УЖЭ́ВІЧ Іван Пятровіч, бел. і ўкраінскі вучоны-асветнік сярэдзіны 17 ст. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це (з 28.10.1637), на тэалагічным ф-це Парыжскага (Сарбона) ун-та. У 1641 у Кракаве напісаў паэму «Вобраз цноты...». Аўтар «Граматыкі славенскай...» (на лац. мове, ілюстрацыйныя прыклады і табліцы словазмянення — кірыліцай). Вядома ў 2 рукапісных варыянтах 1643 і 1645 (1-ы зберагаецца ў аддзеле рукапісаў Нац. б-кі ў Парыжы, 2-і — у франц. г. Арас). Унікальная праца У. апісвае моўную сітуацыю на Беларусі і Украіне ў сярэдзіне 17 ст., функцыянаванне нар.-літ. мовы, заснаванай на т.зв. простай мове. З’яўляецца першай удалай спробай граматычнай сістэматызацыі агульнанар. мовы і супастаўляльнага аналізу з інш. слав. і неслав. мовамі.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Яскевіч А.А. Старабеларускія граматыкі. Мн., 1996.

Літ.:

Мечковская Н.Б. Ранние восточнославянские грамматики. Мн., 1984.

У.​В.​Анічэнка.

т. 16, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗУ́НАВА Тамара Сяргееўна (21.11.1906, Мінск — 29.7.1983),

бел. артыстка балета. Вучылася ў харэагр. студыі БДТ у К.​Алексютовіча (1921—22). З 1923 артыстка балета ў БДТ-1, з 1930 — Дзяржэстрады, з 1933 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Адначасова ў 1934—37 педагог балетнай школы пры т-ры оперы і балета, у 1940—41 — харэагр. аддз. рэсп. Тэатр. вучылішча. З 1960 выкладала ў Бел. тэатр.-маст. ін-це. Яе танцу быў уласцівы моцны тэмперамент, драматызм. Значную ўвагу аддавала развіццю і папулярызацыі бел. нар. танца. На сцэне Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі выконвала танцы ў оперных і балетных спектаклях, у т. л. хабанеру і іспанскі танец у «Дон Кіхоце» Л.​Мінкуса, усходні танец у «Бахчысарайскім фантане» Б.​Асаф’ева, мазурку ў оперы «Іван Сусанін» М.​Глінкі, лезгінку ў «Дэмане» А.​Рубінштэйна і інш.

т. 16, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УША́ЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў ліп. 1941 — ліп. 1942 у г.п. Ушачы і Ушацкім р-не. Аб’ядноўвала 9 груп (каля 100 чал.): ва Ушачах (кіраўнік С.​Я.​Барадаўкін), вёсках Апанаскавічы і Янова (С.​Б.​Боркар), Арэхаўка (І.​А.​Клопаў, Ц.​П.​Гірсёнак), Астраўляны (М.​А.​Цябут), Вял. Дольцы і Весніцк (С.​В.​Маркевіч), Глыбачка (У.​Ф.​Талочка), Жары (Ф.​Ф.​Дуброўскі), Усвіца (У.​Я.​Васілеўскі). Падпольшчыкі здабывалі разведданыя для Чырв. Арміі, распаўсюджвалі сярод насельніцтва звесткі Саўінфармбюро, лістоўкі, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад, сабралі і перадалі партызанам больш за 100 адзінак стралк. зброі, 2 гарматы. Летам 1942 групы перайшлі ў партызаны. За час дзейнасці загінула 13 падпольшчыкаў. Ва Ушачах помнік у гонар падпольшчыкаў і сав. воінаў.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990.

В.​С.​Лазебнікаў.

т. 16, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАНТРАПІ́ЗМ, філантрапінізм (ад грэч. philantrōpia чалавекалюбства),

прагрэсіўная пед. плынь у Германіі, у якой прасочваецца ўплыў ідэй Ж.Ж.Русо. Атрымала развіццё ў канцы 18 — пач. 19 ст. Заснавальнік плыні І.​Б.​Базедаў стварыў першы філантрапін — закрытую выхаваўчую ўстанову. Яго паслядоўнікі адкрывалі філантрапіны, развівалі свае пед. ідэі з улікам тагачаснага грамадска-эканам. развіцця Германіі, крытыкавалі фармалізм, зубрэнне, засілле стараж. моў, жорсткасць у адносінах да дзяцей, рэлігійную нецярпімасць, якія панавалі ў школе. Філантрапіны былі платнымі ўстановамі і прызначаліся пераважна для дзяцей заможных бацькоў. У іх побач са стараж. мовамі выкладаліся і новыя, больш увагі аддавалася прыродазнаўчым ведам, мастацтву, фіз. развіццю, прац. навыкам і інш. Філантрапіністы садзейнічалі ўдасканаленню ў педагогіцы метадаў навучання, якія ўлічвалі ўзроставыя і індывід. асаблівасці дзяцей. Ф. паўплываў на т.зв. новае выхаванне.

Літ.:

Пискунов А.И. Очерки по истории прогрессивной немецкой педагогики кон. XVIII — нач. XIX вв. М., 1960.

т. 16, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛІ́ПАЎ Валерый Віктаравіч (н. 26.5.1946, г. Брэст),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1991). Скончыў БДУ (1969). З 1969 у Ін-це фізікі Нац. АН (з 1993 гал. навук. супрацоўнік). Навук. працы па оптыцы, акустыцы, фотаакустыцы, гісторыі бел. мастацтва. Устанавіў асаблівасці адбіцця і пераламлення эл.-магн. хваль на межах анізатропных асяроддзяў, новы від канічнай рэфракцыі аптычных і акустычных хваль у асяроддзях з натуральнай ці вымушанай гіратрапіяй. Прапанаваў новыя метады даследавання анізатропных, слаістых і слаіста-анізатропных паглынальных асяроддзяў.

Тв.:

Отражение и преломление света прозрачными кристаллами. Мн., 1976 (разам з Ф.​І.​Фёдаравым);

Достижения физической оптики в Белоруссии. Мн., 1979 (разам з Б.​В.​Бокуцем);

Расщепление пучка при полном отражении, обусловленное ограниченностью среды (разам з М.​М.​Пунько) // Письма в ЖЭТФ. 1984. Т. 39, вып. 1;

Скульптура // Гісторыя беларускага мастацтва. Мн., 1988. Т. 2.

т. 16, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ДЗЬКА Дамінік Цэзары (1800, б. маёнтак Яварова Віленскага пав. — 1863),

бел. фалькларыст, этнограф, літаратар. Вучыўся ў Віленскім ун-це. Чл. т-ва філарэтаў. Зблізіўся з Я.​Чачотам, Т.​Занам. Чл. Віленскай археалагічнай камісіі. Настаўнічаў у Вільні, на Случчыне. Апублікаваў успаміны і нататкі пра жыццё і дзейнасць К.​Брадзінскага (1845), Я.​Ходзьку (1858), Л.​Бароўскага, Ю.​Крашэўскага і інш., урывак са «Збору некаторых успамінаў... да гісторыі Віленскага ун-та. I. Віленская акадэмія ў часы езуітаў» (1862). Збіраў і апрацоўваў бел. вусную нар. творчасць. Аўтар працы пра рэкі Беларусі і Літвы (рукапіс перадаў Віленскай археал. камісіі). Супрацоўнічаў з А.​Кіркорам, Я. і К. Тышкевічамі. Распрацаваў біяграфію З.​Даленгі-Хадакоўскага і надрукаваў яе ў польскай энцыклапедыі Я.​Глюксберга, потым у час. «Athenaeum» («Атэнэум», 1842, т. 1, 4) і «Teka Wileńska» («Віленскі зборнік», 1857, № 2).

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 17, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРГАВА́ННЕ ГУ́КАЎ, альтэрнацыя,

заканамерная замена гукаў мовы ў межах адной і той жа марфемы ў розных словах або словаформах.

Адрозніваюць Ч.г. гіст. і пазіцыйнае (фанет.). Гіст. абумоўлена гукавымі працэсамі, якія адбываліся ў стараж. перыяд і ў сучаснай бел. мове не існуюць: «б — бл» («любіць — люблю»), «п — пл» («сыпаць — сыплю»), «в — ўл» («славіць — слаўлю»), «ф — фл» («графіць — графлю») і інш. Пры пазіцыйным чаргаванні змена гукаў у слове абумоўлена фанет. законамі сучаснай мовы. Найб. частыя пазіцыйныя Ч.г. у бел. мове — «о, е — а» («дом — дамы», «сем — с’амі»), «у — ў» («ён узяў — яна ўзяла»), «і — ы» («ісці — адысці»), звонкія і глухія («сады — сат»), цвёрдыя і мяккія («рука — рук’і»), свісцячыя і шыпячыя («груз’іц’ — грушчык») зычныя.

Літ.:

Юргелевіч П.Я. Курс сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі каментарыямі. Мн., 1974;

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989.

М.​Р.​Прыгодзіч.

т. 17, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЧАТЫРНА́ЦЦАЦЬ ПУ́НКТАЎ»,

умовы міру (14 артыкулаў), выкладзеныя прэзідэнтам ЗША Т.В.Вільсанам у канцы 1-й сусв. вайны ў пасланні да кангрэса ад 8.1.1918. Прадугледжвалі: адкрытыя мірныя перагаворы; поўную свабоду суднаходства; скасаванне мытных бар’ераў; устанаўленне гарантый, што забяспечвалі б скарачэнне ўзбраенняў; урэгуляванне калан. пытанняў; вызваленне Германіяй усіх акупіраваных тэр. Расіі, у т. л. Беларусі, і магчымасць Расіі самой вызначыць сваё паліт. развіццё; вызваленне і развіццё Бельгіі; вяртанне Эльзаса і Латарынгіі Францыі; аднаўленне акупіраваных Германіяй раёнаў Францыі; выпраўленне межаў Італіі ў адпаведнасці з нац. прыкметай; магчымасці аўт. развіцця народаў Аўстра-Венгрыі; вызваленне Германіяй акупіраваных тэр. Румыніі, Сербіі, Чарнагорыі, уступка Сербіі выхаду да мора; магчымасці аўт. развіцця нетурэцкіх частак Асманскай імперыі, адкрыццё праліва Дарданелы для суднаў усіх краін; стварэнне польскай дзяржавы; арганізацыя Лігі Нацый. Пасля вайны шэраг палажэнняў «Ч.п.» Вільсана рэалізаваны ў Версальскім мірным дагаворы 1919 і інш. дагаворах Версальска-Вашынгтонскай сістэмы.

т. 17, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАМЕТАВЕ́Ц Таццяна Рамуальдаўна (н. 1.1.1960, Мінск),

бел. артыстка балета. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыла Бел. харэаграфічнае вучылішча (1979, клас І.Савельевай). З 1979 салістка Нац. акад. т-ра балета Беларусі. Танцоўшчыца шматграннай адоранасці, аднолькава свабодна валодае тэхнікай класічнага і сучаснага танца, выконвае партыі характарнага плана. Сярод партый у нац. рэпертуары: Нявеста («Крылы памяці» У.​Кандрусевіча), Ганна Багранародная («Страсці» А.​Мдывані), Дзяўчына («Кругаверць» А.​Залётнева). З інш. рэпертуару: Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Блудніца («Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа), Дзяўчына («Балеро» на муз. М.​Равеля), Мерседэс і сола («Дон Кіхот» і «Пахіта» Л.​Мінкуса), Дзева-выбранніца («Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага), Мірта («Жызэль» А.​Адана), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ — Р.​Шчадрына), сеньёра Капулеці («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), танцы ў операх.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;

Мушынская Т. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993.

т. 17, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́ШКРАФТ (Ashcroft) Пегі (сапр. імя Маргарэт; 22.12.1907, г. Кройдан, Вялікабрытанія — 14.6.1991),

англійская актрыса. Ганаровы д-р л-ры Оксфардскага ун-та (1961). Вучылася ў Цэнтр. школе драм. мастацтва ў Лондане. Дэбютавала ў 1926. З 1927 выступала ў т-рах Лондана (у т. л. ў «Олд Вік»), г. Стратфард-он-Эйван. У 1934—40 працавала з рэж. Ф.Камісаржэўскім. Сярод роляў: Дэздэмона («Атэла» У.​Шэкспіра), Клеапатра («Цэзар і Клеапатра» Б.​Шоу). Наомі («Яўрэй Зюс» паводле Л.​Фейхтвангера), Рэбека («Росмерсхальм» Г.​Ібсена), Ірына («Тры сястры» А.​Чэхава), Алена («Дні Турбіных» М.​Булгакава) і інш. Здымалася ў кіно: «Гісторыя манахіні», «Тайная цырымонія», «Нядзеля, праклятая нядзеля», «Падарожжа ў Індыю» (прэмія «Оскар» 1985), «Забойства па кнізе», «Мадам Сузацка», «Яна знікла прэч» (прэмія Міжнар. кінафестываль) у Венецыі 1989) і інш. Т-р у г. Кройдан носіць яе імя (з 1991).

т. 18, кн. 1, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)