МЕЛХІСЕДЭ́К (у свеце Паеўскі Міхаіл Львовіч; вер. 1878, с. Вітулін Люблінскага ваяв., Польшча — 17.5.1931),
бел. праваслаўны царкоўны дзеяч. Скончыў Казанскую духоўную акадэмію (1904). Выкладаў у Магілёўскай духоўнай семінарыі (1904—05). Настаяцель Магілёўскага Богаяўленскага манастыра (1905—07) і інш. манастыроў. З 1914 епіскап таўрычаскі, архіепіскап астраханскі. З 1919 вікарны епіскап слуцкі, епіскап мінскі і тураўскі. Зліп. 1922 мітрапаліт мінскі і беларускі.
Выступаў супраць абнаўленцаў, якія стварылі Беларускую аўтаномную праваслаўную царкву, прыхільнік абвяшчэння Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 1925 прыгавораны да 3 гадоў зняволення ўмоўна па абвінавачванні ў «раскраданні царк. маёмасці» і «контррэв. прапагандзе». У тым жа годзе пасля арышту ў Маскве сасланы ў Краснаярскі край. З 1927 архіепіскап краснаярскі. З 1930 у Маскве, абраны ў Сінод Рус.правасл. царквы. Раптоўна памёр у Дарагамілаўскім саборы.
Літ.:
Процька Т. Пакутнік за веру і бацькаўшчыну. Мн., 1996;
Шэйкін Г. Мінская епархія // Беларускі праваслаўны каляндар, 1997. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКИЙ КУРЬЕ́Р»,
штодзённая «беспартыйная» газета ліберальна-бурж. антысав. кірунку. Выдавалася з 26.8.1919 да ліп. 1920 у Мінску на рус. мове з дазволу польск. акупац. улад. Арыентавалася на дапамогу польск. легіёнаў у вызваленні Расіі ад бальшавіцкай улады. Заклікала падтрымаць Польшчу, Калчака, Дзянікіна ў іх барацьбе супраць Сав. Расіі, асуджала тэрор бальшавікоў супраць сваіх паліт. праціўнікаў, крытыкавала краіны Антанты за курс на прымірэнне з бальшавіцкім рэжымам. Шмат увагі аддавала мясц.сац.-эканам. праблемам, змяшчала інфармацыю пра тэатр. спектаклі, арганізацыю бел. школ, падтрымлівала кантакты з лідэрамі правых плыней бел.нац. руху (П.Алексюком і інш.). Апублікавала зварот Ю.Пілсудскага «Да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага» і каментарыі да яго ген. камісара Усх. зямель Г.Асмалоўскага, раман А.Юнашы (Гзоўскага) «Аляксандр Мяснікянц» (пра сав. камісара А.Мяснікова), друкавала нарысы Д.Бохана, вершы З.Гіпіус, артыкулы і нарысы інш.мясц. журналістаў і літаратараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́СКУСНАЯ ПАРО́ДАкачак,
мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы ад дзікіх мясц. мускусных качак. Гадуюць у Еўропе, ЗША, Аўстраліі. На Беларусі наз. таксама бародаўчатымі, індакачкамі, шыпунамі; гадуюць пераважна аматары (з 1980-х г.).
Тулава падоўжанае, шырокае, грудзі глыбокія. Галава падоўжаная, з пукатым ілбом. Дзюба цялеснага або цёмна-ружовага колеру, з чорным канцом. Вакол вачэй і над асновай дзюбы скура голая, чырв., са складкамі і бародаўкамі, што выдзяляюць тлушч, які ў качараў у перыяд размнажэння пахне мускусам (адсюль назва). Крылы і хвост доўгія. Ногі кароткія, чорныя. Апярэнне чорнае з зялёным адлівам і белымі «люстэркамі» на крылах (або белымі крыламі), белае або стракатае.
Добра лётаюць; замест кракання шыпяць. Маса качараў 5—6 кг, качак 2,5—3 кг. Яйцаноскасць 70—120 яец за год, маса яйца 70—80 г. Жыццяздольнасць высокая. Мяса нятлустае, мяккае, з прысмакам дзічыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗЬ (Піліп Дзям’янавіч) (1890, в. Масева Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 27.11.1937),
дзяржаўны дзеяч БССР. Вучыўся ў Баршаўскім тэхн. вучылішчы. З 1905 працаваў у Варшаве, Маскве, вучыўся на камандзірскіх курсах у Лефортаве, служыў ваен. камісарам аднаго з раёнаў г. Масквы. З 1918 у органах дзяржбяспекі: чл. Кантрольнай калегіі ВЧК, нач. асобага аддзела ВЧК на Зах. фронце і інш. У 1924—25 старшыня Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення БССР і адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНКСССР па Зах. краі. Удзельнік аперацыі па арышце ў Мінску Б.В.Савінкава. З 1926 паўнамоцны прадстаўнік АДПУ па Далёкаўсх. краі, АДПУСССР у Ленінградскай ваен. акрузе і Ленінградскай вобл.З 1934 нач. упраўлення НКУССССР па Ленінградскай вобл. У снеж. 1934 арыштаваны і зняволены на 3 гады «за злачынна-халатныя адносіны да службовых абавязкаў», якія прывялі да гібелі С.М.Кірава. 27.11.1937 паўторна асуджаны і пакараны смерцю. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРЫМО́НТ, Нарымунт,
Нарымант (у праваслаўі Глеб; каля 1294—2.2.1348),
князь у ВКЛ. Сын вял.кн.Гедзіміна. Служылы князь у Ноўгарадзе з 1333, дзе атрымаў «у кармленне» г. Ладагу, Арэшак, Карэлу, палову Капор’я. Каля 1335 з’ехаў з Ноўгарада, верагодна, каб заняць пасад у Полацкім княстве пасля смерці кн.Воіна. Каля 1338 разам з полацкім епіскапам Рыгорам падпісаў дагавор з Рыгай. Паводле завяшчання бацькі атрымаў Пінскае княства, якое заставалася за яго нашчадкамі да канца 14 ст. У час праўлення вял.кн. Яўнута [1341—45] Н. быў буйнейшым землеўладальнікам і, відаць, самым уплывовым князем у ВКЛ. Супраць яго і Яўнута ў 1345 выступілі браты Альгерд і Кейстут. Н. уцёк у Залатую Арду, каля 1346 вярнуўся, але страціў Полацкае княства. У 1347 удзельнічаў у паходзе супраць Тэўтонскага ордэна. Верагодна, узначальваў войска ВКЛ у бітве з крыжакамі на р. Стрэва, у якой і загінуў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ШЭРАФ ((Osheroff) Дуглас Дзін) (н. 1.8.1945, г. Абердзін, штат Вашынгтон, ЗША),
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1987), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1982). Продкі па бацькоўскай лініі паходзілі з Беларусі. Скончыў Каліфарнійскі тэхнал.ін-т (1967). З 1972 у н.-д. фірме «Белтэлефон лаборатарыс», з 1987 праф. Стэнфардскага ун-та (у 1993—96 дэкан фіз. ф-та). Навук. працы па даследаванні ўласцівасцей рэчываў пры звышнізкіх т-рах, ядз. магнетызме. Адкрыў з’яву звышцякучасці вадкага гелію-3 (разам з Д.Лі, Р.Рычардсанам; 1972). Устанавіў існаванне лагарыфмічнай залежнасці эл. праводнасці тонкіх плёнак ад эл. поля і т-ры (1979). Эксперыментальна пацвердзіў наяўнасць упарадкавання ядз. спінаў цвёрдага 3Не пры т-ры ніжэй за 10−3К (1980). Нобелеўская прэмія 1996 (разам з Лі, Рычардсанам).
Тв.:
Рус.пер. — Сверхтекучесть в 3He: открытие и понимание // Успехи физ. наук. 1997. Т. 167, № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАВО́З,
лакаматыў, які прыводзіцца ў рух парасілавой устаноўкай. Складаецца зпаравога катла, дзе награваннем вады атрымліваецца пара, паравой машыны, у якой энергія пары пераўтвараецца ў зваротна-паступальны рух поршня, экіпажнай часткі (рама з колавымі парамі) і тэндэра, у якім размяшчаюцца запасы вады, паліва і змазкі.
Створаны ў Вялікабрытаніі Р.Трэвітыкам у 1803 і Дж.Стэфенсанам у 1814 (практычна прыдатны П. «Ракета» выпрабаваны ў 1829). У Расіі П. стварылі Я.А. і М.Я.Чарапанавы ў 1833—34. Найб. развіццё паравозабудаванне атрымала з канца 19 ст. да 1950-х г. Магутнасць П. дасягала 4000 к.с. (2942 кВт), скорасць 130 км/гадз. З-за нізкай эканамічнасці (ккдз да 9%) выпуск П. у СССР спынены з 1956; заменены цеплавозамі і электравозамі.
Паравозы: а — Дж.Стэфенсана «Ракета» (1829; 1 — паравы кацёл, 2 — цыліндр, 3 — топка, 4 — паравы кацёл); б — Я.А. і М.Я. Чарапанавых (1833—34); в — грузавы тыпу 1—5—0 (1947).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТЭ́Н ((Pétain) Анры Філіп) (24.4.1856, Кашы-а-ла-Тур, Францыя — 23.7.1951),
французскі ваен. і дзярж. дзеяч. Маршал Францыі (1918). Скончыў ваен. вучылішча Сен-Сір (1878), служыў у арміі. У 1-ю сусв. вайну генерал, камандзір брыгады, корпуса, каманд. 2-й арміяй, якая ўдзельнічала ў Вердэнскай аперацыі 1916; з мая 1916 каманд. групай армій «Цэнтр», з мая 1917 галоўнакаманд. франц. арміяй. У 1920—31 нам. старшыні вышэйшага ваен. савета, адначасова (з 1922) ген. інспектар арміі. У 1925—26 кіраваў задушэннем нац.-вызв. паўстання ў Марока. У 1934 ваен. міністр. З 16.6.1940 прэм’ер-міністр Францыі. Падпісаў Камп’енскае перамір’е 1940з Германіяй. 10.7.1940 атрымаў ад Нац. сходу ўсю паўнату ўлады, што азначала скасаванне Трэцяй рэспублікі. У ліп. 1940 — жн. 1944 кіраўнік дзяржавы (да крас. 1942 адначасова ўрада) прагерм. рэжыму «Вішы». У крас. 1945 арыштаваны, Вярх. судом Францыі прыгавораны за калабарацыянізм да смяротнага пакарання, якое было заменена пажыццёвым зняволеннем.
тып беспазваночных жывёл. 4(9) кл., найб. шматлікія з іх раснічныя чэрві, стужачныя чэрві, трэматоды; больш за 12,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Раснічныя чэрві жывуць у марскіх і прэсных водах, на сушы, астатнія — вонкавыя ці ўнутр. паразіты жывёл і чалавека. Сярод іх бычыны і свіны цэпні, смактун пячоначны, эхінакок і інш. ўзбуджальнікі гельмінтозаў.
Даўж. ад 0,1 мм да 30 м. Цела двухбаковасіметрычнае, плоскае. Маюць суцэльны або з асобных членікаў скурна-мышачны мяшок з эпітэлію і шматслойнай мускулатуры, запоўнены парэнхімай, у якой размешчаны ўнутр. органы. Нерв. сістэма ў выглядзе парных гангліяў і падоўжных нерв. ствалоў; выдзяляльная — накшталт канала. Крывяноснай і дыхальнай сістэм няма. Пераважна гермафрадыты, развіццё прамое або з ператварэннем у свабодна жывучых, складанае з чаргаваннем пакаленняў і зменай гаспадароў у паразітаў (апрача монагенетычных смактуноў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́НСЕ, Понсе Куэльяр (Ponce Cuellar) Мануэль Марыя (8.12.1882 ці 1886, г. Фрэснільё, Мексіка — 24.4.1948), мексіканскі кампазітар, дырыжор, педагог; адзін з вядучых мекс. кампазітараў 1-й пал. 20 ст. Вучыўся ў Нац. кансерваторыі ў Мехіка (з 1909 выкладаў у ёй), удасканальваўся ў Італіі, Германіі, Францыі (у т. л. ў П.Дзюка). У 1917—19 гал. дырыжор Нац. сімфанічнага аркестра, у 1933—35 дырэктар Нац. кансерваторыі і ў 1945 Вышэйшай муз. школы пры Нац. аўтаномным ун-це ў Мехіка. Заснавальнік нац. кірунку ў мекс. музыцы. Аўтар арк. твораў: «Начныя эстампы» (1923), сімф. трыпціх «Чапультэпек» (1929), «Песня і танец старажытных мексіканцаў» (1933), сімф. дывертысмент «Кірмаш» (1940) і інш.; «Паўднёвы канцэрт» для гітары зарк. (1941), канцэрт для скрыпкі зарк.; камерна-інстр. ансамбляў; твораў для фп., для гітары; больш за 100 рамансаў і песень. З 1982 у Мексіцы праводзіцца Міжнар. конкурс гітарыстаў імя П.