ПО́НСЕ, Понсе Куэльяр (Ponce Cuellar) Мануэль Марыя (8.12.1882 ці 1886, г. Фрэснільё, Мексіка — 24.4.1948), мексіканскі кампазітар, дырыжор, педагог; адзін з вядучых мекс. кампазітараў 1-й пал. 20 ст. Вучыўся ў Нац. кансерваторыі ў Мехіка (з 1909 выкладаў у ёй), удасканальваўся ў Італіі, Германіі, Францыі (у т. л. ў П.Дзюка). У 1917—19 гал. дырыжор Нац. сімфанічнага аркестра, у 1933—35 дырэктар Нац. кансерваторыі і ў 1945 Вышэйшай муз. школы пры Нац. аўтаномным ун-це ў Мехіка. Заснавальнік нац. кірунку ў мекс. музыцы. Аўтар арк. твораў: «Начныя эстампы» (1923), сімф. трыпціх «Чапультэпек» (1929), «Песня і танец старажытных мексіканцаў» (1933), сімф. дывертысмент «Кірмаш» (1940) і інш.; «Паўднёвы канцэрт» для гітары з арк. (1941), канцэрт для скрыпкі з арк.; камерна-інстр. ансамбляў; твораў для фп., для гітары; больш за 100 рамансаў і песень. З 1982 у Мексіцы праводзіцца Міжнар. конкурс гітарыстаў імя П.

т. 12, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)