орган знешніх зносін дзяржавы, які ствараецца ў выніку ўстанаўлення консульскіх адносін паміж дзвюма дзяржавамі. Месцазнаходжанне, а ў асобных выпадках і колькасць персаналу ўзгадняюцца паміж прадстаўляючым урадам і ўрадам дзяржавы знаходжання. Узгадненню падлягаюць таксама акруга, у якой К.п. выконвае свае функцыі, рэжым знаходжання і перамяшчэння ў ёй консульскіх службовых асоб. Адрозніваюць наступныя класы К.п.: генеральнае консульства, віцэ-консульства і консульскае агенцтва. Адпаведна гэтаму К.п. ўзначальваюцца ген. консулам, консулам, віцэ-консулам і консульскім агентам. Дзейнасць К.п. накіроўваецца МЗС і пасольствам прадстаўляючай дзяржавы. Яна не павінна супярэчыць законам і правілам дзяржавы знаходжання. Статус К.п. вызначаецца двухбаковымі пагадненнямі і інш. дзеючымі нормамі міжнар. права (у асноўным Венскай канвенцыі аб консульскіх зносінах 1963).
Ген. консульствы Рэспублікі Беларусь на 1.1.1998 у Нью-Йорку, Гаазе, Рыме, Гданьску, Беластоку, Даўгаўпілсе, Таліне; консульскія аддзелы — у пасольствах Рэспублікі Беларусь у ЗША, ФРГ, Францыі, Аўстрыі, Польшчы, Літве, Латвіі, Кітаі, Расіі, Ізраілі, Украіне і аддзяленне пасольства Рэспублікі Беларусь у ФРГ (Берлін). У Мінску знаходзяцца К.п. ў пасольствах Латвіі, Літвы, Польшчы, ФРГ, ЗША, Румыніі, Японіі, Індыі, Кітая, Ізраіля, Балгарыі, Расіі, Турцыі; ген. консульствы Польшчы — у Гродне; Расіі — у Брэсце; Эстоніі — у Мінску, консульствы Латвіі — у Віцебску; Польшчы — у Брэсце. Гл. таксама Консул, Консульскае права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЁВА РА́ДА НАРАДО́ВА (КРН, Krajowa Rada Narodowa, Нацыянальны савет краіны),
часовы прадстаўнічы орган улады ў Польшчы ў 1944—47. Створаны ў ноч на 1.1.1944 па ініцыятыве Польскай рабочай партыі з мэтай прыняцця на сябе дзярж. улады ў Польшчы пасля ўступлення на яе тэр.Сав. Арміі. КРН не прызнала легітымнасці прэзідэнта і ўрада Польскай Рэспублікі ў эміграцыі. У яе праграмнай дэкларацыі абвяшчаліся барацьба з ням.-фаш. акупантамі, стварэнне ў краіне часовага ўрада, ажыццяўленне сац.-эканам. рэформ, саюз з СССР, прынцыпы стварэння Арміі Людовай. У чэрв. 1944 КРН прызналі СССР і Саюз польскіх патрыётаў, пасля ўступлення на тэр. Польшчы сав. войск яе прадстаўнікі сфарміравалі 21.7.1944 Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення, ператвораны 31.12.1944 у часовы ўрад Польскай Рэспублікі. З жн. 1945 КРН выконвала функцыі часовага парламента, яе працай кіраваў прэзідыум на чале з Б.Берутам. У склад КРН уваходзілі прадстаўнікі паліт. партый, прафсаюзаў, грамадскіх арг-цый, ваяводскіх нац. саветаў, арміі, інтэлігенцыі. КРН заключыла дагавор аб дружбе, узаемнай дапамозе і пасляваен. супрацоўніцтве з СССР (21.4.1945), прыняла закон аб нацыяналізацыі буйной і сярэдняй прам-сці, транспарту, банкаў і сродкаў сувязі (3.1.1946) і інш. Пасля абрання Заканад. сейма (4.2.1947) спыніла сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЯВЫ́ САКРАТАРЫЯ́Т ЦК КПЗБ,
цэнтральны кіруючы органКамуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў 1924—37 (у 2-й пал. 1920-х г. называўся Краявое бюро ЦККПЗБ). Працаваў у падполлі. Фактычна быў часткай Цэнтральнага Камітэта КПЗБ з 3—4 яго членаў, якія пастаянна знаходзіліся на нелегальнай рабоце ў Вільні, з канца 1920-х г. — у Варшаве. У склад сакратарыята зрэдку ўваходзілі кандыдаты ў чл.ЦККПЗБ. Працаваў пад кіраўніцтвам Бюро ЦККПЗБ, агульнае паліт. кіраўніцтва яго дзейнасцю ажыццяўляў Краявы сакратарыят ЦК КПП (знаходзіўся ў Варшаве). Кіраваў Цэнтр. краявой рэдакцыяй, Цэнтр. тэхнікай (падп. друкарні, распаўсюджванне л-ры), акр. к-тамі КПЗБ, ЦК КСМЗБ, ЦК МОПР Зах. Беларусі, некаторымі цэнтрамі бел.нац.-вызв. руху і іх легальнымі выданнямі, вёў парт. касу; падтрымліваў канспіратыўную сувязь з Прадстаўніцтвам ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б у Мінску. У розны час К.с. ЦККПЗБ узначальвалі члены Бюро ЦК А.А.Альшэўскі, Л.Н.Аранштам, М.С.Арэхва, І.К.Лагіновіч (П.Корчык), С.Т.Мілер, Л.М.Янкоўская; у яго склад уваходзілі члены Бюро і канд. ў чл.ЦККПЗБ Я.С.Бабровіч, Р.Д.Вольф, М.І.Гурын-Маразоўскі, Г.М.Дуа, А.У.Канчэўскі, С.М.Малько, М.Л.Перавалоцкі, Ф.Б.Пірышка, А.Х.Раф, Л.І.Родзевіч, А.М.Розенштайн і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІТАРАТУ́РНАЯ СТАРО́НКА»,
літаратурна-мастацкі часопіс; органЛітаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў Беларусі, дадатак да «Беларускай газеты». Выйшаў 1 нумар у студз. 1934 на бел. мове ў Вільні. Часопіс рыхтавалі В.Таўлай і Я.Патаповіч (Я.Чабор). Змясціў дэкларацыю групы паэтаў [падпісалі Я.Патаповіч, М.Васілёк, А.Рэдзька, П.Граніт, П.Пестрак (Звястун), А.Іверс] да ўсіх пісьменнікаў Зах. Беларусі. З маст. твораў у ёй змешчаны: вершы «Заклік» і «Гэй, арліная мая сіла» М.Патаповіча, «Я пішу, як магу», «Змяя, катору ўзгадавала» і «Пад гукі струн маёвых» Васілька, «Моладзі» Пестрака, «Вёска» Іверса, «Там, дзе шуміць каласістае гора» М.Танка (дасланы ім з турмы Лукішкі), «А хто ў полі?» А.Салагуба, «У вастрозе» А.Леўскага, «Каваль» П.Граніта, «Мы» Рэдзькі, «Што ты, Нёман, звіхраваўся?» М.Ліста (В.Камянецкага), «Акрыльвай думку ты сваю» Н.Жальбы (А.Бяленкі); арг. «На новым этапе» М.Руніча; урывак з рамана «Кардыян і хам» («Нашто мужыкам школа?») Л.Кручкоўскага; рэцэнзія (пад крыптанімам Фр.Гр.) «Мастацкая літаратура «Грамады» на аднайменны арт. Салагуба, надрукаваны ў час. «Полымя рэвалюцыі» (1933, № 1). Забаронены ўладамі Польшчы, яго тыраж канфіскаваны, найб. актыўныя супрацоўнікі арыштаваны. Адзіны экзэмпляр «Л.с.» зберагаецца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.
Літ.:
История белорусской советской литературы. Мн., 1977. С. 115—116.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛЫН ВАДЗЯНЫ́,
мукамольны млын, які прыводзіўся ў рух энергіяй вады. Будаваўся на беразе ракі ці праточнага возера. Рабочы орган — пастаў з пары круглых апрацаваных камянёў з верт. воссю вярчэння; верхні камень прыводзіўся ў дзеянне ад вадзянога кола (сілай падаючай вады), у наплаўных М.в. (ставіліся на палі, паром ці баржу) — ад плыні (цячэння) вады.
Вядомыя са стараж. часоў (у краінах Усходу, Стараж. Грэцыі і Рыме), калі вынайдзенае для мэт арашэння вадзяное кала было прыстасавана круціць жорны. На Беларусі М.в. вядомы з часоў Кіеўскай Русі, найб. пашыраны ў 16—18 ст. (пераважна колавыя). У канцы 19 ст. пачалі выкарыстоўваць турбінныя М.в., у якіх замест кола ставілася вадзяная турбіна. Для млына звычайна рабілі зрубную, радзей каркасную прамавугольную ў плане пабудову на некалькі паверхаў, накрытую двух- або шматсхільным дахам з драніцы, гонты, саломы. У гарадах, некат. мястэчках, пры княжацкіх дварах, у манастырскіх вотчынах і буйных маёнтках М.в. будавалі з цэглы і каменю. Буйныя млыны часам абсталёўваліся абарончымі прыстасаваннямі, жылымі памяшканнямі, каморамі і крамамі. М.в., як і ветракі, выкарыстоўваліся да 1-й пал. 20 ст. (заменены млынамі спачатку з паравым, пазней з эл. прыводам). Захаваліся як помнікі нар. архітэктуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛЬТКЕ (Moltke) Старэйшы Гельмут Карл Бернхард
(26.10.1800, г. Пархім, Германія — 24.4.1891),
прускі і герм.ваен. дзеяч і тэарэтык. Вучань К.Клаўзевіца. Граф (1870). Ген.-фельдмаршал (1871), ген.-фельдмаршал рас. войск (1872). Скончыў кадэцкі корпус у Капенгагене (1818), Берлінскую ваен. акадэмію (1826). З 1819 у дацкай, з 1822 у прускай арміі. З 1833 у Генштабе. У 1836—39 ваен. саветнік у тур. арміі. У 1855 з дыпламат. місіяй наведаў Расію. У 1858—88 нач. прускага (з 1871 імперскага) Генштаба, які пад кіраўніцтвам М. ператварыўся у гал.орган падрыхтоўкі краіны і ўзбр. сіл да вайны. Ажыццявіў шэраг мерапрыемстваў па рэарганізацыі арміі. У час пераможных войнаў Прусіі з Даніяй (1864), Аўстрыяй (1866) і Францыяй (1870—71) нач. палявога штаба (фактычна галоўнакамандуючы герм.ўзбр. сіламі). Кіраваў стварэннем афіц. гісторыі франка-прускай вайны 1870—71 і займаўся распрацоўкай планаў адначасовых кампаній супраць Францыі і Расіі. У 1867—91 чл. рэйхстага ад партыі кансерватараў. Адзін з ідэолагаў герм. мілітарызму. У сваіх працах праводзіў думку пра непазбежнасць вайны і яе «цывілізуючую» ролю; прыхільнік тэорыі «маланкавай вайны».
Тв. : Рус.пер. — История германо-французской войны 1870—1871. М., 1937; Военные поучения: Оперативная подготовка к сражению. М., 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАЯ́ННАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА САВЕ́ТА МІНІ́СТРАЎ БССР ПРЫ САВЕ́ЦЕ МІНІ́СТРАЎ СССР (Пастпрэдства БССР),
орган сувязі БССР з урадам СССР. Знаходзілася ў Маскве. Створана паводле пастановы ВЦВК РСФСР у ліп. 1923. Палажэнне аб Пастпрэдстве БССР прынята ЦВК і СНКБССР у кастр. 1924 (новае Палажэнне — у 1948). Асн. задачы Пастпрэдства — правядзенне ў вышэйшых органах СССР прапаноў БССР, забеспячэнне ўдзелу БССР у дзейнасці органаў Саюза, абарона інтарэсаў рэспублікі ў складзе СССР, расшырэнне і ўмацаванне сувязей БССР з саюзнымі рэспублікамі і інш. Функцыі органа абмяжоўваліся пытаннямі, якія ў адпаведнасці з Канстытуцыямі СССР і БССР знаходзіліся ў распараджэнні БССР ці ў сумесным распараджэнні Саюза і рэспублікі (з 1924 т.зв. аб’яднаныя, з 1936 саюзна-рэсп. галіны кіравання). Аб’ём паўнамоцтваў Пастпрэдства ў розныя гады мяняўся ў залежнасці ад аб’ёму правоў БССР як саюзнай рэспублікі (іх звужэння або пашырэння). Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (27.7.1990) прадстаўніцтва стала называцца Пастаянным прадстаўніцтвам СМБССР (з вер. 1991 Рэспублікі Беларусь) пры Кабінеце Міністраў СССР. Спыніла існаванне ў снеж. 1991 у сувязі з распадам СССР.
Літ.:
Крохоткин А.М. Постоянные представительства — органы связи Советов Министров союзных республик с Советом Министров СССР // Сов. государство и право. 1962. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т БЯСПЕ́КІ ААН (СБ ААН),
галоўны органАрганізацыі Аб’яднаных Нацый, рашэнні якога абавязковыя для ўсіх яе членаў. Складаецца з 15 членаў (да 1965 было 11). 3 іх 5 пастаянныя — Расія (да 1991 — СССР), ЗША, Вялікабрытанія, Францыя і Кітай, і 10 непастаянных (да 1965—6), ратацыя якіх адбываецца кожныя 2 гады. Пры прыняцці рашэнняў дзейнічае прынцып аднагалосся пастаянных членаў СБ ААН. Паводле Статута ААН Савет Бяспекі адказвае за падтрымку міжнар. міру і бяспекі ў адпаведнасці з прынцыпамі і мэтамі ААН; разглядае міждзярж. спрэчкі ці інш. сітуацыі, якія могуць прывесці да міжнар. канфліктаў; выпрацоўвае рэкамендацыі шляхоў уладжвання такіх спрэчак і ўмовы іх вырашэння; распрацоўвае планы для стварэння сістэмы рэгулявання ўзбраенняў; вызначае наяўнасць пагрозы міру ці акта агрэсіі і рэкамендуе меры, якія трэба прыняць; заклікае членаў ААН да выкарыстання эканам. санкцый ці інш. мер, якія не звязаны з выкарыстаннем сілы, дзеля прадухілення ці спынення агрэсіі; прадпрымае ваен. дзеянні супраць агрэсара; рэкамендуе далучэнне да ААН новых членаў; ажыццяўляе функцыі ААН па апецы ў «стратэгічных раёнах»; рыхтуе рэкамендацыі Ген. Асамблеі ААН аб прызначэнні Ген. сакратара ААН і сумесна з ёй выбірае суддзяў Міжнар. суда. На 1974—1975 непастаянным членам СБ ААН выбіралася БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СА́ЮДЗІС»
(літ. Sąjūdis рух, хваляванне),
масавы грамадска-паліт. рух у Літве за перабудову і за адраджэнне дзярж. суверэнітэту. Узнік у 1988 пад уплывам і на ўзор Нар. фронту Эстоніі (гл. ў арт.Народны фронт). Ініцыятыўная група па стварэнні «С.» (36 чал.) выбрана 3.6.1988 на сходзе літ. інтэлігенцыі ў АН Літвы ў Вільнюсе. Устаноўчы сход адбыўся 22—23.10.1988 у вільнюскім Палацы спорту (1021 дэлегат, прысутнічалі прадстаўнікі літ. дыяспары з Беларусі, Польшчы, ЗША і інш.). Першы старшыня — В.Ландсбергіс. На пачатку «С.» выступаў за гаспадарчы разлік, у хуткім часе ператварыўся ў нац.-вызв. рух (патрабаванні вярнуць нац. сімволіку, надаць літ. мове статус дзяржаўнай, змяніць сістэму адукацыі, ліквідаваць прывілеі партнаменклатуры і інш.). Сац. база — інтэлігенцыя, студэнты, ч. членаў Камуніст. партыі Літвы. Праводзіў масавыя негвалтоўныя грамадз. акцыі (мітынгі, маршы веласіпедыстаў, «жывыя ланцугі» і інш.). 24.2.1990 перамог на выбарах у літ. парламент (тады Вярх. Савет). Пад кіраўніцтвам «С.» літ. народ дамогся аднаўлення незалежнасці (1990—91). Пасля 1991 палітычна эвалюцыяніраваў у бок кансерватызму. Друкаваны орган — «Sąjūdžio žinios» («Весці Саюдзіса», з чэрв. 1988). Падтрымлівае кантакты са структурамі Бел.нар. фронту.
Літ.:
Зинкявичюс З. Восточная Литва в прошлом и настоящем: Пер. с лит. Вильнюс, 1996. С. 336—352.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З АРХІТЭ́КТАРАЎ МІЖНАРО́ДНЫ, Міжнародны саюз архітэктараў (МСА),
міжнародная няўрадавая арганізацыя. Створаны ў 1948 у г. Лазана (Швейцарыя), сталае месцазнаходжанне штаб-кватэры — Парыж. Асн. задачы саюза: аб’яднанне на дэмакр. аснове архітэктараў усяго свету, абмен вопытам, павышэнне кваліфікацыі, умацаванне маст., навук. і прафес. сувязей паміж імі. Вышэйшы орган МСА — Асамблея (склікаецца раз у 3 гады), у час якой выбіраюцца Бюро і Савет. Быць членам саюза і прадстаўляць краіну можа толькі адна карпарацыйная арг-цыя (творчы саюз, асацыяцыя, ін-т і інш. арг-цыі архітэктараў). МСА аб’ядноўвае больш за 100 нац. секцый і рэгіянальных груп (Скандынаўскія краіны, краіны Балтыі і інш.). Нац. секцыі ўваходзяць паводле тэрытарыяльнай прыкметы ў адпаведныя рэгіёны, кожны з якіх узначальвае віцэ-прэзідэнт (Зах. Еўропа, Усх. Еўропа і Сярэдні Усход, краіны Амерыкі, Азія і Аўстралія, Афрыка). У рамках дзейнасці МСА функцыянуюць больш за 10 рабочых груп і праграм, працуюць камісія па міжнар. конкурсах (засн. Залаты медаль за выдатныя творчыя дасягненні, прызы за лепшы праект), праграма па прафес. практыцы і інш. Саюз мае кансультатыўны статус пры ЮНЕСКА, Эканам. і сац. савеце ААН. Выдаецца Бюлетэнь МСА (выходзіць раз у 2 месяцы). У 1990-я г. ў МСА уваходзіў Саюз архітэктараў Беларусі.