МА́МАНТАЎ (Сава Іванавіч) (15.10.1841, г. Ялутараўск Цюменскай вобл., Расія — 6.4.1918),
рас. прадпрымальнік, мецэнат, дзеяч тэатр. і муз. мастацтва.
Вучыўся ў Пецярбургскім горным ін-це і Маскоўскім ун-це, вывучаў спевы і жывапіс у Італіі. Гал. акцыянер т-ваў Маскоўска-Архангельскай чыг., Неўскага мех. з-да і Усх.-Сіб. чыгунаплавільных з-даў. Разарыўся ў 1899. У 1870—90 у яго падмаскоўным маёнтку Абрамцава збіраліся буйнейшыя рас. мастакі, музыканты, пісьменнікі (гл.«Абрамцава»). Садзейнічаў развіццю рас.выяўл. мастацтва, нар.маст. творчасці і рамёстваў, муз. тэатра. У 1885 засн. на свае сродкі Маскоўскую прыватную рускую оперу (існавала да 1904), пэўны час кіраваў ёю як рэжысёр. Аўтар лібрэта да шэрагу опер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАФТО́НГ (ад мана... + грэч. phthongos гук),
галосны, які характарызуецца артыкуляцыйнай і акустычнай аднароднасцю, г.зн. стацыянарным становішчам органаў, што артыкулююць гук, і стацыянарнымі частотамі фармант, чым адрозніваецца ад дыфтонга і трыфтонга. Аднароднасць М. адносная: артыкуляцыйны ўклад і фармантна-часавая структура галоснага залежаць ад акаляючых яго зычных. Так, уплыў мяккіх зычных на суседнія галосныя выражаецца ў тым, што пасля мяккіх зычных пераходны ўчастак любога галоснага мае частотныя характарыстыкі фармант, блізкія да характарыстык галоснага [і]. Бел. М. [а] паміж мяккіх зычных набывае асабліва неаднароднае (дыфтангічнае) гучанне. У сістэме галосных розных моў М. сустракаюцца часцей за дыфтонгі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДЗІ АКСІДЫ,
злучэнні медзі з кіслародам. Найб. пашыраныя аксід медзі (I), ці геміаксід Cu2O і аксід медзі (II) CuO. Вядомы таксама няўстойлівы сесквіаксід Cu2O3.
Крышт. рэчывы, не раствараюцца ў вадзе. Паводле хім. уласцівасцей — асноўныя аксіды. Геміаксід медзі чырвона-рудога колеру, tпл 1242 °C. (плавіцца без раскладання). У прыродзе мінерал купрыт. Аксід медзі чорнага колеру, пры награванні да 1100 °C раскладаецца на Cu2O (адзін з лабараторных метадаў яго атрымання) і кісларод. У прыродзе мінерал тэнарыт. Выкарыстоўваюць М.а., як пігменты для шкла, керамікі; Cu2O таксама як кампанент фарбаў для аховы падводнай часткі суднаў ад абрастання і фунгіцыд. М.а. таксічныя, ГДК у паветры рабочай зоны 0,1 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЗЛЯКО́Ў (Аляксей Фёдаравіч) (28.3.1778, г. Далматава Курганскай вобл., Расія — 7.8.1830),
рускі паэт, крытык, перакладчык, педагог. Адзін з заснавальнікаў прафес. крытыкі ў Расіі. Скончыў Маскоўскі ун-т (1799), з 1802 выкладаў у ім (з 1804 праф., з 1817 дэкан). Паэзія М. спалучала грамадзянскасць з цікавасцю да нар. творчасці. У 1805—10 стварыў цыкл народных песень («Сярод даліны роўнае...», «Не ліпачка кучаравая...», «Чарнабровы, чарнавокі...» і інш.). Як крытык і тэарэтык л-ры быў блізкі да класіцызму, але выступаў супраць яго аўтарытэтаў. Аўтар лекцый і артыкулаў па эстэтыцы. Перакладаў грэч. і рым. паэтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАМАРФО́Зу раслін,
відазмяненне асн. органаў пры змене іх функцый або ўмоў функцыянавання. Выпрацоўваецца і замацоўваецца ў працэсе эвалюцыі. Напр., у многіх травяністых раслін парастак спачатку знаходзіцца на паверхні глебы і мае зялёнае асімілюючае лісце, потым траціць яго, утварае прыдаткавыя карані, заглыбляецца ў глебу і ператвараецца ў падземны орган — карэнішча. Так адбываецца сапраўдны М. аднаго органа ў другі са зменай формы і функцыі. У большасці выпадкаў змяняюцца зачаткі, а не дарослыя органы. М. парасткаў — карэнішча, клубні, цыбуліны, мясістыя сцёблы кактусаў, кладодыі ў спаржы, вусікі ў вінаграду, калючкі ў глогу; лісця — утварэнне лускавінак (пупышкавых, цыбульных, прыкветкавых); каранёў — паветраныя карані ў архідэй, клубні ў вяргіні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ ПРЫВА́ТНАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць норм, якія рэгулююць прыватна-прававыя адносіны міжнар. характару. У іх прымаюць удзел чужаземцы, замежныя юрыд. асобы і замежныя краіны; яны звязаны з тэрыторыяй дзвюх або некалькіх дзяржаў; аб’ектам праваадносін з’яўляецца рэч, якая знаходзіцца за мяжой. Да сфер дзейнасці М.п.п. адносяцца пытанні цывільна-прававога стану чужаземцаў, замежных юрыд. асоб і змешаных т-ваў, права ўласнасці, абавязацельнага, аўтарскага, вынаходніцкага, сямейнага, спадчыннага правоў і інш. Нормы М.п.п. ёсць як у двухбаковых, так і ў шматбаковых міжнар. дагаворах. Асаблівасцю цывільна-прававых адносін М.п.п. з’яўляецца тое, што яго нормы, як правіла, не рэгулююць канкрэтна спрэчку, якая ўзнікла, а толькі ўказваюць, заканадаўства якой краіны належыць выкарыстаць (гл.Калізійнае права).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ ГРАМА́ДСКАЯ СЛАВЯ́НСКАЯ АКАДЭ́МІЯнавукі, адукацыі, мастацтваў і культуры (МГСА). Створана ў 1992 у Маскве па ініцыятыве прадстаўнікоў краін СНД. Прэзідэнт Б.Іскакаў. Штаб-кватэра і кіруючыя органы МГСА у Маскве. Складаецца з 7 аддзяленняў прыродазнаўча-навук. і 13 гуманітарна-сац. профілю. Мае рэгіянальныя прадстаўніцтвы і бел. аддзяленне, якое ўтворана ў 1993 (перарэгістравана ў 2000). Яго членамі з’яўляюцца дзеячы навукі і культуры: мастакі, пісьменнікі, кампазітары, акцёры, балетмайстры, дырыжоры, кінарэжысёры. Прэзідэнт Бел. аддзялення МГСА акад.Нац.АН Беларусі В.М.Гурын. Асн. кірункі дзейнасці МГСА — вывучэнне міжслав. культ. сувязей, этнагенезу слав. народаў, арганізацыя і правядзенне сумесных навук. даследаванняў, канферэнцый і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́КСЕР (англ. mixer змяшальнік),
1) апарат для прыгатавання кактэйляў, крэмаў, пюрэ, мусаў і інш. Прадукты змешваюцца, збіваюцца або здрабняюцца ў поліэтыленавай ці шкляной пасудзіне мяшалкамі або нажамі, што прыводзяцца ў вярчэнне электрарухавіком.
2) М. у металургіі — цыліндрычная або бочкападобная стальная пасудзіна, выкладзеная ўнутры вогнетрывалай цэглай і прызначаная для назапашвання і захоўвання вадкага доменнага чыгуну. У М. адбываецца выраўноўванне хім. саставу і т-ры чыгуну, выдаленне з яго серы. Бываюць актыўныя — з абагрэвам (што садзейнічае частковаму выдаленню дамешкаў) і неактыўныя — без абагрэву. Умяшчальнасць да 2500 т.
Металургічны міксер: 1 — носік для зліву чыгуну; 2 — гарлавіна для заліўкі чыгуну; 3 — механізм нахілу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ШПАРТНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць правіл, якія рэгулююць парадак уліку і перамяшчэння насельніцтва пры дапамозе ўвядзення адзінага дакумента, што сведчыць асобу, — пашпарта. Упершыню П.с. ўведзена ў СССР пастановай ЦВК і СНК 27.12.1932. Асн. прынцыпы, якія выкладзены ў палажэнні аб П.с., зацверджаным пастановай СМСССР 28.8.1974, захоўваюцца ў некаторых краінах СНД, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь. Парадак пашпартызацыі насельніцтва Беларусі рэгламентуецца адпаведным палажэннем, зацверджаным пастановай урада Рэспублікі Беларусь ад 14.7.1993 і ўнесенымі ў яго наступнымі зменамі і дапаўненнямі. Пашпарт пэўнага ўзору і зместу належыць прапісцы па месцы жыхарства грамадзяніна. Кантроль за выкананнем патрабаванняў П.с. ўскладзены на органы міліцыі. Парушальнікі П.с. прыцягваюцца да адм. адказнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫКАРДЫ́Т (ад перы... + грэч. kardia сэрца),
запаленне калясардэчнай сумкі. Прычыны ўзнікнення: рэўматызм, туберкулёз, мікробнае запаленне, траўмы і інш. Пры П. назіраецца павышаная эксудацыя (выпат)., што вядзе да сціскання сэрца, зніжэння яго функцый. Пры хуткім нарастанні эксудату сэрца можа спыніць сваю дзейнасць (патрабуецца пункцыя перыкарда). Прыкметы П.: боль у вобласці сэрца, сэрцабіцце, задышка, агульная слабасць і інш. Пры павольным нарастанні выпату ў перыкардзе праяўляюцца прыкметы сардэчнай недастатковасці — з’яўленне выпату ў жываце, печані. У патагенезе такога стану — дысталічны дысбаланс прытоку крыві да сэрца (перадсэрдзі, асабліва правае, сціскаюцца хутчэй, чым астатнія камеры сэрца). Лячэнне залежыць ад прычын узнікнення. У жывёл часцей бывае П. траўматычнага паходжання.