адукацыю ў Лондане. Першы раман «Ліза з Ламбета» (1897) напісаны ў традыцыях натуралізму. Вядомасць прынёс аўтабіягр. «раман выхавання» «Цяжар страсцей чалавечых» (1915, экранізацыя 1963), у якім духоўнае станаўленне героя, пошукі ім гуманіст. ідэалаў. Праблемы творчасці і творцы, яго ўзаемаадносін з соцыумам, маральна-этычныя пытанні ў цэнтры раманаў «Месяц і грош» (1919), «Размаляваная вуаль» (1925), «Пірагі і піва» (1930), «Тэатр» (1937, тэлефільм 1978), «Вастрыё брытвы» (1944) і інш. Майстар навелы (зб-кі «Трапятанне ліста», 1921; «Ад першай асобы», 1931; «Забаўкі лёсу», 1947, і інш.). Аўтар п’ес «Лэдзі Фрэдэрык» (1907), «Круг» (1921), «Шэпі» (1933) і інш., мемуарна-крытычных кніг «Падводзячы вынікі» (1938), «Пункт гледжання» (1959). Яго творчай манеры ўласцівы тонкі псіхалагізм, філігранная проза, майстэрства пабудовы сюжэта. На бел. мову навелы М. пераклалі В.Валынскі, Я.Міклашэўскі, Я.Верабей. Дзярж. т-р муз. камедыі Беларусі паводле яго рамана «Тэатр» паставіў мюзікл «Джулія» (1991).

Тв.:

Бел. пер. — Апавяданні. Мн., 1990;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—5. М., 1991—94;

Тогда и теперь: Романы. М., 1991.

Літ.:

Английская литература, 1945—1980. М., 1987.

Т.Я.Камароўская.

У.С.Моэм.

т. 10, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)