аста́цца, астануся, астанешся, астанецца; астанемся, астаняцеся; зак.

1. Пабыць яшчэ нейкі час дзе‑н.; не пакінуць якога‑н. месца. [Доктар:] — У першыя дні вайны пайшла.. [Надзя] з таварышкай да яе бацькоў перачакаць ліхалецце, ды так і асталася тут. Васілевіч. Мяне мінаюць журавы з апошнім развітальным крыкам. Іх пераймі і запытай, Няхай дадуць астацца згоду. Астрэйка. Калі .. [Хурс] набіраў сабе людзей, астацца на заводзе ўдалося і Валодзю Кастрыцкаму. Чорны. // з інф. Затрымацца з якой‑н. мэтай. Алена асталася дажынаць гоні жыта. Чарнышэвіч. Галілей астаўся чакаць старшыню. Зарэцкі. Пасля налёту не прыйшоў катэр, і.. [Таня] вымушана была астацца начаваць. Шамякін. // Пабыць з кім‑н., у каго‑н. Астацца з дзецьмі. // Не перайсці (у наступны клас). Астацца на другі год.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Захавацца, уцалець, не знікнуць. [Мужчына:] — Вінтоўкі то можа і знайшліся б, каб добра пашукаць. Можа ў каго ад нямецкага фронту асталіся. Чорны. [Ларыса:] — Павер мне, што ў мяне нічога не асталося ад тых ранейшых пачуццяў. Лобан. Яго [Богута] няма, а ў мірнай хатцы Астаўся чад яго пагроз. Колас. // Аказацца ў наяўнасці (пасля выкарыстання, выдаткавання і пад.). Адно толькі будзённае зрэб’е асталося ў .. [маці]: нават і пасажная ўся адзежына, што ад бацькі прынесла, пайшла ў ход. Чорны. // Аказацца нявыкарыстаным або непераадоленым кім‑н. (пра адлегласць і час). Да горада асталося кіламетраў шэсць. □ Дзесяць дзён асталося да канца гаспадарчага квартала. Чорны. У пачатку восені паехала Аленка ў Загор’е. Апошні год астаўся ёй павучыцца. Колас. // каму, на каго. Дастацца каму‑н., прыйсціся на долю каго‑н. Уся спадчына асталася сыну.

3. Не перастаць быць якім‑н., кім‑н., знаходзіцца ў якім‑н. стане. [Зося:] — А ты [Міхал] такі самы і астаўся, як і змалку быў. Чорны. // з інф. Не змяніць свайго становішча, стану. [Гаруе] паклаў.. [лісты] на стол перад сабою, падпёрся локцямі і гэтак астаўся сядзець над імі. Чорны. Сажалка так і асталася нявыкапанай. Колас.

4. Аказацца, апынуцца ў якой‑н. ролі, стане, становішчы і пад. Астацца ўдавой. □ [Міхал:] — Пустым той кут не астанецца. Не будзе нас — другі там сядзе. Колас. Пасля сходу [Пніцкі] астаўся адзін. Чорны. Сасноўскі, як вынікала са слоў Дзімінай, астаўся не зусім задаволены самой намесніцай. Карпаў. // без чаго. Аказацца без чаго‑н. Астацца без дроў. Астацца без абеду. □ Завойкала Хадося. Што рабіць? Як гэта без агароду астацца? Гроднеў. На бога спадзяешся — без кашулі астанешся. Прыказка. Пераступілі фашысты наш парог ды асталіся хто без рук, а хто без ног. Прыказка.

5. Аказацца ззаду, адстаць. [Зося] злезла з воза і пайшла, разглядаючы ўсё, як бы навіну якую; асталася і ішла адна. Чорны. «Я даганяў каня, але астаўся», значыць, адстаў, не збегся. Лужанін. [Алена:] — Па-твойму, мне адпачываць не трэба.. Каменная я. Цэлы дзень, сагнуўшыся, адна, каб ад людзей не астацца... Ледзь ніву кончыла. Чарнышэвіч.

6. безас. каму і з інф. Трэба толькі, неабходна толькі. Ён ужо зрабіў усё, толькі грошы асталося атрымаць.

•••

Астацца без рук — моцна стаміцца, знемагчыся ад работы рукамі.

Астацца з носам — пацярпець няўдачу.

Астацца ў дурнях — а) прайграць у картачнай гульні «ў дурня»; б) перан. быць падманутым, ашуканым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

све́тлы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ярка свеціць. І бачыў месяц светлы Цяжкі Лявонаў крок. Панчанка. З тых дзён, як воляй ленінскіх дэкрэтаў Дзяржавай стала наша Беларусь, Знайшоў народ шляхі да яснай мэты, Убачыў шчасця светлую зару. Звонак.

2. Добра асветлены, напоўнены святлом. Дзень выдаўся сонечны, светлы, з невялікім марозам. Шамякін. У светлай зале За чырвоны стол Сям’ёй адзінай Селі з намі поруч Сяляне з польскіх і румынскіх сёл. Аўрамчык. // Які прапускае шмат сонечнага святла, які накіраваны да сонца (пра вокны, шкло і пад.). У нашым клубе вялікія светлыя вокны. Брыль. [Якуб] адсоўваецца далей у кут і дае Саньку месца побач, ля светлых шыбінак. Якімовіч.

3. Не цёмнага колеру. Светлы касцюм. Светлыя косы. Светлыя вочы. □ Светлыя хмаркі — дзеткі прастору — Ціха па небе плывуць. Колас. // Які адбівае бляск, бліскучы. Зіхацяць азёры светлым глянцам. Звонак.

4. Чысты, празрысты (пра вадкасць). Вада ў затоцы светлая і чыстая. Ігнаценка. [Дзед і Сашка] падышлі да дрэва і нахіліліся да падсечкі на ствале. З прыладжанай лучынкі сцякалі светлыя кроплі. Даніленка. І бярозы пянёк Паміж дрэў высокіх У зацішку ў прыпёк Плакаў светлым сокам. Бялевіч. // Чысты, ясны, не затуманены (пра вочы, погляд). У чырвонай касынцы, з пытаннем сваім, Як юнацтва, стаяла яна [Марына] перад ім, З тым жа позіркам светлым трывожных вачэй, З тым жа сэрцам, — як помнік ягоных [Цімоха] надзей. Куляшоў. // Высокі, чыстага, металічнага тэмбру (пра голас, гук).

5. перан. Нічым не азмрочаны; шчаслівы. Светлая будучыня. Светлыя ўспаміны. Светлы дзень. □ Цяпер паставіў ты [Мазыр] у свой герб сталёвы молат, востры серп. Стварыўшы шчасце, пройдзеш з ім да светлай мэты — у камунізм. Дубоўка. Песню вецер нясе — То дзяўчаты пяюць грамадою Пра каліну, што ў лузе цвіце, Ды пра светлую долю. Гілевіч. // Азораны ўнутраным святлом, пачуццём радасці. Салавей спяваў нам аж да лета, Як па нотах выцінаў, Захапляўся нашай дружбай светлай І вяселле прадракаў. Астрэйка. На вуліцы сабралася многа людзей, і твары ва ўсіх былі светлыя, узрадаваныя. Бяганская. // Прасякнуты аптымізмам, узнёслы. Са сцэны гучаць прапікпёныя сімфоніі Чайкоўскага, лірычна ўзнёслая, светлая музыка Пракоф’ева, творы Шастаковіча. «Маладосць».

6. перан. Урачысты, радасны (пра чалавека). І юбіляр — такі светлы, які не бываў даўно, З усмешкай горда і важна Адказаў па гучныя словы. Кірэенка.

7. Якому ўласцівы высокія маральныя якасці; высакародны. Не будзе мне ні праўды, ні натхнення, Пакуль я не прайду па месцах тых, Дзе жыў, тварыў, гарэў наш светлы Ленін, Каб разагнаць стагоддзяў змрок густы. Панчанка.

8. перан. Лагічны, ясны (пра розум, думкі). Надзя добра ведае, што і вёсцы патрэбны светлы розум і залатыя рукі. «Полымя». Але хоць не магу дыхаць на поўныя грудзі ад страху, думкі мае светлыя і вострыя як ніколі. Карпюк.

9. Які мае адносіны да свята вялікадня ў хрысціян. А сёння светлая субота. Гуляе месяц, як алень. Дукса.

10. Уст. і нар.-паэт. Ужываецца як пастаянны эпітэт цара, князя, баярына і пад. Верны паслугач таго магната Вынюхаў, Расказваў: — Светлы пан, Навярнуў карчоў дзівак багата. Бялевіч.

•••

Светлы шрыфт гл. шрыфт.

Светлая галава гл. галава.

Светлая памяць — ужываецца як выказванне пашаны да памёршага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́праць і супро́ць, прысл. і прыназ.

1. прысл. На процілеглым баку ад каго‑, чаго‑н.; прама перад кім‑, чым‑н. Па левым баку Паркавай магістралі знаходзіцца Дом кнігі, а супроць — Палац спорту. Сядзець супраць.

2. прысл. Наперакор; нязгодна з кім‑, чым‑н.; насуперак каму‑, чаму‑н. Галасаваць супраць. □ [Бухча:] — Закон, дык закон, я супроць не іду! Чорны.

3. прысл. Насустрач, у супрацьлеглым кірунку. Ісці супраць ветру.

4. прыназ. з Р. Указвае на прадмет або асобу, перад якімі на процілеглым баку хто‑, што‑н. знаходзіцца, размяшчаецца. Жывуць .. [Лявоніха і Сымоніха] побач, пасярод вёскі, хата супроць хаты. Бядуля. Вечарам .. [Міша] з Волечкай сядзелі на лавачцы пад клёнам супраць іх хаты. Мыслівец. Нейкі час .. [Харошка і Салдаценка] стаялі адзін супраць другога і маўчалі. Кавалёў. // Знаходзіцца побач з чым‑н. напісаным. Адзнакі стаяць у графах супраць кожнага прозвішча. □ Апошні ўзнос і подпіс стаяў супроць радка «чэрвень»... Мележ. 196, 291, 214 працэнтаў выканання — такія лічбы заўсёды стаяць супраць прозвішча Блахіна на дошцы паказчыкаў. Грахоўскі.

5. прыназ. з Р. Указвае на асобу, прадмет, з’яву або працэс, насуперак якім што‑н. робіцца, адбываецца. Удод сакоча за кюветам, стракочуць конікі ў траве, а ты [дарога] імчышся супраць ветру насустрач сонцу і Маскве. Звонак. Супраць цячэння не так лёгка плысці! Гурскі. [Волька:] — Падумай [Ларыса], як бы ты асмелілася хаця б сказаць што-небудзь супраць бацькоў, а не тое, што зрабіць. Кулакоўскі. Супраць Сяргея ніхто не галасаваў. Шахавец. [Анісь:] — Супраць гурту нішто на свеце не ўстаіць. Баранавых. // Указвае на напрамак, адваротны нахілу чаго‑н. (ворсу, шэрсці, валасоў). Супроць шарсцінкі пагладзіць.

6. прыназ. з Р. Ужываецца пры ўказанні прадмета, з’явы, асобы і пад., для барацьбы з якімі ці для пазбаўлення ад якіх ужываюцца адпаведныя захады, прымяняюцца якія‑н. сродкі. Прышчэпкі супраць воспы. Мазь супраць камароў і маскітаў. □ Са старонак твора паўстае хвалюючы вобраз магутнага народа, які ўзняўся на рашучую барацьбу супраць заклятага ворага. Дзюбайла. Старыя дзяды самі сваім розумам даходзяць да думкі, што трэба ўзброенае змаганне супроць акупантаў. Колас. // Ужываецца для выражэння нязгоды з чым‑н., пярэчання чаму‑н. Максім Танк актыўна выступаў як супраць натуралізму, так і супраць мадэрнізму буржуазнай літаратуры. Гіст. бел. сав. літ. [Старшыня калгаса:] — Не падумайце благога — я не супраць крытыкі. Быкаў. // Ужываецца для выражэння неадпаведнасці ў чым‑н. Зрабіць супраць сумлення. Дзейнічаць супраць устаноўленых правіл.

7. прыназ. з Р. Ужываецца для ўказання на тэрмін, адрэзак часу, перад якім што‑н. адбываецца ці павінна адбыцца. [Ведзьма:] — Куды ты [Алёнка], неразумная, едзеш супраць ночы? Якімовіч.

8. прыназ. з Р. Ужываецца для выражэння параўнальных адносін. Рост прадукцыі супраць мінулага года. Вады ў рацэ супраць учарашняга прыбавілася. □ [Вера:] — Учора надоі зменшыліся супраць таго тыдня. Асіпенка. / у іран. супастаўленні. Зух супраць мух. Прымаўка.

9. у знач. вык. Не на карысць каго‑, чаго‑н. Разгарэліся спрэчкі: хто супраць, хто — за. Куляшоў. [Стрэльбы:] — Хто супроць? Аднагалосна. А. Александровіч. / у знач. наз. Узважыўшы ўсё за і супраць, Лабановіч прыйшоў да пераканання, што ён зрабіў добра, не зачапіўшы дзяўчыны. Колас.

•••

Гладзіць супраць шэрсці каго гл. гладзіць.

За і супроць гл. за.

Ісці супраць цячэння гл. ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АПЕРА́ЦЫЯ ВАЕ́ННАЯ,

сукупнасць узгодненых і ўзаемазвязаных па мэце, месцы і часе баявых дзеянняў войскаў аднаго або розных відаў паводле адзінай задумы і плана. Паводле маштабу бываюць стратэгічныя, франтавыя (флоту, акругі ППА, групы армій), армейскія (флатыліі, корпуса, эскадры); у залежнасці ад сіл і сродкаў — агульнавайсковыя (агульнафлоцкія), паветраныя, проціпаветраныя, паветрана-дэсантныя, сумесныя і самастойныя; па характары баявых дзеянняў — наступальныя і абарончыя.

Першыя элементы аперацыі ваеннай як формы вядзення баявых дзеянняў выявіліся ў войнах канца 18 — пач. 19 ст., калі значна павялічылася рухомасць войскаў, баявыя дзеянні сталі весціся на шырокіх франтах адначасова на некалькіх напрамках, на вял. глыбіню і ўзнікла неабходнасць больш аператыўнай каардынацыі гэтых дзеянняў. На тэр. Беларусі прыкметы аперацыі ваеннай выявіліся, напр., у дзеяннях рус. войскаў супраць франц. у 1812, калі цэнтр., паўд. і паўн. групоўкам была пастаўлена задача аб’яднацца на р. Бярэзіна з мэтай акружэння і разгрому рэшткаў арміі Напалеона I. Буйнейшыя аперацыі ваенныя 2-й сусв. вайны: дзеянні войскаў гітлераўскай Германіі супраць Польшчы (1939) і Францыі (1940); сав. войскаў у аперацыі пад Масквой, Сталінградам і на Курскай дузе, Беларускай, Берлінскай і інш.; саюзнікаў — Нармандская дэсантная аперацыя (1944) і інш.

На сучасным этапе характар аперацыі ваеннай змяніўся; павялічыліся глыбіня і шырыня наступлення і абароны, пабольшалі задачы і тэмпы наступлення, больш сціслым стаў час вядзення баявых дзеянняў.

т. 1, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРАЦО́ЎКА МЕТА́ЛАЎ ЦІ́СКАМ,

сукупнасць тэхнал. працэсаў, у выніку якіх адбываецца пластычная дэфармацыя загатовак без парушэння іх суцэльнасці пад уздзеяннем прыкладзеных вонкавых сіл. Асн. віды апрацоўкі металаў ціскам: пракатка, прасаванне, валачэнне, коўка, штампоўка, гібка; абсталяванне: пракатныя станы, прэсы, валачыльныя станы, молаты, гібачныя машыны.

Апрацоўваюць ціскам большасць металаў і сплаваў, за выключэннем крохкіх (напр., чыгуноў), пераважна ў гарачым стане (пры т-ры больш высокай, чым т-ра рэкрышталізацыі). Пасля халоднай апрацоўкі (робіцца звычайна пры пакаёвай т-ры) пластычныя ўласцівасці металаў узнаўляюць адпалам. Часам выкарыстоўваюць і цёплую апрацоўку (пры прамежкавых т-рах). Апрацоўка металаў ціскам дае магчымасць павысіць трываласць, зменшыць шурпатасць паверхні (напр., абкаткай ролікамі) вырабаў, паменшыць расход металу, лягчэй механізуецца і аўтаматызуецца.

Тэорыя апрацоўкі металаў ціскам займаецца вызначэннем намаганняў, што абумоўліваюць пластычнае дэфармаванне; разлікам памераў і формаў загатовак; вывучае заканамернасці пластычнага цячэння металаў, уплыў апрацоўкі металаў ціскам на мех. і фіз. ўласцівасці металаў. Звязана з дасягненнямі фізікі металаў і пластычнасці тэорыі. Заснавана рус. вучоным Дз.​К.​Чарновым, развіта і выкладзена ў працах рус. і бел. Вучоных С.​І.​Губкіна, А.​І.​Цэлікава, А.​П.​Чакмарова, Г.​М.​Паўлава, В.​П.​Севярдэнкі, В.​С.​Смірнова, В.​М.​Чачына, А.​В.​Сцепаненкі і інш. На Беларусі работы ў галіне апрацоўкі металаў ціскам вядуцца ў Фіз.-тэхн. ін-це АН, Бел. політэхн. акадэміі і інш.

т. 1, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛТЫ́ЙСКІ ШЧЫ́Т, Фенаскандыя,

дадатная структура на ПнЗ Усходне-Еўрапейскай платформы (кратона), у якой дакембрыйскія пароды крышт. фундамента выходзяць на паверхню Зямлі. Займае ПдУ Скандынаўскага п-ва, Кольскі п-аў і Карэлію. На ПнЗ абмежаваны ўтварэннямі каледонскай складкавасці Скандынавіі, якія насунуты на пароды шчыта, на ПнУ на іх развіта познакембрыйскае тэктанічнае покрыва (працяг Ціманскай сістэмы), на Пд і ПдУ фундамент апускаецца пад платформавы чахол Рускай пліты.

Складзены з моцна метамарфізаваных парод архею і пратэразою, прарваных шматлікімі інтрузіямі, у т. л. гранітаў (утвараюць вял. масівы). У пародах фундамента Балтфыйскага шчыта вылучаецца шэраг комплексаў, якія адпавядаюць дакембрыйскім этапам тэктагенезу: дасвекафена-карэльскі (узрост больш за 2,6—2,7 млрд. гадоў), свекафена-карэльскі (1,75 млрд. гадоў), гоцкі (1,75—1 млрд. гадоў, калі б.ч. тэрыторыі шчыта прайшла этап платформавага развіцця), дальсландскі (каля 1 млрд. гадоў) і байкальскі, калі складкавасць закранула крайні ПнУ. Апошняму платформаваму этапу развіцця Балтыйскага шчыта ўласцівы разломна-глыбавыя тэктанічныя рухі, каледонская інтрузіўная дзейнасць, узнікненне грабена Осла, Батнічнай і Беламорскай дэпрэсій, упадзін Ладажскага і Анежскага азёраў, глыбокая дэнудацыя. У антрапагенавы перыяд Балтыйскі шчыт — цэнтр неаднаразовага зледзянення Еўропы і далёкага ледавіковага разносу крышт. парод. У межах Балтыйскага шчыта буйныя радовішчы жалезных (Кіруна, Аленягорск, Каўдор) і медна-нікелевых рудаў (на Кольскім п-ве), апатытаў (Хібіны), нефеліну, слюдаў, рэдказямельных мінералаў.

Г.​У.​Зінавенка.

т. 2, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАПТЫ́ЎНАЯ РАДЫЯ́ЦЫЯ,

тып эвалюцыі, пры якім ад адной продкавай формы ўтвараецца мноства разнастайных формаў арганізмаў у межах віду або групы роднасных відаў. Ляжыць у аснове адаптацыягенезу і з’яўляецца вынікам набыцця арганізмам прыстасаванасці (гл. Адаптацыя ў біялогіі) і пранікнення ў новыя адаптыўныя зоны. Праяўляецца ў разнастайнасці падпарадкаваных таксанамічных груп у межах кожнага буйнога таксона (напр., розныя віды грызуноў — вавёркі, суслікі, бабры, сям. драпежных млекакормячых і інш.). Канцэпцыя адаптыўнай радыяцыі сфармулявана амер. вучоным Г.​Осбарнам у сувязі з эвалюцыяй млекакормячых (1910).

Осбарн адрозніваў 5 гал. ліній спецыялізацыі ў будове канечнасцяў млекакормячых, залежных ад умоў месцазнаходжання і спосабаў перамяшчэння: хуткі бег у наземных відаў; рыючы лад жыцця ў відаў, якія жывуць пад зямлёй; плаванне ў відаў, што жывуць у вадзе; лажанне ў дрэвавых відаў; планіраванне і палёт у відаў, жыццё якіх праходзіць у паветры. Асн. крыніца адаптыўнай радыяцыі — унутрывідавыя працэсы (генетычная разнастайнасць відавых папуляцый, дыферэнцыроўка віду на геагр. і экалагічныя расы і інш.). Наяўнасць у продкавага арганізма якой-небудзь структуры або фізіял. функцыі, што ў вельмі мадыфікаванай форме ёсць у больш высокаразвітых роднасных арганізмаў, сведчыць пра іх агульнае паходжанне і складае аснову эвалюц. тэорыі (гл. Філагенез).

А.​С.​Леанцюк.

Адаптыўная радыяцыя плацэнтарных млекакормячых, якія маюць агульнага продка (у цэнтры).

т. 1, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАФІ́ЗІКА (ад агра... + фізіка),

агранамічная фізіка, навука пра фіз. працэсы ў глебе і раслінах, выкарыстанне метадаў і сродкаў рэгулявання фіз. умоў жыцця с.-г. культур для павышэння іх прадукцыйнасці. Сфарміравалася ў пач. 20 ст. Станаўленне аграфізікі звязана з імёнамі Э.​Расела, А.​Ф.​Іофе, Дз.​М.​Пранішнікава, М.​А.​Качынскага і інш. Развіваецца на аснове аграноміі і фізікі. Уключае: фізіку глебы і прыземнага слоя паветра, святлокультуру раслін, спосабы і сродкі рэгулявання вонкавых умоў жыцця раслін. На Беларусі праблемы аграфізікі вывучаюцца ў н.-д. ін-тах глебазнаўства і аграхіміі, меліярацыі і лугаводства, Бел. тэхнал. ун-це, Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі. Даследуюцца водна-фіз. і цеплавыя ўласцівасці, водна-паветраны рэжым, водны і цеплавы балансы глебаў, вільгацезабяспечанасць с.-г. і лясных культур, змена фактараў урадлівасці глебы пад уплывам меліярацыі і інтэнсіўнага земляробства, спосабы аптымізацыі фіз. умоў вырошчвання с.-г. культур, уздзеянне ўмоў навакольнага асяроддзя на працэс фотасінтэзу (С.​Г.​Скарапанаў, В.​Ф.​Шабека, К.​П.​Лундзін, Р.​І.​Афанасік, Л.​П.​Смаляк, У.​Л.​Калер, М.​І.​Афанасьеў). Вынікі даследаванняў з’яўляюцца тэарэт. асновай гідратэхн. меліярацыі і апрацоўкі глебаў, павышэння прадукцыйнасці раслін, выкарыстоўваюцца ў агратэхніцы.

Літ.:

Растворова О.Г. Физика почв. Л., 1983;

Агрофизические свойства почв и их регулирование в условиях интенсивного земледелия. Саранск, 1989.

М.​І.​Афанасьеў.

т. 1, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРШТЫ́Н (ням. Bernstein),

янтар, мінерал класа арган. злучэнняў, выкапнёвая акамянелая смала хвойных дрэў верхнемелавога—палеагенавага перыядаў. Аморфны вуглевадарод, каркасны палімер. Прыкладная хім. формула C10H16O4. Трапляецца ў выглядзе зерняў, жаўлакоў і пласцін памерам ад некалькіх мм да 50 см у папярочніку. Звонку мае шчыльную непразрыстую шэрую ці бурую скарынку прадуктаў акіслення. Колер жоўты і карычневы розных адценняў, аранжавы, малочна-белы, зеленаваты і інш. Празрысты або замутнены. Бляск шкляны або смалісты. Цв. 2—3. Крохкі. Шчыльн. каля г/см³. Дыэлектрык. Т-ра плаўлення 250—300 °C, лёгка згарае.

Частка бурштыну мае т.зв. інклюзы — уключэнні насякомых і раслінных рэшткаў (такія ўзоры высока цэняцца). Утвараецца ў працэсе фасілізацыі (акамянення) смалы ў выніку полікандэнсацыі смаляных кіслот і тэрпенаў і наступнага пераадкладання з пахаваннем у прыбярэжна-марскіх, лагунных і дэльтавых адкладах. Каштоўны ювелірна-вырабны камень. Для атрымання суцэльных масаў бурштынавая дробязь апрацоўваецца пад ціскам пры павышаных т-рах. Некандыцыйны бурштын — сыравіна для вытв-сці бурштынавых кіслот, масла, каніфолі, лакаў, фарбаў і інш. Асн. радовішчы па берагах Балтыйскага м. ў Расіі (Калінінградская вобл.), Германіі, Польшчы, а таксама ў Італіі, Бірме, Канадзе, ЗША, Мексіцы і інш.

У Беларусі вылучаюцца 3 перспектыўныя на бурштын раёны: Зах.-Беларускі, Мікашэвіцка-Жыткавіцкі і найб. перспектыўны Палескі (асабліва т.зв. Драгічынская плошча). Адклады на глыб. 15—80 м.

Бурштын.

т. 3, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́БАРЧАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць юрыд. нормаў, якія вызначаюць парадак выбараў кіраўніка дзяржавы і прадстаўнічых органаў дзярж. улады, а таксама права грамадзян выбіраць (актыўнае выбарчае права) і быць выбранымі (пасіўнае выбарчае права). З’яўляецца найважнейшай часткай выбарчай сістэмы і звычайна рэгламентуецца Канстытуцыяй дзяржавы і спец. законамі аб выбарах. Вызначае парадак вылучэння кандыдатаў, нормы прадстаўніцтва, парадак падвядзення вынікаў галасавання і інш. Выбары звычайна з’яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў іх і за каго галасаваць. У некаторых замежных краінах галасаванне на выбарах з’яўляецца грамадз. абавязкам, невыкананне якога цягне за сабой адказнасць (гл. Абсентэізм).

Крыніцамі выбарчага права Рэспублікі Беларусь акрамя Канстытуцыі з’яўляюцца законы аб выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у прадстаўнічыя органы розных узроўняў і інш. Забараняюцца якія-небудзь прамыя або ўскосныя абмежаванні выбарчага права грамадзян Беларусі ў залежнасці ад паходжання, сац. і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, полу, адукацыі, мовы, адносін да рэлігіі, часу пражывання ў дадзенай мясцовасці, роду і характару заняткаў. Асобы, якія перашкаджаюць грамадзянам свабодна ажыццяўляць выбарчае права, прыцягваюцца да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам. У выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, асобы, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. У галасаванні не прымаюць удзел таксама асобы, якія ў парадку, устаноўленым крымін.-працэсуальным заканадаўствам, утрымліваюцца пад вартай.

С.​У.​Скаруліс.

т. 4, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)