САН-СТЭФА́НСКІ МІР 1878,

папярэдні мірны дагавор паміж Расіяй і Турцыяй, які завяршыў рус.-тур. вайну 1877—78. Падпісаны 3.3.1878 у Сан-Стэфана (цяпер Ешылькёй каля Стамбула). Паводле С.-С.м.д. Чарнагорыя, Сербія і Румынія атрымлівалі поўную незалежнасць ад Турцыі, іх тэрыторыі значна пашыраны; Боснія і Герцагавіна набывалі аўтаномію ў рамках Асманскай імперыі; Балгарыя, у межы якой уключалася і гіст. Македонія, ператваралася ў падвасальнае Турцыі аўт. княства з правам выбрання сабе князя. Расія атрымлівала землі ў Закаўказзі з гарадамі Батумі, Карс, Ардаган і Баязет, а таксама страчаную ў выніку Крымскай вайны 1853—56 Паўд. Бесарабію (акрамя астравоў у дэльце р. Дунай), узамен якой Румыніі перададзена Турцыяй Паўн. Дабруджа. У выніку процідзеяння вядучых еўрап. дзяржаў, асабліва Вялікабрытаніі і Аўстра-Венгрыі, С.-С.м.д. быў заменены на Берлінскім кангрэсе 1878 шматбаковым дагаворам, які быў значна менш выгадны для Расіі і Балгарыі (захавала аўтаномію, але страціла б.ч. тэрыторыі).

т. 14, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СВІ́НКА»,

дзіцячая гульня на Беларусі. Колькасць удзельнікаў неабмежавана. Кожны гулец павінен мець кіёк. Каб вырашыць, каму выконваць ролю пастуха, праводзілася жараб’ёўка: па чарзе браліся за кіёк зверху над рукой папярэдняга, і каму выпала брацца за канец кійка апошнім, заставаўся «пастухом». Удзельнікі свабодна станавіліся кругам і выкопвалі насупраць сябе неглыбокую ямку, у якой на працягу гульні трымалі канец кійка. «Пастух» з дапамогай кійка «выганяў» (выкатваў) на «выган» (цэнтр круга) «С.» (невял. кавалак дрэва) і пачынаў яе «пасвіць» (падштурхоўваць то да аднаго, то да другога гульца’). Гулец павінен быў хутка адагнаць яе ад сябе на «выган» (адкінуць кавалак дрэва ў цэнтр круга) і паставіць кіёк назад у ямку. «Пастух» таксама імкнуўся паставіць свой кіёк у свабодную ямку гульца, і калі яму ўдавалася, яны мяняліся ролямі. Дапамагчы гульцу адагнаць «С.» мог суседні гулец. Гульня вядома на Магілёўшчыне, Міншчыне і Віцебшчыне.

В.​Дз.​Ліцвінка.

т. 14, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕКСТА́НТ [ад лац. sextans (sextantis) шостая частка; у марской справе часцей секстан],

вугламерны адбівальны інструмент, асн. частка якога — дуга памерам у ​1/6 частку акружнасці (60°), падзеленая на градусы і долі градуса (лімб). Вымярае вуглы да 120°. Выкарыстоўваецца ў мараходнай і авіяц. астраноміі для вымярэння вышынь нябесных свяціл і берагавых прадметаў над гарызонтам, а таксама вуглоў паміж бачнымі з карабля прадметамі.

Выявы аб’ектаў, напр., нябеснага свяціла і марскога гарызонту, паміж якімі вымяраецца вуглавая адлегласць, сумяшчаюцца ў трубе С. Гэта дае магчымасць не замацоўваць С. на нерухомай аснове, рабіць вымярэнні, трымаючы яго ў руках. Для астр. вызначэння месца карабля ці самалёта С. вымяраюць вышыні некалькіх нябесных свяціл, а потым будуюць вышынныя лініі становішча з улікам папраўкі на паніжэнне гарызонту з прычыны шарападобнасці Зямлі.

Схема секстанта: 1, 3 — святлафільтры; 2, 4 — люстэркі; 5 — падзорная труба; 6 — шкала; φ — вугал паміж напрамкамі на нябеснае свяціла і гарызонт.

т. 14, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНСО́РНАЕ ВЫХАВА́ННЕ,

мэтанакіраванае развіццё і ўдасканаленне сенсорных працэсаў (адчуванняў, успрымання, уяўленняў). Садзейнічае ўсебаковаму развіццю асобы, пачуццёваму пазнанню; з’яўляецца асновай для разумовага выхавання, фізічнага выхавання, эстэтычнага выхавання. Уключае фарміраванне ўспрымання формы, памеру, прасторавых адносін паміж прадметамі, колеру, развіццё гукавога аналізу мовы, муз. слыху, рухальных адчуванняў і інш. У працэсе С.в. падрыхтоўваецца пераход ад пачуццёвага да рацыянальнага пазнання, ад успрымання да мыслення, фарміруецца аснова для практычнай і інтэлектуальнай дзейнасці. У сувязі з тым, што сенсорныя працэсы найб. інтэнсіўна развіваюцца ў дашкольным дзяцінстве, С.в. — адна з цэнтр. праблем дашкольнай педагогікі (Я.​А.​Каменскі, І.​Г.​Песталоці, Ф.​Фрэбель, М.​Мантэсоры і інш). У раннім і дашкольным дзяцінстве развіццё сенсорных працэсаў цесна звязана з практычнай дзейнасцю, таму найважнейшую ролю ў С.в. адыгрываюць гульні, заняткі маляваннем, лепкай, музыкай, канструяваннем, а таксама славеснае абазначэнне якасцей прадметаў. Развіццё агульных інтэлектуальных здольнасцей чалавека ў значнай ступені абумоўлена асаблівасцямі яго С.в. ў дзяцінстве.

т. 14, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАВАДАРО́Д,

найпрасцейшае хім. злучэнне серы з вадародам, H2S.

Бясколерны газ з пахам тухлых яек, шчыльн. 1,538 кг/м³, tкіп -60,35 °C. Раствараецца ў вадзе; водны раствор С. — серавадародная кіслата H2S — слабая двухасноўная к-та, якая ўтварае солі гідрасульфіды і сульфіды. Сумесі С. з паветрам (4,5—45,5% С. па аб’ёме) выбухованебяспечныя. Пры награванні ў вільготным паветры С. узаемадзейнічае з большасцю металаў і іх аксідаў з утварэннем сульфідаў металаў. Моцны аднаўляльнік; моцнымі акісляльнікамі (азотная к-та, хлор) С. акісляецца да сернай кіслаты. С. ёсць у нафтавых і вулканічных газах, у вадзе некат. мінер. крыніц і лячэбных гразях; утвараецца пры раскладанні бялкоў. У прам-сці атрымліваюць як пабочны прадукт пры ачыстцы нафты, прыродных і прамысл. газаў. Выкарыстоўваюць пераважна для вытв-сці серы і сернай к-ты, а таксама для атрымання сульфідаў і сераарган. злучэнняў, у аналіт. хіміі. Атрутны, пашкоджвае слізістыя абалонкі, органы дыхання; ГДК у атм. паветры 0,008 мг/м³.

т. 14, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ЛЫ ХУ́ТКАГА РАЗГО́РТВАННЯ, сілы хуткага рэагавання,

спец. падрыхтаваныя фарміраванні ў шэрагу нац. і аб’яднаных узбр. сіл, прызначаныя для экстраннага выкарыстання ў стратэг. важных рэгіёнах пры ўзнікненні там крызісных сітуацый. У ЗША створаны ў канцы 1970-х г., у Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі — у пач. 1980-х г., у аб’яднаных узбр. сілах НАТО і арміях шэрагу інш. краін — у 1990-я г. Аснову аб’яднаных С.х.р. НАТО складае «Еўракорпус». у які ўваходзяць некалькі дывізій рознай нац. прыналежнасці, а таксама інш. спец. фарміраванні. У некат. дзяржавах СНД, у т. л. Расіі, Беларусі, ролю С.х.р. выконваюць паветрана-дэсантныя войскі (гл. раздз. Узброеныя сілы ў арт. Расія), мабільныя сілы і інш. спец. ўзбр. фарміраванні Для С.х.р. характэрны высокая боегатоўнасць, стратэг. і аператыўная мабільнасць, падрыхтаванасць для вядзення баявых дзеянняў у складаных фізіка-геагр умовах. С.х.р. ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі і інш. неаднаразова выкарыстоўваліся ў правядзенні ваен. і міратворчых аперацый.

т. 14, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЭ́ПЕР (англ. scraper ад scrape скрэбці),

землярыйна-транспартная машына цыклічнага дзеяння для паслойнага зразання, транспартавання, адсыпкі ў насып ці адвал і разраўноўвання грунту. Рабочы орган С. — коўш з нажом, які загружаецца свабодна пад дзеяннем цягавага намагання пры руху машыны або прымусова канвеерам (напр., элеватарам) з аўтаматызаваным кіраваннем.

Бываюць прычапныя да трактара (2- або 1восевай канструкцыі), паўпрычапныя на базе 2-восевых трактароў і цягачоў, самаходныя на базе аднавосевых цягачоў, у т. л. з дызель-эл. прыводам і матор-коламі. Умяшчальнасць каўша да 40 м³ і больш, адлегласць транспартавання грунту да 2,5 км і больш. С. наз. таксама рабочы орган (коўш) канатна-скрэперных установак, якія выкарыстоўваюцца на экскавацыйных, трансп. і інш. земляных работах на паверхні, пад зямлёй і пад вадой. Прывод каўша — ад лябёдкі праз сістэму канатаў і блокаў. На Беларусі С. выпускае Магілёўскі аўтамаб. з-д.

І.​І.​Леановіч.

Скрэпер самаходны МаАЗ-6014 (Магілёўскі аўтамабільны завод).

т. 14, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВІНЕ́ЦКІ (Епіфаній) (? — 20.11.1657),

рускі філолаг-педагог, пісьменнік, перакладчык. Паводле некат. звестак, ураджэнец Беларусі. Вучыўся, верагодна, у Кіеўскай брацкай школе (да 1632) і за мяжой. З 1639 выкладаў у Кіева-Магілянскім калегіуме, з 1649 у манастырскай школе ў Маскве. Аўтар трактата на рус. мове «Грамадзянства звычаяў дзіцячых» (апубл. 1919) пра свецкае выхаванне дзяцей. Падтрымліваў ідэю Сімяона Полацкага пра адкрыццё вышэйшай школы ў Маскве, быў прыхільнікам пашырэння школьнай адукацыі. Напісаў шэраг прадмоў да царк. кніг, 50 пропаведзей, прысвечаных тагачасным грамадска-паліт. і маральным праблемам. Перакладаў царк.-багаслоўскія творы Іаана Златавуста, Грыгорыя Багаслова, Іаана Дамаскіна, а таксама кнігі па медыцыне, геаграфіі, гісторыі і інш. Аўтар прац «Лексіконъ латинский з Калепина преложенный, на славенский», «Лексікон словеналатинскій» (разам з А.​Карэцкім-Сатаноўскім), «Книга лѣксиконъ греко-славено-латинский», у якіх выкарыстоўваў элементы жывых слав. моў, у т. л. бел. лексіку. Яму належаць тлумачэнні тэрмінаў Свяшчэннага пісання (т. зв. «Філалагічны слоўнік»).

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 14, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Валья́н ’шурпаты валік, з дапамогай якога гатовая тканіна накручваецца на таварна-здымны валік’ (КТС). Да вал (?). Даль (1, 163) прыводзіць вальян, вальявочный, вальячный ’разная, чаканная работа’, якія звязвае (гл. таксама Шанскі, 1, В, 15) з вальяжный ’прыгожа выраблены’ < во‑льячный ад льяк ’форма пры ліцці’. Тады, магчыма, вальян — гэта спецыяльна адліты вал з адпаведнымі «шурпатасцямі».

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́шлы ’растаропны’ (Мат. Гом.); ’знаходлівы, хітры’ (Цых.). Хутчэй за ўсё запазычана з рус. ушлый ’пранырлівы’, дзеепрыметнік ад уйти ’пайсці’, раней таксама ’пазбегнуць’; параўн. утвораныя ад таго ж кораня по́шлы ’моцны, дужы’, няпо́шлы ’нямоглы’ (Панюціч, Лексіка, 81), нядо́шлы ’тс’ і пад. Сюды ж, відаць, і ву́жлы ’праворны, спрытны’ (Яўс.) праз народна-этымалагічнае збліжэнне з вуж.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)