ЛАДЫ́ГІНА (Арыядна Барысаўна) (н. 2.3.1927, Мінск),
бел. вучоны-эстэтык, музычны крытык і педагог. Дачка Б.І.Ладыгіна. Д-р філас. н. (1976). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1950). Выкладала ў Саратаўскім муз. вучылішчы, Маскоўскай і Казанскай кансерваторыях. З 1958 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. З 1963 у Бел. акадэміі музыкі (з 1978 праф.). Даследуе праблемы народнасці мастацтва, пераемнасць культур (пераважна на матэрыяле бел. музыкі), гісторыю бел. муз. т-ра. Выступае як муз.-тэатр. крытык.
Тв.:
Народнасць савецкага мастацтва і беларуская музыка. Мн., 1961;
Искусство и современность. Мн., 1964;
Искусство: Диалектика преемственности. Мн., 1979 (разам з В.В.Грыніным);
О преемственности в искусстве. М., 1982 (з ім жа);
Книга по эстетике для музыкантов. М.;
София, 1983 (у сааўт.);
Искусство в системе духовных ценностей общества. М., 1986 (разам з В.В.Грыніным);
Le caractére populaire de l’art socialiste // Actes du VIIe congrés International d’esthétique. Bucarest, 1977. T. 2.
А.Ф.Рашчупкін.
т. 9, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІНІ́ЗМ,
слова ці выраз, што перайшлі з лацінскай мовы як запазычанні ці ў выглядзе словаўтваральных, семантычных або сінтакс. калек. У ранні перыяд развіцця бел. мовы гал. роля ва ўзбагачэнні яе тэрміналогіі Л. належала польскай мове, з 2-й пал. 16 ст. ў сувязі з пашырэннем на тэр. Беларусі грамадскіх і культ. функцый лац. мовы Л. запазычваліся і непасрэдна праз пісьмовую і вусную мовы. У 14—18 ст. Л. значна папоўнілася бел. грамадска-паліт., юрыд., канцылярская («депутатъ», «статутъ», «секретаръ») і сац.-эканам. («аренда», «сума») лексіка, атрымала новыя сродкі выражэння тэрміналогія навукі, л-ры, мастацтва («веригъ», «нота», «студентъ»). Многія старыя Л. захаваліся ў бел. мове да нашага часу. У 19—20 ст. крыніцай Л. для бел. мовы стала рус. мова, з якой запазычваюцца пераважна інтэрнацыяналізмы («інфляцыя», «эвалюцыя»). Спецыфічная прыкмета Л. — канцавыя спалучэнні «-ум» («пленум»), «-ус» («корпус»), «-ент» («апанент»), «-цыя» («градацыя»), «-тар» («экватар») і інш.
Літ.:
Булыка АМ. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.
А.М.Булыка.
т. 9, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ВІН (Барыс Міхайлавіч) (29.6.1914, г. Віцебск — 22.11.1990),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Бел. студыю пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). У 1931—38 працаваў у Віцебскім ТРАМе, БДТ-3, Бел. т-ры юнага гледача імя Крупскай, у 1938—83 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Выканаўца вострахарактарных і камед. роляў. Валодаў майстэрствам стварэння падкрэслена вонкавага малюнка ролі з выкарыстаннем розных камед. сродкаў (гратэск, буфанада і інш.). Найб. значныя ролі ў т-ры імя Я.Коласа ў нац. драматургіі: Паніч («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), пан Бараноўскі («Несцерка» В.Вольскага), Рабінін («Святло з Усходу» П.Глебкі), Дзед («Зацюканы апостал» А.Макаёнка), Альховік («Трывога» А.Петрашкевіча). Сярод інш. роляў: Карэнін («Жывы труп» Л.Талстога), князь Валкоўскі («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага), Прапацей і Бабаедаў («Ягор Булычоў і іншыя» і «Ворагі» М.Горкага), герцаг Албанскі і Кісель («Кароль Лір» і «Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра), Вурм («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Благое («Докгар філасофіі» Б.Нушыча) і інш.
Г.П.Маркіна.
т. 9, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЎШ (Святаслаў Аляксандравіч) (1917, в. Ілья Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 1997),
рэлігійны і грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, пісьменнік. Сын А.Каўша. Скончыў Віленскую бел. гімназію і Віленскі ун-т. Пасвячоны ў дыяканы, быў псаломшчыкам у в. Засулле Стаўбцоўскага р-на. З 1939 завуч сярэдняй школы ў Стаўбцоўскім р-не. У 1941—44 супрацоўнічаў з ням.-фаш. акупац. ўладамі, быў старшынёй павета ў Клецку. З 1944 у Германіі, з 1949 у ЗША. У 1969 пасвячоны ў святары, і да 1977 быў настаяцелем бел. прыхода св. Кірылы Тураўскага ў Рычманд-Гіле (Нью-Йорк), у 1976—86 — прыхода св. Ефрасінні Полацкай у г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі). З 1970 чл. епархіяльнай рады Бел. правасл. царквы Паўн. Амерыкі і Канады. У 1976—88 старшыня Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэта. Пасля 1976 рэдактар час. «Царкоўны сьветач», выдаваў «Беларускі праваслаўны каляндар». Аўтар кнігі балад і прозы «Русалчына балада», аповесці «На дарогах вайны» і інш.
Тв.:
Шляхам аўтакефаліі // Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998.
Л.У.Языковіч.
т. 8, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБА́РА (Генадзь Іванавіч) (н. 18.5.1952, саўгас імя Леніна, Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл.),
бел. кларнетыст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя Глінкі (1970, клас У.Скараходава; у 1975—80 выкладаў у ім), Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных у Маскве (1975), асістэнтуру-стажыроўку пры ім (1981). З 1975 саліст Дзярж. акад. сімф. аркестра Беларусі, з 1986 саліст-інструменталіст Бел. філармоніі, з 1991 артыст ансамбля салістаў «Класік-Авангард». З 1980 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (дацэнт з 1988). У сольных канцэртах выканаў анталогію камернай музыкі для кларнета з твораў класікі і сучасных кампазітараў, у т. л. бел., прысвечаных менавіта З. (Г.Вагнера, В.Войціка, У.Дамарацкага, К.Цесакова і інш.). Аўтар пералажэнняў для кларнета твораў Л.Бетховена, І.Брамса, К.Вебера, Р.Шумана, Ф.Шуберта і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу маладых выканаўцаў (1979, Мінск), міжнар. конкурсу «Пражская вясна» (1981). Сярод яго вучняў П.Навуменка, Г.Казадой, Я.Ягудзін.
т. 6, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗВО́РСКА-ЕЛІЗА́Р’ЕВА (Маргарыта Мікалаеўна) (н. 13.2.1946, г. Бяла-Слаціна, Балгарыя),
бел. рэжысёр оперы, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыла Балгарскую (1969) і Ленінградскую (1974) кансерваторыі. У 1975—94 рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1975 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У бел. т-ры паставіла оперы «Дон Карлас» Дж.Вердзі (1979), «Служанка-пані» Дж.Б.Пергалезі (1981), «Воўк і сямёра казлянят» А.Уладзігерава (1984), «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні (1986), «Чароўная флейта» В.А.Моцарта (1987), «Тоска» Дж.Пучыні (1991), камічную кантату «Выбар капельмайстра» І.Гайдна (1981), фантазію «Шэкспір і Вердзі» (1992), «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» («Кацярына Ізмайлава») Дз.Шастаковіча (1994); у Бел. акадэміі музыкі — «Паяцы» Р.Леанкавала, «А досвіткі тут ціхія» К.Малчанава, «Арфей і Эўрыдыка» К.В.Глюка, «Так робяць усе» Моцарта і інш. Як рэжысёру ёй уласцівы тонкае разуменне сцэнаграфічнай эстэтыкі, сучаснае светаадчуванне, сінтэз новай оперна-рэжысёрскай лексікі і класічнай традыцыі.
Т.Г.Мдывані.
т. 7, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́З (Міхаіл Іванавіч) (1895, г. Капыль Мінскай вобл. — 1947),
дзяржаўны дзеяч БССР. Пасля заканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі працаваў у вясковай школе. З 1916 у арміі. Удзельнік Кастр. ўзбр. паўстання 1917 у Петраградзе. У 1918—19 супрацоўнік бежанскага аддзела Бел. нац. камісарыята, дэлегат Усерас. з’езда бежанцаў з Беларусі (ліп. 1918, Масква). З крас. 1919 выкладчык Камуніст. ун-та ў Гомелі, старшыня Мінскага акр. к-та КП(б)Б. З 1922 паўнамоцны прадстаўнік БССР у РСФСР, старшыня Цэнтр. бюро бел. пралет. студэнцкага зямляцтва, заг. бел. сектара Камуніст. ун-та нац. меншасцей Захаду імя Ю.Мархлеўскага (у Маскве). У 1924 заг. Бел. дзярж. выд-ва ў Мінску. З 1926 кіраўнік спраў СНК БССР, старшыня камісіі Інбелкульта па ахове помнікаў, чл. прэзідыума гіст.-археал. секцыі Інбелкульта. Пазней на інш. сав. і гасп. пасадах. Чл. ЦВК БССР у 1921—27 (у 1927—29 канд. у чл.). 3.11.1937 арыштаваны органамі НКУС БССР, 3.12.1940 прыгавораны да зняволення ў папраўча-працоўны лагер, дзе і памёр.
Э.А.Карніловіч.
т. 10, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША ВО́ЛЯ»,
легальная газета народнафронтаўскага кірунку. Выдавалася з 24.12.1935 да 23.8.1936 у Вільні на бел. мове. Напачатку выходзіла 1 раз у 2 тыдні, з 20.3.1936—1 раз у месяц. Рэдактар-выдавец В.Склубоўскі. Садзейнічала ўключэнню ў рэв. барацьбу новых слаёў грамадства, збліжэнню дэмакр. інтэлігенцыі з КПЗБ. Выступала супраць фашызацыі грамадства, пісала пра барацьбу супраць гітлерызму, папулярызавала лозунгі КПЗБ па стварэнні антыфаш. нар. фронту ў Зах. Беларусі, заклікала да саюзу паміж рабочымі і сялянамі, паведамляла пра стачкі і забастоўкі, што адбываліся на зах.-бел. прадпрыемствах. Выступала за нармалізацыю міжнац. адносін паміж народамі, што жылі ў Зах. Беларусі, у абарону бел. нац. культуры, мовы, л-ры, за адзіны зах.-бел. літ. фронт. Друкавала творы М.Танка, М.Васілька, М.Машары, М.Засіма, А.Іверса, Г.Праменя (І.Пышко), С.Малько, М.Бурсевіча, Р.Шырмы, Н.Тарас і інш. Супрацоўнічала з польск. дэмакр. газ. «Poprostu» («Папросту»). Выйшла 13 нумароў, з іх 3 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.
С.В.Говін.
т. 11, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВАЯ ВА́РТА»
(«Novaja varta»),
грамадска-навуковы і літ. часопіс бел. студэнцкай моладзі Віленскага ун-та, аб’яднанай у арг-цыю «Скарынія». Выдаваўся ў 1931—32 і 1934 у Вільні на бел. мове лацінкай. Выходзіў неперыядычна. Рэдактары-выдаўцы К.Глінскі, Т.Грышкевіч (з 3-га нумара). Асвятляў грамадскую і культ.-асв. дзейнасць бел. студэнтаў, узнімаў пытанні нац.-вызв. руху, супрацоўніцтва з польск. студэнцкімі арг-цыямі (арт. «Абавязак хвіліны» Я.Зенюка, «Адно з пытанняў» А.Бартуля, «Чвэрць веку існавання беларускай прэсы»). Змяшчаў дыскусійныя матэрыялы па розных паліт. кірунках развіцця сусв. грамадства, даследаванні па бел. гісторыі і л-ры («Леў Сапега — вялікі канцлер літоўскі» пад крыптанімам «Ш.», «Крытычныя моманты з жыцця Купалы і Коласа — паводле іх твораў» Ант. Навіны), творы Х.Ільяшэвіча, В.Багдановіча (Віцябляніна), Бартуля, Дж.Свіфта, хроніку культ-грамадскага жыцця моладзі Зах, Беларусі. Выйшлі 3 нумары. Выданне спынена ў сувязі з самаліквідацыяй арг-цыі «Скарынія».
С.І.Ёрш, А.С.Ліс.
т. 11, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯПОЎНАГАЛО́ССЕ,
спалучэнне плаўнага зычнага «р», «л» з галосным на месцы праславянскіх дыфтангічных спалучэнняў or, ol, er, el паміж зычнымі. Фанетычная асаблівасць паўд.-слав., а таксама чэш. і славацкай моў. Сутнасць Н. — у змяненні праслав. каранёвых злучэнняў тыпу tort, tolt, tĕrt, tĕlt паводле закону адкрытага складу ў trat, tlat, trĕt, tlĕt: праслав. *borda (барада) — балг. «брада», праслав. *melko (малако) — чэш. «mléko». Адрозніваюць сапраўднае і несапраўднае Н. Пры сапраўдным Н. паўд.-слав. (або чэш. і славацкім) злучэнням тыпу trat, tlat, trĕt, tlĕt адпавядаюць адпаведныя ўсх.-слав. злучэнні torot, tolot, teret (гл. Поўнагалоссе); сербскае «град» — бел. «горад» (з адлюстраваннем акання). Пры несапраўдным Н. корань выглядае няпоўнагалосным, але не паходзіць з праслав. злучэнняў: балг. «брат» — бел. «брат». Словы з сапраўдным Н. распаўсюдзіліся ў інш. слав. мовы з паўд.-слав. моў (найперш са стараслав.): бел. «прах», рус. «гражданин» і інш.; у бел. мове іх значна менш, чым у рускай.
Літ.:
Кривчик В.Ф., Можейко Н.С. Старославянский язых. 3 изд. Мн., 1985.
А.В.Зінкевіч.
т. 11, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)