ПАДКАВЫ́РАЎ (Пётр Пятровіч) (16.10.1910, г. Чэлябінск, Расія — 25.10.1977),

бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1957). Скончыў Бел. кансерваторыю (1937, клас В.Залатарова), з 1948 выкладаў у ёй (з 1969 дацэнт). Яго творчая індывідуальнасць найб. выявілася ў інстр. музыцы, якой ўласцівы перавага лірыка-драм. вобразнасці, інтанацыйная характарнасць, маляўнічасць муз. мовы. Лепшыя творы вылучаюцца светлым, аптыміст. гучаннем, глыбокім драматызмам, меладызмам, пабудаваным пераважна на інтанацыях бел. нар. песні. У музыцы для дзяцей (кантата, песня, фп. п’есы) паказаў тонкае разуменне асаблівасцей дзіцячага светаўспрымання. Сярод твораў: опера «Павел Карчагін» (1941, 2-я рэд. 1958, паст. Опернай студыяй Бел. кансерваторыі ў 1967), кантаты «Ваявода» (1937, на вершы А.Пушкіна), «Балада аб чатырох заложніках» (1954, на вершы А.Куляшова); 5 сімфоній (1940—77), канцэрты для фп. (1965), скрыпкі (1941, 1955, 1975), віяланчэлі (1966) з арк.; сімфаньета для фп. з арк. «Родныя напевы» (1969, 2-я рэд. 1972), «Беларуская рапсодыя» (1948) для арк. бел. нар. інструментаў, 5 стр. квартэтаў (1941—75), квінтэты фп. (1946) і для духавых інстр. (1960), фп. цыклы «24 прэлюдыі», «Ў піянерскім лагеры»; фантазіі, уверцюры, маршы, песні, вак. цыклы для голасу з фп., музыка да драм. спектакляў і інш. Сярод вучняў: А.Залётнеў, В.Іваноў, В.Карэтнікаў, В.Помазаў і інш.

Літ.:

Жураўлёў Дз.М. Пётр Падкавыраў. Мн., 1971.

Дз.М.Жураўлёў.

П.П.Падкавыраў.

т. 11, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)