БАЛТЫ́ЙСКІ ШЧЫ́Т, Фенаскандыя,

дадатная структура на ПнЗ Усходне-Еўрапейскай платформы (кратона), у якой дакембрыйскія пароды крышт. фундамента выходзяць на паверхню Зямлі. Займае ПдУ Скандынаўскага п-ва, Кольскі п-аў і Карэлію. На ПнЗ абмежаваны ўтварэннямі каледонскай складкавасці Скандынавіі, якія насунуты на пароды шчыта, на ПнУ на іх развіта познакембрыйскае тэктанічнае покрыва (працяг Ціманскай сістэмы), на Пд і ПдУ фундамент апускаецца пад платформавы чахол Рускай пліты.

Складзены з моцна метамарфізаваных парод архею і пратэразою, прарваных шматлікімі інтрузіямі, у т. л. гранітаў (утвараюць вял. масівы). У пародах фундамента Балтфыйскага шчыта вылучаецца шэраг комплексаў, якія адпавядаюць дакембрыйскім этапам тэктагенезу: дасвекафена-карэльскі (узрост больш за 2,6—2,7 млрд. гадоў), свекафена-карэльскі (1,75 млрд. гадоў), гоцкі (1,75—1 млрд. гадоў, калі б.ч. тэрыторыі шчыта прайшла этап платформавага развіцця), дальсландскі (каля 1 млрд. гадоў) і байкальскі, калі складкавасць закранула крайні ПнУ. Апошняму платформаваму этапу развіцця Балтыйскага шчыта ўласцівы разломна-глыбавыя тэктанічныя рухі, каледонская інтрузіўная дзейнасць, узнікненне грабена Осла, Батнічнай і Беламорскай дэпрэсій, упадзін Ладажскага і Анежскага азёраў, глыбокая дэнудацыя. У антрапагенавы перыяд Балтыйскі шчыт — цэнтр неаднаразовага зледзянення Еўропы і далёкага ледавіковага разносу крышт. парод. У межах Балтыйскага шчыта буйныя радовішчы жалезных (Кіруна, Аленягорск, Каўдор) і медна-нікелевых рудаў (на Кольскім п-ве), апатытаў (Хібіны), нефеліну, слюдаў, рэдказямельных мінералаў.

Г.​У.​Зінавенка.

т. 2, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАСАЦЫЯГЕНЕ́З,

інтэгральнае паняцце, выпрацаванае тэарэтычным навук. мысленнем для цэласнага разумення чалавека ў яго гіст. і індывід, развіцці. Дае магчымасць: пазбегнуць аднабаковых тлумачэнняў паходжання чалавека (з пазіцый антрапа- і сацыягенезу, біялагізатарства, расізму, нацыяналізму); разглядаць пачатак чалавечай гісторыі ў дынаміцы эвалюцыйна-біял. перадумоў і матэрыяльна-дзейнасных фактараў гамінізацыі; зразумець прыроду як «неарганічнае цела» чалавека, што фарміруецца ў гіст. працэсе грамадства.

Выкарыстанне прынцыпу гістарызму да антрапалагічных праблем дае магчымасць раскрыць сац. сутнасць матэрыяльнага (фізічнага, біялагічнага) цела чалавека на ўзроўні яго філа- і антагенезу. Вял. мозг, рукі, здольнасць прама хадзіць, мысліць, гаварыць і інш. ўласцівыя чалавеку рысы — усё гэта жывая матэрыя, прырода. У той жа час гэта прырода чалавека фарміруецца самім соцыумам у працэсе яго гіст. развіцця. Дзіця пры нараджэнні атрымлівае ў спадчыну матэрыяльныя формы і задаткі чалавека, але самі па сабе яны яшчэ не робяць яго чалавекам. Ці стане мысліць і гаварыць дзіця, аб чым яно будзе мысліць і на якой мове размаўляць — усё залежыць ад сац. умоў жыцця. Антрапасацыягенез мае на мэце і даследаванне перспектыў змены матэрыяльных формаў і патэнцый чалавека ў працэсе натуральна-гіст. развіцця соцыуму, яго дэфармацыі і дэградацыі.

Літ.:

Ефимов Ю.И. Философские проблемы теории антропосоциогенеза. Л., 1981;

Проблемы современной антропологии. Мн., 1983;

Поршнев Б.Ф. О начале человеческой истории. М., 1974.

А.​І.​Пятрушчык.

т. 1, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМАПАЛІТЫ́ЗМ (ад грэч. kosmopolitēs грамадзянін свету),

ідэалогія т. зв. сусветнага грамадзянства; тэорыя, якая адмаўляе нац. традыцыі і культуру, дзярж. і нац. суверэнітэт у імя адзінства ўсяго чалавецтва. Канкрэтныя гіст. ўмовы вызначалі спецыфіку ідэй К. на розных этапах гіст. развіцця. К. кінікаў Антысфена і Дыягена Сінопскага адлюстроўваў адмоўнае стаўленне да поліса. Касмапалітычныя погляды кірэнаікаў выражаліся ў словах «ubi bene, ibi patria» («дзе добра, там і айчына»). Філасофія стаіцызму разглядала ўсіх людзей як грамадзян адзінай сусв. дзяржавы — Касмаполіса. Ідэал сусв. грамадзянства перыяду Адраджэння быў накіраваны супраць феад. раздробленасці дзяржаў (Дантэ, Т.​Кампанела), а асновай касмапалітычных поглядаў эпохі Асветніцтва служылі ідэі вызвалення індывіда ад феад. путаў (Ф.​Петрарка, Ф.​Рабле, М.​Мантэнь, Эразм Ратэрдамскі і інш.). Г.​Лесінг, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылер, І.​Кант, І.​Фіхтэ лічылі, што ідэя сусв. грамадзянства закладзена ў прыродзе чалавека і ажыццяўляецца на аснове развіцця навукі і маральнага ўдасканальвання чалавека. Шырокае распаўсюджанне ідэі К. атрымалі ў 20 ст. ў выніку паглыблення ўзаемасувязі і ўзаемаўплыву нац. культур, нарастання глабальных праблем, звязаных з існаваннем усяго чалавецтва. Яны адлюстроўваюцца ў выглядзе разнастайных сац.паліт. арыентацый — ад сцвярджэння ідэі неабходнасці збліжэння народаў і дзяржаў (напр., ідэя стварэння сусв. дзяржавы або сусв. федэрацыі дзяржаў) да адмаўлення незалежнасці, нац. культуры і традыцый народаў.

т. 8, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВАЯ О́ПТЫКА,

раздзел оптыкі, які вывучае статыстычныя ўласцівасці светлавых палёў і квантавыя праяўленні гэтых уласцівасцей у працэсах узаемадзеяння святла з рэчывам. Звязана з квантавай механікай, квантавай электрадынамікай, стат. фізікай і нелінейнай оптыкай. Метады К.о. даюць магчымасць вызначаць механізмы міжмалекулярных узаемадзеянняў па зменах статыстыкі фотаадлікаў (рэгістрацыі параметраў светлавых патокаў фотапрыёмнікамі) пры рассейванні святла ў асяроддзі.

Развіццё К.о. ў 1960-я г. звязана са з’яўленнем лазераў, што дало магчымасць фарміравання светлавых палёў з рознымі стат. ўласцівасцямі. Вывучаліся станы поля, якія мелі класічны аналаг і апісваліся на аснове класічных метадаў. Новы этап развіцця пачаўся ў канцы 1970 — пач. 1980-х г. Тэарэт. даследаванні стат. уласцівасцей аптычных палёў, атрыманых у працэсах узаемадзеяння з рэчывам і стварэнне крыніц святла з рознымі стат. ўласцівасцямі прывялі да пераасэнсавання неазначальнасці прынцыпу і развіцця канцэпцыі «сціснутых» станаў поля. Асн. даследаванні праводзяцца ў галіне квантавай інфармацыі, у т. л. квантавых вылічэнняў, квантавых камп’ютэраў, квантавай крыптаграфіі, рэканструкцыі (тамаграфіі) квантавых станаў поля, спектраскапіі адзінкавых малекул і іонаў, лакалізаваных у высокадыхтоўных рэзанатарах ці цвердацелых матрыцах і інш.

На Беларусі даследаванні па К.о. праводзяцца ў Ін-це фізікі і Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН, БДУ.

Літ.:

Клаудер Дж.Р., Сударшан Э.К.Г. Основы квантовой оптики: Пер. с англ. М., 1970;

Килин С.Я. Квантовая оптика: Поля и их детектирование. Мн., 1990.

С.​Я.​Кілін.

т. 8, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАССЯЛЕ́ННЕ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,

працэс размеркавання і пераразмеркавання насельніцтва па тэрыторыі і яго вынік — сетка паселішчаў. Уключае размяшчэнне насельніцтва, функцыянальныя тэр. ўзаемасувязі населеных месцаў і міграцыю насельніцтва. Гал. фактары працэсу Р.н.: прыродны (рэльеф, глебы, клімат, блізкасць да водных рэсурсаў, наяўнасць карысных выкапняў), дэмаграфічны (натуральны прырост насельніцтва, міграцыйныя працэсы), сац.эканам. (узровень развіцця і размеркавання вытв. сіл, рэгіянальныя адрозненні паводле ўзроўню даходаў, развітасць інфраструктуры). З развіццём вытв. сіл гал. ролю ў Р.н. адыгрывае сац.-эканам. фактар. Асн. формай Р.н. з’яўляюцца пастаянныя населеныя пункты (гарадскія і сельскія), якія ўтвараюць у адных раёнах густую, у іншых — рэдкую сетку. Пры цесным збліжэнні паселішчаў і інтэнсіўным развіцці маятнікавай міграцыі ўзнікаюць агламерацыі паселішчаў (гл. Гарадская агламерацыя). Суседнія групы агламерацый у прамысл. густа заселеных раёнах, з развітай сеткай камунікацый, могуць утвараць яшчэ больш складаную форму — мегалопаліс. На Беларусі (2000) 212 гарадскіх паселішчаў (каля 7 млн. чал.) і 23 459 сельскіх паселішчаў (каля 3 млн. чал.). Сярэдняя адлегласць паміж гарадамі менш за 50 км, паміж сельскімі паселішчамі — каля 3 км. У сярэднім на кожную 1000 км² прыпадае 1 гарадское і 113 сельскіх паселішчаў, што спрыяе развіццю эканам., працоўных, культурна-быт. і інш. міжпаселішчавых сувязей. Пра рассяленне бел. этнасу гл. ў арт. Беларусы, Этнічная тэрыторыя.

Літ.:

Манак Б.А. Насельніцтва Беларусі: Рэгіян. асаблівасці развіцця і рассялення. Мн., 1992.

Дз.​М.​Кудзелка.

т. 13, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯЛЕ́КТЫКА [ад грэч. dialektikē (technē) майстэрства весці гутарку, спрэчку],

вучэнне аб найб. агульных законах развіцця космасу і прыроды, грамадства, чалавека і мыслення. Асн. прынцыпы Д. — усебаковая, усеагульная сувязь рэчаў і з’яў, станаўленне і развіццё. У склад Д. як вучэння ўваходзяць філас. тэорыя, метад і метадалогія філас. пазнання. Першыя спробы дыялект. асэнсавання прыроднай і грамадскай рэчаіснасці, быцця чалавека ў свеце зроблены ў глыбокай старажытнасці і знайшлі сваё ўвасабленне ў духоўнай культуры і светапоглядзе ўсх. цывілізацый: егіпецкай, шумерскай, індыйскай, кітайскай і інш. Унікальны ўклад у развіццё дыялект. мыслення зрабіла ант. грэч. цывілізацыя, якая стварыла спрыяльныя ўмовы для росквіту духоўнай творчай дзейнасці чалавека, асабліва ў галіне філасофіі, эстэтыкі, навукі. Паняцце Д. ўпершыню выкарыстаў Сакрат, разумеючы пад ім майстэрства весці мэтанакіраваны дыялог, калі супрацьпастаўленне і барацьба розных думак спрыяюць знаходжанню ісціны. Сакратаўскае разуменне Д. развіў Платон у шэрагу сваіх прац, напісаных у форме дыялогу. Ён даў дыялект. інтэрпрэтацыю філас. катэгорый руху, спакою, адрознення, тоеснасці, быцця, падкрэсліваючы іх супярэчлівы змест. Характэрнай рысай дыялект. мыслення стараж.-грэч. філосафаў было ўспрыманне свету ў якасці адзінага непадзельнага цэлага, якое знаходзіцца ў стане стыхійнага руху і змянення. У межах стыхійна-наіўнага ўяўлення аб непадзельнай рэчаіснасці ў Грэцыі існавалі і развіваліся формы суб’ектыўнай і аб’ектыўнай Д. Геракліт лічыў, што ўсё існуе і ў той жа час не існуе, таму што ўсё цячэ і змяняецца, узнікае і знікае, а свет з’яўляецца месцам няспыннай барацьбы процілеглых з’яў. У гэтай барацьбе процілегласцей ён бачыў галоўную прычыну развіцця. Стыхійна дыялект. ідэі знайшлі адлюстраванне ў вучэнні Дэмакрыта, Леўкіпа, Эпікура і інш. аб атамах і атамнай будове рэчаў. Істотнае даследаванне розных форм дыялект. мыслення правёў Арыстоцель. У часы панавання монатэістычных рэлігій, у прыватнасці хрысціянства, Д. фактычна атаясамлівалася з асобасным абсалютам — тварцом космасу і прыроды і адначасова з першапрычынай іх няспыннага руху і змянення. У філасофіі новага часу дыялект. ідэі выкарыстоўваліся супраць панавання метафіз. поглядаў. Р.Дэкарт спрыяў пранікненню дыялект. спосабу мыслення ў матэматыку, абгрунтоўваў ідэю аб неаднароднасці прасторы і пачатак развіцця адносна да касмалогіі. Д.Дзідро лічыў рух унутр. уласцівасцю матэрыі і адстойваў эвалюц. погляды на жывую прыроду. Г.Лейбніц падышоў да дыялект. погляду на адзінства прасторы і часу. Навукова плённыя дыялект. думкі аб захаванні матэрыі і руху, эвалюц. паходжанні і развіцці зямлі выказаў М.В.Ламаносаў. У якасці універсальнай тэорыі і метаду пазнання свету шляхам знаходжання, аналізу і раскрыцця ўласцівых яму супярэчнасцей Д. распрацоўвалася ў ням. класічнай філасофіі 18—19 ст. І.Кант вучыў, што працэс пазнання рэчаіснасці чалавекам абапіраецца на практычны вопыт, таму абстрактныя катэгорыі «бог», «душа», «свабода» і інш. не могуць прэтэндаваць на абсалютныя веды, а чалавечы розум у сваім імкненні авалодаць абсалютным няўхільна трапляе ў палон невырашальных супярэчнасцей. Выключнае месца ў станаўленні навук. канцэпцыі Д. займае філас. вучэнне Г.​Гегеля, які абагульніў гіст. вопыт навук. дыялект. мыслення аб космасе, прыродзе і чалавеку, а ўвесь матэрыяльны і нематэрыяльны свет прадставіў у якасці працэсу бесперапынных змен і развіцця Адначасова ён зрабіў спробу сфармуляваць унутр. законы Д. Змены, пераход рэчаў і з’яў з аднаго якаснага стану ў другі Гегель тлумачыў узаемадзеяннем супярэчнасцей і іх канчатковым вырашэннем, г.зн., што працэс развіцця адбываўся дзякуючы ўласным унутр. імпульсам, а развіццё з’яўлялася самаразвіццём. Такую ўласцівасць ён лічыў істотнай рысай абсалютнай ідэі, абсалютнага духу, што было абумоўлена сутнасцю ўсёй гегелеўскай філасофіі, паводле якой свядомасць з’яўляецца тварцом рэчаіснасці. Дыялект. ідэі, погляды і канцэпцыі прадстаўнікоў ням. класічнай філасофіі далі штуршок развіццю матэрыяліст. Д., якую распрацоўвалі К.​Маркс, Ф.​Энгельс, У.​І.​Ленін. Яе асн. катэгорыі і законы: прастора, час, рух, матэрыя, адзінства і барацьба процілегласцей, адмаўленне адмаўлення, пераход колькасных змен у якасныя і інш. Матэрыяліст. Д. прыроды абгрунтоўвае і даказвае свае палажэнні, спасылаючыся на гіст. вопыт развіцця прыродазнаўчых навук, а Д. сац. жыцця звяртаецца да вывучэння асаблівых рыс чалавечага грамадства, суадносін суб’ектыўнага і аб’ектыўнага ў гісторыі, сац. прагрэсу, узаемаадносін грамадства і прыроды, грамадства і асобы і інш. Яна ўключае таксама тэарэт. праблемы пазнання, якое заснавана на прынцыпе адлюстравання і дыялектычную логіку.

Літ.:

Гегель Г.В.Ф. Наука логики: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1970—72;

Ленін У.І. Філасофскія сшыткі // Тв. Т. 38 (Полн. собр. соч. Т. 29);

Современные зарубежные концепции диалектики: Критич. очерки. М., 1987;

Ильенков Э.В. Философия и культура. М., 1991.

В.​І.​Боўш.

т. 6, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ва́рыва ’варэнне (працэс)’ (Юрч., Янк. I, БРС); ’агародныя расліны, што ўжываюцца да стравы’ (КЭС); ’гародніна’ (Шат., Касп., Янк. БП, Др.-Падб., Янк. I, 47); ’сцяблы і лісце буракоў’ (ДБА, 868, Бяльк., Касп., Гарэц., Юрч.); ’буракі’ (Касп.), у дыял. ва́ріво, ва́рэво, ва́рво, ва́рыво (гл. Вештарт, Лекс. Палесся, 129). Укр. ва́рево, ва́риво ’вараная страва; квашаная гародніна’, рус. ва́рево ’вараная страва’; ’гародніна, зелень; гародніна, прыгатоўленая на зіму’, польск. warzywa ’гародніна, зелень’ і г. д. Слав. *varivo (да вары́ць); агляд слав. форм і значэнняў Вештарт (Лекс. Палесся, 130–131; там жа і меркаванні пра магчымы шлях семантычнага развіцця). Да адлюстравання *varivo ў ст.-бел. мове гл. Казачонак, Весці АН БССР, 1975, № З, 117–118.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Любоў ’пачуццё глыбокай прыхільнасці, адданасці’, ’каханне’, ’схільнасць, цяга да чаго-небудзь’ (ТСБМ, Бяльк., ТС, Яруш.). Укр. любов, рус. любовь, ст.-рус. любовь, любы, славен. ljubȋ, ljubȃv, серб.-харв. љу́би, љу́бав, макед. љубов, балг. любо́в, либо́в, ст.-слав. любы. Прасл. lʼuby, lʼubъve ўтвораны ад прыметніка lʼubъ (Бернекер, 756; Фасмер, 2, 544; Младэнаў, 283; Скок, 2, 338; БЕР, 3, 573–574). Паводле Бірнбаўма (VII Međunar. Slavistički kongres, Knjiga refer., 1, Zagreb, 1978), словы з коранем lʼub‑ першапачаткова азначалі ’актыўнае каханне’, а з коранем mil‑ — ’пасіўнае, жаданае каханне’. Іншыя словы (lask‑, koxa‑) атрымалі значэнне ’каханне’ на працягу развіцця слав. моў. Гл. таксама Трубачоў (Эт. сл., 15, 185–186).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сы́зма ’раскол, раздзел цэркваў’ (Нас.), ’пустая неўрадлівая зямля’, ’скупы, злы, благі чалавек’, ’хто жыве ў недастатку’ (Сл. ПЗБ), ’бязбожнік’ (Арх. Федар.), ’скрытная, хітрая, каварная і сквапная асоба’ (мсцісл., З нар. сл.), ’злы, благі чалавек’ (Шатал., гродз., Нар. лекс.), ’цвёрдая нявырабленая ўтравелая глеба’ (Янук.), сызматы́к ’раскольнік, іншаверац’, сызматы́чка ’іншаверка’ (Нас.), сюды ж таксама сусмасты́к ’уніят, далучаны да праваслаўя’ (Бес.), сасмасты́к ’чалавек, які насуперак усяму імкнецца захапіць нешта’ (Цых.). Ст.-бел. схизма, сцызма ’рэлігійны раскол’ запазычана са ст.-польск. schizma, schizmatyk (Карскі, Белорусы, 163; Кюнэ, Poln., 100; Булыка, Лекс. запазыч., 181, 174), відаць, пераважна вусным шляхам з пераасэнсаваннем запазычанага слова. Параўн. схізма. Няясныя шляхі развіцця значэння ’неўрадлівая зямля’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дыяле́ктыка

[гр. dialektike (techne) = майстэрства весці размову, спрэчку]

1) навука пра найбольш агульныя законы руху і развіцця прыроды, чалавечага грамадства і мыслення, навуковы метад пазнання з’яў прыроды і грамадства ў іх вечным руху і зменах шляхам ускрыцця ўнутраных супярэчнасцей і барацьбы процілегласцей, якія прыводзяць да скачкападобнага пераходу з адной якасці ў другую;

2) працэс развіцця чаго-н. ва ўсёй разнастайнасці яго формаў;

3) уст. уменне спрачацца, прымяняць лагічныя довады ў спрэчках.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)