развярэ́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

1. Дакрануўшыся, дакранаючыся, выклікаць або ўзмацніць боль; раздражніць (рану, балючае месца). Развярэдзіць вольку. □ Выклаў .. [Слесарэнка] усе сілы, што былі, без астатку, развярэдзіў рану — і ад гэтага балелі не толькі рука, а і плячо, і ўвесь левы бок. Бураўкін.

2. перан. Растрывожыць, расхваляваць (душу, сэрца). Успаміны развярэдзілі мне памяць. Лойка. Я не хацеў ужо быць сур’ёзным, бо ведаў: развярэджу зноў і сабе і Марце душу, і мы зноў расстанемся нездаволеныя адно адным. Сачанка. // Узбудзіць, узмацніць (якое‑н. пачуццё, жаданне і пад.). [Леанід Ахрэмавіч:] — Што пісьмо... Яно толькі крышку развярэдзіла думкі, што ўзнікалі і раней. Хадкевіч. Прайшла з цягам часу, развеялася тая горыч, здавалася, вось ужо і забыта ўсё, дык дзе там: развярэдзіў старое сённяшні дзень. М. Стральцоў. // Абудзіць да якой‑н. дзейнасці; разварушыць, падбіць на што‑н. [Агітатары з горада] развярэдзілі мужыкоў, раззлавалі іх, а пасля разам з імі рушылі ў маёнтак. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сваво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.

1. Гарэзаваць, дурэць. [Брат Зосі] куляўся па пасцелі, сваволіў. Чорны. Хацелася бегаць, сваволіць, але першы дзень заняткаў заўсёды прымушаў вучняў трымацца, як у гасцях. Колас. // перан. Бушаваць (пра стыхію). Хто спявае ў чыстым полі, Між аўсяных ніў, далін? Гэта вецер там сваволіць, Ліст страсаючы з калін. Пушча. Сваволіць стане Сож радзей, Заўважыўшы ў здзіўленні Агні сігнальныя раней, Чым першыя лілеі... Грачанікаў.

2. Рабіць у адпаведнасці са сваёй воляй, не зважаючы ні на што. У воласці Магілёўскай сваволіла шляхта, у горадзе ад яе не адставалі паны бурмістры. Шынклер. // Выступаць супраць каго‑, чаго‑н. Не з тых ён [Сомік] быў, каб сваволіць, каб выступаць супраць пэўнага парадку. Лынькоў. [Казацкі афіцэр:] — Крамольнікі! Бунтаўшчыкі! Для вас ужо царскія законы — не законы?! Сваволіць? Бунтаваць? Колас.

3. Весці сябе несур’ёзна, легкадумна; бушаваць, буяніць. [Пятрусь да Таісы:] — Ты навучылася жыць лёгка. Ты ўмееш кружыцца, сваволіць, не ведаць ніякіх турбот — як птушка. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сме́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае смех, весялосць; пацешны, забаўны. Смешнае апавяданне. □ [Хлопец] быў, бадай, прыроджаны комін, бо ўмеў сур’ёзна гаварыць смешныя рэчы. Навуменка. [Таццяна] .. дзівілася, як гэта раней яна магла жыць без яго, без гэтага маленькага, смешнага, крыклівага стварэння. Шамякін. / у знач. наз. сме́шнае, ‑ага, н. Ды музыкі знаюць свае сцежкі — Смешнае іграюць без усмешкі. Лужанін. // Які выклікае насмешку, іронію сваёй недарэчнасцю. У гэты момант падаспеў пяты [чалавек], у вузкіх штанах і ў смешнай куртцы з двума хвастамі. Самуйлёнак. Смешны часам бывае чалавек з сваімі недарэчнымі перажываннямі. Зарэцкі.

2. Тое, што нельга ўспрымаць сур’ёзна. Розныя смешныя довады лезлі ў галаву. Бядуля. // Дзіўны. [Пракоп:] — Смешная ты, маці! Няўжо ты думаеш, што я такі дурны і палезу ў воду, не пабачыўшы броду? Колас.

•••

Да смешнага — у вышэйшай ступені, надзвычай. Вынаходства Андрэя было да смешнага простым, і таму аб ім неўзабаве ведаў увесь завод. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спабо́рнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Імкнуцца перасягнуць каго‑н. у чым‑н., старацца дабіцца лепшых вынікаў у чым‑н. Спаборнічаць у вучобе. Спаборнічаць у сіле і спрыце. □ Вавёркі не могуць спаборнічаць з бабрамі па аб’ёму корму, які яны нарыхтоўваюць. Самусенка. — Я вас выклікаў сюды не для таго, каб спаборнічаць у дасціпнасці, — гэтак жа памяркоўна, як і раней, казаў Паўловіч. Радкевіч.

2. Удзельнічаць у сацыялістычным спаборніцтве з мэтай дасягнуць высокай прадукцыйнасці працы. [Антось:] — Тэ-эмпы! Учора толькі прыехалі і ўжо спаборнічаюць. Паглядзім, паглядзім!.. Кулакоўскі. [Пракоп:] — Я ўжо брыгаду выбраў, спаборнічаць паспрабуем, хоць у іх па машыне пяць чалавек працуе, а ў нас чатыры. Карпаў.

3. Прымаць удзел у спаборніцтве (у 3 знач.). Спаборнічаць у стральбе з лука. □ — Не біцца, — зноў паправіла.. [Паўліка] сястра, — а весці бой на рапірах, спаборнічаць. Шыловіч.

4. Спец. Быць адным з бакоў у спаборным судовым працэсе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Вельмі ўважліва, напружана глядзець куды‑н., на каго‑, што‑н.; углядацца. Карней Пятровіч прыстаўляе да вачэй руку і ўзіраецца ўдалеч. Даніленка. Час ад часу хлопчык адрываўся ад работы і пільна ўзіраўся ў бок вёскі: ці не ідзе хто чужы да іх. Курто. Усе бедавалі, войкалі, скрыжаваўшы рукі на грудзях, узіраліся ў дзіця. Марціновіч. Пятро Фёдаравіч задумаўся і доўга ўзіраўся на дарогу, выціраючы рукою запацелае шкло. Пташнікаў. / у перан. ужыв. У будучнасць людзі ўзіраюцца смела. Купала. // Пазіраць за кім‑н., прыглядацца да каго‑н. [Шыковіч] пачаў узірацца ў твары людзей, ён здаўна любіў гэтую гульню: адгадваць прафесію чалавека і чым ён заклапочаны ў той момант. Шамякін.

2. Разглядаць сябе ў чым‑н., глядзецца ў што‑н. Станіслаў праз сілу ўзнімаецца з крэсла, падыходзіць да шафы і, раней чым адчыніць яе, узіраецца ў люстраныя дзверы. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ра́на 1 ’пашкоджанне тканак жывога арганізму’ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ, Варл., ТС), ст.-бел. рана ’тс’ (Сл. Скар.), ’кара, катаванне’ (Карскі, Труды, 339). Параўн. укр., рус. ра́на ’адкрытае пашкоджанае цела’, польск., н.-луж., в.-луж. rana ’тс’, палаб. råno ’тс’, чэш. rána ’тс’, ’удар, няшчасце’, славац., rana ’адкрытае пашкоджанне цела’, славен. rána ’тс’, серб.-харв. ра̏на ’тс’, балг. ра́на ’тс’, макед. рана, ст.-слав. рана ’тс’. Прасл. *rana, параўн. літ. ronà ’тс’, rõnyti ’раніць’, ronótas ’з ранамі, ранены’ (запазычанні са славянскіх моў). Роднаснае да ст.-інд. vraṇá‑ ’рана, шчыліна, драпіна’, алб. varrë ’рана’, vras ’забіваю’ (Фасмер, 3, 441; Бязлай, 3, 150). Узыходзіць да і.-е. *u̯er‑ ’раскрыць, разарваць, разадраць’, адлюстраванага ў рус. воро́нка ’лейка’, польск. wrona ’адтуліна, дзіра’ і інш., гл. ESJSt, 12, 748; БЕР, 6, 181 (звяртаецца ўвага на фармальныя цяжкасці пры рэканструкцыі); Глухак, 518; Шустар-Шэўц, 2, 1205.

Ра́на 2 ’раніцай, ранкам, уранні, раннім часам, раней пэўнага часу, загадзя’ (ТСБМ, Бяльк., Шат.; ашм., Станк.; Сл. ПЗБ, Ян.), ’ранні час’ (Варл.), ра́но ’тс’ (ТС), ст.-бел. рано ’тс’ (Сл. Скар., Альтбаўэр). Параўн. укр. ра́но, рус. ра́но, ст.-польск. rano ’раннім часам’, польск. rano ’ранкам’ і ’ранак’, палаб. ronü/rånă ’тс’, в.-луж., н.-луж. rano, чэш., славац. ráno ’раніцай, дачасна’, серб.-харв. ра̏но, славен. ráno, балг. ра́но, макед. рано, ст.-слав. рано ’раней пэўнага часу’ і ’ранак’. Слова не мае канкрэтнай этымалогіі. Прыстае тлумачэнне *rano < *radno < з *ordno/*vordno < і.-е. *urōdhno‑ ’час нараджэння сонца’, што мае тую ж аснову, што і *rodъ, адсюль рана ’час нараджэння дня’, параўн. грэч. ὄρορος ’раніцай’, да гэтага ж літ. ritas ’раніца’ (ESJSt, 12, 748 з аглядам версій). Длугаш-Курчабова (429) адзначае, што форма *rano з’яўляецца рэліктавай нячленнай формай прыметніка н. р. адз. л., які субстантывізаваўся, а не адвербіялізаваўся, параўн. прысутнасць склонавых форм яшчэ ў ст.-польск. z rana, po ranu (XVI ст.), а прыкладам далейшай субстантывізацыі польск. rano можна лічыць адсубстантыўнае суфіксальнае ўтварэнне ranek, параўн. бел. ра́нак, раніца (гл.). Паводле заўваг Брукнера (453), польск. z rana узнікла па аналогіі са скланеннем назоўніка zaranie (н. р.) альбо zarań (ж. р.), адсюль польск. z rana памылковае, замест z rania. Параўн. да гэтага рань ’раніца’ (Растарг.), ра́нне ’пачатак дня, раніца, ранак’ (Нас., Байк. і Некр., Растарг., Бяльк., Сл. ПЗБ), ра́не (Сл. ПЗБ, ТС)., з ра́ння́ ’з раніцы’ (Шат., Гарэц.), да ра́ння ’да ўсходу сонца’ (Шат.), параўн. ст.-бел. лежи до ранья (Альтбаўэр), зара́нне, зра́нне ’зранку, вельмі рана’ (Растарг.). Рэйзак (527) лічыць, што *rana з’яўляецца прыслоўем і ўтворана ад прыметніка *ranъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Брэд 1 ’вастрыё нажа’ (Касп.). Мабыць, з брыд. Тое ж самае, што і брыд ’рабро дошкі’, брыды́ ’канцы клёпак’ (гл.). Да слав. *bridъ (гл. бры́дкі) у яго першасным значэнні ’востры’. Але параўн. у рус. гаворках бре́дко праціўна’ (перм., валаг.), бре́дкий ’востры’ (алан., перм.): сабля бредкая, нож бредкый. Разам з бел. брэд, відаць, нейкія гіперкарэктныя формы (да *bridъ).

Брэд 2, брэднік ’вярба, Salix L.’ (Кіс., Інстр. II, КЭС, лаг.), брадзі́ніна ’тс’ (Касп.). Рус. бред, бреди́на ’тс’. Укр. дыял. (аколіцы Адэсы) бредына ’Salix Caprea L.’ (Макавецкі, Sł. botan., 323; няпэўна, бо ў іншых месцах, здаецца, няма). Фасмер, 1, 210 (услед за Бернекерам, 83), бачыць сувязь з *bresii *bredǫ ’брадзіць’, таму што вярба расце на вільготных месцах (Фасмер прыводзіць і паралель: укр. бредуле́ць ’багульнік, багна, Ledum palustre L.’; але гэта памылка: укр. слова з рум. brăduleţ, гл. падрабязна Краўчук, ВЯ, 1968, № 4, 128; раней аб гэтым і Крынжалэ). Іншыя версіі: 1) роднаснасць з алб. breth, bredhi ’ель’; 2) *brědъ (такая праформа ў Сабалеўскага, Slavia, 5, 440) мае сувязь з чэш. jabřadek, польск. jabrząd (параўн. да гэтага Траўтман, 36); 3) Машынскі (Pierw., 240) зыходзіць з назвы колеру прасл. *bred‑: *brod‑ (*bronъ ’бялявы, светлы’, параўн. ст.-інд. bradhnáḥ). Параўн. яшчэ бро́днік ’вярба’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́ра ’гарэлка’ (Шат., Сцяшк. МГ). Няма ў іншых усх.-слав. мовах. Польск. дыял. hara ’тс’ запазычана з бел. мовы (гл. Карловіч, II, 168). Можна меркаваць, што га́ра — гэта жаргоннае ўтварэнне ад гарэ́лка ’тс’. Параўн. і польск. gocha, gochna < gorzałka (аб польск. словах гл. Брукнер, 151: пад gorzeć). Трэба дадаць, што ў Шат. га́ра кваліфікуецца як пагардлівая назва.

Гара́ ’гара’. Параўн. рус. гора́, укр. гора́, польск. góra, чэш. hora, балг. гора́ ’лес’, серб.-харв. го̀ра, ст.-слав. гора і г. д. Прасл. *gora ’гара; лес’. Лічыцца роднасным з прус. garian ’дрэва’, літ. girià ’тс’, ст.-інд. giríṣ ’гара’, авест. gairi‑ і г. д. Гл. Фасмер, 1, 438; раней Бернекер, 1, 329; Траўтман, 78. Падрабязны агляд слав. слоў, іх семантыкі, геаграфіі гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 29–31 (там і новыя меркаванні адносна першапачатковай семантыкі і.-е. лексемы). Агляд семантыкі слова гара́ як геаграфічнай назвы (назвы рэльефа) гл. у Яшкіна, 46. Звычайнымі з’яўляюцца ў слове *gora новыя значэнні ’верхняя частка хаты’, ’верх і да т. п.’ (зафіксавана ў бел. мове; гл. Нас., Шат., Касп., Бяльк., Сцяшк. МГ), таксама і ў іншых усх.-слав. мовах (рус., укр.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Но́вы ’новы’ (Сл. ПЗБ), но́вый ’тс’ (Бяльк.), но́ву ’тс’ (ТС). Сюды ж навіна́ ’нешта новае, раней невядомае; новаўзаранае поле’, но́віна ’новаўзаранае поле’ (Шатал., Сл. ПЗБ), но́вінка ’свежавытканае палатно’ (Касп.), наві́к ’новы, прыезджы чалавек’ (Сцяшк.), экспрэсіўныя ўтварэнні навю́сенькі, навю́танькі (Нас.), нову́ські (Сл. ПЗБ), нову́сенькі (ТС), но́вы‑навю́сенькі (Цых., параўн. балг. дыял. нов‑новиша́т і пад.). Укр. новий ’тс’, рус. но́вый ’тс’, польск. nowy ’тс’, чэш., славац. novy ’тс’, в.-, н.-луж. nowy ’тс’, славен. nòv ’тс’, серб.-харв. но̑в ’тс’, макед. нов ’тс’, балг. нов ’тс’. Прасл. *novъ‑jь, роднаснае літ. naũjas ’тс’ грэч. νἑος, лац. novus, гоц. niujis, ст.-в.-ням. niuwi (Фасмер, 3, 78; Бязлай, 2, 228; Шустар-Шэўц, 14, 1023). Значэнне но́вы ’малады’ (пра месяц, гл. маладзік), зафіксаванае на Гродзеншчыне, звязана праз польск. nowy (miesiąc) з вялікім еўрапейскім арэалам, параўн. ням. Neumond, англ. new moon, фр. nouvelle lune, лац. luna nova і пад. (Машынскі, Atlas, 1, к. 5). Меркаванні пра сувязь новы ’малады’ са слав. *nyti ’быць аслабленым, слабым’ непераканальныя (гл. там жа), паколькі значэнні ’новы’ і ’малады’ першапачаткова прысутнічалі ў семантыцы і.-е. *neu̯o‑, што звязваюць з і.-е. *sneu‑ ’гнуць, звязваць, круціць’ (Макоўскі, Мир сл. и знач., 137–138).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

А́рфа 1 ’музыкальны інструмент’, сустракаецца ўжо ў XVI ст. (Шакун, Гісторыя, 106), у Бярынды, 12, 28: бряцало і гусль — гарфа, арфиста — гудецъ у Лексісе Зізанія: арфа. Паводле Шанскага, 1, А, 150, рус. арфа з XVII ст. з польск. arfa, паводле Фасмера, 1, 90, з нямецкай, як і польскае (гл. яшчэ Маргаран, ЭИРЯ, 6, 91; Шанскі, ЭИРЯ, 4, 182). Ст.-бел. арфа, арфиста з польскай мовы, магчыма, што рус. арфа, арфиста (арфист — пазнейшае пераафармленне) таго ж паходжання. У польск. arfa, harfa з ням. (агульна-германскага) Harfe (раней Harpfe) (Слаўскі, 1, 406). Сучасная літаратурная форма арфа замацавалася, магчыма, пад рускім уплывам (Крукоўскі, Уплыў, 84), дзе ў адрозненне, напр., ад польскай і ўкраінскай форма з пачатковым г‑, здаецца, не вядома. Арфіст з рускай, напэўна ў XX ст.

А́рфа 2 ’веялка’, арфава́ць, арфава́льшчык (БРС, Яруш.), у дыялектах распаўсюджаны формы з субстытуцыямі ф: арпа, арпаваць (Касп., Жд.), арха, архаваць (Касп., Янк. I, Сцяц., Арх. Бяльк.), гархаваць (Выгонная, Лекс. Палесся, 82); асобна гл. арба 2. Паводле Слаўскага, 1, 406, у польскай мове XVII ст. harfa ’прылада для ачышчэння збожжа’ з нямецкай, дзе Getreideharfe ’веялка’. З польскай у беларускую, з польскай ці беларускай у літ. ar̃pas, árpa, árba (LKŽ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)