помнік усходнеслав. летапісання позняга сярэднявечча. Збярогся ў Супрасльскім гіст. зборніку пач. 16 ст. (гл.Супрасльскі рукапіс). Яго першую (большую) частку складае скарочаны агульнарус. летапісны звод, блізкі да Аўрамкі летапісу, але даведзены толькі да 1382. Другая частка зборніка, названая М.М.Улашчыкам «Валынскі кароткі летапіс», змяшчае кароткую выбарку пагадовых звестак кіеўскага, наўгародскага, маскоўскага і мясц. паходжання па гісторыі Русі (з 862), ВКЛ (14 — пач. 16 ст.) і Смаленска. Храналагічна ахоплівае падзеі да 1514 уключна. Асабліва падрабязна апісаны напады крымскіх татар на Валынь. Летапіс завяршаецца ўзнёслай «Пахвалой гетману Канстанціну Астрожскаму». Зборнік узнік у асяроддзі праваслаўнага, патрыятычна настроенага бел.-ўкр. духавенства. Асноўная, агульнарус. частка летапіснага зводу, верагодна, была ўкладзена ў Смаленску, пасля чаго перавезена ў Супрасль, дзе дапоўнена арыгінальнымі звесткамі па гісторыі ВКЛ, у т. л. Валыні, і «Пахвалой». Пазней у зборніку рабіліся розныя запісы прыватнага і гіст. характару. Да канца 18 ст. захоўваўся ў Супрасльскім манастыры, цяпер у Рас.дзярж. архіве стараж. актаў (Масква). Апублікаваны асобна ў 1836 і ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 35, 1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬС (франц. valse, ням. Walzer ад walzen кружыцца),
парны танец, засн. на плаўным кружэнні ў спалучэнні з паступальным рухам. Муз. памер , радзей 3/8, 6/8. Тэмп вар’іруецца ад павольнага да ўмерана хуткага. Паходзіць ад ням., аўстр., чэшскіх нар. танцаў тыпу лендлера. Узнік у 2-й пал. 18 ст., на пач. 19 ст. пашырыўся па ўсёй Еўропе, стаў адным з самых папулярных танцаў. Найб. вядомы т.зв. венскі вальс (І.Ланер, І.Штраус-бацька, І.Штраус-сын). Разнавіднасць вальса — павольны вальс-бастон. Як сцэн. форма выкарыстоўваецца ў оперы, балеце, аперэце, музыцы да драм. спектакляў, стаў самаст. формай арк., фп. музыкі, асновай песень, рамансаў, цыклічных твораў (сюіты, сімфоніі). На Беларусі вядомы з 2-й пал. 19 ст. ў гарадскім і сял. побыце. У наш час — неад’емная частка нар.танц. і муз.-інстр. рэпертуару. У жанр вальса значны ўклад зрабілі бел. кампазітары М.Аладаў, А.Багатыроў, Р.Бутвілоўскі, Я.Глебаў, В.Залатароў, І.Лучанок, С.Картэс, Р.Пукст, Дз.Смольскі, Э.Ханок і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАНЬКО́ (Платон Мікітавіч) (1.12.1913, в. Чарнеччына Ахтырскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 10.8.1988),
украінскі паэт. У 1938—41 вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага ў Маскве. У Вял.Айч. вайну камандзір падраздзялення ў партызанскім злучэнні С.А.Каўпака. У зб-ках «Карпацкі рэйд» (1944), «Слаўны мір» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Цяпло зямлі маёй» (1959), «Разводдзе» (1970, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1972), «Сумленне памяці» (1980), «Асеніца» (1983) і інш. — героіка партыз. барацьбы і пасляваен. адбудовы, прыгажосць прыроды і чалавечых пачуццяў, роздум пра перажытае. Пісаў для дзяцей (за зб-кі «Чытаначка», «Аблятаў журавель», «Усім па сем» і інш.літ. прэмія імя Л.Украінкі 1976). Пераклаў на ўкр. мову творы П.Глебкі, В.Віткі. На бел. мову творы Варанько перакладалі А.Астапенка («Твая кніжка», 1954), А.Вялюгін («Хлопчык Памагай», 1958), С.Грахоўскі і інш. («Калыска памяці», 1983), а таксама М.Аўрамчык, Вітка, Н.Гілевіч, М.Калачынскі, Е.Лось, М.Танк, У.Шахавец (у кн. «Украінская савецкая паэзія. Анталогія», т. 2, 1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКАЯ ПАВЯТО́ВАЯ РА́ДА СЯЛЯ́НСКІХ І РАБО́ЧЫХ ДЭПУТА́ТАЎ, Ваўкавыскі павятовы Савет сялянскіх і рабочых дэпутатаў,
орган улады ў канцы 1918 — пач. 1919 у Ваўкавыскім пав. Рашэнне пра яе ўтварэнне прынята на Бел.сял. з’ездзе ў Гродне 15—16.12.1918. 1-ы з’езд рады (27—29.12.1918) выбраў выканком рад сял. і рабочых дэпутатаў. 2-і з’езд (5—7.1.1919) стварыў пав. выканком (15 прадстаўнікоў ад сялян і 3 прадстаўнікі яўр. рабочай партыі, старшыня Ф.Данілюк). Выканком абвясціў стварэнне гар. і пав. міліцыі, валасных судоў. Пры выканкоме створаны камісіі (с.-г., зямельная, фінансавая, нар. здароўя, культ.-асв., барацьбы са спекуляцыяй), аддзелы (харч., дапамогі ваеннапалонным і бежанцам), упраўленні (лясоў і інш.). Зямля і лясы прызнаваліся нац. уласнасцю. Канчатковае вырашэнне зямельнага пытання належала «краёваму або дзяржаўнаму ўстаноўчаму сходу». Рада выказалася за адкрыццё ў вёсках нар. школ з бясплатным пач. навучаннем, грамадскіх аптэк і лекарскіх участкаў. Падтрымлівала цесную сувязь з Радаю нар. міністраў БНР. Спыніла дзейнасць пасля акупацыі павета польскімі войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ АРХЕАГРАФІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ, Віленская камісія для разбору і выдання старажытных актаў,
афіцыйная навук. ўстанова ў крас. 1864—1915 у Вільні. Камісія спецыяльна падбірала такія дакументы, якія абгрунтоўвалі палітыку царызму. У рабоце камісіі прымалі ўдзел П.А.Бяссонаў, Я.Ф.Галавацкі, М.І.Гарбачэўскі, Ф.М.Дабранскі, Дз.І.Даўгяла, Ю.Ф.Крачкоўскі, І.Я.Спрогіс, А.В.Турцэвіч і інш. Выдадзена 39 тамоў Актаў Віленскай камісіі (дакументы копных, земскіх і гродскіх судоў і магістратаў, інвентары старостваў і маёнткаў, матэрыялы пра вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і вайну 1812, царкоўную унію), 7 тамоў (у 9 кнігах) па гісторыі агр. зносін, лясной гаспадаркі; зборнік палеаграфічных здымкаў са стараж. актаў і грамат і інш. (усяго 49 тамоў). Выданне актавых кніг заснавана на дакументах Цэнтр. архіва для Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губ., дзе былі сабраны стараж. акты (да 1799) з гарадоў і мястэчак гэтых губерняў. Нягледзячы на тэндэнцыйнасць у рабоце камісіі, яе выданні з’яўляюцца важнай крыніцай вывучэння гісторыі, эканомікі, культуры Беларусі, гісторыі бел. мовы.
Літ.:
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТКО́ЎСКІ (Іван Антонавіч) (2.5.1888, в. Чэрчыцы Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 27.12.1937),
бел. гісторык. Праф. (1932). Скончыў каталіцкую духоўную семінарыю (1912) і 2 курсы духоўнай акадэміі (1914) у Петраградзе. З 1916 вікарый Мазырскага касцёла, у 1918 пазбаўлены духоўнага сану. З 1919 у Чырв. Арміі. У 1920—33 чл.ВКП(б). У 1921 у Аршанскім пав., заг. школы, аддзела агітацыі і прапаганды Сенненскага пав.к-та РКП(б), потым лектар Віцебскіх губкома і губ.сав.парт. школы, прарэктар і выкладчык Віцебскага вет. ін-та. З 1925 у Мінску, выкладчык Камуніст. ун-та імя Леніна, нам.заг. польскага аддзела Інбелкульта АН Беларусі. Нам. дырэктара, з 1932 дырэктар Ін-та польскай пралетарскай культуры. Адначасова заг. кафедры Мінскага пед. ін-та. У 1933 арыштаваны, адбыў 3 гады зняволення ў г. Марыінск (Сібір). У 1937 арыштаваны паўторна, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1959. Аўтар прац па гісторыі нац.-вызв. і рэв.-дэмакр. руху на Беларусі, яго сувязей з рэв. рухам у Польшчы і Расіі, паўстання 1863—63 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ЛЕ́ТАПІС, Dzieje miasta Witebska, Аверкі і Панцырнага летапіс,
помнік гар. летапісання Беларусі 18 ст. на польск. мове. Завершаны ў 1768 жыхаром Віцебска С.Аверкам на аснове летапісу М.Панцырнага (звесткі датаваны 896—1709), кароткіх гіст. запісаў Чарноўскіх (1601—33) і Г.Аверкі (1733—57), матэрыялаў, сабраных аўтарам. Твор кампіляцыйны, кампазіцыйна рыхлы, яго часткі не аб’яднаны ў цэласны звод. Складаецца пераважна з кароткіх сухіх пагадовых запісаў-паведамленняў, размешчаных хаатычна. Звесткі па рус., польскай, сусветнай і літоўска-бел. гісторыі запазычаны пераважна з польскіх хронік і хранографаў, маюць шэраг недакладнасцей. Найб. каштоўныя арыгінальныя звесткі па гісторыі Беларусі і Віцебска, асабліва пра ваен.-паліт. падзеі канца 17 — пач. 18 ст. У канцы летапісу змешчаны спісы членаў віцебскага магістрата 1597, віцебскіх ваявод за 1516—1753 і інш.гіст.-дакументальныя матэрыялы. Упершыню апублікаваны А.П.Сапуновым у «Віцебскай даўніне» (т. 1, 1883) у перакладзе на рус. мову. Рукапіс захоўваецца ў Рас.нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу.
Публ.:
Полное собрание русских летописей. М., 1975. Т. 32. С. 193—205.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ У ЭПО́ХУ ФЕАДАЛІ́ЗМУ», «Белоруссия в эпоху феодализма»,
зборнік дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі ад стараж. часоў да 1861. Падрыхтаваны Ін-там гісторыі АНБССР і Архіўным упраўленнем пры СМБССР (т. 1—4, Мн., 1959—79). Матэрыялы для зборніка запазычаны з інш. выданняў, значная частка (асабліва за 17—19 ст.) выяўлена ў архівах; апублікаваны на рус. і стараж.-бел. мовах, некаторыя дакументы — у перакладах з польск. і лац. моў.
1-ы том (ад стараж. часоў да сярэдзіны 17 ст.) змяшчае матэрыялы пра развіццё феадалізму, феад. раздробленасць, утварэнне ВКЛ, уніі з Польшчай. Матэрыялы 2-га тома (сярэдзіна 17 — 18 ст.) прысвечаны вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, сац.-эканам. і культурнаму развіццю Беларусі, паліт. і рэлігійным рухам. 3-і том (канец 18 — 1-я пал. 19 ст.) змяшчае дакументы аб падзелах Рэчы Паспалітай і сац.-эканам. становішчы Беларусі, 4-ы том (1-я пал. 19 ст.) — пра вайну 1812, палітыку рас. улад на Беларусі, нац.-вызв. рух, культуру Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НІГСЕН Лявонцій Лявонцьевіч [10.2.1745, г. Браўншвайг (паводле інш. звестак — маёнтак Бантэльн каля г. Гановер), Германія — 3.10.1826], расійскі ваенны дзеяч. Генерал ад кавалерыі (1802), граф (1813). Удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63. У 1773 перайшоў на рас. службу з гановерскай арміі. Удзельнік паходаў супраць Турцыі, задушэння сял. вайны 1773—75 пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. У 1792 удзельнічаў у бітве супраць бел.-літ. войска пад Мірам (19 мая), асадзе Нясвіжскага замка, баях пад Зэльваю, Ваўкавыскам, каля р. Буг (2 ліп.). У час паўстання 1794 са сваім атрадам дзейнічаў паміж Ашмянамі і Дзісной, нанёс паражэнне паўстанцам каля мяст. Солы, за што атрымаў чын ген.-маёра. За ўдзел у ваен. кампаніі на тэр. Літвы атрымаў 1080 душ прыгонных сялян у Слуцкім пав. Удзельнік дварцовага перавароту 1801 (забойства Паўла I). У 1801—06 віленскі ваен. губернатар. У 1806—07 камандзір корпуса і галоўнакамандуючы рус. арміяй, удзельнічаў у баях супраць Напалеона. У вайну 1812 за інтрыгі супраць М.І.Кутузава зняты з пасады нач. Галоўнага штаба. У замежных паходах 1813—14 камандаваў Польск. арміяй. У 1818 звольнены ў адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНА́Я БЕ́ЛАЯ ПАРО́ДАсвіней.
Выведзена ў сярэдзіне 19 ст. ў Вялікабрытаніі складаным узнаўленчым скрыжаваннем мясц. познаспелых даўгавухіх свіней са скараспелымі кітайскімі і мнагаплоднымі неапалітанскімі. У канцы 19 — пач. 20 ст. завезена ў Расію, дзе на яе аснове выведзены буйныя белыя свінні трох тыпаў прадукцыйнасці: мясны, мяса-сальны і сальны. Пашыраны ў краінах Еўропы, ЗША Канадзе, Кітаі, Карэі, Японіі, Новай Зеландыі. На Беларусі выведзены бел. тып буйной белай пароды — БКБ-1 (1975) і заводскія тыпы — «Мінскі» адкормачны і «Віцебскі» мясны (1990). Буйная белая парода — асн. планавая парода універсальнага кірунку прадукцыйнасці на Беларусі (больш за 70% ад агульнага пагалоўя пародных свіней). Гадуецца амаль паўсюдна, выкарыстоўваецца для прамысл. скрыжавання з інш. пародамі, для мяснога і беконнага адкорму маладняку і для сальнага — дарослых жывёл.
Свінні моцнай канстытуцыі, з тулавам сярэдняй даўжыні, сярэднім кумпяком, з моцнымі правільна пастаўленымі нагамі, маюць невял. галаву, прамастаячыя вушы. Маса дарослых кныроў 310—350 кг, матак 230—250 кг і больш, даўж. тулава адпаведна 183 і 167 см, пладавітасць 11—12 парасят за апарос.