МАКСІМЦО́Ў (Канстанцін Іванавіч) (н. 20.9.1919, г. Гомель),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1939). Працуе ў тэматычнай карціне, пейзажы, нацюрморце. Творы адметныя мяккім каларытам, гарманічным суладдзем кампазіцыі і колеравых суадносін, лірычным спакоем. Аўтар прац «Жнівень» (1950), «Сакавік» (1953), «Шэры дзень» (1959), «Зіма. Замяло» (1962), «Яблыні цвітуць» (1965), «Ранняя вясна» (1970), «Асенняя мелодыя» (1980), «Растае снег» (1982), «Пара веснавая» (1983), «Веснавыя воды» (1989), «Пяшчотная вясна» (1990), «Ветраны дзень» (1996—97), «Ціхая ноч» (1997).

К.Максімцоў. Пяшчотная вясна. 1990.

т. 9, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКАВІЦ ((Markowitz) Гары) (н. 1927),

амерыканскі эканаміст. Скончыў Чыкагскі ун-т. Працаваў у камерцыйных структурах, займаўся прыватным кансультаваннем. Праф. Каліфарнійскага ун-та. Навук. працы па пытаннях эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў. Адзін з заснавальнікаў тэорыі аптымізацыі спалучэння рознага віду багацця ў індывіда і фірмы (т.зв. «партфельнага падыходу»). Сааўтар мовы праграмавання SIMSCRIPT. Аўтар кніг: «Выбар партфеля: эфектыўная дыверсіфікацыя інвестыцый» (1959), «Аналіз сярэдняга і дысперсіі пры выбары партфеля і рынкі капіталу» (1987). Нобелеўская прэмія 1990 (разам з М.Х.Мілерам і У.Ф.Шарпам).

т. 10, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКО́ЎСКІ (Стафан Стафанавіч) (17.5. 1886, в. Кіромна Камянец-Падольскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 28.9.1949),

бел. музыкант, педагог; заснавальнік школы ігры на ўдарных інструментах у Беларусі. Вучыўся ў С.-Пецярбургскай кансерваторыі (1910—12), скончыў Бел. кансерваторыю (1937), з 1932 выкладаў у ёй (у 1944—48 прарэктар) і Мінскім муз. вучылішчы. Адыграў значную ролю ў аднаўленні Бел. кансерваторыі пасля Вял. Айч. вайны. Аўтар «Школы ігры на ўдарных інструментах» (прынята да друку ў 1941, не выдадзена).

Р.​А.​Лагонда.

т. 10, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РУШ’ЯК ((Marušiak) Андрэй) (н. 14.2.1926, Гібэ, Славакія),

славацкі літаратуразнавец, перакладчык. Канд. філал. навук (1966). Скончыў Браціслаўскі, Маскоўскі (1957) ун-ты. Даследуе рус. л-ру, сувязі слав. л-р. Аўтар манаграфій «Чалавечыя лёсы ў творчасці М.​Шолахава» (1978), «Аўтары і творы часу вялікіх змен» (1980), артыкулаў па праблемах культуры (зб. «На дарозе белай бярозы», 1977; тэматычна звязаны з Беларуссю), літ.-знаўчых эсэ, перакладаў на славацкую мову твораў К.​Паустоўскага, Шолахава, Э.​Межэлайціса і інш.

А.​У.​Вострыкава.

т. 10, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНКЯ́ВІЧУС ((Marcinkevičius) Іонас) (26.12.1900, г. Радвілішкіс, Літва — 31.7.1953),

літоўскі пісьменнік. Друкаваўся з 1925. Аўтар рэаліст. раманаў «Ён павінен памерці», «Беньямінас Кардушас» (абодва 1937), «Нёман разліўся» (1939), зб. апавяд. «Срэбныя званы» (1938) і інш. У 2-ю сусв. вайну пісаў патрыят. нарысы і апавяданні (зб-кі «Адпомшчу», 1942; «Зорка», 1943). У пасляваен. гады выступіў як драматург (п’есы «Кавалюнасы», паст. 1947; «Па шырокім бальшаку», «Сям’я Шылгалісаў», абедзве 1948).

Тв.:

Рус. пер. — Беньяминас Кордушас. Вильнюс, 1961.

А.​Лапінскене.

Ю.Марцінкявічус.

т. 10, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭ́ВУШАЎ (Васіль Іванавіч) (19.3.1915, в. Княжыцы Магілёўскага р-на — 6.3.1974),

бел. паэт. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1937). Настаўнічаў, З 1948 працаваў у газ. «Магілёўская праўда», у 1971—74 сакратар Магілёўскага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1930 (некат. вершы падпісваў псеўд. Васіль Нёман). Аўтар зб-каў вершаў «Магілёўскі шоўк» (1957), «Зорны шлях» (1959), «Сярэбраная кладка» (1965), «Начны дождж» (1969), «Верасы» (1972), кніг нарысаў. У вершах апяваў хараство роднага краю, прыгажосць душы чалавека.

Тв.:

Крынічны луг. Мн., 1976.

т. 10, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦВЕ́ЕЎ (Фёдар Міхайлавіч) (1758—1826),

расійскі мастак. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1764—78). З 1779 пенсіянер АМ у Рыме. Пісаў ідэалізаваныя, прасякнутыя ўрачыстай веліччу пейзажы (пераважна Італіі), а таксама відавыя па характары, але прыдумана «гераічныя» пейзажы ў духу класіцызму: «Від Неапаля» (1806), «Від на Лага-Маджорэ» (1808), «Від у Сіцыліі. Горы» (1811), «Від Рыма. Калізей» (1816), «Вадаспад у Тывалі каля Рыма» (1819). Аўтар пейзажных малюнкаў з натуры.

В.​Я.​Буйвал.

Ф.Мацвееў. Від на Лага-Маджорэ. 1808.

т. 10, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЕ́ ((Meillet) Антуан) (11.11.1866, г. Мулен, Францыя — 12.9.1936),

французскі мовазнавец; прадстаўнік індаеўрапейскага параўнальна-гіст. мовазнаўства. Чл. Французскай акадэміі, чл.-кар. Пецярбургскай АН (1906). З 1906 праф. Французскага калежа, сакратар Парыжскага лінгвістычнага т-ва. Аўтар прац па агульным мовазнаўстве, слав., герм., стараж.-грэч., армянскай стараж.-персідскай і татарскай мовах: «Індаеўрапейскія дыялекты» (1908), «Гістарычнае і агульнае мовазнаўства» (т. 1—2, 1921—36) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Общеславянский язык. М., 1951;

Сравнительный метод в историческом языкознании. М., 1954.

т. 10, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛАДЭ́НАЎ (Стэфан Стаянаў) (15.12.1880, г. Відзін, Балгарыя — 1.5.1963),

балгарскі мовазнавец. Акад. Балг. і Польск. АН (1929), інш. акадэмій, чл.-кар. АН СССР (1931). Скончыў Сафійскі ун-т (1902). Д-р філасофіі Пражскага (1905), праф. Сафійскага (1921—47) ун-таў. Асн. працы па гісторыі балг. мовы («Гісторыя балгарскай мовы», 1929; і інш.), славістыцы, індаеўрапеістыцы і агульным мовазнаўстве («Уводзіны ў агульнае мовазнаўства», 1927, «Параўнальна-індаеўрапейскае мовазнаўства», 1936). Аўтар «Этымалагічнага і арфаграфічнага слоўніка балгарскай літаратурнай мовы» (1941). Дзімітроўская прэмія 1950.

т. 10, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАКЦЫЯНО́ВІЧ (Якуб) (1.5.1725, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 1790),

бел. матэматык і філосаф. Д-р навук і філасофіі (1759), д-р тэалогіі і царк. права (1761). Скончыў Віленскую акадэмію, дзе загадваў кафедрамі матэматыкі (1758—62) і філасофіі (1768—71); быў дырэктарам Віленскай астр. абсерваторыі (1758—64). З 1771 у навуч. установах Гродна. Аўтар 2 падручнікаў па матэматыцы, выдадзеных на лац. мове, у якіх выкладзены асновы арыфметыкі і алгебры, элементы геаметрыі, трыганаметрыі на плоскасці і іх дастасаванні.

А.​А.​Гусак.

т. 11, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)