МАС-СПЕКТРО́МЕТР,

прылада для раздзялення з дапамогай эл. і магн. палёў пучкоў іанізаваных атамаў, малекул ці інш. часціц з рознымі адносінамі масы m часціцы да яе эл. зараду e. Распрацаваны амер. фізікам А.​Дэмпстэрам (1918) і ўдасканалены Ф.У.Астанам (1925).

Бывае статычны, дзе форма траекторыі часціцы ў пастаянных (у часе) палях залежыць ад m/e, і дынамічны, дзе велічыня m/e вызначаецца па перыядзе ваганняў часціцы ў пераменным эл. або магн. полі, па рэзанансных частотах ці інш. спосабам. Рэгістрацыя часціц ажыццяўляецца эл. метадамі, напр., лічыльнікам іонных токаў, а таксама з дапамогай прыстаўкі з фотапласцінкамі (мас-спектрограф; распрацаваны Ф.​У.​Астанам у 1919). Па атрыманым мас-спектры вызначаюцца маса і канцэнтрацыя кампанентаў у даследуемым рэчыве. Выкарыстоўваецца ў эксперым. фізіцы, касм. даследаваннях, хіміі, біялогіі, геалогіі, ядз. тэхніцы і інш.

Схема мас-спектрометра Дэмпстэра: 1, 4 — дыяфрагмы; 2 — цыліндр Фарадэя; 3 — вакуумная камера; 5 — крыніца іонаў; R — радыус цэнтральнай арбіты іонаў.

т. 10, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗО́РНАЯ ТРУБА́,

аптычная прылада для назірання далёкіх прадметаў адным вокам. Вядома з канца 16 — пач. 17 ст. У 1609 П.т. 32-кратнага павелічэння пабудаваў і выкарыстаў для астр. даследаванняў Г.Галілей. Іншы тып П.т. прапанаваў у 1610—11 І.Кеплер (пабудавана каля 1630).

Асн. элементы П.т. — аб’ектыў і акуляр. Аб’ектыў — збіральная сістэма; дае сапраўдны, паменшаны і перавернуты відарыс аддаленага прадмета паблізу факальнай плоскасці. У схеме Галілея акуляр — рассейвальная лінза, размешчаная паміж аб’ектывам і яго факальнай плоскасцю, дае прамы відарыс. У схеме Кеплера акуляр — збіральная лінза, у якую відарыс, атрыманы пасля аб’ектыва, разглядаецца, як у лупу (відарыс застаецца перавернутым); для атрымання прамога відарыса паміж аб’ектывам і акулярам змяшчаюць абарачальную сістэму. Сучасныя П.т. маюць поле зроку 90—100° і павелічэнне ў дзесяткі разоў.

Я.​У.​Чайкоўскі.

Падзорная труба: а — схема Галілея, б — схема Кеплера, в — труба Кеплера з абарачальнай лінзай; 1 — аб’ектыў, 2 — акуляр, 3 — абарачальная лінза.

т. 11, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́СНІЦА,

старадаўняя драўляная прылада для прадзення воўны, ільняной і пяньковай кудзелі. На Беларусі 4 асн. тыпы: лапатападобная, П.-грэбень, П.-вілы, П.-кій. Найб. пашыраны лапатападобная і П -грэбень (Прыпяцкае Палессе). Лапатападобныя рабілі з суцэльнага кавалка дрэва (частка ствала з карэнішчам) ці з 2 частак — лопасць пад прамым вуглом устаўлялі ў днішча або ў адтуліну ў лаве (Зах. Палессе). Лопасць звычайна прамавугольнай формы з адносінамі бакоў 2:1; сустракаліся таксама вёслападобныя (Лідчына), мечападобныя (Брэстчына), П.-дошчачкі (мацаваліся да калаўрота) і інш. П. аздаблялі разьбой — фігурна апрацоўвалі ножкі, выпілоўвалі краі лопасці (Навагрудчына). На Гродзеншчыне, Віцебшчыне лопасць часам аздаблялі трохгранна-выемчатай ці контурнай разьбой. Асаблівым багаццем і разнастайнасцю дэкору вызначаюцца камянецкія прасніцы. У наш час са знікненнем ролі ручнога прадзення і ткацтва П. амаль выйшлі з ужытку.

Літ.:

Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

Я.​М.​Сахута.

Прасніца. Вёска Чонкі Гомельскага раёна. 19 ст.

т. 13, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тара́н ​1, ‑а, м.

Прамысловая рыба сямейства карпавых, разнавіднасць плоткі (у ежу ідзе галоўным чынам у салёным і вяленым выглядзе).

тара́н ​2, ‑а, м.

1. Старажытная прылада, якой разбівалі крапасныя сцены і якая мела выгляд бервяна з металічным наканечнікам, прымацаваным ланцугамі на перасовачнай вежы. Сценабітны таран. // Спец. Выступ у насавой падводнай частцы баявога судна для нанясення ўдару па корпусу варожага судна. // Прылада, прадмет, якім можна разбіць што‑н., зрабіць прабоіну ў чым‑н.

2. Прамы ўдар, які робіць прабоіну.

3. Нанясенне ўдару носам карабля. вінтом самалёта, пярэдняй часткай танка па варожай машыне ў час бою. Жыцця не шкадуючы, ворага гналі, Калі ж ён упарта не сходзіў з дарогі, — Вы [салдаты] білі таранам яго самалёты, Вы смерцю сваёй амбразуры сцішалі. Броўка.

4. Прарыў фронту і глыбокае ўкліненне ў размяшчэнне войск праціўніка, а таксама ўдарная група, якая выконвае гэты прарыў. Стратэгічны таран.

•••

Гідраўлічны таран — тэхнічнае збудаванне для пад’ёму вады.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́йба

(ням. Scheibe)

1) круглая металічная пласцінка з адтулінай пасярэдзіне, якая падкладваецца пад гайку ці пад галоўку вінта;

2) спартыўная прылада для гульні ў хакей у выглядзе гумавага ці пластмасавага плоскага дыска.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

машы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Памянш. да машына (у 1 знач.). Швейная машынка.

2. Невялікая прылада для якой‑н. работы. Машынка для набівання папярос. □ У школе ёсць машынка. На школьным двары ў часе перапынку стрыжэ настаўнік сваіх маленькіх вучняў. Колас. // Разм. Тое, што і пішучая машынка. У прыемнай кабінета дробненька стукала машынка. Кулакоўскі.

•••

Пішучая машынка — механізм з клавішамі-літарамі для ручнога друкавання тэксту.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

снара́д, ‑а, М ‑дзе. м.

1. Від боепрыпасаў для стральбы з гармат. Процітанкавы снарад. Артылерыйскі снарад. □ Недзе зусім блізка разарваўся снарад. Шамякін. Час ад часу за ракой грукалі цяжкія гарматы, і над галавой Ягорава з пранозлівым свістам праляталі снарады. Краўчанка.

2. Прылада, прыстасаванне для спартыўных практыкаванняў. Гімнастычныя снарады. □ Разам з іншымі навічкамі знаёміўся [Паўлік] са спартыўнымі снарадамі, вывучаў розныя прыёмы бою на рапірах. Шыловіч.

3. Інструмент, машына, апарат. Землясосны снарад. Буравы снарад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Нож ’нож, рэжучая прылада’ (Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ну͡ож ’тс’ (Бес.), ныж ’тс’ (Сл. ПЗБ), ніж ’тс’ (Дразд.), niż ’сашнік плуга’ (Тарн.), укр. ніж, рус. нож, польск. nóż, чэш. nůž, славац. nôž, в.-луж. nóž, н.-луж. nož, славен. nòž, серб.-харв. но̑ж, макед., балг. нож. Прасл. *nožь, звязана з зано́за, ніза́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ля́мпа

(польск. lampa < лац. lampas, ад гр. lampas)

1) прыбор для штучнага асвятлення з дапамогай электрычнага току, газы і інш.;

2) прылада для асвятлення або награвання спецыяльнага прызначэння (напр. шахцёрская л., паяльная л.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

прэс

(фр. presse, ад лац. pressus = ціск)

1) машына для апрацоўкі матэрыялаў ціскам;

2) прылада для выціскання вадкасці з чаго-н.;

3) перан. тое, што прыгнятае каго-н., што-н. (напр. цэнзурны п.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)