польская княжацкая і каралеўская дынастыя. Названа ў гонар легендарнага родапачынальніка селяніна Пяста. Першы гістарычна вядомы польскі князь дынастыі П. Мешка I (960—992), нашчадкі якога займалі польскі трон. Пасля смерці Баляслава III Крывавустага (1138) дынастыя падзялілася на некалькі княжацкіх ліній. Ад Уладзіслава II пачалася сілезская лінія (згасла ў 1675), ад Мешкі III Старога — велікапольская (згасла ў 1296), ад Казіміра II Справядлівага — малапольская (згасла ў 1279), мазавецкая (згасла ў 1526) і куяўская (згасла ў 1388). У аб’яднаным Польскім каралеўстве трон заняла лінія куяўскіх князёў (Уладзіслаў I Лакетак, Казімір III Вялікі — апошні П. на польскім троне).
Літ.:
Balzer O.M. Genealogia Piastów. Kraków, 1895. Jasienica P. Polska Piastów. Warszawa, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГВАЛО́Д (?—980?),
першы гістарычна вядомы полацкі князь, бацька Рагнеды Рагвалодаўны. Паводле летапісаў, прыйшоў «з-за мора». Даследчыкі лічаць, што Р. стаў полацкім князем у 960—970-я г. ці нават у сярэдзіне 10 ст. Можна меркаваць, што ў барацьбе Ноўгарада з Кіевам Р. схіляўся на бок Кіева. Заваяваў наўгародскія воласці, за што ў 980 (паводле В.М.Тацішчава ў 975 або 980, паводле А.А.Шахматава ў 970) забіты наўгародскім кн.Уладзімірам Святаславічам разам з жонкаю і 2 сынамі. (Раальдам і Свенам).
Літ.:
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.:(Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАКРЫ́ЛЫЯ (Homoptera),
раўнакрылыя хобатныя, атрад насякомых. Вядомы з ранняга карбону (каля 350 млн.г. назад). 5 падатр.: алейрадзіды, какцыды, лістаблошкі, тлі, цыкадавыя. Больш за 30 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна, пераважна ў тропіках. Многія віды ўтвараюць калоніі. Некат. віды шкодзяць лясным і с.-г. раслінам, ёсць пераносчыкі ўзбуджальнікаў захворванняў раслін. На Беларусі больш за 300 відаў; кашаніль польская занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела да 8 см, размах крылаў да 18 см. Галава маларухомая, ротавы апарат сысучы, з 3-членікавым хабатком. Крылаў 2 пары з аднатыпным жылкаваннем (адсюль назва), часта развіты толькі пярэднія, часам зусім адсутнічаюць. Кормяцца сокамі раслін. Даюць 1—3 пакаленні за год. Развіццё з няпоўным ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЖА́НСКАЯ КЕРА́МІКА,
бел. традыцыйныя ганчарныя вырабы з г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Промысел вядомы са старажытнасці.
Найб. росквіту дасягнуў у канцы 19—1-й пал. 20 ст. Выраблялі чарнаглянцавы, з 1920-х г. паліваны гаспадарчы посуд: гаршкі, збанкі, міскі, вазоны, слоікі, цадзілкі, глякі, макатры, спарышы і інш. Вырабы вызначаюцца выразным чляненнем цыліндрычных, канічных і шарападобных аб’ёмаў, кантрастам залаціста-зеленаватай ці карычневай палівы з амаль белым фонам чарапка. Выраблялі таксама дзіцячыя цацкі-свістулькі ў выглядзе стылізаваных конікаў, качак, сабак, бараноў і інш. з мяккай пластыкай форм. У 2-й пал. 20 ст. промысел заняпаў, у канцы 1990-х г. перастаў існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУТЫ́Л (ад лац. rutilus залаціста-чырвоны),
мінерал класа аксідаў, аксід тытану, TiO2; гал. кампанент тытанавых руд. Ізаморфныя прымесі: хром, ніобій, тантал, ванадый, волава. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Утварае зярністыя суцэльныя масы, крышталі прызматычныя, слупкаватыя да ігольчастых, зросткі з магнетытам, гематытам, ільменітам, урастанні ігольчастыя і воласападобныя ў кварцы («стрэлы Амура», «валасы Венеры»), гранаце; па крышталаграфічных напрамках урастанні ў сапфіры, рубіне, шпінэлі і інш. абумоўліваюць астэрызм (эфект мігцення зоркі). Колер чырвона-буры, жаўтаваты, сіняваты, чорны, зялёны. Цв. 6,5. Шчыльн. 4,2 г/см³. Крохкі. Радовішчы вядомы ў кварцытах, гнейсах, метамарфічных сланцах. Намнажаецца ў россыпах. Выкарыстоўваецца ў электроднай і лакафарбавай прам-сці, сыравіна на ніобій і тантал. Найб. радовішчы ў Аўстраліі (90% сусветнай здабычы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЧЫЦКІ ЗА́МАК Існаваў у 16—1-й пал. 17 ст. ў г.Рэчыца Гомельскай вобл. Пабудаваны з дрэва на высокім пагорку правага берага Дняпра на месцы стараж. гарадзішча пл. каля 1 га. Быў абнесены валам і абведзены ровам. Умацаванне авальнага ў плане замка складалася з драўляных абарончых сцен, зробленых па тыпу гародняў з 1 ярусам бою, 5 шматгранных і квадратных у плане вежаў, накрытых невысокімі шатровымі дахамі. Уезд у замак быў з ПдЗ праз пад’ёмны мост. Р.з. разбураны ў 1649 у час антыфеадальнай вайны 1648—51. Вядомы паводле плана і гравюры 1649.
Літ.:
Егоров Ю. Градостроительство Белоруссии. М., 1954. С. 77.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕ́ДКАў юрыспрудэнцыі,
асоба, адносна якой ёсць падставы меркаваць, што ёй вядомы нейкія акалічнасці па крымін., адм. або цывільнай справе, выкліканая органам, што вядзе следства, справу аб адм. правапарушэнні, або судовы працэс, для дачы паказанняў. Асоба, выкліканая ў якасці С., абавязана з’явіцца па выкліку і даць праўдзівыя паказанні. За адмову або ўхіленне ад дачы паказанняў, за дачу заведама лжывага паказання па крымін. і цывільных справах С. нясе крымін. адказнасць у адпаведнасці з законам. Працэсуальнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь вызначае кола асоб, якія не падлягаюць допыту ў якасці С.: падазроныя; асобы, што па ўзросце, фіз. або псіхічным стане здароўя не здольны правільна ўспрымаць акалічнасці, што належаць высвятленню па справе, і некат. інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛІШЧА,
1) тэрмін, які шырока ўжываецца ў стараж. летапісах у сэнсе сяло, вёска.
2) Археал. тэрмін, які выкарыстоўваецца для абазначэння рэшткаў стараж. неўмацаванага паселішча. Як правіла, С. не маюць знешніх прыкмет (равоў, валоў). Найчасцей узнікалі на роўных мясцінах каля рэк і азёр. Жытлы звычайна драўляныя, чатырохвугальныя; дамы размяшчаліся радамі; сустракаецца і кучная забудова без бачнага парадку. Некат. С. былі абгароджаны плятнямі. На Беларусі С. вядомы з эпохі бронзавага веку. У раннім жал. веку насельніцтва пераважна жыло на гарадзішчах (акрамя Пд). Новая хваля пашырэння С. пачалася з першых стагоддзяў н.э., асабліва ў 4—5 ст. Шмат С. захавалася ад раннефеад. часу (9—13 ст.). На тэр. Беларусі зафіксавана некалькі соцень С.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕТКАКРЫ́ЛЫЯ (Neuroptera, або Planipennia),
атрад насякомых. Каля 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Вядомы з пермскага перыяду. На Беларусі найб. адзначаюцца прадстаўнікі сям.залатавочак і мурашыных ільвоў.
Даўж. цела 1—3 см, размах крылаў да 12 см. Цела тонкае, светла-зялёнае, чорнае і інш. Крылаў 2 пары, звычайна аднолькавых, празрыстых сеткавых (адсюль назва). Ротавы апарат грызучага тыпу. Ногі тонкія, хадзільныя, з 5-членікавымі лапкамі, у некат. відаў пярэднія — капальныя. Развіццё з поўным ператварэннем. У лічынак сківіцы ўтвараюць смактальныя трубкі. Многім з іх уласціва пазакішачнае страваванне (у цела ахвяры ўводзяць стрававальныя ферменты, потым высмоктваюць ператраўленую ежу). Карысныя: кормяцца тлёй, какцыдамі і інш. насякомымі, шкоднымі для сельскай і лясной гаспадарак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ТЭРЫ (англ. setter ад set рабіць стойку),
пароды паляўнічых сабак-выжлаў. Выкарыстоўваюць для палявання на птушак.
Канстытуцыя моцная, сухая. Вядомы 3 пароды С.: англійскі (рабы або лаверак), выведзены ў Англіі; выш. ў карку 52—65 см, поўсць густая, бліскучая, доўгая, белая з чорнымі, рыжымі або карычневымі плямамі; ірландскі (чырвоны). выведзены ў Ірландыі; выш. ў карку 54—65 см, поўсць густая, сярэдняй даўжыні, цёмна-чырв.-рыжая; шатландскі (гардон), выведзены ў Шатландыі: выш. ў карку 58—67 см, поўсць гладкая або хвалістая, чорная з бліскучым адценнем, з яркімі рыжа-чырв. падпалінамі. Маюць добры нюх і прыроджаную здольнасць рабіць стойку перад затоенай дзічынай. Тып паводзін ураўнаважаны, рухомы.