СЛОВАСКЛАДА́ННЕ,

марфалагічны спосаб словаўтварэння шляхам складання двух ці больш слоў або ўтваральных асноў. У сучаснай бел. мове вылучаюць складаныя словы, утвораныя шляхам складання слоў (уласна С.) і складання асноў (асноваскладанне). Пры С. аб’ядноўваюцца 2 граматычна аформленыя лексічныя адзінкі, сярод якіх вылучаюцца раздзельнааформленыя (абедзве часткі слова маюць грамат. формы словазмянення — «сцежкі-дарожкі») і цэласнааформленыя (маюць толькі адну, звычайна апошнюю, словазмяняльную частку — «плашч-палатка», «вечназялёны»). У сучаснай бел. мове слоў, утвораных шляхам С., параўнальна нямнога. Значна больш складаных слоў, утвораных шляхам асноваскладання. Іх падзяляюць на 2 падгрупы лексем: у 1-й адна частка складанага слова з’яўляецца ўтваральнай асновай, а другая — утваральным словам («нов-а-будоўля» ад «нов-(ая) будоўля»); у 2-й — словы, утвораныя шляхам складання асноў і суфіксацыі (складанасуфіксальныя словы: «ціх-а-акіян-ск-(і)» ад «Ціх-(і) акіян»). Разнавіднасць С. — утварэнне складанаскарочаных слоў або абрэвіятур. С. — адзін з найб. актыўных спосабаў папаўнення слоўнікавага складу мовы, асабліва характэрна для розных галін навук. і тэхн. тэрміналогіі.

Літ.:

Шакун Л.М. Словаўтварэнне. Мн., 1978.

А.​А.​Лукашанец.

т. 15, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЫН БЕЛАРУ́СА»,

заходнебеларуская газета. Выдавалася з 18.5 да 19.9.1924 у Вільні на бел. мове 3 разы на тыдзень. Прадаўжала традыцыі забароненай польскімі ўладамі газ. «Голас беларуса». Выкрывала палітыку ўрада Польшчы, скіраваную на дэнацыяналізацыю ўскраін, паліт. ўціск працоўных. Адстойвала інтарэсы нар. мас Зах. Беларусі, выступала супраць польскіх партый і бел. праўрадавых груповак. Друкавала выступленні бел. дэпутатаў у польскім сейме, справаздачы пра мітынгі ў Гарадку і Беластоку, інфармавала пра работу Бел. нац. к-та ў Вільні. Да 10-й гадавіны з пач. 1-й сусв. вайны змясціла антываен. публікацыі, у якіх асуджалася палітыка дзяржаў, што развязалі вайну. Падтрымлівала змаганне за бел. школы, культуру як сродак сац. і нац. ўсведамлення народа. Паведамляла пра жыццё беларусаў у Чэхаславакіі, Латвіі, Сербіі, БССР і ЗША. Змясціла ўспаміны пра Ф.​Багушэвіча, І.​Буйніцкага, І.​Луцкевіча, арт. У.​Самойлы пра творчасць К.​Сваяка, апавяданне В.​Адважнага. Інфармавала пра новыя бел. кнігі. Выйшлі 42 нумары. Закрыта польскімі ўладамі.

А.​С.​Ліс.

т. 15, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́ЛЕР (ням. Taler),

буйная сярэбраная высокай пробы манета еўрап. краін 16—19 ст., грашова-лікавая адзінка, вагавая адзінка для серабра. З’яўленне Т. выклікала пераход ад грашова-лікавага перыяду гроша да талернага ў гаспадарцы еўрап. краін. Першыя Т. адпавядалі залатому дукату (да 1559), выбіты ў 1484 у Ціролі, у 1500 у Саксоніі. У 16—17 ст. Т. меў нефіксаваны курс. Манета Прусіі 1765—90, намінал мясц. эмісій папяровых бонаў Прусіі 19 ст. Гандлёвы Т. біўся для арабскіх княстваў, Йемена, Франц. берага Самалі, Эфіопіі і інш. тэрыторый у 20 ст. шэрагам еўрап. краін па стапе 18 ст. У 18—19 ст. манеты талернага тыпу атрымліваюць нац. назвы (напр., долар) і асобныя стандарты ўтрымання серабра. У бел. пісьмовых крыніцах 2-й пал. 16—1-й пал. 18 ст. тэрмін Т. (таксама таляр, тарэль) сустракаецца з удакладненнем: біты, імперыяльны, новы, стары, тварды, цалковы. Асн. грашовая адзінка і адзін з наміналаў банкнотаў Варшаўскага княства 1810.

І.​І.​Сінчук.

Талер Рэчы Паспалітай. 1580.

т. 15, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРМА́САЎ Аляксандр Пятровіч (1752—25.11.1819),

расійскі ваенны і дзярж. дзеяч. Ген. ад кавалерыі (1801). Граф (1816). Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91. Ў час паўстання 1794 атрад рас. войск на чале з Т. быў разбіты 4 крас. А.Т.Касцюшкам каля Рацлавіц. З 1803 кіеўскі, з 1807 рыжскі ваен. губернатар. У 1808—11 галоўнакамандуючы ў Грузіі і на Каўказскай лініі. кіраваў баявымі дзеяннямі ў рус.-тур. 1806—12 і рус.-іранскай 1804—13 войнах. У 1812 камандаваў 3-й Зах. арміяй, войскі якой у Кобрынскім баі 1812 нанеслі паражэнне часцям саксонскага корпуса ген. Ж.​Л.​Рэнье, утрымалі свае пазіцыі ў Гарадзечанскай бітве 1812, але вымушаны былі адысці на Валынь. Пасля смерці П.І.Баграціёна часова камандаваў 2-й арміяй. У час восеньскага контрнаступлення рас. войск удзельнічаў у баях каля Малаяраслаўца, Вязьмы, Краснага. Вясной 1813 у час хваробы М.І.Кутузава выконваў абавязкі галоўнакамандуючага. У 1814—16 маскоўскі ваен. губернатар і галоўнакамандуючы, у 1816—19 маскоўскі ген.-губернатар.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 15, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫР,

старажытны фінікійскі горад-дзяржава на ўсх. узбярэжжы Міжземнага м. (цяпер г. Сур у Ліване). Узнік у 4-м тыс. да н.э. У 3—2-м тыс. да н.э. важны рамесніцкі і гандл. цэнтр Фінікіі. У 2-м тыс. (з перапынкамі) пад уладай Егіпта.

Найб. росквіту дасягнуў у сярэдзіне 10 ст. да н.э. пры цару Хіраме 1. У канцы 9 ст. да н.э. выхадцы з Т. засн. Карфаген, Утыку і інш. З 8 ст. да н.э. Т. пад уладай Асірыі, з пач. 6 ст. да н.э. — Новававілонскага царства, з 2-й пал. 6 ст. да н.э. — Ахеменідаў дзяржавы (фармальна захоўваў суверэнітэт). Меў важную ролю ў гандлі паміж краінамі Міжземнамор’я і Пярэдняй Азіі. У 332 да н.э. разбураны войскамі Аляксандра Македонскага. Пасля адбудовы Т. валодалі Пталамеі і Селеўкіды. З 64 да н.э. ў складзе рым. правінцыі Сірыя, захоўваў аўтаномію. Да араб. заваявання (7 ст. н.э.) заставаўся буйным гандл. цэнтрам Усх. Міжземнамор’я. Раскопкі вядуцца з 2-й пал. 19 ст.

т. 16, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІТО́ВІЧ Барыс Барысавіч (н. 28.6.1948, г. Коркіна Чэлябінскай вобл., Расія),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). Працуе ў станковай і кніжнай графіцы, манум. жывапісе, іканапісе і скульптуры. Аўтар ілюстрацый да кніг: «Людзі на балоце», «Подых навальніцы» (абедзве 1973), «Завеі, снежань» (1978) І.​Мележа, «Дзве аповесці» В.​Казько (1977), «Пушча» В.​Карамазава (1979), «Марат Казей» П.​Броўкі (1980), зб. вершаў і паэм «Песня свабоды» Я.​Купалы на малд. мове (1982), «Летуценнік», «Смутак белых начэй» (абедзве 1985) І.​Навуменкі, «Ля крыніцы: Аповесці» Я.​Брыля (1986), «Зеніт» І.​Шамякіна (1987) і інш.; графічных серый «Памяці Брэста» (1975), «Поры года» (1978), «Салдацкім удовам прысвячаецца» (1981), «Мае аднавяскоўцы» (1982), «Сялянскі накцюрн» (1983), «Тыя, хто перанёс вайну» (1985), «Хроніка з нататкамі на палях» (1986), серыі помнікаў ахвярам 1-й і 2-й сусв. войнаў у Вілейскім р-не Мінскай вобл., размалёўкі царквы ў г. Вілейка (2002—03), абразоў. Адзін са стваральнікаў і мастак-пастаноўшчык (з 1975) Нарачанскага ўзорнага дзіцячага т-ра «Ялінка».

т. 17, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ЙКА Павел Пятровіч (21.6.1889, в. Лютовічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 9.1.1921),

бел. ваен. дзеяч. Скончыў Іркуцкае вайск. вучылішча (1912). Удзельнік 1-й сусв. вайны, штабс-капітан. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. партыі эсэраў. У пач. 1919 мабілізаваны ў Чырв. Армію, служыў у ваен. камісарыяце Слуцкага пав. З прыходам польскіх войск вярнуўся ў родную вёску, падтрымліваў сувязі з антыпольскім падполлем. Летам 1920 зноў мабілізаваны ў Чырв. Армію, хутка дэзерціраваў. У ліст. 1920 далучыўся да Слуцкага паўстання 1920, па прапанове Бел. рады Случчыны ўзначаліў 1-ы Слуцкі полк і адначасова ўсю Слуцкую брыгаду паўстанцаў. Быў стаўленікам бел. эсэраў, лічыў, што ў змаганні супраць сав. улады паўстанцы асуджаны на паражэнне. За вызваленне з палону камісара Слуцкага пав. Лебедзя па загадзе Бел. рады Случчыны арыштаваны, уцёк з-пад варты. 3.12.1920 здаўся сав. войскам. 7.1.1921 пастановай «тройкі» Асобага аддзела 16-й арміі «за антысавецкую дзейнасць» прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1992.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 17, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯМАМО́ТА Ісароку (4.4.1884, Нагаока, прэфектура Ніігата, Японія — 18.4.1943),

японскі ваен. дзеяч. Адмірал (1940). Скончыў Марскую акадэмію (1904) і Ваен.-марскі штабны каледж (1916), вучыўся ў Гарвардскім ун-це (ЗША, 1919—21). Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05 (Цусімскі бой 1905), 1-й і 2-й сусв. войнаў. З 1921 выкладаў у Марской акадэміі. З 1925 ваен.-марскі аташэ Японіі ў ЗША. З 1935 нам. марскога міністра, з 1938 каманд. 1-м яп. флотам. У 2-ю сусв. вайну (з ліст. 1940) галоўнакаманд. Аб’яднаным флотам Японіі. Пад яго кіраўніцтвам яп. ВМС напалі на Пёрл-Харбар, дзейнічалі каля атола Мідуэй (чэрв. 1942) і інш. (гл. Ціхаакіянскія кампаніі 1941—45). Загінуў у раёне Саламонавых а-воў (самалёт Я. быў збіты амер. авіяцыяй, якая атрымала інфармацыю пра яго вылет на в-аў Бугенвіль).

Літ.:

Агава Хироки. Адмирал Ямамото: Путь самурая, разгромившего Перл-Харбор, 1921—1943 гг.: Пер. с яп. М., 2003.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 18, кн. 1, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІ́СІМАЎ Валерый Іванавіч (15.5.1945, c. Арбузінка Мікалаеўскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне педагогікі, літ.-знавец. Д-р пед. н. (2003), канд. філал. н. (1977). Скончыў Кемераўскі пед. ін-т (1970) і працаваў у ім. З 1981 у Мазырскім пед. ун-це (з 1998 заг. кафедры рус. і замежнай л-ры). Навук. працы па праблемах тэорыі і тэхналогіі інтэгратыўнай адукацыі ў пач., сярэдняй і вышэйшай школе, методыцы інтэгратыўнага навучання літаратуразнаўчым дысцыплінам, гісторыі сав. і рус. паэзіі 2-й пал. 20 ст. Складальнік кн. «Руская песенная лірыка: Хрэстаматыя» (1992).

Тв.:

Поэзия правды и мечты: Нравств. искания в творчестве сов. поэтов 60—70-х годов. М., 1982;

Интегрированные основы моделирования содержания литературного образования в педагогическом вузе. Мн., 1999;

Методика интегративного обучения студентов-филологов дисциплинам литературоведческого цикла и ее результативность. Мозырь, 2001;

Приобщение к искусству: интегративный подход. Мозырь, 2002;

Пути русской поэмы 2-й половины XX века. Мозырь, 2003;

Теория и технология интегративного образования: Школа начальная — средняя — высшая. Мозырь, 2003 (у сааўт.).

т. 18, кн. 1, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЫБА́ЛЬДЗІ БАТАЛЬЁН (батальён «Джузэпе Гарыбальдзі»),

падраздзяленне 12-й інтэрнац. брыгады, якое ваявала на баку ісп. рэспубліканцаў у час Іспанскай рэвалюцыі 1931—39. Сфарміраваны ў кастр. 1936 з 520 італьян. добраахвотнікаў. Удзельнічаў у абароне Мадрыда, баях на р. Харама і каля г. Гвадалахара. У крас. 1937 перафарміраваны ў Інтэрнац. брыгаду імя Гарыбальдзі.

т. 5, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)